Футбол ля костак, вал Грознага, нечаканае рэха Алімпіяды. 8 душэўных стадыёнаў Беларусі, дзе вы яшчэ маглі не бываць
Унікальныя месцы.
Антураж, алдскульнасць, незвычайная гісторыи і футбольная прыгажосць.
Стадыён «Палессе», вёска Козенкі, Мазырскі раён
Стадыён у вёсцы Козенкі – гэта сапраўдны цуд па нашых, палескіх, мерках. Арэна «Палессе» калісьці была домам для вясковай каманды з такой жа назвай. Яна 13 гадоў гуляла ў беларускім міноры і нават тры сезоны правяла ў першай лізе – пакуль не скончыла сваё існаванне праз фінансавыя праблемы. Ад каманды застаўся стадыён з цудоўным натуральным газонам, дзе ў апошнія гады гулялі дубль «Славіі» і мазырскі «Мантажнік».
«Палессе» выглядае незвычайна: размешчаныя падковай апоры для трыбунаў часткова пустуюць, хаця яшчэ пяць гадоў таму лавачкі былі паўсюль. Частка з іх проста згніла, таму іх і прыбралі дзеля бяспекі.
Па дакументах «Палессе» змяшчае ажно 2500 гледачоў – пры ўмове, вядома, што лавачкі вернуць на месца. У цэнтральнай частцы на лавачкі прыкруцілі пластыкавыя сядушкі – што, калі шчыра, крыху псуе ўспрыманне гэтага старога стадыёна.
Але калі вы раптам прыедзеце ў Мазыр на футбол – не палянуйцеся, застаньцеся пасля матча «Славіі» яшчэ на дзень і зганяйце ў Козенкі. Гэта нескладана, бо вёска ўжо фактычна ў межах горада і туды лёгка даехаць нават на таксоўцы.
Стадыён «Зара», вёска Языль, Старадарожскі раён
Гэта ўнікальнае і, на жаль, малавядомае месца ў беларускай футбольнай гісторыі. Трэба пачаць з таго, што тут гуляла адзіная сапраўды вясковая каманда ў чэмпіянатах Беларусі. Я кажу «сапраўды вясковая», бо было «Палессе» ў Козенках, але тая вёска ледзьве не ў межах Мазыра – і ў клуба былі зусім іншыя фінансавыя магчымасці праз фактычнае знаходжанне ў вялікім горадзе.
Дык вось, «Зара» гуляла ў другой лізе чэмпіяната БССР, а пасля – у другой лізе незалежнай Беларусі. У сезоне-1992/93 каманда заняла 10-е месца ў другой лізе – найлепшы вынік сапраўднай вясковай каманды. Пазней «Зара» стала фактычна фармам «Будаўніка» са Старых Дарог – найлепшых гульцоў забіралі, у арэнду давалі іншых. Гэта спрасціла фінансаванне, але пагоршыла вынікі.
Языльская «Зара» ўжо даўно не існуе, але ад яе застаўся стадыён на тысячу гледачоў (гэта больш, чым жыве ў вёсцы). На ўваходзе на арэну – скульптура футбалістаў, а ўнутры можна знайсці рэшткі электроннага табло. Электроннае табло ў 1990-х! Старадарожскі «Будаўнік» правёў тут некалькі матчаў першай лігі – у 1997-м у вёску прыязджалі БАТЭ і «Гомель».
Дарэчы, на "Трыбуне" ёсць выдатны блогерскі тэкст пра Языль і мясцовы футбол.
Рэкамендую прачытаць, бо гэта сапраўды круты тэкст пра вясковую каманду, пра якую мы так мала ведаем.
ФАЦ «Капыльскі», Капыль
Цікава, што капыльскі стадыён знаходзіцца побач з замчышчам. Ад самога замка нічога не засталося – толькі вал. Але на яго можна залезці і паглядзець на стадыён.
На трыбунах – драўляныя лавачкі. Сюды прыходзяць дзядулі, якія вельмі актыўна заўзеюць за мясцовую каманду – а яна змяняецца рэгулярна. Яшчэ стадыён цікавы тым, што там ёсць алімпійская сімволіка і нават свая чара для алімпійскага агню.
Гэта спадчына Алімпійскіх гульняў-1980, частка якіх праводзілася ў Менску, і з’явілася яна якраз з капыльскім стадыёнам, які будавалі ў канцы 1970-х. Але ж гэта Алімпіяда і Мінск – а якое дачыненне да АГ-1980 мае Капыль, я так і не даведаўся.
У гэтым стадыён мне падабаецца менавіта тое, што з самога свайго моманту з’яўлення ён не змяняўся. Цяпер гэта вялікая рэдкасць – знайсці стадыён, на якім засталіся б лавачкі.
Стадыён «Гарадскі», Глыбокае
Глыбокае – гэта не толькі згушчонка і турма, дзе ўтрымліваюць у няволі палітвязняў. Яшчэ Глыбокае – гэта горад прыгожых краявідаў і цудоўных касцёлаў. І ў горадзе ёсць такая кропка, дзе можна ўбачыць адразу тры гістарычныя касцёлы адначасова. Гэтае месца – стадыён.
У адрозненні ад іншых стадыёнаў глубокага мінора, глыбоцкі «Гарадскі» адносна сучасны, бо грошы на яго рэканструкцыю выдзялялі… немцы. У 1990-х на тэрыторыі стадыёна знайшлі масавае пахаванне салдатаў Вермахта. І тады з горадам заключылі дамову: немцы забіраюць парэшткі і даюць грошы на рэканструкцыю стадыёна. Месцічы ўзгадваюць, што выкопвалі парэшткі беларускія салдаты-тэрміновікі – а ў вольны ад рыдлёвак час ганялі ў футбол наўпрост тут, сярод костак.
