Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Вольф – схаваны герой «Дортмунда». Толькі ў 27 стаў асноўным, перанёс аперацыю на сэрцы і атрымаў выклік у зборную

Вольф – схаваны герой «Дортмунда». Толькі ў 27 стаў асноўным, перанёс аперацыю на сэрцы і атрымаў выклік у зборную

Пачынаў у якасці цэнтрфорварда, але перакваліфікаваўся.

25 сакавіка 2023, 18:47
Вольф – схаваны герой «Дортмунда». Толькі ў 27 стаў асноўным, перанёс аперацыю на сэрцы і атрымаў выклік у зборную

«Гэта быў адзін з лепшых тыдняў у маім жыцці. Спачатку выклік у зборную, а цяпер – гэтая перамога. Лепш і не прыдумаць», – распавёў Марыюс Вольф пасля перамогі «Дортмунда» над «Кёльнам» у мінулы ўікэнд з лікам 6:1.

Эмоцыі футбаліста зразумець можна – ён замацаваўся ў аснове «Барусіі», калі гэтага не чакаў ніхто, стаў важным футбалістам каманды, а цяпер яшчэ і атрымаў дэбютны выклік у нацыянальную зборную Германіі.

Яго гісторыя – прыклад для многіх.

Вольф зайграў у «Барусіі» толькі ў пятым сезоне ў клубе. Да гэтага блукаў па арэндах і быў адным з галоўных кандыдатаў на продаж

На паперы ў сярэднім стартавым складзе дортмундскай «Барусіі» Марыюс Вольф выглядае самым незаўважным футбалістам. Кобель ўжо ператварыўся ў аднаго з найлепшых галкіпераў у Бундэслізе, Шлотэрбек і Зюле – асноўныя цэнтрбекі зборнай Германіі (праўда, Нікласа не выклікалі на апошні збор), а Герэйру – чэмпіён Еўропы ў складзе Партугаліі. Джан пагуляў у «Ліверпуле» і «Ювентусе», Белінгем – адзін з найлепшых паўабаронцаў свету, Ройс – мясцовая легенда. Брандт зрабіў ужо больш за 100 дзейсных дзеянняў у Бундэслізе, Адэемі набылі за 30 млн еўра, а Алер – прыкметны бамбардзір у еўрапейскім футболе.

А што Вольф? Марыюсу 27 гадоў, але толькі цяпер ён перажывае свой найлепшы перыяд у кар'еры.

Шлях у прафесійны футбол Марыюсу даў «Мюнхен-1860», дзе ён найграў на трансфер у больш статусны клуб ужо на працягу другога сезона на сурʼёзным узроўні – «Гановер» заплаціў за яго 1,5 млн еўра зімой 2016-га. У складзе «96-х», праўда, у Вольфа не пайшло – за асноўную каманду згуляў усяго два матчы ў Бундэслізе, а ў цэлым за дубль у Рэгіянальнай лізе.

Ужо праз паўгода яго арандаваў Франкфурцкі «Айнтрахт» – і ад гэтага рашэння прафіт атрымалі ўсе бакі. 22-гадовы Вольф правёў выдатны сезон (6+11 ва ўсіх турнірах), выйграў з клубам Кубак Германіі і прыцягнуў увагу дортмундскай «Барусіі», трансфер у якую адбыўся пры вельмі цікавых абставінах.

«Айнтрахт» выкупіў Вольфа ў «Гановера» усяго за 500 тысяч еўра (столькі ж заплаціў за яго арэнду напярэдадні) летам 2018-га, але тады ж прадаў яго «Барусіі» ужо ў 10 разоў даражэй – за 5 млн еўра. Футбаліст адправіўся ў топклуб, а абодва клубы атрымалі грошы.

Але пачатак кар'еры ў Дортмундзе таксама можна лічыць правалам для Марыуса. У першых матчах сезона ён нярэдка зʼяўляўся ў стартавым складзе і нават забіў свой дэбютны гол (у вароты якраз-такі «Айнтрахта»), але ў далейшым падзеі развіваліся ўсё горш – траўмы, 90 хвілін на лаўцы запасных і непападання ў заяўкі.

У наступным сезоне Вольф зʼехаў у арэнду ў «Герту», дзе атрымліваў рэгулярную гульнявую практыку і гуляў даволі нядрэнна (1+5 у 23 матчах), але прапусціў апошнія 9 матчаў з-за пашкоджання. Выступы ў Берліне не ўразілі трэнерскі штаб «Барусіі», таму ў новай кампаніі Марыюса зноў чакала арэнда – гэтым разам у «Кёльне», які змагаўся за выжыванне.

Вольф дапамог «казлам» застацца ў Бундэслізе і летам 2021-га вярнуўся ў Дортмунд. Кіраўніцтва клуба было рашуча настроенае на спыненне супрацоўніцтва з футбалістам і хацела прадаць яго на паўнавартаснай аснове (чарговую арэнду не разглядалі, нягледзячы на варыянт з «Фенербахчэ»), але патэнцыйных пакупнікоў так і не знайшлі.

Вольф застаўся, атрымліваў шанцы і скарыстаўся імі – у другой палове сезона ўсё часцей з'яўляўся ў стартавым складзе, а яго выніковыя дзеянні прыносілі дортмундцам жыццёва важныя пункты ў барацьбе за Лігу чэмпіёнаў.

Яшчэ ў пачатку гэтага сезону Вольфа не лічылі безальтэрнатыўна асноўным футбалістам каманды (пачынаў кампанію ў запасе), але на працягу сезона ён увесь час выкарыстоўваў свае шанцы, а ў 2023-м стаў адным з найважнейшых гульцоў у абойме Эдзіна Тэрзіча.

І, што цікава, як правы абаронца. Марыюс пачынаў сваю кар'еру як цэнтрфорвард (нямала забіваў у моладзевай камандзе «Мюнхена-1860»), але затым яго пачалі выкарыстоўваць як флангавага паўабаронцы/вінгера з-за добрых хуткасных дадзеных. У «Дортмундзе» ён пачынаў на ўжо звыклай для сябе пазіцыі – на крыле атакі, але пасля пачаў выконваць ролю фулбэка. Першапачаткова гэта быў вымушаны ход трэнерскага штаба, аднак цяпер яго гульня зацямніла дасведчанага Тама Мянье, які ператварыўся ў глыбокага рэзервіста.

Такім чынам, у «Барусіі» Вольф быў:

* правальным трансферам;

* гульцом, які блукаў па арэндах;

* прэтэндэнтам на сыход;

* важным гульцом ратацыі;

* футбалістам стартавага складу;

* адным з ключавых гульцоў каманды ў яе самы паспяховы перыяд у сезоне;

А цяпер стаў яшчэ і гульцом зборнай Германіі.

Увосень Вольфа прааперавалі на сэрцы – ён увесь час адчуваў млоснасць і галавакружэнне

Але нават у гэтым сезоне Марыюсу было нялёгка.

Незадоўга да паўзы на чэмпіянат свету амаль палова футбалістаў «Барусіі» была ў лазарэце і не магла дапамагчы камандзе ў апошніх матчах фактычна першай часткі сезона. З-за гэтага Вольф граф на розных пазіцыях як ззаду, так і наперадзе, але пасля выбыў і сам.

На адной з прэс-канферэнцый Тэрзіч заявіў, што Вольф не зможа ўзяць удзел у заключных трох матчах 2022-га праз «інфекцыйнае парушэнне вестыбулярнага апарата».

Праз некаторы час газета Bild даведалася, што незадоўга да пачатку ЧС у Катары футбалісту дыягнаставалі мігацельную арытмію, з-за якой ён адпаведна дрэнна сябе адчуваў, таму праблему вырашылі 45-хвілінным хірургічным умяшаннем на сэрцы.

На працягу месяца пасля аперацыі Марыюсу трэба было прымаць прэпараты для разрэджвання крыві, таму ён не мог трэніравацца да пачатку студзеня. Усе праблемы Вольфа са здароўем засталіся летась – нядзіўна, што ён паказвае такі добры футбол у 2023-м.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты