Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Хаві выйграў дэбютнае хатняе Эль-Класіка ў якасці трэнера. А Кесіэ ўпершыню забіў за «Барсу» – пераможны «Рэалу» ў кампенсаваны час

Хаві выйграў дэбютнае хатняе Эль-Класіка ў якасці трэнера. А Кесіэ ўпершыню забіў за «Барсу» – пераможны «Рэалу» ў кампенсаваны час

Драма!

20 сакавіка, 11:45
0
Хаві выйграў дэбютнае хатняе Эль-Класіка ў якасці трэнера. А Кесіэ ўпершыню забіў за «Барсу» – пераможны «Рэалу» ў кампенсаваны час

«Барселона» прымала мадрыдскі «Рэал» на «Камп Ноу» ў 26 туры Ла Лігі. Гэта Эль-Класіка ў чэмпіянаце размясцілася ў календары фактычна паміж двума кубкавымі – 2 сакавіка каманды гулялі свой першы матч у 1/2 фіналу, а ўжо 5 красавіка правядуць сустрэчу ў адказ.

🔸 Ужо на 9-й хвіліне Рональд Арауха забіў ва ўласныя: Вінісіус Жуніор прастрэльваў, мяч зрыкашэціў ад уругвайца і ўляцеў у вароты.

Гэта адначасова першы аўтагол у Эль-Класіка ў чэмпіянаце (бо ў Кубку ў мінулым матчы забіў ва ўласныя Эдэр Мілітаа) і першы прапушчаны мяч «Барсы» не з стандарта ў хатніх гульнях сезона Ла Лігі.

Ва ўсіх турнірах за «Барселону» апошні раз у свае вароты ў Эль-Класіка забіваў яшчэ Жэрар Піке ў Суперкубку 2017 года.

🔸 На 45-й хвіліне каталонцам удалося зраўняць: пасля даволі пацешнай атакі адным з дабіванняў Цібо Куртуа ўсё ж прабіў Серджы Раберта.

Для разумення, гэта ўжо 4-ы гол Раберта ў чэмпіянаце за 17 матчаў гэтага сезона. На папярэднія 4 яму спатрэбілася 4 сезоны – 83 матчы, калі быць дакладнымі.

🔸 На 81-й, здавалася, «Рэал» усё ж выйшаў наперад другі раз. Марк Асэнсіа паспеў нават адсвяткаваць, аднак ВАР пацвердзіў: афсайд.

🔸 На 90+2-й хвіліне адбыўся цуд: з перадачы Алекса Бальдэ забіў… Франк Кесіэ, які так і не адаптаваўся нармальна ў «Барсе». Гэта ягоны першы гол за новы клуб!

🔸 У барацьбе за чэмпіёнства гэты вынік вельмі дапамог гаспадарам: «Барселона» адрываецца ад «Рэала» ўжо на 12 ачкоў.

🔸 А для трэнера «Барселоны» Хаві гэтая перамога асабліва каштоўная: усе папярэднія шэсць (!) Эль-Класіка для яго праходзілі не на хатнім стадыёне. Ён правёў тры Эль-Класіка на «Санцьяга Бернабеу», два ў Суперкубку ў Саудаўскай Аравіі, і яшчэ адно, таварыскае, у ЗША.

🔸 «Рэал» не можа абгуляць «Барселону» ўжо тры матчы запар.

Фота: скрыншоты трансляцыі MEGOGO, REUTERS

Іншыя пасты блога