Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Вінісіус стаў галоўнай ахвярай расізму ў Іспаніі – яго правакуюць фаны, а супернікі маніпулююць гэтым

Вінісіус стаў галоўнай ахвярай расізму ў Іспаніі – яго правакуюць фаны, а супернікі маніпулююць гэтым

Бразілец публічна крытыкуе Ла Лігу, але пакуль безвынікова.

23 траўня, 15:06
1
Вінісіус стаў галоўнай ахвярай расізму ў Іспаніі – яго правакуюць фаны, а супернікі маніпулююць гэтым

Іспанія апошнім часам забрала ў Англіі статус краіны, дзе футбольныя матчы суправаджаюцца пастаяннымі інцыдэнтамі датычных расізму і іншых праяў дыскрымінацыі. У многім гэта адбылося дзякуючы адной персоне – вінгеру і новаму лідару «Рэала» Вінісіусу Жуніяру. Ну як дзякуючы… Бразілец ператварыўся ў галоўную ахвяру і нават сутыкаецца з крытыкай, маўляў, гэта ён ва ўсім вінаваты.

Асобныя выпадкі былі і ў мінулым сезоне, але сітуацыя абвастрылася менавіта з пачаткам кампаніі-2022/23. Зараз размовы пра расізм, абразы і непрыстойныя ўчынкі фанаў сталі звыклымі на прэс-канферэнцыях «Рэала» і яго супернікаў, што ніяк не назавеш станоўчым новаўвядзеннем.

Распавядаем, як увогуле развіваліся падзеі і да чаго яны прывялі.

Каталізатарам стала мадрыдскае дэрбі, а зараз паводзіны фанаў «Атлетыка» перайшлі мяжу

Калі прыводзіць храналогію, усё пачалося з матча 5-га тура Ла Лігі, калі мадрыдцы прымалі «Мальёрку». Тады «вызначыліся» заўзятары гасцей, якія выкрыквалі непрыстойныя скандаванні на адрас Вінісіуса, у тым ліку расісцкія. Градус падвысіўся і прама на поле – бразілец пачаў нервавацца і звяртаць увагу на адкрытыя правакацыі (як гульцоў, так і трэнерскага штаба).

Вінісіус ў тым матчы забіў і станцаваў пасля гола, з-за чаго раззлаваў прэзідэнта Іспанскай асацыяцыі агентаў Педра Брава ў праграме El Chiringuito:

«Калі хочаш танчыць самбу – табе на Самбадром (вуліца ў Рыа-дэ-Жанейра, дзе праходзяць карнавалы і іншыя маштабныя падзеі – заўв.). А тут ты павінен паважаць сваіх калег і спыніць паводзіць сябе як малпа».

Як вы памятаеце, тады пачаўся трэнд з падтрымкай Вінісіуса ад каго толькі можна, але ўсё гэта адбывалася ў зусім непрыдатны момант – непасрэдна перад дэрбі з «Атлетыка», чые фаны скарысталіся сітуацыяй.

За гадзіну да стартавага свістка яны скандавалі «Вінісіус, ты малпа» ля стадыёна, а на трыбунах пазней гучалі нават пагрозы смерцю. Больш за тое, капітан «Атлетыка» Коке перад гульнёй спрабаваў запалохаць вінгера: «Калі ён станцуе, то ў яго будуць праблемы».

Вінісіус станцаваў – на пару з Радрыга пасля яго гола, але ніякага супраціву з боку Коке, як і іншых футбалістаў «матрацнікаў», не было. Толькі чарговыя абразы на «Метрапалітана».

З часам гэтая варожасць зайшла занадта далёка. Апагеем стала акцыя ўльтраправых заўзятараў – на адным з мастоў яны прадэманстравалі банер «Мадрыд ненавідзіць «Рэал» і падвесілі побач цёмную ляльку ў футболцы Вінісіуса.

Няхай клуб афіцыйна двойчы прасіў прабачэння, аднак на паводзіны сваіх прыхільнікаў да гэтага часу паўплываць не змог. Гэты прыклад – самы паказальны, але далёка не адзіны.

У нейкі момант Віні пачаў губляць кантроль – гэта не падабалася нават гульцам і трэнерам «Рэала»

Вінісіус занадта захапіўся сваёй барацьбой – увесь час ладзіў сутычкі на поле і раздражняў аднаклубнікаў.

У намаганнях штосьці даказаць вінгер забываў пра футбол, што адбівалася як на яго гульні, так і на выступах каманды. У наступных некалькіх турах бразілец «біўся» на полі з прадстаўнікамі «Асасуны», «Хетафе», «Вальядаліда» і «Кадыса», пастаянна паддаючыся на правакацыі.

Мясцовыя інсайдары паведамлялі, што гэта актыўна абмяркоўвалася ў распранальні мадрыдцаў. Асабістыя размовы праводзіў Карла Анчалоці, а аднаклубнікі заклікалі Віні ствараць менш канфліктаў.

Усе ў «Рэале» былі ўпэўненыя, што гэта толькі адцягвае вінгера – ён быццам бы прымаў дрэнныя рашэнні ў заключных стадыях атак, неабгрунтавана браў на сябе ініцыятыву і заўсёды знаходзіўся за крок ад выдалення.

Гэта стварыла карціну, нібы сам Вінісіус і з'яўляецца вінаватым – «выступае правакатарам і ладзіць хаос». Гэта было вельмі выгадна ўсім супернікам бразільца ў сваіх довадах, аднак насамрэч усё не так – кожнае няправільнае дзеянне было толькі следствам стаўлення да яго з боку апанентаў.

Вінісіус шалеў не проста так – супернікі пастаянна намагаюцца справакаваць яго

Даволі дзіўна чытаць водгукі іспанскіх фанаў, якія эпізадычна сцвярджаюць, што Вінісіус атрымлівае па заслугах за свае паводзіны на полі. Сюды па чарзе адносяць непатрэбныя фінты, танцы пасля забітых мячоў і размовы з абаронцамі. Сумнеўныя доказы, асабліва калі ўзгадваць стыль іншых выбітных бразільскіх футбалістаў.

Усе гэтыя папрокі выглядаюць не такімі паказальнымі, як, напрыклад, статыстыка фолаў супраць вінгера ў бягучым розыгрышы чэмпіянату – у стартавых 20 матчах супраць яго парушалі правілы 79 разоў, што з'яўляецца рэкордам топ-5 ліг. У Ла Лізе такое ў апошні раз здаралася з Луішам Фігу ў кампаніі-2003/04.

А канчаткова агульную карціну фармуюць фактары, якія папярэднічалі неналежным паводзінам самога Вінісіуса ў асобна ўзятых матчах. Разбор кожнага сур'ёзнага інцыдэнту даказвае, што адзіная віна 20-га нумара «Рэала» – гэта няўменне ігнараваць правакацыі.

1. Супраць «Мальёркі» (4:1) у першым крузе

Што зрабіў Вінісіус:

➡️ сказаў гульцам суперніка, што «калі яны завершаць кар'еру, то ім давядзецца шукаць іншую працу, таму што ніколі не будуць мець столькі грошай, як у яго».

Што гэтаму папярэднічала:

➡️ галоўны трэнер «Мальёркі» наўпрост крычаў падапечным, каб тыя «білі і ламалі Вінісіуса»;

➡️ абаронцы «Мальёркі» з задавальненнем выконвалі ўказанне коўча;

➡️ заўзятары скандавалі «Ідзі збірай бананы».

2. Супраць «Атлетыка» (2:1) на выездзе

Што зрабіў Вінісіус:

➡️ станцаваў разам з Радрыга ля трыбуны «матрацнікаў».

Што гэтаму папярэднічала:

➡️ расісцкія скандаванні ля стадыёна;

➡️ вышэйзгаданае інтэрв'ю Коке;

➡️ шум у сацсетках пра мэтазгоднасць танцаў падчас святкаванняў галоў і параўнанні з малпай.

