Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Нічым не абцяжараны. Азіл рана скончыў з топ-футболам, але ўсё роўна застанецца ў гісторыі

Нічым не абцяжараны. Азіл рана скончыў з топ-футболам, але ўсё роўна застанецца ў гісторыі

Кар'ера з пачуццём недаказанасці.

23 сакавіка 2023, 11:12
Нічым не абцяжараны. Азіл рана скончыў з топ-футболам, але ўсё роўна застанецца ў гісторыі

У студзені гэтага года Рыа Фердынанд дзяліўся ўражаннямі ад гульні Марціна Эдэгора, лідара цяперашняга «Арсенала». Легендарны абаронца назваў нарвежца перавыданнем найлепшай версіі Месута Азіла. Чалавека, які на той момант не выходзіў на поле з верасня, – і не ў «Арсенале», а ў сціплым «Істанбул Башакшэхіры». Чалавека, які апошні раз быў незаменны хаця б у нейкай камандзе яшчэ ў сезоне-2016/17, калі немцу не было і 30. Чалавека, пра якога ў лютым пісалі, што пасля замены ў матчы за той жа турэцкі клуб Месут вырашыў завяршыць кар’еру. Паўабаронца афіцыйна аб'явіў аб растанні з футболам 22 сакавіка.

Адразу здавалася, што хлопчык з беднай турэцкай сям'і, у якой не было грошай нават на тое, каб аддаць малога ў дзіцячы садок, не стане разрываць кантракт з «Істанбул Башакшэхіры», які прынясе яму штотыднёва 33 тысячы еўра. Гэтак жа, як ён не спяшаўся разрываць больш грашовыя пагадненні з «Арсеналам» і «Фенербахчэ». Гэта проста не ў ягонай сістэме каштоўнасцяў. Ды і біць чыгуны з клубам, які патрануе сам Эрдаган, проста не надта разумна, калі табе яшчэ, магчыма, жыць у Турцыі па завяршэнні кар'еры. А Азіл заўсёды быў разумным – і на самай справе вельмі сумна, што ён даў футболу значна менш, чым хацелася б.

Фердынанд у тым жа інтэрв'ю не скупіўся на кампліменты і таксама параўнаў Эдэгора з Моцартам. Зрэшты, здаецца, што гэтае параўнанне больш падыходзіць як раз для Месута. Ён, вядома, не меў рэпутацыі такога вундэркінда, якую меў Эдэгор, і апынуўся ў складзе «Рэала» у больш сталым узросце. Аднак па самой манеры гульні, звычках вольнага мастака, перападах паміж перыядамі кіпучай энергіі і вуглаватага існавання і разам з тым праявах сапраўднага генія Азіла сапраўды можна было б параўнаць з Вольфгангам Амадэем.

Ды і ў выніку – ну, згуляў Эдэгор у 16 гадоў за «Рэал», а потым дарос да месца асноўнага гульца ў складзе вялікага клуба – наколькі можна назваць «Арсенал» апошніх гадоў вялікім – толькі ў 22. Узросту, у якім Азіл і апынуўся ў Мадрыдзе ў 2010-м у якасці асноўнага гульца каманды, амбіцыі якой не параўнаць з «Арсеналам»-2020. І на той момант у яго за спінай ужо былі чатыры сезоны ў якасці асноўнага гульца ў «Шальке» і «Вердэры», а таксама статус галоўнага плэймэйкера зборнай Германіі.

Асноўным яго зрабіла траўма Міхаэля Балака напярэдадні першынства свету ў ПАР. Пасля самі нямецкія гульцы той каманды казалі, што адсутнасць шматгадовага лідара адбілася на іх дзеяннях у лепшы бок – не трэба было шукаць увесь час вачыма легенду, чакаць таго, што тая нешта прыдумае. Ды і сам па сабе тагачасны Азіл, нават нягледзячы на схільнасць часам браць паўзу ў актыўнасці, быў больш дынамічным гульцом, чым узроставы Балак, што давала больш магчымасцяў атацы. Пасля разгромаў, нанесеных Англіі і Аргенціне ў плэй-оф, шмат хто ўжо бачыў немцаў будучымі чэмпіёнамі, але паўфінал у іх не атрымаўся – прайгралі іспанцам.

Аднак турнір пераканаў «Рэал» і Жазэ Маўрынью, што Месут можа праяўляць сябе ў вялікіх матчах. Тое, у чым потым вельмі шмат папракалі хаўбека. Папракалі, па-мойму, не надта абгрунтавана – у яго кар'еры хапала гульняў топ-узроўня, дзе ён быў і карысны, і проста не горшым за партнёраў. Проста сама планка, якую задаў Месут, была занадта высокая, каб не былі прыкметнымі тыя моманты, калі ў яго сапраўды шчыра не ішло.

І нават у тым жа 2010-м можна ўзгадаць, што ніякага плэй-оф у немцаў магло б і не быць, калі б не гол Месута ў вырашальнай гульні трэцяга тура ў вароты Ганы. Мяч стаў адзіным у матчы – і дазволіў камандзе Лёва ачуцца пасля паразы ад сербаў у папярэднім туры, што паставіла бундэсцім на мяжу катастрофы. Ужо потым сербы, даведаўшыся пра падзеі ў паралельнай гульні, разваліліся ў матчы з Аўстраліяй, а тады ўсё магло пайсці зусім іншым шляхам. Скажам, той жа Лёў мог быць адпраўлены ў адстаўку ў выпадку нявыхаду з групы, а тады, магчыма, не было б і чэмпіёнства ў 2014-м.

Аднак Месут забіў – і гісторыя склалася ў тым выглядзе, які нам вядомы. А Азіл атрымаў зарад упэўненасці ў сабе – яго не вельмі любілі ў Германіі ў той час. Справа была ў тым, як ён развітваўся з родным клубам: з «Шальке» Месут сышоў са скандалам – хацеў больш грошай і патрабаваў гэтага публічна. Такая манера паводзін была нязвыклай для тагачаснай Германіі. І хоць клуб з Гельзенкірхена ўжо тады меў падтрымку ад «Газпрама», але прынцыпова не стаў ісці на ўмовы юнага таленту.

Адаптацыя Азіла ў Брэмене, куды яго прадалі ў пачатку 2008-га, была цяжкай: толькі адзін гол у вясновай частцы сезона, ніводнага асіста. Пачаліся размовы, што не такі ён і таленавіты, але ўжо ў наступным сезоне юнак адказаў. Азіл месцамі зацьмяваў шматгадовага лідара каманды Дыега, аддаўшы 15 асістаў толькі ў чэмпіянаце і дапамогшы «Вердэру» выйсці ў фінал Кубка УЕФА. Данецкаму «Шахцёру» там прайгралі, але стала ясна, што Дыега можна адпускаць у «Ювентус», годная замена ёсць.

Зрэшты, шмат каго ўсё яшчэ бянтэжыла манера гульні Азіла, які мог на працягу матчу ўзяць паўзу, не спяшаўся бегчы ў абарону – у гэтым сэнсе іншыя маладыя таленты таго часу, Мюлер і Кроас, выглядалі больш звыкла для нямецкай публікі. Так, аддае, так, можа і сам забіць, але гэта ўсё ў «Вердэры», больш магутныя каманды такога не дазваляюць. Пераход у «Рэал» быў выклікам – і Месут справіўся з ім.

Але каманда Маўрынью, нягледзячы на статус контратакуючай, забівала вельмі шмат. Не ў апошнюю чаргу – дзякуючы ўменню Месута разагнаць хуткую атаку. І калі ён зараз у адказ на пытанне «Як яно было гуляць з Раналду?» адказвае, што трэба было б спытаць у Крышціяну, як таму было гуляць з Азілам, то ў гэтым не так ужо шмат выхваляння. Немец і партугалец класна адчувалі адзін аднаго. «З ім было лёгка гуляць, таму што я мог аддаць яму два пасы, а ён рабіў дубль», – казаў Месут неяк раней. За 3 сезоны разам хаўбек аддаў на Раналду 27 галявых перадач ва ўсіх турнірах – для параўнання ў Бензема за 9 сумесных сезонаў з партугальцам усяго на 4 асісты больш.

Вядома, перадачы – профіль Месута, а не Карыма, але тут важна самае параўнанне прадуктыўнасці ўзаемадзеяння. І нездарма Крышціяну казаў, што яго вельмі раззлаваў трансфер Азіла ў «Арсенал», таму што менавіта Месут найлепш разумеў рухі тады яшчэ левага форварда. Сам трансфер здаецца дзіўным і зараз – асабліва з футбольнага пункту гледжання ён выглядаў сумнеўна.

Фларэнціна Перэсу трэба было адбіваць грошы за трансфер Бэйла, таму Месут, паспеўшы адгуляць пару матчаў на старце сезона, сышоў. Арсен Венгер абяцаў статус незаменнага – і хаўбек вырашыў, што лепш быць першым хлопцам у Лондане, чым «адным з» у Мадрыдзе. Пасля пераезду Азіл сказаў, што адчуў, што трэнер і кіраўніцтва «Рэала» не вераць у яго – і калі наконт Перэса з гэтым можна пагадзіцца, то датычна Анчалоці – зусім не факт.

Карла, які ўзначаліў «Рэал» улетку 2013-га, дакладна знайшоў бы месца Месуту – падобны Кака быў жа ў ягоным «Мілане» асноўным. Сам Месут да таго моманту ўжо паказваў, што можа дзейнічаць і з флангу, таму ўявіць яго там таксама магчыма. Так, месцы Крышціяну і навічка Бэйла былі недатыкальнымі, але вось якраз Бензема (11 галоў у сезоне Ла Лігі да таго і мянушка «ката» ад Жазэ) мог бы пасунуцца. Аднак склалася як склалася – і Месут пераехаў у Англію – і гэта стала памылкай.

У «Арсенале» Месут апынуўся ў «цёплай ванне» – пасля Маўрынью, які пастаянна патрабаваў ад яго большага, яго трэнерам стаў Венгер. Арсен у свае апошнія гады ў Лондане ўжо не быў такім вынаходлівым і матываваным, як у пачатку кар'еры ў Англіі. Ды і самі задачы, якія ён ставіў, былі меншыя – выйсці ў Лігу чэмпіёнаў, а не змагацца за тытул. Маўляў, што зробіш з гэтымі расійскімі і арабскімі мільярдэрамі.

Венгеру здаецца, нават падабаўся гэты імідж ахвяры вялікіх грошай у англійскім футболе – і разам з ім падобнай псіхалогіяй пранікаліся і гульцы. Сімвалічна, што ў сезоне-2015/16, калі ўсе багацеі пасыпаліся і «Арсенал» атрымаў цудоўны шанец перамагчы, каманда прапусціла наперад «Лестэр», які не надта турбаваўся ўсімі гэтымі грашыма і проста гуляў у футбол.

Азіл працягваў аддаваць асісты, нават з пазіцыі левага хаўбека, дзе яго спрабаваў Венгер, выйграў тры Кубкі Англіі, у тым жа сезоне-2015/16 аддаў 19 рэзультатыўных перадач толькі ў АПЛ. Аднак не пакідае ўражанне, што калі б у яго былі партнёры крыху вышэйшага ўзроўню, то ён мог бы дасягнуць значна большага. Найлепшым з тых, з кім ён гуляў у Англіі, быў Алексіс Санчэс – класны гулец, але ўсё ж на прыступку ніжэй, чым тыя, з кім Азіл гуляў у «Рэале». Ды і сам чыліец у рэшце рэшт хацеў выйграць нешта большае і атрымліваць больш, таму і ініцыяваў трансфер у «Юнайтэд». Немца быццам бы ўсё задавальняла, ён не патрабаваў (прынамсі, публічна) узмацніць склад, рабіў сваю справу, але… Усё гэта было як на аўтамаце, а пасля змены Венгера на Эмеры пачаліся яшчэ большыя праблемы.

У сістэме Унаі не было месца для чалавека, які зусім ужо не адпрацоўвае ў абароне. Таму спачатку ён усё часцей пачаў замяняць Азіла ў раёне 70-й хвіліны, а потым увогуле пакідаў у запасе. І ўжо ў паходзе ў фінал Лігі Еўропы-2019 Азіл не з'яўляўся вядучай фігурай. Не змянілася да лепшага сітуацыя і пасля змены Эмеры на Артэту. Сам жа Месут даў зручную нагоду для таго, каб вывесці сябе са складу без лішняй крытыкі з боку фанаў, калі адмовіўся скарачаць заробак падчас кавіднага лакдаўна.

На фоне рашэння сысці са зборнай пасля правалу на ЧС-2018 і крытыкі з боку фанаў («калі мы перамагаем, то я немец, калі прайграем – то я турак»), здаецца, што Месут з гадамі проста стаў больш нецярплівым да таго, што яму не падабаецца. Можна лічыць гэта зорнай хваробай, можна – імкненнем да праўды (вывад са складу «Арсенала» некаторыя звязвалі з крытыкай Азілам палітыкі Кітая ў адносінах да уйгураў), можна – капрызамі прымадоны, якая ўжо не цягне.

Калі б ён сышоў з Лондана ў тым жа 2018-м ці хаця б праз год – лепш было б усім. Але самага высокааплатнага гульца ў гісторыі «Арсенала», якім Месут стаў у пачатку 2018-га, падоўжыўшы кантракт на тры гады, запрашаць ніхто не вырашаўся. Баяліся і заробка (350 тысяч фунтаў у тыдзень), і неабходнасці ўпісваць старамоднага гульца ў схемы – і ўсё дакацілася да разрыву кантракту ў пачатку таго ж 2021-га. Усё, што было далей, – агонія.

Нягледзячы на ўсе словы любові да «Фенербахчэ» загуляць там не атрымалася: першы сезон атрымаўся проста няўдалым, што спісалі на гадавы прастой, другі атрымаўся пасрэдным. Так, было 8 галоў у чэмпіянаце, але палова – з пенальці. А галоўнае, Азіл проста выпадаў з гульні ў вельмі ўжо значнай колькасці гульняў – нядзіўна, што Жоржэ Жэзуш адмовіўся ад яго, сказаўшы, што час Месута прайшоў.

Ён усё роўна застанецца ў гісторыі не толькі нямецкага, але і сусветнага футбола. Параўнанне з Зіданам і Бергкампам ад таго ж Венгера, каля трох сотняў асістаў за кар'еру (адных толькі асістэнцкіх хет-трыкаў у яго было 8), тытул чэмпіёна свету, пераважна кубкавыя, але трафеі з «Вердэрам», «Рэалам» і «Арсеналам», званне найлепшага асістэнта Лігі чэмпіёнаў, Кубка УЕФА, чэмпіянатаў свету, Еўропы, Бундэслігі, Ла Лігі і АПЛ – усё гэта было.

Але гэта той выпадак, калі характар у нейкі момант стаў на першы план. Калі б ён крыху лепш развітаўся з «Шальке», то меў бы лепшы імідж на радзіме з юнацтва. Калі б у «Рэале» быў гатовы адаптавацца пад новую сітуацыю, дзе ўжо не быў бы незаменным, то выйграў бы хаця б адну Лігу чэмпіёнаў. Калі б быў гатовы ісці з «Арсенала» ў клуб, дзе вялікія задачы і канкурэнцыя, або быў гатовы мяняць манеру гульні і канфліктаваць з трэнерамі і кіраўніцтвам… Калі б сапраўды хацеў нешта даказаць у Турцыі, а не проста кайфаваць ад таго, што яму зноў паклалі вялізныя па мясцовых мерках заробкі ў двух клубах запар…

…У сваёй кнізе Месут піша, што больш за ўсё любіць пачувацца нічым не абцяжараным, таму што гэтае пачуццё спрашчае любы матч і ён сябе выдатна адчувае, калі няма неабходнасці штосьці даказваць свету.

У сучасным футболе так ужо не працуе. Ні на полі, ні за яго межамі, дзе лёгкія рашэнні – пайсці, калі ўзнікае канкурэнцыя, або сядзець на месцы, калі ў цябе занадта вялікі заробак – вядуць да таго, што ты фактычна заканчваеш кар'еру на топ-узроўні ўжо ў 30 .

Фота: Andy Rowland/Global Look Press, Marcio Machado/Global Look Press, x99/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты