Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/Беларусский футбол/Мінскае «Дынама» адпомсціла «Энергетыку-БДУ» з класнай гарматай Кісляка, але засталося без медалёў – БАТЭ не аддаў бронзу

Мінскае «Дынама» адпомсціла «Энергетыку-БДУ» з класнай гарматай Кісляка, але засталося без медалёў – БАТЭ не аддаў бронзу

Бахар падгуляў сабе рукой пры голе.

Аўтар — bytribuna com
12 лістапада 2022, 16:10
1
Мінскае «Дынама» адпомсціла «Энергетыку-БДУ» з класнай гарматай Кісляка, але засталося без медалёў – БАТЭ не аддаў бронзу

У суботу прайшоў 30-ы тур ЧБ, усе матчы якога пачыналіся адначасова. Ён павінен быў адказаць на пытанні, хто якія медалі возьме. На золата прэтэндавалі «Шахцёр» і «Энергетык-БДУ», але салігарчане гарантавалі сабе чэмпіёнства пры перамозе над «Белшынай» і яе лёгка дабіліся.

За бронзу змагаліся БАТЭ і мінскае «Дынама». Перад апошнім турам у каманд была роўная колькасць ачкоў, а з улікам нічыіх у асабістых сустрэчах усё вырашала агульная розніца мячоў, якая лепш была ў БАТЭ. +28 супраць +23 у «Дынама» – гэта азначала, што пры любой уласнай перамозе ў гасцях у дзяржынскага «Арсенала» БАТЭ амаль гарантавала сабе трэцяе месца.

У Гарадзеі (флэшбэк з 2017-га) Барысаў з задачай справіўся. Адкрыты лік быў у канцы першага тайма – Няманя Міліч падпільнаваў памылку Сяргея Канцавога, забраў мяч і прастрэліў у варатарскую, дзе ўсіх апярэдзіў Валерый Грамыка.

У другім тайме БАТЭ забіў зноў – вызначыўся Ілля Васілевіч. Барысаўчане давялі матч да перамогі 2:0.

Каб пры такіх умовах адабраць у «жоўта-сініх» медалі, мiнскаму «Дынама» трэба было выйграваць у «Энергетыка-БДУ» у восем мячоў. Гэтага прадказальна не адбылося, хаця ў нейкі момант здавалася, што прынамсі разгрому «студэнтам» не пазбегнуць. У другім тайме яны нібыта перагарэлі і не былі падобныя на каманду, якая завочна змагаецца за золата з «Шахцёрам» і нядаўна разграміла «Дынама» 4:1.

Ужо на першай хвіліне другога тайма «бела-блакітныя» адкрылі лік – гэта капітан Сяргей Кісляк уключыў «гармату» з-за штрафной.

На 57-й хвіліне Зоран Ёсіпавіч не прабачыў «студэнтаў» у контратацы. А яшчэ праз пяць хвілін трэці мяч «Дынама» забіў Іван Бахар. Праўда, пры гэтым ён падгуляў сабе рукой. На паўторы дрэнна відаць, у якую менавіта частку канечнасці прарэжымнага падпісанта трапіў мяч – фрагмент ля пляча зараз у спісе дазволеных, але калі дотык быў ніжэй, то павінен быў ставiцца штрафны на карысць «Энергетыка-БДУ».

Да канца матча «студэнты» ўсё ж адыгралі адзін мяч – гэта зрабіў Аляксей Лаўрык, сын спортдыра «Дынама» Андрэя Лаўрыка. Канчатковы лік – 1:3.

Для «Дынама» гэтага было мала – каманда засталася на чацвёртым месцы. Клуб трэці раз за чатыры сезоны не ўзяў медалі.

«Энергетык-БДУ» не мае вялікіх падстаў журыцца – нават перамога над «Дынама» не дала б яму падняцца з другога месца. А срэбра для «студэнтаў» – гэта ўсё роўна супервынік.

Не сумуе і «Арсенал». Нягледзячы на ​​пройгрыш ад БАТЭ, дзяржынскі клуб пакуль не вылецеў з вышэйшай лігі – у Д2 наўпрост адышоў «Віцебск», які не здолеў перагуляць «Нёман» (1:1). «Арсенал» жа 16 і 20 лістапада згуляе за месца ў Д1 у стыках з рагачоўскім «Макслайнам».

Іншыя пасты блога

Усе пасты