3. Супраць «Кадыса» (2:1)

Што зрабіў Вінісіус:

➡️ сказаў абаронцу «Кадыса» Фалі Хіменесу, што іх каманда – «клуб з другога дывізіёна».

Што гэтаму папярэднічала:

➡️ Хіменес наўмысна ўдарыў рукой Радрыга, за якога заступіўся Вінісіус.

Што цікава, Фалі на флэш-інтэрв'ю пачаў даказваць, што не рабіў нічога агрэсіўнага, хаця паўторы даказваюць адваротнае.

4. Матч супраць «Вальядаліда» (2:0)

Што зрабіў Вінісіус:

➡️ дэманстратыўна святкаваў гол перад фанамі суперніка, калі пасля замены ішоў да лаўкі запасных;

➡️ адбіў на трыбуну банан, які ляцеў у яго бок.

Што гэтаму папярэднічала:

➡️ «вуханне» заўзятараў і кіданне рэчаў у Вінісіуса.

5. Гульня з «Мальёркай» на выездзе (0:1)

Што зрабіў Вінісіус:

➡️ сказаў арбітру: «Ідзі трахні сябе, сучы сын» пасля таго, як ён не зафіксаваў парушэнні правіл;

➡️ казаў супернікам, што яны вылецяць у Сегунду;

➡️ рэгулярна ўступаў у канфрантацыі з абаронцамі Мафеа і Раілья;

➡️ пасля першага тайма паказаў эмблему заўзятарам «Мальёркі».

Што гэтаму папярэднічала:

➡️ падчас хвіліны маўчання фаны «Мальёркі» спявалі «Вінісіус, памры»;

➡️ у адным з эпізодаў заўзятар назваў футбаліста «сынам ##### [прастытуткі]», што трапіла ў трансляцыю;

➡️ супраць Вінісіуса 10 разоў сфалілі – гэта рэкорд «Рэала» з 2013 года;

➡️ Куртуа заявіў, што з трыбун сярэднія пальцы гульцам каманды паказвалі як бацькі, так і іх дзеці;

➡️ ў адным з момантаў Мафеа бег за Вінісіусам і імітаваў плач.

6. Матч з «Валенсіяй» (2:0)

Што зрабіў Вінісіус:

➡️ штурхнуў у спіну абаронцу Паўлісту і ініцыяваў чарговую сутычку.

Што гэтаму папярэднічала:

➡️ жорсткі фол Паўлісты, якому цяжка знайсці тлумачэнне.

7. Матч супраць «Валенсіі» (0:1)

Што зрабіў Вінісіус:

➡️ паказаў рэферы на канкрэтную асобу на трыбуне, якая выкрыквала расісцкія абразы;

➡️ казаў арбітру: «Я больш не хачу гуляць. Я перастану гуляць, калі гэта не спыніцца»;

➡️ у кампенсаваны час паміж гульцамі ўзнікла сутычка на полі, у выніку якой Вінісіус атрымаў чырвоную картку.

Што гэтаму папярэднічала:

➡️ у першым тайме заўзятары на трыбунах «Местальі» прысвяцілі вінгеру «Рэала» крычалку са словамі «Які ж ты дрэнны гулец, Вінісіус!»;

➡️ ў адным з эпізодаў на поле выкінулі яшчэ адзін мяч, а гулец «Валенсіі» ўдарыў ім у бок бразільца, які ў той час прарываўся па флангу.

Вінісіус публічна крытыкуе Ла Лігу і заяўляе, што яна нічога не робіць для выпраўлення сітуацыі

Калі Вінісіус пачаў стрымліваць эмоцыі на футбольным полі, ён актывізаваўся ў публічнай прасторы. Бразілец і яго атачэнне ціснуць на Ла Лігу, патрабуючы канкрэтных дзеянняў. І калі даходзіць да таго, што прэзідэнт Хаўер Тэбас адкрыта адказвае яму і намагаецца захаваць рэпутацыю, значыць, гэта сапраўды працуе:

«Ла Ліга ўжо шмат гадоў змагаецца супраць расізму. Вінісіус, гэта сумна, несправядліва і няслушна – пісаць, што мы нічога не робім супраць расізму. Шукайце інфармацыю лепш. Мы ў вашым распараджэнні, каб усе разам мы маглі рухацца ў адным напрамку».

Толькі Тэбас хітруе. Інфармацыю знайсці сапраўды можна, але яна не зусім сыходзіцца з рыторыкай функцыянера.

Ла Ліга як арганізацыя сцвярджае, што не можа самастойна выносіць прысуд. У Англіі, напрыклад, усё пабудавана па-іншаму, як і ў турнірах пад эгідай УЕФА і ФІФА, якія рэгулярна караюць каманды за праявы расізму з боку заўзятараў. Той жа «Атлетыка» атрымліваў штрафы і частковае закрыццё трыбун за паводзіны фанаў на матчы з «Манчэстэр Сіці» летась.

Ла Ліга ж банальна падае запыты ў юрыдычныя органы, апелюючы затым рашэннямі пракуратуры, якія вельмі рэдка заканчваюцца канкрэтнымі крокамі:

➡️ пракуратура не ўстанавіла асобы заўзятараў «Вальядаліда» і «Барселоны», якія на расавай аснове абражалі футбаліста;

➡️ пракуратура не пакарала фанаў «Атлетыка» за крычалку «Вінісіус, ты малпа», таму што «скандаванне доўжылася ўсяго некалькі секунд»;

➡️ пракуратура вырашыла не праводзіць дэталёвы разгляд справы па паводзінах фанаў «Мальёркі»;

➡️ справу па расізме ў дачыненні да Іньякі Уільямса закрылі, таму што вывучэнне сацсетак фаната, якога абвінавачвалі, даказала, што «ён не з'яўляецца тым чалавекам, які мае намер заахвочваць праявы дыскрымінацыі». Так, у апошні час былі ініцыяваныя першыя крокі, якія могуць быць эфектыўнымі, але гэта пакуль толькі ў тэорыі і наўрад ці яны адпавядаюць чаканням таго ж Вінісіуса.

Каб пазбегнуць любых пытанняў з пракуратурай і спрасціць гэты працэс, Ла Ліга цяпер перайначыла працэс падачы спраў для разгляду ў камісію па барацьбе з гвалтам.

Акрамя таго, каб паскорыць ідэнтыфікацыю фанатаў, Ла Ліга стварыла электронны адрас, каб заўзятары, якія маюць фота або любую інфармацыю пра падазраваных асоб, маглі падаць іх для дапаўнення адпаведных скарг.

Пасля матча на «Местальі» Вінісіус зноў выказаў незадаволенасць тым, што не бачыць барацьбы супраць расістаў з боку лігі і федэрацыі.

«Гэта здарылася не першы, не другі і не трэці раз. Расізм – гэта норма ў Ла Лізе. Ліга лічыць, што гэта нармальна. Федэрацыя – таксама, а гэта заахвочвае апанентаў. Мне прыкра.

Чэмпіянат, які ў свой час належаў Раналдынья, Раналда, Раналду і Месі – сёння належыць расістам. Выдатная нацыя, якая прыняла мяне і якую я люблю, але якая пагадзілася быць прыкладам расісцкай краіны ў свеце. Мне прыкра за іспанцаў, якія не згодны з гэтым, але сёння ў Бразіліі ведаюць Іспанію як краіну расістаў.

На жаль, гэта здараецца кожны тыдзень, у мяне няма абароны. Гэта так. Але я моцны і пайду супраць расістаў да канца. Нават з такой далёкай адпраўной кропкі», – напісаў бразілец у твітэры.

Фота: James Gill/Getty Images, Marca, FIFA via Getty Images, David S. Bustamante/Soccrates/Getty Images, Ruben de la Fuente Perez/NurPhoto via Getty Images, DAX Images/NurPhoto via Getty Images

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты