Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Аднойчы клубы ў Беларусі ўсё ж пачнуць змагацца за заўзятараў. Вялікае значэнне будзе мець лакальны патрыятызм, але не толькі ён

Аднойчы клубы ў Беларусі ўсё ж пачнуць змагацца за заўзятараў. Вялікае значэнне будзе мець лакальны патрыятызм, але не толькі ён

Прарывы ў нашым спорце ўжо здараліся.

Аўтар — Скай Волк
22 лістапада 2022, 17:02
Аднойчы клубы ў Беларусі ўсё ж пачнуць змагацца за заўзятараў. Вялікае значэнне будзе мець лакальны патрыятызм, але не толькі ён

Спартовыя заўзятары ў Беларусі дакладна ёсць, няхай іх істотна паменела ў апошні час. Але ці ёсць у Беларусі культура заўзення? Маладая краіна з маладымі традыцыямі, якая знаходзіцца ў максімальна неспрыяльных грамадскіх умовах – пакуль мы можам толькі марыць пра тое, каб было як у Англіі або Іспаніі. Хаця і ў нас здараліся свае спартовыя феномены – і людзі гуртаваліся вакол клубаў. І то было штосьці большае, чым спорт.

Вось каму гэта ўдавалася і вось да чаго аднойчы прыйдзе беларускі спорт, каб адшукаць сваю аўдыторыю (або да таго, што памрэ без яе).

Цікавае пытанне, бо, мне падаецца, кожны ведае пра культуру заўзення, але не кожны можа сфармуляваць, што гэта такое. І тое, што я разумею пад культурай заўзення, прасцей патлумачыць прыкладамі.

Калі па ўсім стадыёне ідзе хваля і не затухае пасля некалькіх колаў – гэта культура заўзення.

Калі цэнтральныя трыбуны гучна падтрымліваюць фанатаў за брамай – гэта культура заўзення.

Калі трыбуны апладуюць сваім гульцам, дзякуюць за гульню нават пасля паразы, не лаюцца на гульцоў без важкіх для таго падстаў – гэта культура заўзення.

Але і свістаць сваім гульцам, калі камандзе патрэбная перамога, а яна катае мяч на сваёй палове – гэта таксама яна.

Свістаць форварду, які ўмее забіваць, але лянуецца, не хоча ці дрэнна сябе праяўляе па-за полем – і гэта культура заўзення.

Культура заўзення – гэта калі ты ўвечары наразаеш бутэрброды, наліваеш гарбату ў тэрмас і ідзеш на матч любімай каманды. Па абанеменце, які ў цябе ўжо больш за 20 гадоў. А да цябе на гэтым месцы 20 гадоў назіраў за матчамі твой бацька, а да яго – твой дзядуля. І, хутчэй за ўсё, побач з табой сядзяць сябры, з якімі ты шмат гадоў ходзіш на матчы. Так выглядае тыповы іспанскі заўзятар.

Культура заўзення, на мой погляд, гэта не толькі ўсё тое, што адбываецца на стадыёне рукамі, нагамі і галасамі заўзятараў, але яшчэ і стаўленне чалавека да сваёй каманды і футбола агулам. Але, вядома, гэта і любая прыгажосць на матчы – хоць перформансы і банеры, хоць «зорнае неба», хоць модульнае шоу. Гледачы, калі яны не пасіўныя, сапраўды могуць уплываць на вынік гульні.

Культура заўзення моцна адрозніваецца ад краіны да краіны. Напрыклад, у Германіі і Даніі ўвесь стадыён будзе гучна падтрымліваць каманду на працягу ўсяго матча. У Іспаніі і Італіі будзе невялікі фан-сектар, але ў спрэчныя моманты стадыён будзе так гучна абурацца, што заглушыць хоць рэактыўны самалёт. У Польшчы за брамай будзе моцны і гучны фан-сектар, да якога ў розныя моманты гульні голасам далучаюцца астатнія заўзятары на стадыёне.

І вось як вы цяпер разумееце – з усім гэтым у Беларусі ўсё ж складана.

Ці існуе ў Беларусі культура заўзення?

Вядома, самы просты і відавочны адказ – ха-ха, ну ты што, якая ў нас культура заўзення! Няма заўзятараў – няма заўзення. Але я ўсё ж не згодны так адразу адмаўляцца. Бо невялічкія аазісы сапраўднай культуры – ці спробаў яе стварыць – у Беларусі былі. Вось далей пра іх і пойдзе гаворка.

Важна ўдакладніць вось што: амаль усе клубы ў спісе без шматгадовай гісторыі – або гэта клуб з гісторыяй, але ў якога раптоўна і моцна змяніліся абставіны (напрыклад, прыйшлі вялікія грошы). Таму гэта выдатны прыклад таго, як на пустым (ці амаль пустым) месцы можна стварыць добрую фан-базу і нават сваю культуру заўзення.

У дужках я пазначыў той перыяд, калі сапраўды можна было казаць пра нейкую асаблівую культуру заўзення.

ХК «Дынама-Мінск» (2010-2020)

Гэты прыклад найбольш падыходзіць, бо фактычна фан-база «Дынама» пасля заяўкі ў КХЛ стваралася ледзьве не з нуля. «Дынама» называе годам заснавання 1948-ы, але сучасны клуб быў створаны ў 2003 годзе. У першым сезоне КХЛ (2008/2009), які «Дынама» праводзіла ў Палацы спорта, наведвальнасць складала 1450 гледачоў.

Што змянілася пасля? Калі ацэньваць каротка, то вось што:

1) Пераезд на «Мінск-Арэну»;

2) Выдатныя поспехі каманды Марэка Сікары на старце сезона 2010/11;

3) Актыўная праца з заўзятарамі, якой раней проста не было ў Беларусі;

4) Блізкасць гульцоў да заўзятараў – да гульні і пасля гульні (на выхадзе з арэны) ці праз розныя праекты як «Хакей на шпільках» і інш..

Кожны з гэтых фактараў паасобку не спрацаваў бы. Але ўсё разам прывяло да 21 аншлага на «Мінск-Арэне» запар – бо ў тым ліку людзі ішлі глядзець на гэтую фантастычную атмасферу нібыта з іншай планеты (ці прынамсі з НХЛ). Так з’явілася культура заўзення, у якой былі і свае адметныя фішкі: «зорнае неба», капітан, які пасля перамогі клюшкай «разгойдвае» арэну, забег маленькіх заўзятараў па арэне ў апошнія хвіліны гульні ці нават дынамаўскі аўтапрабег перад пачаткам сезону (дарэчы, гэтую ідэю Дзмітрый Баскаў скраў для праўладных аўтапрабегаў у падтрымку гвалту і катаванняў).

ФК «Крумкачы» (2016 –2018)

Калі культура заўзення ў хакейным «Дынама» ішла зверху, то гісторыя «Крумкачоў» – хутчэй пра рост заўзятарскай суполкі знізу. Пры нейкай дапамозе клуба, але невялікай, бо на гэта проста не хапала грошай.

«Крумкачы» для свайго часу былі сапраўдным прарывам. Тады казалі, што журналісты шмат пішуць пра каманду, але справа ў тым, што насамрэч мала пісалі пра астатніх. Таму што яны не давалі нагодаў.

Галоўны феномен «Крумкачоў» у тым, што на трыбуны прыйшлі людзі, якія любілі футбол, але дагэтуль (амаль) не хадзілі на матчы ў Беларусі (за выключэннем зборнай ці еўракубкаў). Яны не хадзілі, бо не адчувалі сувязі з клубам – а «Крумкачы» гэтае адчуванне якраз давалі. Футбалісты ахвотна размаўлялі з заўзятарамі пасля матчаў ці ехалі дадому разам на тралейбусе. Мой любімы прыклад – як пасля перамогі над БАТЭ ў Барысаве заўзятары па дарозе ў Менск заехалі ў Жодзіна, каб набыць піва ў краме брамніка «Крумак» Касцюкевіча. І Яўген Касцюкевіч сам за стойкай наліваў ім гэтае піва.

Гэта якраз тое, пра што я пісаў у самым пачатку – заўзятары бачылі ў футбалістах звычайных, такіх, як яны, людзей. І гэта рабіла клуб такім прывабным.

Як ужо казаў, заўзятары «Крумкачоў» раней не хадзілі на белфутбол. Таму і песні, якія яны спявалі на матчах, значна адрозніваліся ад класічных «самый сильный – …-синий». Гэта былі рыфмаваныя чанты.

