Tribuna/Хакей/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Больш за ўсё з затрыманых фанатаў «Нёмана» кпяць тыя, хто супраць Лукашэнкі, – і гэта прыкра: скасаванне байкоту – неадназначнае рашэнне, але і не нагоды для здзеку з ахвяр

Больш за ўсё з затрыманых фанатаў «Нёмана» кпяць тыя, хто супраць Лукашэнкі, – і гэта прыкра: скасаванне байкоту – неадназначнае рашэнне, але і не нагоды для здзеку з ахвяр

Не маглі без хакея, не давалі стварыць БРСМ-сектар.

Аўтар — Скай Волк
22 сакавіка 2023, 19:29
Больш за ўсё з затрыманых фанатаў «Нёмана» кпяць тыя, хто супраць Лукашэнкі, – і гэта прыкра: скасаванне байкоту – неадназначнае рашэнне, але і не нагоды для здзеку з ахвяр

На мінулым тыдні з’явіліся чарговыя жахлівыя навіны з Беларусі. Балюча пісаць адначасова «чарговыя жахлівыя», але як ёсць. Яшчэ 9 сакавіка затрымалі фанатаў хакейнага «Нёмана» – і хлопцаў, і дзяўчатаў, больш за дзесяць чалавек.

Калі вы глядзелі каментары пад гэтай навіной, то дакладна заўважылі, як у адзіным парыве людзі пісалі: «ахаха так ім і трэба».

Шаноўныя, а што здарылася? Чаму мы кпім з ахвяраў, а не асуджаем гвалтаўніка? Таму што яны спынілі байкот і вярнуліся на сектар? І гэтага дастаткова, каб хтосьці (акрамя лукашыстаў) усур’ёз злараднічаў і радаваўся катаванням нявінных людзей?

Такое адчуванне, што рэпрэсіўная машына рэжыма Лукашэнкі ўспрымаецца як штосьці спрадвечнае. Сонца ўзыходзіць кожную раніцу, зімой на азёрах з’яўляецца лёд, у Беларусі людзей саджаюць у турму ні за што. Так гэта атрымліваецца?

Сапраўды, галоўная прэтэнзія, якая становіцца падставай для такой рэакцыі, заключаецца ў тым, што фанаты «Нёмана» спачатку аб’явілі байкот, а праз два гады вярнуліся на сектар. Што ж, давайце пагаворым пра гэта падрабязней.

Спачатку адкрыю такі сакрэт палішынеля: шмат хто з фанатаў фан-сектараў, якія байкатуюць, усё роўна прыходзіць на матчы. Таму што футбол, хакей ці іншы від спорта – важная частка жыцця для людзей, якія прывыклі штотыдзень хадзіць на хатнія матчы ці ганяць на выправы ў іншыя гарады.

Напрыклад, мне цяжка ўявіць сваё жыццё без гэтага. Магчыма, менавіта таму я разумею фанатаў «Нёмана». І таму паспрабую патлумачыць іх выбар.

Самае галоўнае: гэта спрэчнае рашэнне, мы можам з ім не пагаджацца. Але гэта іх рашэнне. Я не бачу за сабой маральнага права асуджаць людзей, якія засталіся ў Беларусі, за іх спробу выжывання ў краіне. Каб захоўваць псіхалагічнае здароўе, трэба не зацыклівацца на рэпрэсіях і жаху, у якім ты аказаўся. Чалавек так не можа жыць.

Таму людзі сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю. Хтосьці пачынае вышываць ці пісаць вершы, хтосьці бегаць і займацца спортам, а хтосьці пачынае вандраваць па Беларусі, наведваць футбольныя ці іншыя матчы.

Паспрабуйце ўявіць, што вашая любімая каманда знікла. Гэта трагедыя, але час лечыць – і праз пару гадоў будзе не так балюча. А калі любімая каманда не знікла, а гуляе побач?

Уявіце, што два гады вы ганяеце па Беларусі за гандбольную «Гараднічанку», бо трэба знайсці месца для ўнутранай эміграцыі, а дзе ж яго знайсці, калі не ў спорце? А пасля прыходзіць любімы клуб і кажа: «Хлопцы і дзяўчаты, вяртайцеся, усё будзе добра, вас чапаць не будуць». Спакуса велізарная, але вы адмаўляецеся. А клуб прыходзіць, зноў і зноў прапаноўвае.

Гэтая гісторыя не пра «перагарнуць старонку». Бо людзі, якія цяпер сядзяць у турмах толькі за тое, што любяць «Нёман», казалі: «Дык а каму будзе лепш ад таго, што мы не прыйдзем на матч? Міліцыі? Яны толькі шчаслівыя будуць ад нашай адсутнасці».

А ведаеце, хто яшчэ быў шчаслівым ад адсутнасці фанатаў «Нёмана»? Караеў. Экс-міністр МУС, які пастаўлены Лукашэнкам у Гродна ў якасці генерал-губернатара, ходзіць на кожны матч хакейнай каманды, а ягоная ложа знаходзіцца якраз насупраць фан-сектара. І Караеў вельмі хацеў, каб на фан-сектары былі «БРСМ-ультрас» – замест сапраўдных заўзятараў. Бо наяўнасць падтрымкі «Нёмана» кантралюецца «высокімі» ўрадавымі коламі.

І «БРСМ-ультрас» на іх фан-сектары – гэта таксама было б балюча для фанатаў «Нёмана».

На жаль, байкот на беларускіх арэнах мае нейкі сэнс (акрамя сімвалічнага), толькі калі гаворка ідзе пра бяспеку саміх фанатаў. Калі фанаты не хочуць правакаваць сілавікоў на затрыманні (ці не хочуць трапляць на вочы Караеву з аналагічным вынікам), заставацца дома – гэта сапраўды не найгоршы варыянт.

А калі мы хочам бачыць нейкі рэальны ўплыў на клуб, то з гэтым заўсёды цяжка. Бо дзяржаўныя клубы, якія фінансуюцца з падаткаў грамадзянаў (г.зв. «дзяржаўныя грошы», яны чыноўнікамі ўспрымаюцца як асабіста лукашэнкаўскія), у першую чаргу спрабуюць дагадзіць тым, хто гэтыя грошы дае. Фанаты тут далёка не на першым месцы. У беларускіх заўзятараў у прынцыпе няма такога рэальнага ўплыву на фінансы клуба і каманды, каб адзін ці пара пустых сектараў прымусілі кіраўніцтва задумацца. Ды нават цалкам пусты стадыён не прымусіць.

Таму ў нашых рэаліях байкот – гэта ўсё ж больш пра сімвалізм. Сімвалізма ў гродненскіх заўзятараў хапае. Фанаты «Нёмана» былі ў даволі блізкіх адносінах з гульцамі – прынамсі да 2020 года. Адметная фішка фанаў – пераклічка «Мы заўсёды разам з вамі» – якую выконвалі пасля гульні хакеісты з заўзятарамі. Яна знікла пасля 2020 года. Таму што цяпер ужо не заўсёды разам – ёсць погляды, якія з хакеістамі людзі не падзяляюць.

Раней я не раз казаў, што лічу фанатаў «Нёмана» найлепшымі прынамсі ў Экстралізе. Яны маглі сабраць тысячу чалавек на плэй-оф супраць «Юнацтва», маглі прымусіць усю хатнюю арэну скакаць на матчы і спяваць у падтрымку клуба. Пасля матча яны абавязкова сустракалі гульцоў каля аўтобуса, віншавалі з перамогай ці разам сумавалі пасля паразы, суцяшаючы хакеістаў. Пра гродзенскіх фанатаў можна сказаць значна больш добрых словаў, але справа ў тым, што ў каралеўстве крывых люстэрак добрыя словы пра людзей могуць стаць нагодай для яшчэ адной крымінальнай справы. Таму падсумую так: без іх хакей у Гродна стаў зусім нецікавым. Нядзіўна, што сам клуб прыйшоў да фанатаў з прапановай пра вяртанне.

Яшчэ раз скажу: я не магу ўхваліць вяртанне, але дакладна не магу іх асуджаць за гэта. Але навіна пра затрыманне – гэта проста боль. І боль яшчэ ў тым, што вярнуліся б яны на сектар ці не – іх усё роўна затрымалі б. Пасля дыверсіі беларускіх партызанаў у Мачулішчах па ўсёй Беларусі пачалі шукаць «тэрарыстаў» і іх «тэарэтычных памагатых». А хто ў Беларусі тэрарысты па змаўчанні? Правільна, фанаты. Звычайна футбольныя, але падыдуць і хакейныя, калі трэба паставіць галачку для імітацыі бурнай дзейнасці.

Але калі з лукашысцкімі структурамі ўсё зразумела, прычым даўно, то станоўчую рэакцыю на арышты ад беларусаў бачыць – балюча. Калі ласка, не трэба так. Не трэба блытаць ахвяру і гвалтаўніка, які ўпіваецца беспакаранасцю.

Не ведаю, як хутка вернуцца на трыбуны фанаты «Нёмана». Але вельмі спадзяюся, што яны хутка вернуцца на волю.

Фота: Чат By.Tribuna.com, ХК «Неман», office.life, grodno.in

Іншыя пасты блога

Усе пасты