Tribuna/Хакей/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Мінскае «Дынама» бясслаўна боўтаецца ў КХЛ, пры гэтым амаль усе замежныя клубы сышлі адтуль – вось як склаўся іх лёс (шкада «Медзвешчак») і як гэта паўплывала на зборныя

Мінскае «Дынама» бясслаўна боўтаецца ў КХЛ, пры гэтым амаль усе замежныя клубы сышлі адтуль – вось як склаўся іх лёс (шкада «Медзвешчак») і як гэта паўплывала на зборныя

Імперскі праект у хакеі як мінімум пастаўлены па паўзу, але не для Беларусі.

Аўтар — Скай Волк
31 сакавіка 2023, 23:59
1
Мінскае «Дынама» бясслаўна боўтаецца ў КХЛ, пры гэтым амаль усе замежныя клубы сышлі адтуль – вось як склаўся іх лёс (шкада «Медзвешчак») і як гэта паўплывала на зборныя

У 2023 годзе, напэўна, ужо ніхто не будзе спрачацца, што КХЛ – гэта ў першую чаргу палітычны праект, і толькі пасля ўжо спартыўны. Спорт не існуе па-за палітыкай, а хакей вельмі ўдалы від спорта для таго, каб зноў зрабіць з Расіі метраполію і сабраць чэмпіянат СССР, а то і ўсёй Еўропы.

Таму ў 2008 годзе з’явілася Кантынентальная хакейная ліга, дзе акрамя 21 расійскай каманды удзельнічалі казахская («Барыс»), беларуская («Дынама» Мінск) і латвійская («Дынама» Рыга). У наступныя гады да лігі далучыліся каманды са Славакіі («Леў», «Слован»), Чэхіі («Леў»), Украіны («Данбас»), Харватыі («Медзвешчак»), Фінляндыі («Ёкерыт»), Кітая («Куньлунь Рэд Стар»).

Планы ў лігі былі аграменныя: у розны час гаворка шла пра каманды з Літвы («Ветра»), Эстоніі («Ільвес»), Украіны («Будзівельнік»), Швецыі (АІК, «Краўнс»), Іспаніі («Барселона»), Францыі (планавалася стварэнне каманды ў Парыжы), Аўстрыя («Рэд Бул» Зальцбург), Вялікабрытанія (планавалася каманда ў Лондане), Германія («Айсбэрэн», «Тарпеда» Лейпцыг), Нарвегія («Ставангер» і «Валярэнга») і яшчэ каля 15 каманд у розных краінах Еўропы і Азіі.

Цікава, што перад сезонам-2013/14 заяўкі ў КХЛ падалі італьянскі «Мілан» і польская «Аліва» (Гданьск), але клубам адмовілі. Падчас таго сезону адбудзецца акупацыя Расіяй украінскага Крыма, што хоць і не паставіць крыж на марах КХЛ пра экспансію на захад, але заб’е першы цвік у труну гэтых мараў.

А цяпер раскажам пра тыя замежныя клубы, што паспелі зайсці ў КХЛ – і як яны адтуль выходзілі.

«Леў» (Попрад, Славакія) і «Леў» (Прага, Чэхія)

Аб’яднаў два клубы ў адзін пункт, бо гэта адначасова і адзін клуб, і не. Гэтая гісторыя ламала мозг заўзятарам КХЛ яшчэ ў пачатку 2010-х. А гісторыя такая: бізнэсмены Раман Слаўчаў і Сяргей Зайцаў хацелі заявіць каманду ў КХЛ ад Чэхіі. Усе ўмовы для гэтага былі выкананыя, акрамя адной: федэрацыя хакея Чэхіі не дала дазвол на ўдзел мясцовай каманды ў іншым чэмпіянаце.

