Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/❌ Фелікс атрымаў чырвоную ў першым матчы за «Чэлсі». Успомнілі іншыя выдаленні ў дэбютах – Месі, Суарэс, Зіновіч

❌ Фелікс атрымаў чырвоную ў першым матчы за «Чэлсі». Успомнілі іншыя выдаленні ў дэбютах – Месі, Суарэс, Зіновіч

Адзін «шчасліўчык» наогул згуляў усяго 3 хвіліны!

15 студзеня 2023, 09:46
❌ Фелікс атрымаў чырвоную ў першым матчы за «Чэлсі». Успомнілі іншыя выдаленні ў дэбютах – Месі, Суарэс, Зіновіч

Жаау Фелікс дэбютаваў за «Чэлсі» ў перанесеным матчы 7-га тура АПЛ, які яго каманда прайграла «Фулхэму» – 1:2.

Дэбютаваў своеасабліва – ужо на 58-й хвіліне атрымаў прамую чырвоную картку. Партугалец няўдала апрацаваў мяч, той ужо выбіў далей Кені Тэтэ – а Фелікс небяспечна заехаў яму ў нагу. Цяпер партугалец прапусціць тры матчы.

У гонар гэтага ўзгадалі яшчэ некалькі цікавых выдаленняў у дэбютныя матчы – падборка не прэтэндуе на вычарпальную.

Апошні да Фелікса ў АПЛ – Федэрыка Фасіа ў 2014-м

У апошні раз менавіта ў АПЛ выдаленне ў дэбютным матчы ў лізе была даўнавата. Тады гулец «Тотэнхэма» Федэрыка Фасіа пры ліку 2:1 на карысць «Ман Сіці» ў штрафной пляцоўцы груба скінуў на зямлю Серхіа Агуэра. Вынік – выдаленне і пенальці (на 1:36).

Найхутчэйшае выдаленне ў дэбюце АПЛ – праз тры хвіліны

І Феліксу, і Фасіа далёка да іншага гульца «Ман Сіці», Крысціяна Негуая. Марцініканец, які выступаў за «сіне-блакітных» яшчэ ў дашэйхаўскай эпохі, дэбютаваў у АПЛ толькі 26 снежня 2004-га, нягледзячы на тое, што на кантракце ў клубе быў яшчэ з 2001-га. Адбылося гэта ў матчы з «Эвертанам» – Негуай выйшаў на замену на 80-й, а ўжо праз тры хвіліны заехаў нагой у галёнку Маркуса Бэнта (момант з 35:38).

А Кевін Кіган, які тады трэніраваў «гараджан», называў да таго Негуая «самым уражлівым падпісаннем»...

Самае пацешнае выдаленне ў дэбютным матчы – брамнік Тэрнер за «Эвертан» на 9-й хвіліне

2006-ы год, «Эвертан» сутыкнуўся з варатарскім крызісам – не маглі згуляць ні Найджэл Марцін, ні Рычард Райт, які яго падмяняў. У аснове выйшаў Іан Тэрнер, але на поле правёў усяго 9 хвілін. Выдаленне максімальна тупое – ён узяў мяч у рукі за межамі штрафной.

Аўтагол + чырвоная – дэбют Вудгейта за «Рэал» не мог быць горш

Улюбёнец фанатаў «Ньюкасла» Джонатан Вудгейт улетку 2004-га перабраўся ў «Рэал» за 13,4 млн фунтаў. З-за траўм першы матч абаронца згуляў толькі праз год – у матчы супраць «Атлетыка» Більбао.

Дэбют ператварыўся ў жах: спачатку на 25-й хвіліне ён бессэнсоўна адправіў мяч галавой у вароты свайго ж галкіпера Ікера Касільяса (2:05). А потым атрымаў дзве жоўтых – прычым у эпізодзе з другой сітуацыя наогул не патрабавала штурхаць саперніка (на 6:42).

Месі таксама выдаляўся ў дэбютным матчы – за зборную

Ліянэль Месі ўпершыню згуляў за зборную Аргенціны 17 жніўня 2005 года ў таварыскім матчы з Венгрыяй – на 63-й хвіліне замяніў Лісандра Лопеса. А ужо праз дзве хвіліны атрымаў чырвоную – Вільмаш Ванцак пацягнуў Леа за футболку, той спрабаваў адмахнуцца і ўдарыў венгра. Арбітр патрактаваў гэта як удар локцем і выдаліў Месі.

Суарэс таксама атрымаў выдаленне ў першым матчы за зборную

У будучыні сябар Ліянэля Месі, Луіс Суарэс, таксама атрымаў чырвоную ў дэбюце за нацыянальную каманду. Ён, праўда, быў банальней – проста другая жоўтая за нязгоду з арбітрам (на 1:41:20).

Кірыл Зіновіч і яго дэбют у партугальскім Д3

Справы ў партугальскай «Віторыі Гімараеш Б», за якую выступае беларускі паўабаронца Кірыл Зіновіч, ідуць мякка кажучы не вельмі. Каманда экс-гульца маскоўскага «Лакаматыва» займае апошні радок у сваёй падгрупе, адстаючы ад перадапошняга месца на 7 ачкоў.

Дапамагчы паправіць становішча каманды ў сваёй першай гульні ў Зіновіча атрымалася так сабе. У дэбютнай гульні беларус з'явіўся на полі пасля перапынку і ўжо на 55-й хвіліне (1:16:17) вызначыўся грубым падкатам, за што атрымаў першы гарчычнік. А ўжо праз 22 хвіліны Зіновіч спачатку прайграў верхавую дуэль, а пасля, выпраўляючы ўласную памылку, з парушэннем правілаў перапыніў небяспечную контратаку саперніка, пасля чаго рэферы паказаў Кірылу другую жоўтую (1:38:09).

Варта адзначыць, што 13 студзеня «Віторыя Гімараэш Б» перапыніла васьміматчавую серыю з паражэнняў згуляўшы ўнічыю з «Парэдэсам» (1:1). У дадзеным паядынку Зіновіч выйшаў у старце (другое з'яўленне Кірыла ў аснове запар) і адыграў увесь матч. Магчыма, прыйшоў час трэнерам першай каманды «Віторыі» звярнуць увагу на беларускага паўабаронцу?

***

А якія дэбюты з выдаленнямі запомніліся вам? Напішыце ў каментарах.

Фота: скриншоти трансляцій, Reuters/Peter Cziborra

Іншыя пасты блога

Усе пасты