Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Спыталi ў тых, хто хадзiў на белфутбол, як з праглядам ў Польшчы: хваляць атмасферу i арганiзацыю i вераць, што такое магчыма на Радзiме (але няхутка)

Спыталi ў тых, хто хадзiў на белфутбол, як з праглядам ў Польшчы: хваляць атмасферу i арганiзацыю i вераць, што такое магчыма на Радзiме (але няхутка)

Шмат падтрымкi ўкраiнскIх каманд.

Аўтар — Скай Волк
27 лістапада 2022, 19:00
3
Спыталi ў тых, хто хадзiў на белфутбол, як з праглядам ў Польшчы: хваляць атмасферу i арганiзацыю i вераць, што такое магчыма на Радзiме (але няхутка)

Пасля жніўня 2020-га дзясяткi тысяч беларусаў з’ехалі з краіны. Гэта разумныя і адукаваныя людзі, якія апынуліся непатрэбнымі ў Беларусі, бо хацелі для нашай краіны свабоды ад дыктатуры.

Шмат хто з’ехаў у Польшчу – краіну-суседку, якая добра разумее беларусаў і ахвотна іх прымае. Паводле дадзеных Упраўлення па справах замежнікаў, на 30 чэрвеня 2022 года ў Польшчы пражывала 52,3 тысячы беларусаў.

У гэтым тэксце беларусы, якія хадзілі на футбол на Радзiме, распавядаюць, ці робяць яны так у новай краiне і ў чым асаблiвасцi «пілкі ножнай».

Якуб, жыве ў Варшаве з 2021 года: «На матчы данецкага «Шахцёра» ледзь не заплакаў, сёрбаючы піва»

«Шахцёр» – «Рэал» у Варшаве

«Ад 2020-га года хадзіў толькі на «Крумкачы», наведваў амаль усе хатнія матчы, бо гэта была адзіная каманда, за якую не сорамна, яны не маўчалі наконт усяго беспарадку, які адбываўся навокал. Да 2020-га года хадзіў на большасць матчаў зборнай і часам на еўракубкі, але еўракубкі джаст фо фан. Ці сумую я па беларускім футболе? Не! Сумую па атмасферы на «Крумкачах», якая была да сезону-2021.

У Польшчы хадзіў толькі на данецкi «Шахцёр» у еўракубках. На польскія каманды, на жаль, так і не атрымалася патрапіць. Сябры кажуць, што трэба абавязкова зацаніць «Палонію», але як-небудзь наступным разам. Калі быў на матчах «Шахцёра», то кайфануў ад стадыёна «Легіі» – як усё арганізавана: дагляд на лайце (ніхто не спрабуе намацаць, што ў цябе пад лапаткай), піва на трыбунах, хот-дог з карамелізаванай цыбулькай. У нейкі момант мне падалося, што я ў раі. Кайфануў, як на матчы польскія заўзятары пачалі зараджаць «Шах-тар!», а ім у адказ украінскія дзеці крычалі «До-нецьк!». Я там ледзь не заплакаў, сёрбаючы піва і закусваючы хот-догам з карамелізаванай цыбулькай.

Ад беларускага футбола польскі адрозніваецца тым, што тут быццам усё робяць па кайфе. Паліцыя такая: «Прошэ пана не ходзіць па газонах», – а ты такі: «Ой каб ты ўжо», – і табе за гэта нічога. Яшчэ тут ёсць піва на трыбунах, і ніхто ад гэтага не памёр. Плюс, не памятаю, ці казаў, тут такія кайфовыя хот-догі з карамелізаванай цыбулькай! Атрымліваецца, для мяне збольшага галоўнае, каб можна было паесці і выпіць піва на трыбунах – я хлопчык з Беларусі, у якога гэтага ніколі не было.

А пра будучыню сучаснага беларускага футбола магу сказаць так: «Базанаў, ты нас чуеш?»

Расціслаў, жыве ў Аполе, з’ехаў з Беларусі 16 жніўня 2020 года: «Для прагрэсу белфутбола трэба прыбраць дзяржпадтрымку клубаў»

Матч Польшча – Швецыя ў Хожуве, па выніках якога палякі выйшлі на ЧС-2022

«Заўзеў за «Крумкачы» з 2016 года, хадзіў на зборную. На еўракубкі планаваў хадзіць, але толькі ў выпадку цікавага саперніка. Але нават не магу ўзгадаць зараз хоць які-небудзь матч, на якім быў. Можа, планы і засталіся планамі.

Па белфутболе, вядома, сумую. Мае перакананні, што атмасферу ўсё ж робяць людзі, а не месца, час, узровень камандаў ды іншыя фактары. Лічу, што значна лепш на «Атланце» ў Наваполацку са «сваімі», чым на «Сан-Сіра» ў Мілане самотна.

У Польшчы на футбол хаджу, бо што яшчэ рабіць. Але ні за каго не заўзею, нават сімпатый не маю зараз ні да адной з камандаў чэмпіянату. Антураж і атмасфера ў Польшчы – топ. Можна з упэўненасцю сказаць, што польскія ультрас у шэрагу найлепшых у Еўропе. Гэта пацвярджаюць і фота ды відэа з польскіх стадыёнаў, якія разлятаюцца па ўсім свеце.

Быў у Лодзі на двух матчах кіеўскага «Дынама» (з «Фенербахчэ» і «Бенфікай») і на ўсіх матчах данецкага «Шахцёра» ў Варшаве. Увогуле атмасфера была кайфовая. Але на «Шахцёры» было гучней – яно і зразумела: мацнейшыя супернікі, больш людзей. Нават падалося, што палякі скандавалі «Шах-тар!» часцей і голасней. Хаця ад польскага футбола атмасфера гэтых матчаў адрозніваецца, бо няма груп ультрас, якія зараз змагаюцца на светлым баку супраць цёмных сілаў. Але і так, верагодна, лепей, чым на стадыёнах у Беларусі зараз.

«Дынама» Кіеў – «Фенербахчэ» ў Лодзі

Чым польскі футбол адрозніваецца ад беларускага? Усім. Што тычыцца ўзроўню, то мне падаецца, што ў Польшчы ён зараз вышэйшы, чым у Беларусі. Напрыклад, нядаўна чэмпiён Польшчы «Лех» разграміў «Вільярэал». Не ведаю, як бы зараз згуляў умоўны салiгорскi «Шахцёр» з падобным супернікам. Тут лепшая арганізацыя матчаў, лепшыя заробкі. Думаю, што пакуль усё лепшае.

Але светлая будучыня ў беларускага футбола, вядома, ёсць. Светлая будучыня заўжды ёсць, трэба толькі верыць. Для прагрэсу, лічу, трэба прыбраць дзяржпадтрымку клубаў. Або хай застаецца, але толькі ў тым выпадку, калі якое-небудзь прадпрыемства сапраўды зацікаўленае ў развіцці футбола. У Беларусі павінна з’явіцца больш спартыўных аб’ектаў (не лядовых палацаў), прычым аб’екты павінны быць дасяжнымі для ўсіх. Павінны развівацца дзіцячыя школы – не толькі развівацца, але і з’яўляцца».

Расціслаў вядзе свой YouTube-канал і выкладвае там атмасферныя відэа з польскіх стадыёнаў.

Чалавек (iмя i горад не называем), з’ехаў з Беларусі летам 2022 года: «Для мяне светлая будучыня футбола – гэта калі людзі на яго ходзяць за свае грошы»

«Ракаў» – «Астана» ў Чэнстахове

«У Беларусі я заўзеў за «Крумкачы». Да іх з“яўлення футболам цікавіўся на ўзроўні зборнай. Хадзіў фактычна на ўсе матчы «Крумкачоў». Ну і неяк наведаў некалькі матчаў БАТЭ на групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў.

Пасля пераезду было не да футбола, так што яшчэ не дайшоў на чэмпіянат Польшчы, а зараз пачаўся зімовы перапынак, і трэба ўжо чакаць лютага. Але ў планах перыядычна наведваць футбол ёсць. Без фанатызму, бо мясцовыя каманды – гэта мясцовыя каманды, а мы ў Польшчы – госці. Хаця паглядзім, як складзецца. Затое наведаў тут матч «Дынама» Кіеў у еўракубках. Здзівіў вельмі лайтовы дагляд на ўваходзе і як вынік вялікая колькасць піратэхнікі на матчы.

Ці ёсць светлая будучыня ў белфутбола? Для мяне светлая будучыня футбола – гэта калі людзі на яго ходзяць і плацяць за гэта свае грошы. У цяперашняй палітычнай і эканамічнай сітуацыі гэта проста немагчыма, таму ў бліжэйшай будучыні я б не чакаў нічога пазітыўнага. Можа, неяк пасля, калі ўсе клубы будуць прыватнымі са зразумелымі бізнес-мадэлямі. Тады будуць і еўракубкі, і поспехі зборнай. Думаю, на гэта спатрэбіцца недзе 10 год нармальнага развіцця».

Ася, жыве ў Варшаве з лета 2022 года: «У Польшчы футбол, падаецца, мае занадта «правую» афарбоўку»

Фан-сектар «Легіі» на матчы «Легія» – «Пяст»

«Калісьці даўно заўзела за МТЗ-РІПА. Потым заўзела за БАТЭ падчас іх актыўнага ўдзелу ў еўракубках з 2008-га наступныя гадоў шэсць-сем. На зборнай была аднойчы, бо адборачныя гульні ніколі не былі цікавымі. Быў час, калі хадзіла проста на любы матч, які быў у зручны дзень, бо было жаданне апынуцца на стадыёне. Апошнім часам больш, чым за іншымi, сачыла за лёсам «Крумкачоў».

Не магу сказаць, што сумую менавіта па белфтуболе, але зараз не хапае маленькіх утульных стадыёнаў, дзе ўсё і ўсіх ведаеш. Мінорныя польскія лігі я пакуль не асвоіла. Была на матчах зборнай Польшчы і на «Легіі». Калісьці яшчэ з Беларусі сімпатызавала глівіцкаму «Пясту», але заўзець за яго з Варшавы дзіўна. А «Легія» для мяне занадта правая. На стадыёне атмасфера і мікраклімат у іх выдатны: фаер-шоу, заўзятары спяваюць усю гульню, банеры, дымавухі. Але ж агульны вайб клуба не дазваляе мне эмацыйна ўключыцца ў яго лёс.

«Лех» – «Шлёнск»

На зборнай атмасфера больш сямейная, туды ходзяць з дзецьмі, усе такія павольныя. На «Легіі» больш зараджаная публіка, вядома. Яшчэ ўвосень данецкi «Шахцёр» гуляў у Варшаве матчы Лігі чэмпіёнаў, але я не хадзіла, бо клуб зрабіў надта высокія цэны на квіткі. Мае знаёмыя, хто хадзіў, засталіся не надта задаволенымі, бо было мала падтрымкі з трыбунаў. Падаецца, праз высокія цэны на матч з «Рэалам» пайшлі людзі, якія хацелі глядзець на «Рэал», а не тыя, хто збіраўся падтрымліваць «Шахцёр».

Мне падаецца, што беларускі і польскі футбол па якасці гульні і хуткасцях адрозніваецца не моцна. Але ўсе арганізацыйныя моманты ў Польшчы лепшыя: і шоу ад заўзятараў, і з боку клуба ці федэрацыі. Напрыклад, на Нарадовым стадыёне падчас гульні зборнай з экрана намагаюцца запусціць і хвалю, і апладысменты, і песні. Што дакладна лепш – гэта стаўленне саміх палякаў да футбола: яны і любяць яго, здаецца, больш, і цікавяцца таксама. На той жа матч супраць Нідэрландаў людзі ішлі менавiта падтрымаць сваіх. У Беларусі такога, на жаль, куды менш. Што горш, дык тое, што футбол тут, як мне падаецца, мае занадта «правую» афарбоўку».

Аляксандр, жыве ў Кракаве, з’ехаў з Беларусі вясной 2022 года: «Пакуль беларускі футбол знаходзіцца пад жорсткім дзяржаўным рэгуляваннем, у яго няма ніякай будучыні»

Матч зборнай Украіны ў Кракаве

Апошнім часам заўзеў за «Крумкачоў», таксама перажываў за беларускія клубы ў еўракубках да 2020 года. Пабываў амаль на ўсіх хатніх матчах БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў і на некаторых матчах мiнскага «Дынама» ў Лізе Еўропы. Таксама наведаў вялікую колькасць матчаў зборнай. Найбольш сумую па часах першай версіі «Крумкачоў», калі яны змаглі дайсці да вышэйшай лігі і нядрэнна сябе там праявілі. Таксама сумую па атмасферы хатніх матчаў Лігі чэмпіёнаў.

На матчы польскага чэмпіянату быў адзін раз – на гульні сераднякоў табліцы. У Экстракласы добрая інфраструктура. Уваход па беларускіх мерках вельмі просты – без скрупулёзных даглядаў. На стадыёнах выдатная атмасфера, прыходзіць шмат людзей – і нават з дзецьмі. Фанаты часта праводзяць прыгожыя перформансы. Праўда, узровень футбола вымушае жадаць лепшага, хоць цяпер ён вышэйшы, чым узровень нашага чэмпіянату. Пэўная колькасць заўзятараў прыходзіць на матчы, каб проста выплюхнуць свае адмоўныя эмоцыі, і яны не скупяцца на грубыя слоўцы ў вялікай колькасці. Калі ходзіш на матч з дзецьмі, то лепей трымацца далей ад такіх сектараў.

У гэтым сезоне наведаў усе матчы данецкага «Шахцёра» ў ЛЧ, быў на матчы кіеўскага «Дынама» ў ЛЕ і на зборнай Украіны, дзе быў поўны стадыён, які моцна заўзеў, хаця было бачна, што многія прыйшлі на футбол першы раз і не асабліва разумелі, што адбываецца на полі. Чымсьці нагадала матч зборнай Беларусі і Іспаніі ў 2012 годзе. На матчах украінскіх клубаў адчувалася, што не хапае хатняй падтрымкі – але зразумела, што фанаты зараз абараняюць Украіну.

Матч «Краковіі»

У польскім футболе значна больш прыватнага капіталу, які выкарыстоўваецца эфектыўней. Клубы самі ўмеюць зарабляць грошы, яны менш залежныя ад дзяржавы ў параўнанні з Беларуссю. Польскія клубы надаюць вялікую ўвагу працы са сваімі заўзятарамі – гэта тое, чаго не хапае ў ЧБ.

У Польшчы рэгулярна з'яўляюцца добрыя маладыя гульцы. Яны хутка пераходзяць у больш моцныя чэмпіянаты, таму польская зборная спраўна трапляе на ўсе апошнія футбольныя топ-турніры. Але праз гэта ўзровень польскага першынства застаецца дастаткова невысокім для Еўропы.

Для беларускіх маладых гульцоў Еўропа зараз практычна закрытая, і яны могуць марыць хіба што пра РПЛ. Адчуваецца нізкая матывацыя ў беларускіх гульцоў, у тым ліку і ад невялікіх заробкаў, якія з кожным годам яшчэ і памяншаюцца, бо ў дзяржавы проста няма грошай, каб утрымліваць футбольныя клубы. Пакуль беларускі футбол знаходзіцца пад жорсткім дзяржаўным рэгуляваннем, у яго няма ніякай будучыні. Калі палітычнае становішча зменіцца і ў беларускі футбол пачне больш прыходзіць прыватны капітал і больш прафесійнае кіраванне, то праз гадоў 10 мы зможам вярнуцца на ўзровень клубнага футбола, які быў у сярэдзіне 2010-х. У зборнай будзе шанц патрапіць на Еўра. Калі ў Беларусі атрымаецца выгадаваць некалькі гульцоў, якія будуць пастаянна гуляць у клубах з топ-5 чэмпіянатаў, і калі атрымаецца падняць узровень беларускага чэмпіянату хаця б да ўзроўню 2010-х, то можна будзе марыць пра зборную Беларусі на чэмпіянаце свету».

Яўген, жыве ў Варшаве, з’ехаў з Беларусі вясной 2021 года: «Вельмі моцна веру ў наш футбол у будучыні»

«Легія» – «Спартак» у снежні 2021

«У Беларусі ў мяне не было 100% любімага клуба, я хадзіў на розныя матчы. У асноўным на вышэйшую лігу, а таксама на матчы першай лігі – падтрымаць родную «Ліду».

У Варшаве схадзіў на хатнія матчы Лігі чэмпіёнаў данецкага «Шахцёра». Атмасфера цудоўная, усё ж такі гэта Ліга чэмпіёнаў. Беларусі даўно не хапае матчаў такога ўзроўню і такой атмасферы. У роднай краіне і так атмасфера сумная, услед за гэтым і футбол згасае.

Першае, што кідаецца ў вочы ў польскім футболе – гэта вялікая канкурэнцыя. Няма велізарнага правалу паміж камандамі першай і другой паловы табліцы. Гэта кажа пра іншы ўзровень футбола ў Польшчы, кіравання клубамі і развіцця футбола ў прынцыпе. Ну і, вядома, людзі больш ходзяць на футбол, значна больш.

У Беларусі такое можа быць, але толькі пасля палітычных і грамадскіх змен у роднай краіне. Рэжым зажаваў усе сферы жыцця. Але ўвогуле вельмі моцна веру ў наш футбол у будучыні – і наогул у цудоўную будучыню нашай роднай Беларусі».

Фота: з архіваў героеў публікацыі, аўтара.

Іншыя пасты блога

Усе пасты