Таму ўладальнікі «Льва» прапанавалі каманду славакам – так і з’явіўся «Леў» з Попрада ў КХЛ. У сезоне-2011/12 каманда заняла 21-е месца ў рэгулярцы і не патрапіла ў плэй-оф. Пры гэтым славакі актыўна хадзілі на матчы – на попрадскую арэну ў сярэднім збіраліся 4311 чалавек з максімальных 4500.

Праз год ужо чэхі далі дазвол. Чэшская група CKD Group набыла «Леў» і ўзяла на сябе абавязак па фінансаванні нацыянальных праграм федэрацыі хакея Чэхіі, а таксама па выплаце кампенсацый камандам чэшскай Экстралігі ў выпадку пераходу іх гульца ў «Леў». Клуб пераехаў у Прагу, дзе гуляў на 13-тысячнай «Тыпспорт Арэне». У сярэднім на матчы ў Празе прыходзілі 7232 заўзятара – больш было толькі ў «Авангарда» (8312), братыслаўскага «Слована» (9969) і мінскага «Дынама» (14299). «Леў» выйшаў у плэй-оф, але ў першым раўндзе саступіў ЦСКА.

Зорным часам стаў наступны сезон, калі чэхі дайшлі да фінала Кубка Гагарына і ўсталявалі рэкорд наведвальнасці – 17073 заўзятара на фінале супраць «Магніткі». Усё вырашылася ў апошнім, сёмым, матчы серыі. Злыя языкі кажуць, што кіраўніцтва КХЛ не магло дазволіць перамагчы ў турніры замежнай камандзе, таму ў фінале час ад часу суддзі нібыта памылялілся на карысць «Магніткі». Так ці інакш, «Леў» вёў у фінале 3:2, але саступіў 3:4 – і ў наступным сезоне ўдзел у КХЛ ужо не прымаў.

Як сыходзіў: Ад фіналіста Кубка Гагарына такога не чакалі, але 1 ліпеня 2014-га уладальнікі праекту афіцыйна пацвердзілі, што клуб не прыме ўдзел у наступным сезоне праз фінансавыя праблемы.

Што змянілася пасля выхаду з КХЛ: Зоркі клуба – а іх было дастаткова – разбегліся па іншых камандах. Джасцін Азэведа, Іржы Навотны, Іржы Секач, Марк-Андрэ Граньяні і іншыя гульцы без асаблівых праблем знайшлі сабе месца ў КХЛ.

Як гэта паўплывала на зборную: На ЧС-2014, які праходзіў у Мінску, у складзе зборнай Чэхіі прыехалі пяць гульцоў «Льва». Наступны сезон яны праводзілі у іншых клубах КХЛ і чэмпіяната Швецыі, а Іржы Секач нават з’ехаў у НХЛ. Такім чынам, знікненне клуба ніяк не паўплывала на зборную – зоркі лёгка працягнулі кар’еру.

«Данбас» (Данецк, Украіна)

Данецкі «Данбас» вядзе сваю гісторыю з 2001 года. Цікава, што ў першы сезон існавання клуб выступаў не толькі ў чэмпіянаце Украіны, але і ў першым дывізіёне чэмпіяната Беларусі, дзе стаў бронзавым прызёрам.

У 2010-м клуб набыў былы дэпутат і міністр Барыс Калеснікаў, якому было цесна ў чэмпіянаце Украіны. Сезон-2011/12 клуб правёў у ВХЛ, а сезоны-2012/13 і 2013/14 – у КХЛ. «Данбас» асабліва запомніўся ў другі сезон сваёй бандай, дзе гулялі Яўген Дадонаў, Цеему Лайне, Петэр Падградскі, Рэндзі Рабітайл, Оскар Бартуліс, Дзмітрый Кагарліцкі і апошні ўкраінскі энхаэлавец Руслан Федаценка.

Акрамя таго, у сезоне-2012/13 «Данбас» перамог у Кантынентальным кубку (другім у той сезон стаў жлобінскі «Металург»). Гэта адзіная перамога сярод клубаў КХЛ – удзел «Данбаса» ў турніры застаўся ў якасці спадчыны ад чэмпіёнства ва Украіне.

У першым сезоне славак Юліус Шуплер не здолеў вывесці «Данбас» у плэй-оф, але гэта атрымалася ў Андрэя Назарава ў сезоне-2013/14. У першым раўндзе ўкраінцы прайшлі рыжскае «Дынама», а ў другім спатыкнуліся на пражскім «Льве». Але іх бітва была выдатнай! Другі матч, які давялі да чатырох авертаймаў і скончылі на 126-й хвіліне, назаўсёды застаўся ў гісторыі. Паўфінал канферэнцыі – гэта было выдатнае дасягненне для другога сезона ў КХЛ (мінскае «Дынама» не здолела гэтага нават у самай слабай па складзе КХЛ).

«Данбас» развіваўся па тым жа прынцыпе, што і данецкі «Шахцёр» (нядзіўна, калі ўлічваць, што Калеснікаў быў віцэ-прэзідэнтам футбольнага клуба). У «Данбаса» была невялікая арэна, якая, тым не меньш, добра запаўнялася – сярэдняя наведвальнасць у сезоне-2013/14 склала 3955 чалавек (максімальная ўмяшчальнасць – 4130). Пры гэтым у Данецку будавалі новую «Кальміўс Арэну» на 12,8 тысяч чалавек, якая стала бы домам для баскетбольнага і хакейнага клубаў. Малявалася светлая будучыня.

Але Расія прынесла вайну.

Як сыходзіў: У красавіку 2014-га прарасійскія сілы захапілі Данецк. З тых часоў горад застаецца не пад кантролем Украіны. Акрамя таго, у канцы траўня таго ж года дамашнюю арэну «Данбаса» разрабавалі і спалілі сепарацісты. Барыс Калеснікаў спачатку запэўніваў, што за тры месяцы клуб адновіць арэну і працягне выступаць у КХЛ, але хутка стала зразумела – гэта немагчыма.

У выніку клуб пераехаў у Дружкоўку (да 2022 года гэта быў найбліжэйшы да Данецка неакупаваны горад з лядовым палацам), дзе ў сезоне-2015/16 пачаў выступаць у чэмпіянаце Украіны.

Што змянілася пасля выхаду з КХЛ: Чэмпіянат Украіны, калі аб’ектыўна, даволі слабы турнір. Прэзідэнт «Данбаса» Барыс Калеснікаў спрабаваў прасунуць клуб у іншыя турніры. Так, напрыклад, з’явілася ідэя аднаўлённай УЕХЛ – лігі, якая існавала з 1995-га па 2004-ы, дзе аснову складавалі беларускія клубы, але ўдзельнічалі і ўкраінскія, літоўскія, латвійскія і нават рускія. Разам з прэзідэнтам латвійскага «Курбадса» кіраўніцтва «Данбаса» беспаспяхова спрабавала схіліць ФХБ да гэтай ідэі.

Таксама «Данбас» удзельнічаў і ў Кубку Салея, праўда, па-за конкурсам – то бок у фінал чатырох выйсці ён не мог. Клуб праводзіў дамашнія матчы ў Бабруйску, прычым гуляў досыць паспяхова. Таксама ў Бабруйску гулялі дзіцячыя каманды «Данбаса».

Відавочна, што для данецкага клуба УХЛ была лігай з занадта нізкай столлю. І зусім нядзіўна, што «Данбас» дамінаваў у родным чэмпіянаце ўвесь час пасля сыходу з КХЛ. Дакладней, да 2021 года – пакуль не перайшоў у новаствораную Суперлігу пасля канфлікта з Украінскай федэрацыяй хакея. Ад гэтага канфлікта ў мінусе засталіся ўсе: гульцы «Данбаса», якія складалі аснову зборнай Украіны, атрымалі дыскваліфікацыю на выступы за нацыянальную каманду, а два розных турніры былі значна ніжэй узроўнем за адзіную УХЛ.

Ну а 24 лютага 2022-га Украіне канчаткова стала не да хакея.

Як гэта паўплывала на зборную: Два сезоны ў КХЛ – занадта мала, каб казаць пра ўплыў лігі на зборную Украіны. Тым не менш, у апошнім сезоне «Данбаса» ў КХЛ за клуб выступалі 12 чалавек з украінскім пашпартам. Клуб мог натуралізоўваць гульцоў сярэдняга ці больш-менш высокага ўзроўню для зборнай, прывабліваючы, у першую чаргу, расіян.

Але нават пасля сыходу з КХЛ «Данбас» застаўся асноўным пастаўшчыком кадраў для нацыянальнай зборнай. Проста з 2015 года яны гулялі ў больш слабым турніры.

«Медзвешчак» (Заграб, Харватыя)

Заграбскі «Медзвешчак» да прыхода «Куньлуня» быў галоўнай экзотыкай у КХЛ. Але ў адрозненне ад штучнага кітайскага клуба «Медзвешчак» мае сваю гісторыю. Клуб быў заснаваны ў 1961 годзе і за 30 гадоў тройчы перамог у чэмпіянаце Югаславіі. З 1991-м гуляў у чэмпіянаце Харватыі, які быў не тое каб высокага ўзроўню – таму «мядзведзі» на два сезоны далучыліся да Славенскай лігі, а з 2009-га да 2013-ы гулялі ў адкрытым чэмпіянаце Аўстрыі.

Крыху смешна тое, што ў самой назве клуба ёсць абрэвіатура KHL – але яна значыць не лігу, а Klub hokeja na ledu. У сезонах-2013/14 – 2016/17 «Медзвешчак» далучыўся да гэтай лігі. Харватыю цяжка назваць хакейнай краіна, але наведвальнасць была прыстойнай – ад 7724 заўзятараў ў першы сезон і да 4554 у апошні.

Але паспяховым харвацкі клуб назваць не атрымаецца. Думаю, што ён запомніўся сваім першым матчам у КХЛ, у якім разграміў ужо багаты тады ЦСКА 7:1. Яшчэ, напэўна, крычалкай заўзятараў «Зіг-заг, Медз-веш-чак!».

Добра памятаю і тое, як на «Заграб Арэне» ў жніўні быў туман над пляцоўкай – бо ў Харватыі было настолькі горача, што лядовыя ўстаноўкі не спраўляліся. Не пашанцавала гуляць у тумане «Адміралу», які тады ўзначальваў беларус Андрыеўскі.

Ну і, канечне, сярод яскравых момантаў – той самы матч у рымскім амфітэатры ў Пуле. Адна з самых прыгожых акцый КХЛ, на мой густ.

А яшчэ менавіта «Медзвешчак» прывёў у КХЛ Джонатана Чычу – і за гэта клубу дакладна ўдзячныя ўсе заўзятары мінскага «Дынама».

Як сыходзіў: Клуб сыходзіў даволі балюча. Калі ў першы сезон «Медзвешчак» выйшаў у плэй-оф, то ў наступныя тры сезоны ён знаходзіўся ў канцы табліцы. Харваты зараблялі тым, што прадавалі сваіх гульцоў – але гэта хакей, а не футбол, у гэтым відзе спорта цяжка быць клубам-донарам. Асабліва калі твой бюджэт складае каля 3 млн еўра.

Сезон-2016/17 для «Медзвешчака» быў суцэльнай ганьбай, на некаторыя матчы харваты прыязджалі з 13 гульцамі ў заяўцы. Ледзьве-ледзьве «Медзвешчак» дажыў да канца сезона, пасля чаго сышоў з КХЛ назад у Аўстрыйскую лігу. Але і там пратрымаўся нядоўга, ужо ў 2019 годзе знікнуўшы з хакейнай карты Еўропы.

Што змянілася пасля выхаду з КХЛ: Зборная Харватыі з 2014-га па 2018-ы знаходзілася ў дывізіёне 1B, што, канечне, цяжка назваць вялікім поспехам харвацкага хакея.

Уся справа ў тым, што харватаў за «Медзвешчак» гуляла няшмат. Напрыклад, у самым паспяховым сезоне КХЛ за «мядзведзяў» гулялі толькі чатыры харваты, сярод якіх брамнік з адным матчам. Затое ў складзе былі 18 канадцаў і 9 амерыканцаў. Дарэчы, ад прыхода ў КХЛ «Медзвешчака» больш за ўсіх выйграла, мне падаецца, мінскае «Дынама», якое хуценька прыбрала ў свой склад Раяна Веске, Шарля Лінгле, Мэта Элісана, Арана Палушая, Дэнні Тэйлара і, вядома, Джонатана Чычу.

Як гэта паўплывала на зборную: Як вы ўжо зразумелі – ніяк. Харвацкія хакеісты і маглі б атрымліваць практыку на ўзроўні КХЛ, але іх наўпрост амаль не было. Таму і выхад «Медзвешчака» з КХЛ мала паўплываў на зборную – бо і да гэтага ніяк не ўплываў.

«Слован» (Браціслава, Славакія)

Пасля паспяховага сезона попрадскага «Льва» (з пункту гледжання цікавасці людзей да гэтай з’явы) ў КХЛ славацкая федэрацыя хакея задумалася пра ўласную каманду ў расійскай лізе – бо «Леў» адразу пераехаў у Чэхію. Вырашана было камандзіраваць туды «Слован».

За 7 гадоў у КХЛ «Слован» двойчы выйшаў у плэй-оф. Самым паспяховым сезонам быў першы (2012/13) – славакі сталі шостымі на Захадзе, а на матчы прыходзілі ў сярэднім 9969 чалавек пры тым, што «Слаўнафта Арэна» ўмяшчае 10055. Больш за тое, аншлагі адбыліся на 27 матчах з 28. Адзіная гульня, на якую прыйшлі «ўсяго» 9666 чалавек – гэта матч плэй-оф супраць маскоўскага «Дынама», дзе прыехаў гасцявы фан-сектар і не запоўніў яго цалкам.

Цікава, што такі высокі ажыятаж стаў для «Слована» нагодай не ўздымаць кошты на квіткі (яны каштавалі 10-18 еўра), а зрабіць аўкцыён на квіткі. Дзякуючы гэтаму сярэдні кошт квіткоў узняўся да 24 еўра, а клуб зарабіў дадатковыя 1,6 млн еўра.

У наступным сезоне наведвальнасць стала яшчэ вышэйшай – 10013 чалавек на матчы. Але з сезона-2014/15 цікавасць славакаў да КХЛ стала пакрысе падаць. Не ў апошнюю чаргу і праз вынікі «Слована», які стаў аўтсайдэрам КХЛ, бо не мог змагацца з багатымі расійскімі камандамі.

Як сыходзіў: Праз фінансавыя праблемы, вядома. Амаль усе замежныя клубы КХЛ так ці інакш фінансаваліся расійскімі кампаніямі – інакш бы яны проста не змаглі ўдзельнічаць у КХЛ. Але расійскія грошы зніклі, а фінансавання ад славацкіх спонсараў не хапала. І «Слован» вярнуўся дадому.

Што змянілася пасля выхаду з КХЛ: У 2016 годзе мне давялося патрапіць на матч славацкай Экстралігі паміж «Зволенам» і «Кошыцэ». Апошні клуб – прынцыповы супернік «Слована». І кошыцкія заўзятары скардзіліся на КХЛ, што яна пазбавіла Славакію галоўнага хакейнага супрацьстаяння. Таму галоўнае, што змянілася – гэта ў Славакію зноў вярнулася прынцыповае супрацьстаянне.

Як гэта паўплывала на зборную: Зборная як камплектавалася з гульцоў НХЛ ці іншых клубаў КХЛ, так і працягнула. Бо аднымі гульцамі «Слована» зборная Славакіі гуляла хіба што падчас мала каму цікавага Еўратура.

«Дынама» (Рыга, Латвія)

Рыжскае «Дынама» было адным з заснавальнікаў КХЛ. Пры гэтым клуб з’явіўся менавіта ў 2008 годзе, каб гуляць у КХЛ – рускія так рабілі і ў іншых краінах. У першай палове 2010-х «Дынама» было моцнай сілай, рэгулярна выходзіла ў плэй-оф і давала там па носе багатаму СКА.

Другая палова 2010-х – суцэльны боль. Клуб фінансаваўся на грошы «Газпрама», але гэтага было мала, каб на штосьці прэтэндаваць. Рыжане не выходзілі ў плэй-оф восем сезонаў запар, а ў апошнія гады ўвогуле заставаліся на апошнім месцы.

Як сыходзіла: У першыя дні ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну кіраўніцтва рыжскага «Дынама» заявіла пра тое, што клуб сыходзіць з КХЛ. Зразумела, што хутчэй ліга патрэбная «Дынама», чым наадварот, бо па ўзроўню клуб даўно не з’яўляўся моцнай сілай.

Але пры гэтым наўянасць латвійскага клуба ў расійскай лізе – гэта быў моцны прапагандысцкі ход для Расіі і ў нейкім сэнсе рэканструкцыя СССР. Удзельнічаць у прапагандзе «Дынама» больш не хацела. Таму з сезона-2022/23 гімн Расіі больш не гучыць у Латвіі нідзе.

Што змянілася пасля выхаду з КХЛ: Цяпер клуб гуляе ў адкрытым чэмпіянаце Латвіі. Гэта значна ніжэйшы ўзровень, які можна параўнаць з сярэдзінай турнірнай табліцы Экстралігі. Заробкі ў чэмпіянаце невысокія, наведвальнасць – таксама. Цяпер на «Дынама» ходзяць 150-300 чалавек, прычым клуб больш не гуляе на «Арэна Рыга». Хакей туды вернецца толькі ў траўні падчас чэмпіянату свету.

Поспехаў у родным чэмпіянаце ў рыжан пакуль няма. У турніры гуляюць дзевяць каманд – з відавочным аўтсайдэрам з Даўгаўпілса (у сярэднім дзевяць прапушчанных шайб за матч) і трыма літоўскімі камандамі, якія ніжэй па ўзроўні за латышскія. У рэгулярцы «Дынама» стала трэцім, а ў чвэрцьфінале плэй-оф нечакана атрымала праблемы ад літоўскага «Каўнаса». У серыі да трох перамог лік быў 2:2, пяты матч таксама скончыўся 2:2, і рыжане прайшлі далей толькі па булітах. Праўда, у паўфінале прайгралі 0:4 з розніцай шайб 5:37.

Як гэта паўплывала на зборную: У 2022-м на ЧС ад рыжскага «Дынама» даехаў толькі адзін Сотнікс, але гэта не паказчык, бо з сакавіка-2022 многія гульцы перайшлі ў іншыя клубы. Таму паказальнымі будуць ЧС-2021 і Аліямпіяда-2022: там было дзевяць і восем адпаведна. Пасля сыходу «Дынама» з КХЛ хакеісты перайшлі хто куды: у Данію, Чэхію, Аўстрыю, Германію, а 37-гадовы Дарзіньш, увогуле скончыў кар’еру.

Па сутнасці, яны перайшлі ў менш канкурэнтныя турніры з больш нізкім узроўнем, чым КХЛ, таму ўсё ж такі можна сказаць, што для зборнай Латвіі было больш карысна выклікаць гэтых жа гульцоў з КХЛ.

«Ёкерыт» (Хельсінкі, Фінляндыя)

«Ёкерыт» быў самым каштоўным замежным актывам КХЛ – гэта не проста клуб з багатай гісторыяй, а шматразовы ўладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў і чэмпіён Фінляндыі з вялікай фанацкай базай і выдатнай арэнай. Менавіта арэна стала пачаткам расійскай «каланізацыі»: алігархі Цімчанка і Ратэнтбергі выкупілі акцыі «Хартвэл Арэны». Пасля яны ж выкупілі 49% акцый клуба. Таму з сезона-2014/15 «Ёкерыт» пачаў удзельнічаць у КХЛ.

Каб вы разумелі, фанаты не былі шчаслівымі ад такога перахода: так, узровень хакея, напэўна, стаў вышэйшым, але хельсінкскія дэрбі і фінскія супрацьстаянні з іншымі клубамі – для заўзятараў гэта было вельмі важна. Тым не менш, наведвальнасць у першы сезон склала 11139 чалавек, а ў наступныя сезоны (акрамя кавідных) не падала ніжэй за 8841.

З прыходам «Ёкерыта» падавалася, нібыта ў лізе з’явіцца новы «Леў», які будзе змагацца ў фіналах, але атрымалася не зусім так. «Джокеры» кожны сезон моцна пачыналі рэгулярку КХЛ, крыху марудзілі у канцы і выляталі звычайна ў другім раўндзе плэй-оф.

Як сыходзіў: Расійскія алігархі, якія валодалі клубам, па чарзе траплялі пад санкцыі і пазбаўляліся ад акцыяў. Так у сярэдзіне лютага 2022-га 100% акцыяў аказаліся ў легенды фінскага хакея і прэзідэнта «Ёкерыта» Яры Курры. Заўзятары лічылі яго расійскай марыянеткай, які не здольны думаць пра будучыню клуба без КХЛ, але адразу пасля паўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну «Ёкерыт» адмовіўся ад удзелу ў плэй-оф. За наступны месяц клуб пакінулі галоўны трэнер і асноўныя гульцы, ад «джокераў» і ягонай арэны адмовіліся спонсоры. У выніку 5 красавіка 2022 года клуб афіцыйна пацвердзіў, што сыходзіць з КХЛ.

Што змянілася пасля выхаду з КХЛ: У сезоне-2022/23 клуб не прымае ўдзел ні ў КХЛ, ні ў чэмпіянаце Фінляндыі. Тым не менш, сваю працу працягваюць усе юнацкія каманды. Таму галоўная мэта «Ёкерыта» на сёння – вярнуцца ў родны чэмпіянат пачынаючы з сезона-2023/24. Клуб плануе атрымаць ліцэнзію на ўдзел, але ягоная заява будзе разглядацца на агульным паседжанні лігі.

Як гэта паўплывала на зборную: «Ёкерыт» даваў практыку маладым фінам на ўзроўні КХЛ, што было прыкладам пазітыўнага сімбіёза «джокераў» і расійскай лігі. Але калі мы паглядзім на склад зборнай Фінляндыі на срэбраным ЧС-2021 (у 2022 дзейных «джокераў» у зборнай не было, але гэта лагічна), то ўбачым, што за скандынаўскую краіну выступалі ўсяго тры гульцы «Ёкерыта». Гэта шматгадовы капітан Марка Анціла і два форварда Саку Мяэналанен і Ііра Пакарінен. Пры гэтым 11 хакеістаў былі выкліканыя з чэмпіяната Фінляндыі.

То бок, калі мы кажам пра склад зборнай Фінляндыі, то прадстаўніцтва па чэмпіянатах атрымалася такім: 11 – чэмпіянат Фінляндыі, 9 – КХЛ, 3 – чэмпіянат Швецыіі Швейцарыі, 2 – НХЛ. Расійскі чэмпіянат хоць і важны пастаўшчык кадраў у зборную, але ўсё ж не галоўны – і без яго можна абыйсціся.

Іншыя пасты блога

Усе пасты