Так, Раналду ў «Аль-Насры» – сапраўды расчараванне. Крыш упершыню ў кар'еры паплаціўся за неабдуманае рашэнне
Справа не ў паводзінах і выбары на карысць грошай арабаў.
Навіна напярэдадні новага года пра падпісанне Крышціяну Раналду кантракта з саудаўскім «Аль-Насрам» здзіўляла. Але здзіўляў не сам факт, а поўная адсутнасць эмоцый наконт гэтай падзеі, будзь яны пазітыўныя ці негатыўныя. Цяжка было зразумець, чаму так адбылося, бо яшчэ зусім нядаўна галы за «Рэал», «Ювентус», «Манчэстэр Юнайтэд» і зборную прымушалі радавацца, скакаць і выкрыкваць фірменнае SUIII, а няўдачы – спадзявацца на камбэк, якіх на шляху партугальца было дастаткова.
Так, можна зрабіць выснову, што такая абыякавасць – следства неадназначных рашэнняў Раналду і пастаянных скандалаў вакол яго персоны за апошні год, якіх стала ў некалькі разоў больш звыклай нормы. Накладваем на гэта эмацыйны стан з-за вайны, і вуаля – ужо не здзіўляе, што такое непрыемнае дэ-юрэ заканчэнне кар'еры аднаго з куміраў успрымаецца як належнае.
Але. Адну эмоцыю Крышціяну ўсё ж выклікаў – расчараванне. Праз выбар на карысць грошай? Не. З-за невыканання ўласных жа сцвярджэнняў пра гульню на Блізкім Усходзе? Не. З-за позняга прыняцця футбольнай старасці? Не. Проста ці ледзь не ўпершыню Раналду дапусціў сур'ёзную непрадуманую памылку і занадта дрэнна ацаніў сітуацыю.
«Ён ведаў, якой будзе рэакцыя. Ён усё старанна прадумаў», – заявіў пасля разрыву кантракту з «МЮ» Пірс Морган. Абсалютная хлусня. Старанна ўсё прадумаць – гэта:
– на момант выхаду інтэрв'ю мець план і запасны варыянт з прапановай ад еўрапейскага клуба;
– усведамляць, што ў чарговы раз атрымаецца падмацаваць свае словы канкрэтнымі дзеяннямі;
– быць упэўненым, што гэты крок не нашкодзіць рэпутацыі.
Насамрэч у рэалізацыю ўсяго гэтага верылася, бо які тады быў сэнс?
А што цяпер? Пасля кожнага прыведзенага пункта, які лічыце праваленым, разгортвайце па адным пальцы. Калі ў вас застанецца два – віншую, вы таксама згаджаецеся, што Крышціяну наогул быў далёкі ад рэальнасці і не прадбачыў чым усё можа скончыцца.
І гэта дзіўна, бо цягам апошніх 20 гадоў сваёй топавай кар'еры Раналду ўвесь час «вырульваў» падобныя сітуацыі. Дзе непасрэдна спартыўнымі дасягненнямі, дзе сустрэчнымі публічнымі адказамі,дзе эгаістычнымі паводзінамі, якія ў выніку апраўдвалі сябе.
А зараз гэта хутчэй бездапаможная пародыя на эфектны нахабны стыль КрыРа, які заваёўваў адначасова прыхільнасць заўзятараў і яшчэ большую – яго крытыкаў. Пераход у «Аль-Наср» – апагей завышаных амбіцый і самаўпэўненасці, якая ажно на 38-м годзе дала збой і загнала ў кут, хоць гэтага і можна было пазбегнуць, седзячы на лаўцы «МЮ» у чаканні свайго шанцу.
У гэтым выпадку адкрываецца яшчэ адзін бок медаля – Раналду зайшоў настолькі далёка, што прымушае публіку забываць пра яго здзяйсненні. Кідайцеся памідорамі, але акрамя Месі і Крышціяну ў гісторыі нікому не ўдавалася стабільна праводзіць 15+ гадоў на найвышэйшым узроўні.
Калі аргенцінец перамогай на ЧС толькі замацаваў добрыя асацыяцыі, то новаспечаны амбасадар саудаўскай лігі азмрочвае наступныя:
– першыя гады ў «МЮ» і званне самага яскравага вінгера Еўропы;
– праймавыя сезоны ў «Рэале» 2014-2018 з шалёнымі паказчыкамі ў плэй-оф ЛЧ і важных матчах;
– разумная і своечасовая змена амплуа на форварда і бамбардзірскія рэкорды;
– праява лідарскіх якасцяў на трыумфальным Еўра-2016;
– вобраз рабацягі і найбуйнейшага прафесіянала ў сучасным футболе.
У каментарах прымячаюць: «Гульцоў запамінаюць не за тое, што рабілі на працягу кар“еры, а за тое, што рабілі падчас яе завяршэння». Ці ёсць у гэтым віна самога Крышціяну? Часткова – так, таму што ён да апошняга адмаўляўся прызнаваць заканамерны спад, а найлепш гэта паспелі адлюстраваць карыстальнікі твітэра:
Аднак ці сапраўды гэты спад быў настолькі відавочным? Восень 2021-га – галы Раналду ратуюць для «МЮ» матчы ЛЧ і выводзяць у плэй-оф, сакавік 2022-га – Крышціяну робіць хет-трык у вароты «Тотэнхэма», май 2022-га – 37-гадовага форварда прызнаюць лепшым гульцом у камандзе, студзень 2023-га – кантракт з клубам са смешнай назвай і статус футбаліста, «з якім цяпер усё зразумела».
Вядома, варта згадаць і пра сур'ёзныя жыццёвыя праблемы, без якіх сцэнар мог быць іншым – смерць нованароджанага дзіцяці, цяжкі стан дачкі ўлетку, з-за чаго Раналду прапусціў перадсезонныя зборы і іншае. Толькі гэта ўжо ўмоўны спосаб, з якім, як вядома, гісторыя не ладзіць.
Ці можа ваяж у Саудаўскую Аравію такі скончыцца на мажорнай ноце? Так, калі на атрыманыя грошы Раналду вернецца і набудзе частку акцый «МЮ», арганізаваўшы там свой блэкджек без Эрыка тэн Хага. Гэй, Netflix, прапаную выкупіць сюжэт для новага серыяла.
Куды занясло Раналду: клуб з доўгам у 50 мільёнаў яшчэ ў 2021 годзе, трэнер выбіў «Ман Сіці» з ЛЧ
Фота: Michael Regan/Getty Images, «Аль-Наср», Pierce Morgan Uncensored, Catherine Ivill/Getty Images