Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Цікавая гісторыя Батшуаі: за Бельгію забіў больш, чым за 6 з 8 клубаў у кар'еры, заўжды выклікаўся ў зборную, хоць і меў ​​праблемы

Цікавая гісторыя Батшуаі: за Бельгію забіў больш, чым за 6 з 8 клубаў у кар'еры, заўжды выклікаўся ў зборную, хоць і меў ​​праблемы

Прынёс Бельгіі першую перамогу на ЧС у Катары.

24 лістапада 2022, 14:07
Цікавая гісторыя Батшуаі: за Бельгію забіў больш, чым за 6 з 8 клубаў у кар'еры, заўжды выклікаўся ў зборную, хоць і меў ​​праблемы

Зборная Бельгіі стартавала на ЧС-2022 з няпростай перамогі над Канадай – 1:0.

Героямі матча можна назваць адразу двух футбалістаў: Цібо Куртуа адбіў пенальці і некалькі разоў сур'ёзна выратаваў каманду, а пераможны мяч забіў Мішы Батшуаі.

Калі пра веліч Куртуа ведае ўвесь свет, то ў Батшуаі – свая гісторыя. Не такая паспяховая, але таксама вельмі цікавая. Распавядаем яе.

У 2016-м перайшоў у «Чэлсі» – і яго клубная кар'ера сур'ёзна забуксавала. З тых часоў змяніў ужо 5 клубаў і нарэшце загуляў у Турцыі

Мішы Батшуаі быў вельмі паспяховым на пачатку сваёй кар'еры ў «Стандардзе». Выхаванец льежскага клуба хутка ўварваўся ў асноўную каманду сваім яскравым футболам, а яго добрай рэзультатыўнасцю зацікавіліся шмат якія еўрапейскія клубы. Здавалася, што ўлетку 2014-га бельгіец пяройдзе ў «Дортмунд», але ўсё ж апынуўся ў «Марселі» – і, як выявілася пасля, зрабіў слушны выбар.

43 рэзультатыўныя дзеянні ў наступных двух сезонах за марсельскі калектыў не маглі не прыцягнуць увагу абсалютных топаў – і ўлетку 2016-го «Чэлсі» набыў бельгійца за шалёныя 39 млн еўра.

У Лондане Батшуаі быў за спінай праймавага Дыега Косты і (уявіце сабе!) толькі аднойчы ў дэбютным сезоне ў АПЛ выйшаў у стартавым складзе – у перадапошнім матчы. Нягледзячы на ​​вельмі абмежаваную колькасць гульнявога часу, Мішы забіў 5 мячоў у АПЛ і ў цэлым адзначыўся 14 ачкамі па сістэме гол+пас ва ўсіх турнірах.

У наступным сезоне ён атрымаў крыху больш гульнявога часу, але не змог уразіць Антоніа Контэ – і ўжо ў зімовае трансфернае акно паехаў у арэнду ў «Дортмунд». «Барусія» ўсё ж атрымала Батшуаі, якога хацела яшчэ некалькі гадоў таму, ды і «Чэлсі» выйшаў з сітуацыі з выйгрышам – падпісаў Аліўе Жыру з «Арсенала».

Перыяд кар'еры ў Германіі трываў для бельгійца ўсяго 14 матчаў – ён, на жаль, атрымаў сур'ёзную траўму і не змог надалей дапамагаць камандзе. Але нават у гэтых 14 паядынках ён выглядаў зусім іншым футбалістам – забіў 9 мячоў і стаў лідарам крызіснага і вельмі праблемнага на той час «Дортмунда».

Стала зразумела, што ў «Чэлсі» для Батшуаі будучыні няма, таму наступным перавалачным пунктам яго кар“еры была «Валенсія», паўгады ў якой зусім не пайшлі на карысць. Мішы вярнуўся ў Англію, дзе наступныя паўтары гады абараняў колеры «Крыстал Пэлас» (зноў на правах арэнды!), але і там у бельгійца было не вельмі добра – усяго 8 галоў у 33 матчах. Але найбольш яскрава яго перыяд у «Пэлас» апісвае той факт, што ажно 20 матчаў у АПЛ ён прасядзеў на лаўцы запасных без выхаду на ​​поле.

Але Мішы ўсё ж знайшоў сваё футбольнае шчасце.

Ім стаў чэмпіянат Турцыі. У мінулым сезоне ён абараняў колеры «Бешыкташа» на правах арэнды і адносна нядрэнна правёў сезон – зноў гуляў у ЛЧ, зрабіў 14+5 у сезоне і ў цэлым добра сябе зарэкамендаваў. Гэтым ён звярнуў увагу «Фенербахчэ», які ўлетку гэтага года нарэшце выкупіў яго кантракт у «Чэлсі».

За свой другі турэцкі клуб Батшуаі ўжо правёў 13 матчаў і забіў 8 мячоў. Бельгіец дапамог «Фенеру» выйграць групу ЛЕ без адзінай паразы і паехаў на чэмпіянат свету ў якасці лідара чэмпіянату.

Мажліва, яшчэ вернецца ў топ-чэмпіянат?

У зборнай Бельгіі Батшуаі – топ. Яго заўжды выклікаюць, і ён забівае больш, чым на клубным узроўні

Батшуаі дэбютаваў за зборную Бельгіі ў сакавіку 2015-га і з тае пары прапусціў толькі 4 зборы нацыянальнай каманды (2 – праз траўму). У зборную яго ўпершыню выклікаў Марк Вільматс, але галоўным трэнерам у кар'еры Мішы называюць Раберта Марцінеса.

Марцінес заўжды давяраў Батшуаі, нягледзячы на ​​ўсе праблемы форварда на клубным узроўні, а той – заўсёды прыязджаў у зборную ў добрым настроі і выціскаў максімум нават тады, калі выходзіў у кампенсаваны час.

Толькі ўявіце, за 49 матчаў у зборнай Бельгіі Батшуаі забіў 27 мячоў – больш, чым за «Чэлсі» (25), «Бешыкташ» (14), «Дортмунд» (9), «Крыстал Пэлас» ды «Фенербахчэ» (8) і «Валенсію» (3).

Толькі ў палове матчаў за нацыянальную каманду Батшуаі выходзіў у стартавым складзе, а яшчэ 37 (!) паядынкаў прасядзеў на лаўцы запасных.

У сераду яму даверылі месца ў аснове праз траўму Рамелу Лукаку, а Мішы прынёс перамогу зборнай Бельгіі ў першым матчы на ​​ЧС-2022.

Фота: Mohammad Karamali/DeFodi Images/Global Look Press, The Telegraph, Evening Standard, ANP/Global Look Press, Global Look Press/David Klein

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты