Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/«Se queda», абдымкі з Ібрай і вандалізм пасля фіналу: 8 знакавых фота Жэрара Піке

«Se queda», абдымкі з Ібрай і вандалізм пасля фіналу: 8 знакавых фота Жэрара Піке

Успамінаем кар'еру легенды.

Аўтар — bytribuna com
5 лістапада 2022, 16:20
1
«Se queda», абдымкі з Ібрай і вандалізм пасля фіналу: 8 знакавых фота Жэрара Піке

Амаль 15 сезонаў запар ідэальнае завяршэнне сезона для заўзятара «Барселоны» выглядала так: пасля перамогi ў фінале Піке на памяць рэжа сетку футбольных варот. Жэрар – увасабленне тых шчаслівых дзён каталонскай каманды Пепа, мабыць, нават больш, чым Хаві або Іньеста, бо ён умеў значна ярчэй радавацца перамогам.

Абаронца аб“явіў пра завяршэнне кар“еры на днях – у сярэдзіне сезона, на хвалі скандалаў і правальнай гульні. Але легенда яго ўзроўню дакладна заслугоўвае апладысментаў. Мы сабралі 8 знакавых фатаграфій Піке, якія падводзяць вынікі кар“еры легендарнага гульца «Барселоны» і зборнай Іспаніі.

Лепшыя выпускнікі Ла Масіі

На гэтым фота без праблем адшукваюцца юныя Жэрар Піке і Сеск Фабрэгас, але можа спатрэбіцца час, каб пазнаць хлопца ў масцы – Ліянеля Месі. У Каталоніі гэты выпуск Акадэміі параўноўваюць з легендарным манчэстэрскім «Класам 92». Жэрар не мог не апынуцца ў «Барселоне», бо ягоны дзядуля калісьці быў віцэ-прэзідэнтам клуба.

Каманда 1987 года нараджэння разносіла ўсіх у Іспаніі і на міжнародных турнірах, Піке ўзгадваў матчы, дзе яны перамагалі з лікам 22:0. Для таго, каб хоць неяк матываваць гульцоў, Тыта Віланова ставіў іх супраць старэйшых каманд. Леа Месі называў Піке «босам», таму што менавіта Жэрар абараняў аргентынца па-за полем і падчас матчаў.

Фатаграфія зроблена перад фінальным матчам маладзёжнага Кубка Іспаніі супраць «Атлетыка». Месі надзеў маску, таму што перад тым яму зламалі скулу. Праз некалькі хвілін пасля пачатку паядынку Леа выкінуў яе на лаўку запасных, зрабіў дубль, а трэці гол забіў Піке. Каталонцы перамаглі 4:1, але гэта было апошняе фота знакамітай маладзёжкі. Ужо ўлетку Сеск сыдзе ў «Арсенал», Піке пасля паедзе ў «МЮ», а Леа стане асноўным гульцом першай каманды. Наступным разам яны згуляюць за адну каманду толькі ў 2011 годзе.

Абдымкі з Ібрагімавічам

Легендарнае фота на паркінгу з Ібрай у 2010 годзе абляцела ўсе таблоіды і хутка завірусілася ў інтэрнэце. Гульцам «Барселоны» адразу паспелі прыпісаць адносіны. Але сам Піке хутка абверг усе чуткі: «Я прадставіў сваю аўтабіяграфію, а Златан падышоў, каб павіншаваць мяне. Фатограф злавіў нас, калі я даў яму сваю руку». Таксама Жэрар не мог не ўзгадаць «Рэал» у гэтым кантэксце: «Мы апярэджвалі «Мадрыд», таму прэса магла шукаць спосабы дэстабілізаваць нас, але мы перамаглі ў тым сезоне».

Ібра адрэагаваў на чуткі ў сваім стылі: «Ты хочаш даведацца, ці я гей? Тады прыходзь да мяне, я табе пакажу. І сястру сваю прыхапі», – адказаў ён журналістцы.

Традыцыя рэзаць сетку пасля фінальных матчаў

Гэтая традыцыя прыйшла са студэнцкага баскетбола ў ЗША. Пазней яе сталі актыўна выкарыстоўваць у НБА, а першым сетку рэзаў галоўны трэнер каманды. Гэтую фішку падгледзелі ў баскетбольнай «Барселоне», таму пасля чэмпіёнства ў 2010-м гульцы пачалі адразаць сетку ад кошыка. Фанат баскетбола Піке перацягнуў перформанс у футбол.

З 2011 года ён рабіў гэта пасля кожнага выйгранага трафея. Найбольш цікавае тлумачэнне свайму ўчынку Піке прыдумаў пасля фіналу ЛЧ-2015 у Берліне. Праз матч адбору на Еўра ён не змог прысутнічаць на вяселлі свайго сябра, таму адправіў яму пераможную сетку, каб кожны з гасцей мог сабе адрэзаць кавалачак.

Шакіра на фінале Кубка Іспаніі-2011

Тады на фінальны матч Шакіра ўпершыню прыйшла падтрымаць Піке ў якасці яго дзяўчыны. Раман, які пачаўся падчас ЧС-2010, канчаткова стаў публічным толькі вясной 2011 года, а калумбійская поп-дзiва нават выступіла на канцэрце ў гонар перамогі «Барселоны» ў ЛЧ.

Адна з самых вядомых пар у іспанамоўным свеце мае дваіх дзяцей, але так і не ажанілася. Піке вельмі раўнаваў спявачку, дазволіў зняцца ў адкрытым кліпе толькі з Рыянай, а Шакіра забараняла яму фотасесіі з мадэлямі-дзяўчынамі.

Плёткі пра здрады на дзесяць гадоў маладзейшага футбаліста хадзілі даўно, але толькі нядаўна пара разышлася канчаткова.

«Ён застаецца»

Адна з галоўных трансферных драм мінулага дзесяцігоддзя – пераход Неймара з «Барсы» ў ПСЖ у 2016-м. Пост ПIке 23 лiпеня, у самы гарачы час афармлення трансфера, са словамі «Se queda» («Ён застаецца») імгненна стаў вірусным, а пасля пацвярждэння пераходу за 222 мільёны 3 жніўня спарадзіў яшчэ больш мемаў.

Іспанец апраўдваўся, што напісаў толькі сваё пажаданне, а пераход у Парыж ужо не мог спыніць. Да таго ж Піке арганізаваў сустрэчу лідараў каманды з Неймарам, на якую запрасіў Суарэса і Месі, аднак ні адна спроба пакінуць бразiльца ў камандзе так і не была ўдалай. А вядомы агент Піні Захаві, як кажуць, пасля паста Пiке яшчэ больш актыўна запрацаваў, каб пераход адбыўся.

Піке і сцяг Іспаніі

На адборачны матч супраць зборнай Албаніі Жэрар Піке выйшаў у футболцы без колераў сцяга Iспанii на рукавах. Многія балельшчыкі расцанілі гэта як непавагу, а ў сацсетках разгарэўся сапраўдны скандал, дзе каталонца абвінавачвалі ў сепаратызме. Футбаліст патлумачыў, што любіць гуляць у форме з доўгімі рукавамі, а тым разам лішкі адрэзаў для зручнасці. За Жэрара ўпісалася нават федэрацыя, выклаўшы футболку з доўгім рукавом, дзе няма палосаў. Піке ж аб“явіў, што пасля заканчэння ЧС-2018 пакіне зборную Іспаніі.

Падазрэннi ў падтрымцы незалежнасці Каталоніі былі небеспадстаўныя, бо дзед гульца Амадэа Бернабеу – адзiн з самых актыўных палітычных змагароў за самастойнасць Каталоніі. Але ў 2022 годзе Жэрар заявіў, што падтрымліваць каталонскую незалежнасць і гуляць за Іспанію – гэта нармальна. А далей была вельмі неадназначная заява: «Каго выбера балельшчык: таго, хто добра гуляе за зборную, але не занадта любіць краіну, ці таго, хто краіну любіць, але гуляе дрэнна?».

Рука Піке – сімвал «маніты»

Каталонцы вельмі любяць успамінаць легендарную «маніту», калі каманда Пепа перамагла «Рэал» з лікам 5:0. Пасля гала Хефрэна, які стаў пятым, Жэрар Піке паказаў трыбунам характэрны жэст. У 2018 годзе Жэрар паўтарыў яго, калі «Барса» перамагла з лікам 5:1, а апошні гол забіў Артура Відаль. Хадзілі чуткі, што «Барса» можа нават выпусціць форму з характэрным жэстам, але пакуль гэтага не адбылося.

Жэрар успамінаў, што сваё першае «класіка» убачыў у 1994 годзе, калі каманда Кройфа разграміла «Рэал» 5:0. Тады гэты жэст паказваў памочнік Ёхана Тоні Брэйнс.

Даганяў Мбапэ, а трапіў у мемы

У 2021 годзе ў матчы з ПСЖ стала канчаткова зразумела, што Пiке ўжо вельмі цяжка гуляць супраць топ-форвардаў. Піке безвынікова спрабаваў спыніць Кіліяна Мбапэ, а кадр, на якім француз уцякае ад абаронцы «Барселоны», спарадзіў мноства мемаў.

На «Камп Ноу» парыжане разграмілі «сіне-гранатавых» з лікам 4:1, а Кіліян аформіў хет-трык. Месі адказаў толькі голам з пенальці. Эра вялікай каманды Пепа завяршылася.

Бонус: сэлфі-марафон у Instagram

Улетку 2021 года Жэрар пазбавіўся ад барады, пра што паведаміў праз фота ў інстаграме. Але ў нейкі момант сітуацыя выйшла з-пад кантролю – гулец кожны дзень пачаў посцiць прыкладна аднолькавыя сэлфі. Часам да яго падключаліся аднаклубнікі і дзеці, але ў большасці сваёй гэта быў адзiны ракурс. «Я бачу цябе ў інстаграме часцей, чым маці дома», – пісалі яму заўзятары, але футбаліст не спыняўся. Амаль два месяцы працягваўся спам паголенага Піке, пакуль ён не вырашыў, што дастаткова.

Фота: imago sportfotodienst/globallookpress, fcbarcelona.com, lavanguardia.com

❤️ Новыя дадаткі Tribuna.com! Самыя хуткія навіны спорта | Android | iOS

Іншыя пасты блога

Усе пасты