Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Беларус зганяў у Афрыку, каб зачапіць іспанскага футбола: пабачыў коцікаў, былы канцлагер (там стаяў помнік дыктатару) і маркетынг у стылі БАТЭ

Беларус зганяў у Афрыку, каб зачапіць іспанскага футбола: пабачыў коцікаў, былы канцлагер (там стаяў помнік дыктатару) і маркетынг у стылі БАТЭ

Вандроўка ў Сеуту напярэдадні «Барселоны».

Аўтар — Скай Волк
18 студзеня 2023, 16:32
Беларус зганяў у Афрыку, каб зачапіць іспанскага футбола: пабачыў коцікаў, былы канцлагер (там стаяў помнік дыктатару) і маркетынг у стылі БАТЭ

Ці магчыма пабываць у Афрыцы, не пакідаючы межы Еўрасаюза? Не самае простае пытанне, напэўна, прынамсі ўзроўню школьных алімпіядаў па геаграфіі ці інтэлектуальных квізаў. Але і ў нас тут усё ж такі інтэлектуальнае грамадства, праўда?

Дык вось, правільны адказ – можна, калі адправіцца ў Сеуту або Мелілью. Гэтыя гарады на паўночным узбярэжжы Афрыкі – каланіяльная спадчына Іспаніі, за якую актыўна змагаецца Марока.

Калісьці такіх паўанклаваў, акружаных з усіх бакоў вадой і Марока, было нават тры – іспанскім быў яшчэ і горад Іфні. Пасля двух рэзалюцый ААН (тады гэтая арганізацыя яшчэ была не настолькі бескарыснай) іспанцы ўсё ж аддалі горад Марока. А вось Мелілью і Сеуту – не.

Як патрапіць у Сеуту?

Патрапіць у Сеуту з Іспаніі (ці выехаць з Сеуты) можна двума варыянтамі. Першы – гэта паром з Альхесіраса, мястэчка ў дзвюх гадзінах язды ад Малагі. Ім мы і скарысталіся, каб прыплыць у афрыканскі горад, а яшчэ – палюбавацца на знакамітыя Геркулесавы слупы.

Паром ідзе ўсяго гадзіну, каштуе 35 еўра і выглядае цалкам добра. На борце ёсць не самая дрэнная кава, ну а што яшчэ трэба, калі ты адплываеш з Альхесіраса а 9-й раніцы? Хіба што яшчэ паглядзець на Гібралтар.

Другі варыянт – паветрам. Але ёсць нюанс. Сеута – гэта тэрыторыя плошчай усяго 18 квадратных кіламетраў. Размясціць там паўнавартасны аэрапорт вельмі складана: тэрыторыя ўзгорыстая і не вельмі роўная, прамы ўчастак патрэбнай даўжыні для ўзлётна-пасадачнай паласы знайсці складана. Аэрапорта ў Сеуце, у адрозненне ад Мелільі, няма.

Затое ўжо паўтара дзясяткі гадоў там працуе хеліпорт. Мясцовая кампанія Helity наладзіла верталётныя пералёты ў Альхесірас і Малагу. Асабліва зручна ляцець у Малагу – замест 4 гадзін (паром плюс аўтобус) хуценька далятаеш за паўгадзіны.

Верталётам мы і скарысталіся, калі вярталіся з Афрыкі ў Еўропу. Проста ўжо вельмі хацелася паспець на андалускае дэрбі «Малага» – «Гранада». Ну і на верталёце, у рэшце рэшт, таксама цікава было ўпершыню палётаць. Задавальненне не самае таннае: за паўгадзіны палёту аддаеш 190 еўра. Але яно таго вартае (і не толькі таму, што так можна паспець на дэрбі) – асабліва вось гэты самы момант, калі верталёт бярэ і адразу ўзлятае вертыкальна ўверх. І сэрца тут жа кудысьці ў пяткі падае – і ад нечаканасці, і ад лёгкага спалоху, і таму што вельмі хутка гэта ўсё адбываецца.

Карацей, каб патрапіць у Сеуту, трэба крыху пастарацца. Але вы пра гэта не пашкадуеце.

Што гэта за горад?

Гісторыя Сеуты - велізарная і налічвае больш за 2700 гадоў. У VII стагоддзі да нашай эры сваё селішча тут заснавалі фінікійцы. У наступную тысячу гадоў горад пераходзіў у рукі грэкаў, карфагенцаў, рымлян, вандалаў, вестготаў, арабаў. Іспанскім горад стаў толькі ў 1668 годзе. Наступныя тры стагоддзі яго спрабавалі захапіць брытанцы, мараканцы і нават галандцы.

Нічога дзіўнага, што зараз уся Сеута літаральна складаецца з помнікаў і барэльефаў іспанскім вайскоўцам, якія ўтрымлівалі горад на працягу трох стагоддзяў.

Гісторыя ў горада багатая і лагічна, што ў Сеуце ёсць на што паглядзець. Напрыклад, на Каралеўскія сцены VIII-XV стагоддзяў, якія будавалі дзясяткі пакаленняў розных народаў.

Паколькі тэрыторыя паўанклава складае ўсяго 18 квадратных кіламетраў (менш чым Слуцк), дзве трэці з якіх занятыя скаламі, тут вельмі беражліва ставяцца да зямлі і будынкаў. Гістарычныя будынкі не зносяць, а ўпарадкоўваюць і робяць больш камфартабельнымі. Часам гэта прыводзіць да лёгкага адчування сюррэалізму. Напрыклад, вось так у Сеуце выглядае казіно.

А вось так – «Макдональдс».

Не зайсці ў яго проста немагчыма. Так я даведаўся, што ў іспанскіх «Маках» прадаюцца долькі ананаса, прычым усяго за 95 цэнтаў. А бульбачка фры была такой салодкай, што я сурʼёзна западозрыў, што гэта батат.

Хапае ў Сеуце і «звычайных» славутасцяў. Яны там сканцэнтраваныя літаральна на кожным кроку. Адзін з сімвалаў горада – дом з цмокамі.

Хаця ёсць і славутасці, да якіх лепш блізка не падыходзіць. Паколькі Сеута – гэта ўжо тэрыторыя Еўрасаюза, многія афрыканцы ў пошуках лепшага жыцця спрабуюць нелегальна перабрацца менавіта сюды.

Навошта пераплываць Міжземнае мора, калі можна прабрацца ў Сеуту? Так на заходняй мяжы горада зʼявілася Сеуцкая сцяна даўжынёй 8,4 кіламетра і вышынёй 6 метраў.

Хтосьці спрабуе пералазіць праз сцяну, а хтосьці спрабуе дабірацца ўплаў – у 2021 годзе аж 6 тысяч уцекачоў праніклі на пляж. Таму ўзбярэжжа таксама кантралюецца і мае свае загароды.

Напрыклад, сярэднявечная крэпасць Монтэ-Ача да гэтага часу выкарыстоўваецца іспанскімі ўзброенымі сіламі. Мы як бесклапотныя турысты прыехалі туды на таксі і былі вельмі здзіўлены, калі насустрач нам з крэпасці выйшаў узброены вінтоўкай чалавек.

У гэтай жа крэпасці знаходзіўся помнік іспанскаму дыктатару Франсіску Франку – магчыма з-за таго, што ў Монтэ-Ача Франка стварыў першы ў Іспаніі канцлагер.

Ну і калі заканчваць аповед пра славутасці, трэба абавязкова ўзгадаць катоў.

Іх тут вельмі шмат. Зіма ў Сеуце цёплая, у снежні ў сярэднім 17 градусаў, таму яны спакойна могуць жыць і зімаваць на вуліцы. І ніякія скураныя мяшкі ім не патрэбныя. Ну, хіба што дзеля таго, каб прылегчы пагрэцца на іхнія машыны.

А што тут з футболам?

Ну якая ж Іспанія без футбола. У горадзе гуляе «Сеута» – не тое каб вельмі паспяхова, зараз клуб жыве на дне табліцы трэцяга дывізіёна. Гранды сюды зазіраюць рэдка і выключна дзякуючы Кубку. Напрыклад, «Барселона», якая 19 студзеня прыплыве ў Сеуту ўжо трэці раз у гэтым стагоддзі.

«Сеута» вялікіх поспехаў не дабілася, але дасягненні ў выхаванцаў мясцовага футбола ўсё ж такі ёсць. Напрыклад, легенда «Барселоны» – Мігелі, які правёў 549 матчаў за кулес і выйграў 2 чэмпіянаты.

Ёсць сярод «скумбрый» (так завуць жыхароў Сеуты з-за вялізнай колькасці гэтай рыбы вакол горада) і мадрыдская легенда – Хасэ Марцінэс Санчэс, якога заўзятары «Рэала» ведаюць як Піры, правёў у Мадрыдзе выдатных 15 гадоў, на працягу якіх 8 разоў станавіўся ўладальнікам залатых медаляў і выйграў Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. Ён да гэтага часу ўваходзіць у топ-10 па колькасці галоў і матчаў за «Рэал». У гонар Піры ў Сеуце названы адзін з двух гарадскіх стадыёнаў – той, на якім гуляе моладзевая каманда ў пятым дывізіёне.

А вось галоўны стадыён горада называецца «Альфонса Мурубе» – у гонар гульца «Сеуты», які загінуў падчас Грамадзянскай вайны. Пасля рэканструкцыі 1997 года ён умяшчае ўсяго 6500 гледачоў – хоць больш гораду і не трэба, таму што аншлагі тут рэдкасць.

Адзін з самых знакавых матчаў у гісторыі сеуцкага футбола тут прайшоў у 2002 годзе. Тады ў Сеуту іспанская маладзёжка завітала на матч супраць зборнай Югаславіі. За Іспанію забілі Хасэ Антоніа Рэес і Фернанда Торэс, а на поле выходзілі Пепе Рэйна (другі яго прыезд у Сеуту за два гады), Ас'ер дэль Орна, Хаўер Партыльё, Мікель Артэта і Рауль Брава.

У XXI стагоддзі рэкорд складае 8500 гледачоў – у фінале плэй-оф за выхад у Сегунду (Д2). Па 6500 гледачоў збіралі абодва кубкавыя матчы супраць «Барселоны», але пра іх крыху пазней. Дарэчы, літаральна на гэтым тыдні ў Сеўту прыехала маладзёжка «Рэала», якую ўзначальвае Рауль – і стадыён запоўніўся больш чым напалову.

Але нават наведвальнасць матчаў супраць супраць «Барсы» не такая высокая, як узгорак, на якім знаходзіцца «Альфонса Мурубе». Дабірацца сюды даводзіцца ці на таксі, ці з мацюкамі. Звонку стадыён выглядае не надта дагледжана, то тут, то там адвальваецца тынкоўка. Затое вакол стадыёна актыўна бегаюць коцікі. Коцікі – гэта заўсёды плюс.

Квіткі на матч трэцяга дывізіёна можна набыць толькі наяўнымі. Выглядаюць яны не тое каб вельмі хораша, але сваё годнае месца ў калекцыі зоймуць.

Цікава, што дагляду перад уваходам на стадыён увогуле ніякага няма. Унутры ёсць невялікі кафетэрый – там можна ўзяць піва, каву з малаком і чыпсы. Маёй любімай тартыльі, якую ў Іспаніі можна знайсці практычна на любым стадыёне мінорных дывізіёнаў, у Сеуце чамусьці не аказалася.

А стадыён вельмі атмасферны. Шкада, што ў трансляцыі матчаў не трапляюць пальмы, якія растуць на тэрыторыі комплекса. Як і цудоўны краявід. Бо з трыбуны за брамамі адкрываецца выдатны від на мора, узгорак Монтэ-Ача, Гібралтар і мараканскую гару Муса вышынёй амаль кіламетр.

Мы патрапілі на матч «Сеуты» супраць «Сан-Себасцьян-дэ-лос-Рэес». Да таго моманту «скумбрыі» правялі 14 матчаў у сезоне і ні разу не перамагалі дома (ды і на выправе ўсяго адна перамога).

Таму і ажыятажу асаблівага не было – усяго 1300 гледачоў. Але пасля гала сваіх улюбёнцаў гэтыя 1300 чалавек заўзець пачалі вельмі шумна і актыўна – што тыпова для Іспаніі. «Сеута» ў выніку перамагла, што зрабіла гэтую тысячу чалавек крышачку больш шчаслівым.

Адна з цэнтральных трыбун абсталяваная невялікім дахам – вельмі актуальна для снежня, калі ў Сеуце актыўна ідуць дажджы. А вось трыбуны за брамамі не толькі без даху, але і без сядзенняў. Заўзятары прыносяць з сабой газеткі і пледы, каб сядаць на голы бетон. Зрэшты, яны асабліва і не хвалююцца з-за гэтага.

Забаўляе заўзятараў мясцовы маскот – скумбрыя Кабальяці. Як і належыць маскотам, прыязны, прыставучы і пацешны.

Гасцявых фанатаў на матчы не відаць – хоць гэта і нядзіўна, улічваючы, што ў Сеуту не так лёгка дабрацца. Праўда, як мінімум адзін заўзятар «Сансэ» на матчы ўсё ж быў – ён ехаў з Мадрыда праз Альхесірас. Паводле яго словаў, Сеута лічыцца даволі складаным выездам для фанатаў. Не роўня той жа Мелільі, куды можна проста прыляцець самалётам. І таму «прабіць» матч у Сеуце куды больш каштоўна.

Але самае топавае месца ў вось гэтага маленькага заўзятара. Бачыце гэтае акно справа?

З гэтага ракурсу не зусім зразумела, але ў яго выдатны від на поле. Увесь матч ён актыўна махаў чорна-белым сцягам «Сеуты» і перыядычна нешта крычаў з вакна. Упэўнены, што для яго прыезд «Барселоны» стане адным з найлепшых дзён у жыцці.

А што будзе на Кубку з «Барсай»?

Ёсць такая іспанкая традыцыя: паказваць рэакцыю камандаў з ніжэйшых ліг, якім у кубку выпалі гранды. Дык вось, футбалісты «Сеуты» шчаслівыя! Паглядзіце, як яны радаваліся, што патрапілі на кулес. Для іх пасярод жудаснага сезона (2 перамогі ў 19 матчах чэмпіянату Д3) гэта самы сапраўдны глыток свежага паветра.

Для «Барсы» гэта ўжо трэці візіт у Афрыку ў ХХI стагоддзі. У студзені 2001 сюды прыляцелі маладыя Рэйна і Хаві, на поле выходзілі Райцыгер, Бархуан, Гвардыёла, Пеці, Луіс Энрыке і Клюйверт. А вось у 2010-м непераможная каманда Гвардыёлы прыляцела зусім ужо неасноўным складам. Галоўнай зоркай на той момант быў, бадай, Боян Кркіч, які аддаў галявы пас, плюс на полі былі Пэдра, Маскерана і зусім юны яшчэ Цьяга Алькантара.

У 2023 годзе напэўна зноў згуляе не аснова «Барсы» – але якая розніца?

Заўзятары таксама шчаслівыя. І ўжо нават дачакаліся сваіх квіткоў у вялікай чарзе ў офіс клуба.

Хаця меркаванні ўсё ж нераўнамерна падзяліліся. Уся справа ў тым, што ў «Сеуты» у гэтым сезоне невысокая наведвальнасць. Гэта, вядома, нядзіўна, улічваючы, што яна безнадзейна замыкае табліцу трэцяга дывізіёна. Колькасць абанементаў таксама невысокая. І вось тут якраз клубу дапамагла «Барса».

«Сеута» ідэальна скарысталася момантам, каб прадаць абанементы. Білеты на кубкавы матч з «Барсай» на працягу трох дзён маглі набываць толькі ўладальнікі сезонных абанементаў. Адначасова з гэтым клуб выкаціў у продаж абанементы на другое круг. У выніку за 50+50 еўра можна было купіць абанемент і квіток на «Барсу», што відавочна больш выгодна, чым чакаць выхаду квіткоў у свабодны продаж і потым набываць іх за 100, 130 або 180 еўра.

Многія хітруны так і зрабілі. А вось уладальнікі абанементаў, якія набылі іх яшчэ ўлетку, вельмі пакрыўдзіліся на такую несправядлівасць – нарэшце іх адданасць клубу магла ўзнагародзіцца эксклюзіўна, але не. Узнагарода за адданасць – гэта, вядома, добра, але тысяча лішніх абанементаў – гэта тысяча лішніх абанементаў. Так вырашыў клуб.

Дарэчы, у гэтым ёсць невялічкія паралелі і з беларускім футболам. У 2019 годзе БАТЭ гуляў супраць «Арсенала» ў плэй-оф Лігі Еўропы. І клуб амаль адначасова пусціў у продаж абанементы і квіткі на гэтую гульню. Але выгодней было набыць абанемент, атрымаць зніжку на квіток і ў выніку амаль «адбіць» кошт абанемента. Нядзіўна, што пасля гэтага БАТЭ даў справаздачу пра рэкордны продаж клубных картак.

І ўсё ж, нягледзячы на высокі попыт, за два дні да матчу 2000 квіткоў усё яшчэ ў продажы. Магчыма, іх змогуць выкупіць фанаты з Марока. Мясцовыя СМІ пішуць, што мараканцы актыўна бранююць нумары ў сеуцкіх гатэлях. Праўда, калі ў 2010 годзе на матчы з «Барсай» быў вялікі склад мараканскай пеньі, то зараз суседзяў на гульні будзе куды менш. З траўня 2022 года Іспанія ўвяла памежны кантроль – больш нельга карыстацца бязвізавым рэжымам мараканцам, якія пражываюць у Тэтуане. Увяла не проста так – гэта адказ на тое, што мараканцы заплюшчваюць вочы на пранікненні ўцекачамі мяжы са свайго боку. Таксама знаёмая для беларусаў сітуацыя – а яшчэ для польскіх і літоўскіх памежнікаў, якія больш за год вымушаныя змагацца з мігранцкім крызісам, які справакаваў рэжым Лукашэнка.

І ўсё ж я думаю, што матч з «Барсай» збярэ аншлаг і стане галоўнай падзеяй горада сёлета. Для Сеуты гэта вялікая ўвага – тая самая, якой знаходзячыся пад пастаянным ціскам Марока горад незаслужана пазбаўлены. Візіт «Барсы» на поўнач Афрыкі – штосьці падобнае на візіт караля Іспаніі ў 2007 годзе. Толькі каралі на гэты раз футбольныя.

Фото: автора, Helity, laverdaddeceuta.com, AD Ceuta.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты