Tribuna/Хакей/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Непрыемны чалавек, браў удзел у рэпрэсіях, але сапраўдны профі і пакінуў спадчыну белхакею. Такога Крэйга Вудкрафта вы маглі не ведаць

Непрыемны чалавек, браў удзел у рэпрэсіях, але сапраўдны профі і пакінуў спадчыну белхакею. Такога Крэйга Вудкрафта вы маглі не ведаць

Расповед былога супрацоўніка мінскага «Дынама».

Аўтар — Скай Волк
12 красавіка 2023, 12:00
Непрыемны чалавек, браў удзел у рэпрэсіях, але сапраўдны профі і пакінуў спадчыну белхакею. Такога Крэйга Вудкрафта вы маглі не ведаць

Крэйг Вудкрафт афіцыйна звольніўся з «Дынама» і зборнай. Вудзі трэніраваў клуб пяць сезонаў з тых 15, што клуб правёў у КХЛ. Гэта цэлая эпоха. І каб яе ацаніць, давайце паглядзім на Вудкрафта з усіх бакоў – як на чалавека, трэнера і ўдзельніка рэпрэсій.

Крэйг Вудкрафт – самы паспяховы трэнер у КХЛаўскай гісторыі «Дынама»

Ён адпрацаваў пяць поўных сезонаў – ніхто іншы не змог перасягнуць і за два. Вудкрафт выводзіў «зуброў» у плэй-оф 4 разы. Адзін плэй-оф быў у Любаміра Покавіча (2014/15) і два – у Марэка Сікоры (2010/11, 2011/12). Але Сікора і Покавіч існавалі ў іншай рэальнасці. Бюджэт «Дынама» ў тыя гады быў значна большым – у пачатку 2010-х ён складаў каля 20-22 млн долараў, у 2014/15 – 19 млн долараў.

Гэта былі часы, калі «Дынама» магло лёгка набыць вядучую тройку лідараў іншага клуба – напрыклад, звяно Спірыдонаў-Глазачаў-Штумпел з «Барыса». Пасярод сезона ў зімовую паўзу клуб мог паехаць на зборы ў Дубай – кажуць, што разам з хакеістамі на збор маглі ўзяць нават іх жонак. У Вудкрафта (за выключэннем 2016/17) такіх фінансавых магчымасцяў не было. Бюджэт «Дынама» пры канадцы складаў каля 10 млн долараў, а заробкі былі на ўзроўні КХЛаўскай падлогі.

Вудкрафт выводзіў «Дынама» ў плэй-оф у тыя часы, калі ўзровень КХЛ моцна прасеў, а канкурэнцыя стала ніжэй

Гэта факт – за выключэннем сезона 2016/17. Тры сезоны, у якія Вудкрафт выводзіў «Дынама» ў плэй-оф, ён працаваў у лізе, узровень якой моцна прасеў. Падрабязней пра гэта я пісаў тут.

Калі коратка, то асноўныя прычыны такія:

1) У КХЛ пачала працаваць даволі нізкая столя заробкаў.

2) Праз гэта топы КХЛ былі вымушаныя развітвацца з часткай топавых гульцоў.

3) Напад Расіі на Украіну прывёў да адтоку не толькі некаторых топавых гульцоў з іншых клубаў, але і да сыходу моцнага суперніка «Дынама» па канферэнцыі – «Ёкерыта».

Гэтыя фактары станоўча паўплывалі на каманды ніжэйшай паловы табліцы, а больш за ўсіх бонусаў ад гэтага атрымала менавіта мінскае «Дынама».

Ацэньваем працу Вудкрафта па сезонах

2016/2017 – 8-е месца ў рэгулярным сезоне, 105 ачкоў (78, калі пералічыць па сістэме сучаснага падліку). У плэй-оф параза 1:4 ад «Лакаматыва».

Найлепшы сезон у гісторыі «Дынама». Але ў яго быў свой кошт: клуб патраціў не толькі бюджэт на сезон 2016/17, але і палову бюджэту наступнага сезона. Затое падчас сезона 2016/17 шыкавалі як маглі: набылі Стася і Кітарава, прычым Стась застаўся на ўмовах велізарнага кантракта з ЦСКА, пасля набылі яшчэ Палушая і Петэрсана. Узмацненне падчас сезона – гэта ўвогуле нетыповая для «Дынама» гісторыя.

Чаму тады Вудкрафта звольнілі? У клубе ішла барацьба паміж Бурбам (гендырэктар на той момант) і Курыльцом (будучы гендырэктар). Вудкрафт быў у лагеры Бурбы, які нарабіў шмат кулуарных памылак. Сам Крэйг таксама зрабіў памылку: ён напісаў свой план развіцця клуба, які прадугледжваў шмат моцных легіянераў і маладых беларусаў у складзе. Гэта не спадабалася Лукашэнку.

Таму за Вудкрафта не трымаліся – тым больш, што ў яго быў запасны швейцарскі «аэрадром», з якім ён і падпісаў кантракт пасля Мінска. Хаця тут розныя бакі ўжо кажуць рознае: канадзец – што яго звольнілі і ён паехаў у «Сервет», клуб – што Вудкрафт сам захацеў пераехаць у Швейцарыю. Але ўсё гэта ніяк не псуе выдатны вынік сезона 2016/17.

Адзнака: 9/10.

Сезон 2019/2020 – 24-е (апошняе) месца, 39 ачкоў.

Гэта быў абсалютна правальны сезон, але віна не толькі на Вудкрафце.

– Улетку была карэнная перабудова каманды.

– У складзе было шмат маладых беларусаў, якія тады не пацягнулі ўзровень КХЛ.

– Цалкам нявопытны трэнерскі штаб, дзе акрамя Вудзі і Мезіна працаваў Грабоўскі (першы сезон у якасці трэнера) і Перапехін (першы сезон у КХЛ). Селекцыйнага аддзела па сутнасці не было, гэтым займаўся Баскаў.

– Перадсезонка, падчас якой Вудкрафт праглядваў па 40 чалавек нават за два тыдні да пачатку сезона. Зразумела, што ён чакаў гульцоў, якіх адсеюць з кэмпаў НХЛ, але ўсё ж.

– І, нарэшце, праблемы з братамі Касцінымі, якія моцна псавалі дысцыпліну. У Грабоўскага са старэйшым Касціным увогуле быў адкрыты канфлікт.

Але ў Баскава хапіла аўтарытэту адстаяць Вудкрафта перад Лукашэнкам пасля правальнага сезона, таму канадзец не ўвайшоў у гісторыю як трэнер з двума сезонамі ў «Дынама».

Адзнака: 4/10.

Сезон 2020/2021 – 15-е месца, 67 ачкоў. У плэй-оф параза 1:4 ад СКА.

Не сезон, а песня, калі глядзець толькі на вынікі. Маладыя беларусы былі зоркамі: Шаранговіч набраў 17+8 за палову сезона і з’ехаў у «Нью-Джэрсі Дэвілз», дзе на днях правёў 200-ы матч у НХЛ. Аляксей Протас, Ілля Салаўёў, Ілля Вусаў, Уладзіслаў Калячонак – усе яны таксама паехалі на павышэнне ў НХЛ ці АХЛ у наступныя сезоны.

Але гэты сезон – гэта ў першую чаргу ўнікальны збег абставінаў, які выглядае так:

– Праз кавідныя абмежаванні з Паўночнай Амерыкі прыехала амаль уся таленавітая беларуская моладзь.

– Большасць клубаў КХЛ з цяжкасцю праходзілі ці ўвогуле амаль не праходзілі перадсезонку праз кавідныя абмежаванні – у адрозненне ад «Дынама».

– Пры гэтым у «Дынама» былі сур’ёзныя антыкавідныя пратаколы, дзякуючы чаму атрымалася пазбегнуць масавых захворванняў у камандзе.

Гэта быў сезон, калі «Дынама» гуляла ў яскравы і цікавы хакей, на які было прыемна глядзець. Але ў плэй-оф вынік быў прадказальным: 1-4 ад СКА, які нават асабліва не гуляў, бо захоўваў сілы на наступны раўнд.

Тут ацэнку давядзецца падзяліць на дзве часткі – праз гэты самы ўнікальны збег абставінаў.

Адзнака выступлення «Дынама»: 9/10.

Адзнака працы самога Вудкрафта: 7/10.

2021/2022 – 14-е месца, 67 ачкоў. У плэй-оф параза 0:4 ад СКА.

Пасля мінулага сезона з каманды з’ехалі Прынс, Спунэр, Менэл, Козун, Клінкхамер, Шаранговіч, Фалькоўскі, Протас, Мітчэл. Гэта 9 з 10 найлепшых бамбардыраў каманды, якую давялося фармаваць ледзьве не з нуля. Акрамя таго, з трэнерскага штаба сышлі Мезін, Грабоўскі і Вальво (спец па фізпадрыхтоўцы). На іх месца, па сутнасці, ніхто не прыйшоў.

У гэтых умовах Вудкрафт набраў тыя ж 67 ачкоў і зноў вывеў каманду ў плэй-оф. Праўда, гульня ўжо не была такой яскравай, але вынік быў.

Адзнака: 7.5/10.

Сезон 2022/2023 – 16-е месца, 68 ачкоў. У плэй-оф параза 2:4 ад СКА.

Упершыню пры Вудкрафце ў «Дынама» атрымалася не толькі захаваць частку лідараў, але і ўзмацніцца. Падпісанне Мерклі, Душака, Козуна, Спунэра, Пакета, Барберыа прывяло да таго, што чаканні ў клубным офісе ўзляцелі ледзьве не да фіналу канферэнцыі.

Але Вудзі выдаў абсалютна шэры сезон, дзе пры адсутнасці канкурэнцыі аформіў выхад у плэй-оф у апошнім матчы. І гэта ў канферэнцыі з 11 камандаў, дзе тры апошнія – кітайскі «Куньлунь», сочынскі фарм-клуб СКА і «Спартак», які тройчы за сезон змяняў трэнераў. Сезон мог выратаваць цуд у матчах супраць СКА, але барацьбы асабліва не атрымалася.

Адзнака: 6/10.

Што яшчэ важна ведаць пра Вудкрафта? Ён ахвотна здымаўся з Лукашэнкам, удзельнічаў у рэпрэсіях і шмат чаго казаў за спінай

Калі шчыра, то Вудкрафт не самы прыемны чалавек. У клубе ён быў бог і цар, ягоныя капрызы цярпелі і выконвалі ўсе, нават Баскаў. Пры гэтым Крэйг Вудкрафт хаця і меў такі статус, сябе вінаватым ні ў чым прызнаць не мог. Вінаватымі ў паразе былі ўсе навокал, але толькі не ён. Адказнасць перакладвалася альбо на беларускіх хакеістаў – бо яны нібыта занадта слабыя і нічога не ўмеюць, альбо на легіянераў – бо ім плацяць вялікія грошы, а яны іх не адпрацоўваюць.

Яшчэ адзін тыповы момант – ягоныя паводзіны з прэсай. Пры размове з журналістамі Крэйг усміхаўся, быў ветлівым і проста коцікам. Але за спінай пра гэтага ж журналіста мог казаць што заўгодна. І ёсць такое адчуванне, што так ён паводзіў сябе з усімі.

Крэйгу ўвогуле нішто не замінала напісаць ці патэліць у тры ночы з пытаннем: «Што гэты ##### [дрэнны чалавек] сабе дазваляе? Чаму ён дрэнна выказваецца пра вынікі «Дынама»? Ён што, не разумее, што ў серыі з 12 паразаў вінаваты не я?» Крэйг пастаянна расказваў, як прэс-служба павінна працаваць з прэсай, а на любыя адказы пачынаў гаварыць, што гэта непрафесійна. Бо Вудкрафт добра разумее: ад таго, што піша прэса, залежыць наяўнасць працы ў яго. Так, ён вельмі любіў перакладаць артыкулы пра яго, а пасля выносіць мозг прэс-службе.

І так, хутчэй за ўсё, Крэйг чытае гэты артыкул :) Таму перадаю прывіт!

Быў у нашай працы аднойчы момант, калі Крэйг – чалавек з заробкам 25 тысячаў долараў у месяц – даведаўся пра заробкі прэс-службы. Ён вельмі здзвівіўся, пачухаў патыліцу, перапытаўся і зноў здзівіўся. Пасля гэтага ён не выносіў мозг прыкладна 2 гадзіны – гэта быў рэкорд.

Таксама Вудкрафт любіць пра штосьці дамаўляцца, а пасля казаць, што ні пра што мы з табой не дамаўляліся. Гэта тычылася любых інтэрв’ю, актыўнасцяў з партнёрамі, сустрэчаў з заўзятарамі і чаго заўгодна ўвогуле.

Хакеісты трэнера не асабліва любілі. Ды што там хакеісты, калі нават калегі па трэнерскім штабе адгукаліся пра яго дрэнна – бо ягоныя замашкі натуральна раздражнялі ўсіх. Думаю, любы трэнер, адміністратар, масажыст, хакеіст можа расказаць пра яго шмат непрыемнага.

Ну і яшчэ адзін важны момант. Крэйг Вудкрафт ігнараваў і фальсіфікацыі на выбарах, і рэпрэсіі, і вайну. У рэпрэсіях ён нават удзельнічаў – калі ў сезоне 2020/2021 у клубе збіралі подпісы ў падтрымку Лукашэнкі. Ён, Мезін і Перапехін па адным выклікалі ў кабінет хакеістаў і прымушалі падпісаць гэтую брыдоту. Пры адсутнасці подпісу абяцалі, што чалавек не будзе больш гуляць у хакей. Мала хто змог адмовіцца, але адзін з такіх гульцоў – малады на той момант брамнік Мікіта Талапіла. Два тыдні таму стала вядома, што ён падпісаў кантракт з клубам НХЛ.

Вудкрафту ў прынцыпе нішто не замінала рабіць фота з Лукашэнкам, падхалімнічаць перад тыранам і ўсяляк яго хваліць. Не такога чакаеш ад чалавека, які нарадзіўся і вырас у цалкам свабоднай краіне, так?

Карацей, я дакладна не магу сказаць, што Крэйг Вудкрафт – прыемны чалавек.

Дык ён геній ці шарлатан?

Калі на хвілінку адкінуць у бок пытанні да асобы з мінулага пункту, атрымаецца, што канадзец – гэта добры трэнер, які зрабіў «Дынама» пастаянным удзельнікам плэй-оф. Крэйг Вудкрафт не геній і не шарлатан, ён проста прафесіянал.

Вудкрафт даволі сучасны трэнер, які, дарэчы, працаваў у зборнай Канады. Важна і тое, што ён мае прамы канал сувязі з НХЛ. Напрыклад, ягоны брат Тод – скаўт, які за апошнія 20 гадоў працаваў у пяці клубах НХЛ, зборнай Швейцарыі, Швецыі і, дарэчы, Беларусі. А брат Крэйга Джэй Вудкрафт цяпер узначальвае клуб НХЛ «Эдмантан Ойлерз». Відавочна, што браты стасуюцца паміж сабой і многія методыкі Крэйг пераносіў у «Дынама». Гэта не ўсе ацэньваюць, а некаторыя рэчы ў нашым хакеі асэнсоўваюць толькі праз нейкі час. Напрыклад, гісторыя з сыходам Бэйлена – гэта гісторыя пра тое, як Вудкрафт зрабіў асобную распранальню для траўмаваных, што злавала гульцоў і асабліва Бэйлена. Які ў выніку прапанаваў Вудкрафту go fuck yourself. Але ж менавіта ў НХЛ і робяць асобныя распранальні для траўмаваных – і гэтую практыку Вудзі перанёс адтуль.

Некаторыя трансферы «Дынама» праходзяць не праз агентаў, а праз Вудкрафта. Ён асабіста курыруе ключавыя трансферы. Хутчэй за ўсё, пераход у склад «зуброў» пераможцы Кубка Стэнлі Седрыка Пакета (424 матча ў НХЛ) і Марка Барберыа (281 матч у НХЛ) адбыўся дзякуючы братам Вудкрафтам.

Вудкрафт трымаў стабільнасць, хаця кожны сезон ён быў вымушаны знаходзіць новых лідараў замест тых, хто сышоў на павышэнне. Там, дзе ў Вудкрафта была магчымасць, ён даваў добры вынік (16/17, 20/21). Там, дзе не было, ён трымаў стабільнасць. Крэйг не зрабіў цуд, на які, напэўна, спадзяваліўся Баскаў і Каркоцкі ў апошні сезон. Але патрабаваць цуд ад прафесійнага трэнера – гэта непрафесійна. Бо калі «Дынама» хоча быць прэтэндэнтам на штосьці большае, чым проста выхад у плэй-оф, гэтаму павінен адпавядаць не толькі трэнер, але і сам клуб.

Ні ў 2012-м, ні ў 2017-м, ні ў 2023-м клуб «Дынама-Мінск» не адпавядае такому ўзроўню.

План развіцця «Дынама» ад Вудкрафта выратуе зборную Беларусі

Пра ягоны план развіцця я крыху пісаў вышэй. Дык вось, цяпер варта расказаць пра гэта падрабязней, бо гэта важная спадчына Вудкрафта ў беларускім хакеі.

У свой першы сезон у «Дынама» Крэйг напісаў стратэгію з такім бачаннем: «зубры» мусяць гуляць вялікай колькасцю якасных легіянераў, а канкурэнцыю ім складаць – а яшчэ вучыцца ў іх – павінны маладыя беларускія хакеісты. У свой другі заход у «Дынама» канадзец працаваў менавіта па гэтай стратэгіі.

Што мы маем па выніках чатырох апошніх сезонаў Вудкрафта?

У НХЛ гуляюць Шаранговіч і Протас. На мяжы НХЛ і АХЛ балансуе Калячонак. У АХЛ гуляюць Салаўёў і Вусаў. У топах КХЛ гуляюць Фалькоўскі, Сушко, Драздоў, Яроменка. Відавочна, што хутка на павышэнне пойдзе Пышкайла. У топы КХЛ могуць паехаць Сапега, Сувораў. Напэўна, паедзе ў НХЛ малады брамнік Коласаў, якому таксама даверыўся Вудкрафт.

Нагадаю, што яшчэ ў 2020 годзе беларусаў не было ў НХЛ, а ў межах КХЛ сачылі хіба што за Лісаўцом і Хенкелем.

Хтосьці можа сказаць, што ў гэтым няма заслугі Вудкрафта, што гэтыя таленты і самі сябе паказалі б. Але гэта не так. Тут паказальны прыклад Шаранговіча, які да арэнды ў «Дынама» гуляў у АХЛ у bottom 6. Пасля бліскучай паловы сезона ў КХЛ яго ўзялі адразу ў «Нью-Джэрсі», дзе ён заняў сваё месца ў топ-6.

Мала хто ведае, што Крэйг Вудкрафт рэальна спецыяліст у працы з маладымі хакеістамі. Пасля сканчэння кар’еры гульца ён доўга выбудоўваў уласны бізнес – сетку школаў па развіцці маладых гульцоў (не тых школаў, куды кожны дзень адводзяць дзяцей, а кэмпы і г.д.). Гэты бізнес ён у нейкі момант прадаў, але вопыт нікуды не знік.

Як бы мы ні ставіліся да Вудкрафта, пасля працы з ім моладзь едзе ў топы КХЛ, клубы АХЛ і НХЛ. А яшчэ ўпершыню ў гісторыі «Дынама» ў клубе гуляў дуэт беларускіх брамнікаў Коласаў-Шостак (Мезін і Коваль, нагадаю, не беларусы, а натуралізаваныя рускія). Больш за тое, трэцім брамнікам таксама быў 20-гадовы беларус Аляксей Снытко (праўда, ён так і не дэбютаваў у КХЛ).

І ў гэтым, напэўна, галоўная спадчына Вудкрафта. Ён паказаў, што ідэальнае «Дынама» – гэта клуб з якаснымі легіянерамі і маладымі, таленавітымі беларусамі, якія вучацца ў замежнікаў і становяцца зоркамі. Пры Вудкрафце за «Дынама», у асноўным, не было сорамна (гаворка толькі пра спартовыя паказчыкі). Пры гэтым клуб працаваў на перспектыву беларускага хакея.

Ці будзе Квартальнаў паспяхова працаваць з моладдзю? Не факт.

Ці будзе ў наступныя гады карысць для беларускага хакея ад «Дынама»? Не факт.

Ці ёсць увогуле будучыня ў «Дынама» і зборнай? Таксама не факт, бо КХЛ дэградуе, а зборныя адхіленыя ад усіх спаборніцтваў. Але Вудкрафт пакінуў беларускаму хакею спадчыну, якая абавязкова дапаможа зборнай пасля перамен. І хаця б за гэта яму дзякуй.

Фота: ХК «Дынама-Мінск»

Іншыя пасты блога

Усе пасты