І, вядома, найлепшы прыклад гэтай культуры заўзення адбыўся падчас імправізаванай «пераклічкі» з фанатамі «Дынама» ў 2016 годзе:

– Отсоси у бело-синих!

– Это очень некрасиво!

У 2018 годзе АБФФ выправіла «Крумкачоў» гуляць у другую лігу, пасля чаго наведвальнасць пачала зніжацца, хаця ядро захоўвалася. У 2020 годзе культура заўзення атрымала другі подых – пасля той самая кубкавай гульні з «Дынама».

ГК «Мяшкоў» Брэст (2014 – 2019)

Цікава, што да выхаду на новы ўзровень культуры заўзення ў Брэсце датычныя тыя ж людзі, што працавалі ў хакейным «Дынама» – Лідзія Сямёнава і Іван Караічаў. Сярэдзіна 2010-х – гэта той час, калі футбольнае «Дынама-Брэст» не радавала заўзятараў перамогамі. А вось гандбольны тады яшчэ БГК імя Мяшкова – мог. Клуб прывёз у Брэст Лігу чэмпіёнаў і SEHA-лігу, якая спачатку была слабой па ўзроўні, але праз некалькі год у ёй удзельнічалі найлепшыя каманды Еўропы.

2015 – 2017 – гэта, напэўна, найлепшыя часы клуба ў стасунках з заўзятарамі. Клуб актыўна працаваў з гледачамі, выходзіў у медыя, быў бачным у горадзе на дзясятках білбордаў, а каманда пад кіраўніцтвам Сяргея Бябешкі гуляла досыць відовішчна і яскрава.

Для горада гэта была яскравая з'ява – і людзі прыходзілі на матчы. Больш за тое, стварыўся фан-клуб «Унія», які ў нейкім сэнсе адказваў за атмасферу на матчах. Гандбольны фан-сектар – гэта важна, бо ў гандболе трэба пераключацца і падтрымліваць каманду па-рознаму, калі яна атакуе ці абараняецца. Плюс фанам дапамагаў вядучы, які заводзіў іх і мог узняць усю арэну.

Чаму ўсё гэта амаль знікла пасля сезона-2018/19? Складана сказаць. Напэўна, тут шмат розных чыннікаў: актыўнасць футбольнага «Дынама», з якім складана канкураваць за заўзятара, усё тое ж самае на арэне – у тым ліку тыя ж самыя супернікі, якія, якімі б топавымі ні былі, прыеліся заўзятарам. А дабілі ўсё каранавірус і рэпрэсіі пасля жніўня 2020-га.

Тым не менш, БГК тых часоў – цікавая і нетыповая з’ява ў беларускім спорце са сваёй менавіта гандбольнай культурай заўзення.

ФК «Дынама-Брэст» (2016 – 2020)

Поспех працы берасцейцаў з заўзятарамі прынята заніжаць. «Падумаеш, з грашыма любы дурань зможа!» – але гэта не так. Вялікія грошы былі ў «Дынама-Мінск» і «Шахцёра» на працягу 10-15 гадоў, але ад гэтага аншлагі на «Трактары» ці «Будаўніку» не з’яўляліся.

Галоўны падмурак заўзятарскага выбуху быў у вялікім патэнцыяле: у Брэсце сапраўды любяць футбол, але мала хто хоча асацыяваць сябе з камандай, што рэгулярна прайграе, таму наведвальнасць да 2016-га была невысокай.

Але гэтым патэнцыялам трэба было яшчэ скарыстацца. Людзі падазрона ставяцца да любых абяцанняў – тым больш, што якраз быў прыклад «Белшыны» з посуламі чэмпіёнства і краху ў выніку. Таму ў «Дынама» амаль адразу паказалі велізарныя амбіцыі, для чаго падпісвалі зорных на ўзроўні ЧБ гульцоў. Плюс на футбол стала хадзіць прыемна – дзякуючы розным шоу і матч-дэю, які мог быць любых напрамкаў: хоць пра шахматы, хоць пра беларускую вышыванку, хоць пра што заўгодна.

Наведвальнасць з 1000 заўзятараў у 2015-м (перадапошняе месца ў ЧБ) вырасла да 8839 у 2019-м (першае) – прычым стадыён змяшчае 10 169. На матчах было прыемна знаходзіцца, бо такую футбольную атмасферу ў Беларусі знайсці цяжка – а ў Брэсце ў 2019 годзе яна была літаральна на кожным матчы.

Не магу не ўзгадаць яшчэ тры клубы. Але тут ужо гаворка не пра працу клубаў з заўзятарамі. Гэта хутчэй пра перамогі і абставіны, якія дапамаглі стварыць прыгажосць на трыбунах на нейкі час.

ФК БАТЭ

З БАТЭ ўсё зразумела – еўракубкавыя поспехі прывялі да павышэння пазнавальнасці каманды ў межах усёй краіны. Гэта прыводзіла да нечаканых для Беларусі вынікаў. Гульцы сталі настолькі пазнавальнымі і зорнымі, што здымаліся ў рэкламе для тэлебачання – напрыклад, разам з Аляксандрам Саладухам. А Стасевіч здымаўся ў рэкламе барысаўскага малочнага камбіната для мясцовага тэлебачання.

Пры чым тут культура заўзення? Мне падаецца, што нейкія праявы былі. На кваліфікацыі еўракубкаў у Барысаве (дарэчы, матчы збіралі 10-12 тысячаў, гэта больш чым на некаторых матчах ЛЧ у групе) была цікавая атмасфера. На групавы этап еўракубкаў людзі ехалі глядзець на зорак Лігі чэмпіёнаў, а на кваліфікацыю – менавіта заўзець за БАТЭ. І гэта рабіла атмасферу арэны досыць хатняй і цёплай. Такога не бачыў на матчах ЧБ і на групавым этапе еўракубкаў у Барысаве.

ФК «Гомель»

Праблема «Гомеля», я б сказаў, у тым, што клуб мае вялікі патэнцыял – і час ад часу збірае стадыён выдатнымі вынікамі – але пры гэтым нічога не робіць з гэтым патэнцыялам. І нават не спрабуе захаваць на трыбунах тых, хто прыйшоў глядзець на перамогі.

У 2015-м на «Гомель» прыходзілі 1943 чалавекі – у той сезон каманда выляцела з вышэйшай лігі. У 2022-м «Гомель» змагаўся за медалі і трапіў у еўракубкі – і на матчы ў сярэднім прыходзілі 4392 заўзятары. У 2019 годзе каманда выляцела, але вельмі моцна стартавала – і дзякуючы першым турам скончыла сезон з паказчыкам у 4075 чалавек.

У заўзятараў «Гомеля» ёсць свае фішкі. Напрыклад, у першым тайме актыўныя заўзятары (не фан-сектар) сядаюць за брамай суперніка, а ў перапынку ідуць на супрацьлеглую трыбуну, каб зноў гучна заўзець і дапамагаць сваім форвардам.

Мне падаецца, што «Гомель» пры вялікіх грошах можа паўтарыць гісторыю брэсцкага «Дынама» (у добрым сэнсе), бо патэнцыял вялікі, а поспехі каманды адразу прыводзяць да павышэння наведвальнасці.

ХК «Нёман»

У чэмпіянаце Беларусі па хакеі фанаты «Нёмана» дакладна найлепшыя. Але такімі яны былі не заўсёды. У 2010 годзе Сямёна Шапіру паставілі кіраваць Гродненскай вобласцю. Пасля гэтага ў ХК «Нёман» з’явіліся грошы, якіх раней не было. Народ пацягнуўся на добрыя вынікі каманды, якая ў 2013 годзе ўпершыню за 12 гадоў стала чэмпіёнам краіны.

Клуб дапамагаў фанатам з аўтобусамі на выправы і квіткамі, але не працаваў сістэмна. А вось самі фанаты ўжо зрабілі феномен. На хакей у Гродне хадзіць было прыемна – а на плэй-оф заўзятары выдавалі аншлаг за аншлагам (праўда, арэна змяшчае толькі 2500 чалавек).

Але галоўная фішка гродненскай публікі ў тым, што гучна сябе паводзіць не толькі фан-сектар, але і ўсе астатнія трыбуны. Мяне калісьці ўразіла, што літаральна ўся арэна скача – і гэта было не выключэнне, а норма. Яшчэ ўразіла, як фаны сустракаюць каманду пасля матчаў, размаўляюць з хакеістамі і звычайна так запытваюцца, як там дзеці, як жонкі – ну, разумееце, бытавыя такія рэчы. Бо ведаюць адзін аднаго ўжо даўно.

Гэтая гісторыя любові разбілася ў канцы 2020 года, калі гульцы «Нёмана» падпісалі ліст у падтрымку гвалту.

Адмыслова не дадаваў у гэты спіс футбольнае «Дынама-Мінск». Не таму, што неяк дрэнна стаўлюся да клуба ці яшчэ штосьці – не. Але на мой погляд, з 1991 года галоўны на той момант клуб Беларусі паступова дрэйфаваў па плыні і дэградаваў, пакуль іншыя набіралі вагу і абрасталі заўзятарамі. Чыж мог аддаваць сотні тысячаў еўра на легіянераў (якія згуляюць некалькі матчаў і сыйдуць бясплатна), але не на працу з заўзятарамі. А калі і выдаваў, то адбываліся такія казусы, як зафоташоплены піцерскі стадыён «Пятроўскі» з нібыта фанатамі «Дынама». Пры гэтым клуб у апошнія гады добра працуе ў медыя і маркетынгу, але відавочна, што грошай на гэта выдзяляюць няшмат.

Ці магчыма ў Беларусі стварыць культуру заўзення?

Усё гэта немагчыма зараз, бо любыя актыўнасці, калі яны збіраюць людзей, адразу трапляюць пад пільны нагляд рэпрэсіўнага апарата. Любыя аб’яднанні беларусаў, любыя суполкі і гарызантальныя сувязі нясуць пагрозу рэжыму Лукашэнкі – і таму з імі змагаюцца.

Тым не менш мінулы пункт паказвае, што стварэнне культуры заўзення ў Беларусі магчыма – вядома, з некаторымі абмежаваннямі і ўмоўнасцямі. Але давайце ўявім свабодную ад дыктатуры Беларусь, дзе адразу ж з’яўляюцца недасяжныя раней магчымасці.

Што нам спатрэбіцца? Што для гэтага трэба? І ці трэба ўвогуле?

Агульначалавечыя каштоўнасці

Для культуры заўзення вельмі важныя агульныя чалавечыя каштоўнасці, якія клуб падзяляе з заўзятарамі. А лепш, каб не проста падзяляў, але яшчэ і рабіў сумесна – каб гульцы былі бліжэй да людзей. Штосьці такое мы бачылі ў нашым спорце: «Крумкачы» рабілі сумесныя трэніроўкі і гульні з заўзятарамі, «Дынама-Брэст» дасылала гульцоў у радзільню, футбалісты «Шахцёра» спускаліся ў шахту, хакеісты менскага «Дынама» ўвогуле не вылазілі з праектаў з заўзятарамі ў першай палове 2010-х. Але гэта павінна быць сістэмная праца, а не разавыя акцыі.

Калі яе няма, для заўзятараў гэта проста каманда, якую яны бачаць двойчы ў месяц. Яны не адчуваюць ніякай сувязі з ёй, акрамя лакальнага патрыятызму, у якім няма заслугі клуба. Цяпер, калі клубы фінансуюцца гарвыканкамамі і справаздачацца перад чыноўнікамі, яны не маюць сувязі з заўзятарамі. Гульцы могуць казаць класічнае «мы гуляем дзеля заўзятараў», але ўсе разумеюць, што гэта не так.

Выключэнняў у Беларусі амаль не было, апошняе з такіх – «Крумкачы». Дзяніс Шунто калісьці марыў гуляць на стадыёне «Дынама». Ён лічыў, што калі збіраць па 10 тысячаў гледачоў на матчы, можна не толькі адбіць арэнду, але і зарабляць на квітках. Гэта, безумоўна, мары – але гэта і выдатны бізнес-план для клубаў свабоднай Беларусі.

Калі беларускія клубы будуць фінансава залежаць ад заўзятараў, яны пачнуць працаваць для іх. Так і з’явіцца моцная канкурэнцыя за прыхільнікаў, дзе важную ролю будуць граць чалавечыя каштоўнасці. Клубы паспрабуюць быць датычнымі да ўсяго, што прываблівае людзей: дапамагаць старым, клапаціцца пра жывёлаў, адзначаць выдатныя і памятныя даты Беларусі, быць блізкімі да выбітных беларусаў.

Бо калі ты любіш коцікаў і ўбачыў клуб, які дапамагае коцікам знаходзіць дом, ты ўміляешся і запамінаеш гэта – а пасля можаш як-небудзь схадзіць на іх гульню. Так гэта і працуе ў свеце, дзе кожны заўзятар важны для клуба.

Патрэбны вынік і грошы

Тут няма нічога новага. Больш за тое, у нас ужо ёсць добры прыклад таго, як гэта можа быць – брэсцкае «Дынама» часоў Зайцава, калі ў клубе былі і грошы, і актыўнасць, і праца з заўзятарамі. Вялікі патэнцыял дакладна ёсць у Гомелі, у Гродне добра хадзілі на «Нёман» у 2020-м, калі каманда змагалася за медалі. І, вядома, велізарны патэнцыял у менскага «Дынама» – бо не можа яго не быць у каманды, якая ў кастрычніку збірае 10 тысячаў чалавек на «Трактары». Так, гэта была фактычна чэмпіёнская гульня ў 2017 годзе – але «Трактар» і 10 тысячаў!

Калі казаць пра хакей, то мне вельмі цікава, што будзе з менскім «Дынама». Бо збіраць 10-15 тысячаў на экстралігу пакуль выглядае чымсьці немагчымым, а ў чэмпіянаце Расеі, спадзяюся, каманды з вольнай Беларусі больш гуляць не будуць. Але ведаеце, жыве неяк «Слован» у родным чэмпіянаце і адчувае сябе добра – асабліва падчас прынцыповых матчаў супраць «Кошыцэ». Думаю, і ў Беларусі будуць прынцыповыя матчы такога ўзроўню.

І так, наконт грошай: клубы павінны іх зарабляць, а не атрымліваць ад дзяржавы проста так. Клубы навучацца, бо выбару асаблівага не будзе. І няхай агульны ўзровень стане ніжэй (так, нават ніжэй, чым зараз), гэта ўсё роўна будзе сімптомам выздараўлення беларускага спорту.

Лакальны патрыятызм

Мне падаецца, што ў Беларусі пасля таго, як знікне дыктатура і прывязка да ўсяго савецкага, будзе ўздым патрыятызму – у тым ліку лакальнага. Гонар быць беларусам – гэта тое, чаго нам не хапае апошнія 30 год. А што наконт гонару быць менчуком, берасцейцам, гарадзенцам, маладзечанцам ці пінчуком?

На лакальным патрыятызме можна шмат чаго будаваць. Асабліва калі клубы будуць зацікаўленыя ў працы са сваёй аўдыторыяй – той самай, якую пасля будуць рабіць адданымі заўзятарамі, якія набываюць квіткі і атрыбутыку.

Беларускі спорт – як і ўсю Беларусь – яшчэ чакае шмат выпрабаванняў. Мы ўбачым разбурэнне тых клубаў, якія ўмеюць толькі засвойваць бюджэтныя грошы, і ўзлёт тых, хто хутка навучыцца самастойна зарабляць. Мы ўбачым, як клубы з вялікай аўдыторыяй зразумеюць моц сваіх заўзятараў, а фанаты не раз і не два ўратуюць клубы – праз краўдфандынг, зборы грошай, набыццё квіткоў і атрыбутыкі. Усё гэта праходзілі каманды ГДР пасля аб’яднання Германіі і знішчэння рэпрэсіўнага ладу.

Калі ўсё гэта будзе – у Беларусі пачнецца фармаванне культуры заўзення. Падкрэслю, яна не з’явіцца адразу – толькі пачнецца яе фармаванне. Гэты працэс можа зацягнуцца на некалькі дзесяцігоддзяў. Але агулам гэта будуць пазітыўныя змены – бо гэта будзе выздараўленне краіны. І зборная Беларусі, упэўнены, упершыню праб’ецца на топ-турнір – і не праз тое, што на ЧС будуць гуляць 128 камандаў.

Фота: ХК «Дынама-Менск», «Крумкачы», «Дынама-Брэст», «Мяшкоў» Брэст, Euroradio.fm, «Беларусь-5», берлінскі «Уніон», «Шахцёр» Салігорск, аўтара.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты