Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Гэты ЧС, па ўсёй верагоднасці, стане апошнім для зборнай Уэльса з такой назвай. Плануюць перайменаванне

Гэты ЧС, па ўсёй верагоднасці, стане апошнім для зборнай Уэльса з такой назвай. Плануюць перайменаванне

Далей хочуць выкарыстоўваць гістарычную саманазву.

14 лістапада 2022, 10:25
Гэты ЧС, па ўсёй верагоднасці, стане апошнім для зборнай Уэльса з такой назвай. Плануюць перайменаванне

Апошнім буйным турнірам ЧС-2022 у гісторыі Уэльса можа стаць не толькі для Гарэта Бейла, але і для самой назвы каманды. Бо з наступнага года яна плануе выкарыстоўваць ужо ўласную саманазву – Cymru (чытаецца прыкладна як Кэмры).

Узялі прыклад з Турцыі, ужо абмяркоўваюць пытанні ва УЕФА, працэс узначаліў ірландзец

Выканаўчы дырэктар Футбольнай асацыяцыі Уэльса Ноэл Муні патлумачыў імкненне перайменавацца ў гістарычную саманазву Кэмры дастаткова адназначна: «Каманда павінна заўсёды называцца Кэмры, так мы яе завём тут. Наш погляд цяпер – што дома мы выразна завёмся Кэмры. Так мы называем нашыя зборныя. Калі вы зойдзеце на наш сайт, як мы гаворым пра сябе, то мы вельмі нават Кэмры».

І сапраўды: нават у сацсетках (тым жа твітары) нікнейм афіцыйных акаўнтаў гучыць як @Cymru.

Асацыяцыя ўжо вядзе перагаворы як з адпаведнымі суб'ектамі, так і з УЕФА па гэтай тэме. Пакуль канчатковага ўзгаднення няма – таму на ЧС-2022 Уэльс яшчэ будзе Уэльсам. Але ў 2023-м плануюць запусціць працэс. Адзначаюць, што гэта не будзе аднаасобнае рашэнне асацыяцыі – да абмеркаванняў прыцягнуць і гульцоў, і трэнерскі штаб, і заўзятараў, і ўсе кампетэнтныя ўрадавыя органы.

Муні не хавае, што краіна натхнілася прыкладам Турцыі, разам з якой будуць гуляць у адборы на ЧЕ-2024. Афіцыйная Анкара дабілася выкарыстання на міжнародным узроўні турэцкага Türkiye замест больш звыклага ангельскага Turkey. Тады ж пытанне было ўзнята і ў валійскіх СМІ і грамадстве ў цэлым.

«Мы спыталі ў іх, у якім напрамку яны рухаюцца. Напрыклад, ці з'явіўся ў іх рух да выкарыстання людзьмі карэннай мовы? Тое, што я ведаю, зараз ва Уэльсе адраджэнне валійскай мовы і адчуванне вялікага гонару ў тым, што мы робім у плане культуры і спадчыны», – тлумачыць Муні.

Самае цікавае, што Муні, перш чым узначаліць асацыяцыю Уэльса, працаваў кіраўніком стратэгічнага развіцця ва УЕФА, і сам па нацыянальнасці ірландзец. Але ўжо вучыць валійскую і плануе ў наступным годзе правесці Q&A сесію менавіта на ёй.

Што гэта зменіць для краіны, акрамя самой назвы? Яна паднімецца ў алфавітным паказальніку краін УЕФА, жартуе Муні: «Мы заўсёды сядзім побач з украінцамі і гэта выдатна, мы ўжо сталі добрымі сябрамі. Але нам бы ўсё ж крыху больш хацелася сядзець побач з харватамі і чэхамі (Croatia і Czech Republic на англійскай – заўв. Tribuna.com)».

Іншыя пасты блога

Усе пасты