Я б параіў граўндхоперам зганяць у Глыбокае – паспрабаваць мясцовую вішню (ага, тут не толькі згушчонка з прадуктаў) ды паглядзець на гэтыя краявіды і архітэктурную спадчыну. І, вядома, схадзіць на футбол. У 2023 годзе каманду з Глыбокага абяцалі заявіць у Д3.
Стадыён «Школьны», вёска Альшаны, Столінскі раён
Зноў вясковы стадыён – але ён вам спадабаецца. Альшаны – гэта самая вялікая вёска Беларусі. Тут жыве больш за 8 тысячаў чалавек – гэта больш, чым у 20 гарадах нашай краіны. А яшчэ Альшаны – агурковая сталіца Беларусі. Фактычна гэта адзін велізарны парнік, побач з якім пабудавалі дамы, дарогі, ну і вось стадыён. Яшчэ адна цікавая асаблівасць Альшанаў: найбліжэйшы абласны цэнтр да вёскі – гэта Роўна. Зараз, калі Расея напала на Украіну, а рэжым дапамагае ў гэтым расейскім войскам, мяжа для альшанцаў, вядома, зачыненая. Але яшчэ год таму яны ганялі ва ўкраінскі Роўна і набывалі там больш танныя тавары, чым у Беларусі.
«Новая Прыпяць» – так называецца мясцовая каманда – гуляе на стадыёне сярэдняй школы №1. Стадыён умяшчае каля тысячы чалавек, і калі матч выпадае не на будні дзень, гэтая тысяча можа сабрацца. Бо ў клубе гуляюць свае, мясцовыя хлопцы. А ў мясцовых хлопцаў шмат радні – тут прынятыя сем’і па 6-8 чалавек і нават больш. Хаця, вядома, не толькі ў гэтым феномен мясцовай наведвальнасці.
Стадыён у Альшанах – гэта лавачкі насупраць школы, гэта мазаіка ў траве ў выглядзе футбольнага мяча, і гэта дрэвы, у цені якіх можна хавацца ад ліпеньскай спёкі падчас прагляду матча. І яшчэ, вядома, гэта палескі каларыт і палеская гаворка, якую вы ні з чым не пераблытаеце.
Стадыён «Спартак», Полацк
Полацкі «Спартак» адметны тым, што ягоная трыбуна знаходзіцца наўпрост на замчышчы. Вал, на якім прыладкаваная трыбуна, мясцовыя жыхары называюць «валам Івана Грознага», бо калісьці тут быў замак, што будавалі па загадзе маскоўскага цара.
Яшчэ адна адметнасць стадыёна – брама са спартакаўскай літарай С. Праўда, яе не адчыняюць ужо даволі даўно, таму на «Спартак» людзі ўваходзяць праз звычайную браму.
Стадыён знаходзіцца ў самым цэнтры горада, таму побач фактычна ўся прыгажосць старажытнага горада. Літаральна праз сотню метраў стаіць знакаміты Сафійскі сабор. Летам тут вельмі прыемна: на верхніх шэрагах можна схавацца ў цені дрэваў, а з Заходняй Дзвіны, якая цячэ побач, далятае прахалодны ветрык. Яшчэ побач са стадыёнам добрая карчма, дзе можна смачна паесці, таму вандроўкі ў Полацк на футбол будуць досыць прыемнымі.
Стадыён «Тарпеда», Магілёў
Хоць і месціцца на ўскрайках Магілёва, але дакладна заслугоўвае вашага візіту. Месца атмасфернае – навокал растуць сосны, побач сцежкі, дзе бегаюць спартоўцы ці ганяюць на роварах, і сам раён выглядае не тое каб бяспечна. Вы ўсё гэта ўбачыце, калі будзеце шукаць, як трапіць на стадыён.
Зараз на «Тарпеда» няма вялікага футболу, вышэйшая ліга даўно адсюль сышла. У 2016 годзе магілёўскае «Тарпеда» гуляла ў другой лізе, але ўзімку 2017-га клуб не стаў заяўляцца на сезон – кіраўніцтва не хацела «пакутаваць трэці год запар».
Спадзяюся, калісьці сюды вернецца футбол, бо магілёўскі стадыён «Тарпеда» занадта атмасферны для таго, каб стаяць без матчаў.
Стадыён «Юнацтва», Стоўбцы
Стадыён у Стоўбцах перыядычна з’яўляецца ў розных фанацкіх пабліках з такім фота. Бо гэта, напэўна, самая пацешная трыбуна для гасцявога фан-сектара ў Беларусі. Але ёсць там і звычайная трыбуна, якая ўмяшчае тысячу чалавек.
У Стоўбцах мне вельмі падабаецца навакольны антураж: драўляныя вясковыя домікі, старое табло з надпісам «госці» і невялічкі лясочак. Побач са стадыёнам – касцёл святога Казіміра XVII стагоддзя, кафедральны сабор святой Ганны і пара больш сучасных цэркваў. Недалёк знаходзіцца і кінатэатр «Беларусь» – адзіны цалкам драўляны кінатэатр у нашай краіне, які рэканструявалі ў гэтым годзе.
А яшчэ праз Стоўбцы цячэ Нёман. Яшчэ зусім маленькі, які толькі-толькі набірае моц, але ўжо прыгожы. Як Беларусь.
Фота: аўтара, Прэсбол.