Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Яскравае жыццё Пеле па-за футболам: на два дні спыніў вайну ў Нігерыі, здымаўся са Сталонэ, быў міністрам

Яскравае жыццё Пеле па-за футболам: на два дні спыніў вайну ў Нігерыі, здымаўся са Сталонэ, быў міністрам

Тройчы ажанiўся, навучыў Бразілію чытаць.

Аўтар — bytribuna com
1 студзеня 2023, 12:24
Яскравае жыццё Пеле па-за футболам: на два дні спыніў вайну ў Нігерыі, здымаўся са Сталонэ, быў міністрам

Жыццё Пеле па-за футболам было не менш яскравым, чым на полі. Нагадаем асноўныя моманты біяграфіі легендарнага бразільца, які пайшоў з жыцця ў 82 гады пасля працяглай хваробы.

Мацi Пеле яшчэ жывая, бацькi назвалi яго ў гонар вучонага

Сапраўднае імя Пеле – Эдсан Арантыс ду Насімента. Бацькі назвалі сына ў гонар амерыканскага вынаходніка, «караля электрычнасці» Томаса Эдысана, бо незадоўга да гэтага ў іх дом правялі святло. Праўда, літару «і» вырашылі прыбраць. А дома сына называлі «Дзіка».

Пеле – гэта мянушка, якую далі хлопчыку школьныя сябры. Па адной з версій, гэта ў гонар любімага гульца маленькага Эдсана, галкіпера «Васка да Гама» Бiле. У сваёй аўтабіяграфіі Пеле заявіў, што ён і яго сябры не ведалі, што азначае гэтае імя. На партугальскай мове гэтае слова сапраўды не мае значэння, а на іўрыце яно азначае «цуд». I менавіта пад такім імем бразілец увайшоў у гісторыю.

Футболу Пеле навучыў яго бацька, які сам быў мясцовым футбалістам і меў мянушку Дандзiнья, але вялікай кар“еры ён не зрабіў. Сям“я была небагатай, таму будучы кароль футбола працаваў у кафэ і пачынаў з самаробнага мяча – старой шкарпэткі, набітай газетамі. Трэнер «Сантаса» запрасіў 15-гадовага вундэркінда і сказаў, што гэты хлопчык стане лепшым футбалістам свету.

Маці Селеста рана выйшла замуж – у 16 ​​гадоў. Яна была супраць футбола і хацела, каб яе сын займаўся навукай, як той, у гонар каго названы. Захапленне свайго першынца яна называла «дарогай да галечы» і працавала пакаёўкай, нават калі ён стаў зоркай і выйграваў трафеі.

Селеста яшчэ жывая – ёй 100 гадоў, яна прыкавана да ложка. У мінулым месяцы сын павіншаваў яе з юбілеем. «Яна з дзяцінства вучыла мяне цаніць любоў і свет. У мяне ёсць шмат прычын быць удзячным за тое, што я яе сын. Я адзначаю гэты дзень з вялікім хваляваннем. Дзякуй, мама, што ты побач са мной кожны дзень», – напісаў тады Кароль футбола.

Любіў спяваць, зняўся ў фільме пра вайну разам са Сталонэ

Пеле любіў iграць на гітары і пісаць уласныя песні. Любоў да музыкі ў хлопчыка таксама з“явілася дзякуючы бацьку, які часта граў на гавайскай гітары. Калi Пеле ўжо быў вядомым, ён часта спяваў песні на радыё або ў розных шоу-праектах. А ў 1969 годзе Пеле і вядомая бразільская спявачка Аліса Рэгін запісалі сумесны альбом, які ўзняўся на вяршыні хіт-парадаў не толькі Бразіліі, але і Еўропы.

У жыцці Пеле знайшлося месца і для вялікага кіно. У 1981 годзе на экраны выйшаў амерыканскі фільм «Перамога» з Майклам Кейнам і Сільвестрам Сталонэ ў галоўных ролях. Таксама ў фільме зняліся многія зоркі футбола – Пеле, Бобі Мур, Казімеж Дэйна і ўся каманда «Іпсвіч Таун».

Падзеі спартыўнай драмы разгортваюцца падчас Другой сусветнай вайны. У парыжскiм лагеры для ваеннапалонных былы знакаміты футбаліст Колбі стварае каманду са зняволеных. Ён выбівае дазвол на правядзенне матча паміж зборнай Германіі і ваеннапалоннымі. У каманду да яго папрасіўся канадскі афіцэр Хэтч – дрэнны футбаліст, але ён апантаны ідэяй уцячы. Аўтараў фільма натхніла легенда пра кіеўскі «Матч смерці».

У адной са сцэн 41-гадовы Пеле забіў гол акрабатычным ударам з першага дубля. Затое Сталонэ, па яго словах, выглядаў непераканаўча, хоць і рыхтаваўся да гэтай ролі.

Быў тройчы жанаты і меў сямёра дзяцей, якiя не сталі топ-футбалістамі

Пеле быў вялікім рамантыкам і ўлюбёнцам жанчын. «Я ведаю, што Бог існуе, таму што ёсць каханне. Мая парада: ніколі не пераставайце кахаць. Жыць паўнавартасна. Часцей кажыце «я цябе кахаю». Я хачу падзякаваць сваёй жонцы Марсіі за кожны дзень, які мы правялі разам. Усіх з Днём святога Валянціна», – напісаў бразілец у мінулым годзе.

Афіцыйна ў яго было тры шлюбы і сямёра дзяцей. Ва ўзросце 26 гадоў футбаліст ажаніўся з Роземеры дос Рэйс Шолбі, якая нарадзіла Пеле траіх дзяцей - сына Эдсана, дачок Келі Крысціну і Джэніфер.

Эдсан-малодшы таксама стаў футбалістам (быў галкіперам у «Сантасе»), але значных поспехаў не дамогся. Завяршыў кар“еру ў 29 гадоў, працаваў трэнерам, але потым павярнуў не туды – i атрымаў 33 гады зняволення за адмыванне грошай, атрыманых ад гандлю наркотыкамі. Пазней справу перагледзелі і тэрмін скарацілі. З 2019 года Эдсана перавялі на адкрыты рэжым адбыцця пакарання.

Другой жонкай Пеле была Асірыя Лемас Сейшас, якая захаплялася музыкай і псіхалогіяй. У гэтым шлюбе нарадзіліся двайняты Джошуа (таксама быў у «Сантасе» без асаблівага поспеху) і Селеста. Прычынай разводу сталі раманы мужа – хоць сам Пеле сцвярджаў, што адразу ўсё расказваў сваім жонкам наконт iншых жанчын.

Акрамя дзяцей, народжаных у двух шлюбах, у футбаліста ёсць яшчэ двое пазашлюбных, якіх ён прызнаў, – дачкi Флавія ад журналісткi і Сандра ад хатняй работніцы. Але футбаліст жартаваў: «Я нават не ўяўляю, колькі ў мяне дзяцей».

Ва ўзросце 73 гадоў Пеле ажаніўся з Марсіяй Сібель Аокі, даўняй знаёмай, бразільянкай японскага паходжання, якая была на 26 гадоў маладзейшай. Ёй ён не аднойчы прысвячаў рамантычныя пасты ў Instagram.

Працаваў міністрам спорту ў Бразіліі і на два дні спыніў вайну ў Нігерыі

Кароль футбола быў чалавекам неверагоднага маштабу і ўплыву – нават пасля таго, як ён перастаў гуляць. Ды што казаць – папулярнасць Пеле ў Бразіліі была настолькі магутнай, што многія непісьменныя бразільцы спецыяльна пачалі вучыцца чытаць, каб прачытаць аўтабіяграфічную кнігу «Я – Пеле».

Але i ў свеце вядомасць Пеле была велiзарнай. Ён жартаваў пра сябе, што ў свеце ёсць толькі тры сапраўды буйныя брэнды: Jesus, Coca-Cola і Pele. Па дадзеных розных апытанняў, у 1970-я гады пра Пеле нават у самых змрочных кутках свету ведалі 95 чалавек са 100. Аднойчы гэта нават дапамагло мiрнаму жыццю. Падчас турнэ «Сантаса» па Афрыцы кароль футбола змог спыніць грамадзянскую вайну ў Нігерыі. Армія і паўстанцы трымалі 48-гадзінны рэжым спынення агню, каб усе маглі ўбачыць геніяльнага бразільца. Больш за тое, любоў афрыканцаў да футбаліста была настолькі моцнай, што людзi са зброяй з розных бакоў разам сабраліся на матчы «Сантаса» са зборнай Нiгерыi.

Пеле шмат здымаўся ў рэкламе (але прынцыпова не рэкламаваў цыгарэты і алкаголь), заснаваў свой дабрачынны фонд і дапамагаў дзецям. У 1990-я гады ён быў амбасадорам ААН па навакольным асяроддзі і амбасадорам добрай волі ЮНЕСКА. Яго таксама цікавіла палітычная кар“ера. У яго нават былі амбіцыі стаць прэзідэнтам Бразіліі. Тры гады (1995-98) ён займаў пасаду міністра спорту і спрабаваў рэфармаваць футбол, змагаўся з карупцыяй і за пашырэнне правоў гульцоў, але не перамог – прэзідэнт ФІФА Жааа Авеланж (таксама бразілец) пагражаў выключыць Бразілію з ФІФА за ўмяшанне ўрада ў справы футбольнай федэрацыі.

У 2020-м Пеле заклiкаў насіць маскі і вакцынавацца падчас пандэміі каранавіруса (пакуль прэзiдэнт Бразiлii Жаiр Балсанару адмаўляў кавiд у духе Лукашэнкi), а ў 2022-м заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Украіне, якая працягваецца Расiяй з 24 лютага з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. «На сэрцы смутак – вестка пра чарговую вайну. Выказваю сваю салідарнасць з народам Украіны. Я ў малітвах, прашу Бога пра панаванне міру, свабоды і любові», – напісаў Пеле 24 лютага.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты