Жыццёвыя прызы для белфутбола: псеўдаміністру – за сцэнарыi, Быкаву – за жэст, Сачыўку – за спіч, Бахару – за брата

Самае яркае ў сезоне.

Жыццёвыя прызы для белфутбола: псеўдаміністру – за сцэнарыi, Быкаву – за жэст, Сачыўку – за спіч, Бахару – за брата

28 лістапада ў белфутболе прайшла чарговая цырымонія закрыцця сезона. АБФФ аб'явіла ўладальнікаў розных прызоў сярод каманд і «найлепшых» сярод футбалістаў. Праходзіла ўсё даволі пафасна і дзівіла не з пазiтыўнага боку.

Мінскае «Дынама» адарыў кат, з БАТЭ хвалілі рэжым за 2020-ы, найлепшы суддзя чакае загадаў зверху. Як у Беларусі закрылі футбольны сезон

Зрэшты, ёсць меркаванне, што ніякіх «найлепшых» у цяперашняга белфутбола быць не можа – агульны ўзровень не той. Ды і спіс намінацый, як нам здаецца, вузкаваты. Мы вырашылі прыдумаць свае – вось якія віртуальныя прызы «Трыбуны» сыходзяць у белфутбол.

БАТЭ – прыз чыноўніцкіх сімпатый

Андрэй Капскі (другі злева) і Уладзімір Базанаў (другі справа)

Да сезона відавочным фаварытам на ўзнагароду было мінскае «Дынама» – бо ўсё, што кажа Лукашэнка, службоўцы ўспрымаюць як загад. Аднак клуб Андрэя Капскага, здаецца, здолеў пераканаць сістэму. Пастараліся для гэтага яшчэ летам – Капскі схадзіў на адкрыццё штучнага поля з барысаўскімі чыноўнікамі і Базанавым, асобна падзякаваў прадстаўнікам рэжыму за фінансавую падтрымку, а гульцы БАТЭ зняліся ў кліпе з «бульбай Лукашэнкі» і кучай падзяк як яму асабіста, так і ягоным паплечнікам. Акрамя таго, БАТЭ стаічна вытрымаў спушчаную зверху забарону на прызначэнне галоўным трэнерам Кірыла Альшэўскага.

Здаецца, такое зацятае выкананне правіл гульні спадабалася сістэме. Калі Альшэўскі ўсё ж узначаліў барысаўчан, клуб незадоўга да канца ЧБ абышоў «Дынама» ў табліцы – каб паставіць падножку барысаўчанам, было яшчэ два туры, але тыя, хто мог бы, нічога такога на карысць мінчан рабіць не сталі. БАТЭ стаў трэцім, пакінуўшы «Дынама» без медалёў, а на закрыцці сезона прадстаўнік клуба Капскага падзякаваў АБФФ і рэжыму наогул за 2020-ы – правядзенне чэмпіянату ў разгар пандэміі (калі пра здароўе, асабліва глядачоў, думалі па мінімуме). Як пасля такога чыноўнікам пакінуць без сімпатый гэтых ідэалагічна вывераных хлопцаў?

«Шахцёр», БАТЭ, «Гомель» і «Дынама» Мінск – дэлегаты года

Занадта складана абраць у гэтай намінацыі кагосьці аднаго з чатырох. Так, мінчане адзін раунд еўракваліфікацыі прайшлі – але, нагадаем, яны адзінымі стартавалі ў 1-м раўндзе адбору Лігі канферэнцый, гэта значыць, мелі хаця б аднаго суперніка больш слабага. Як толькі супраціўленне стала хаця б у нейкай ступені сур'ёзным – вылецелі ўсе прадстаўнікі Беларусі. «Шахцёр», па традыцыі, якая зараджаецца, зрабіў гэта двойчы – але вылучаць яго ўсё роўна не будзем, бо ў іншых проста не было другога шанцу, каб даказаць сваю прыхільнасць раннім вылетам. Ды і якая, па сутнасці, розніца, 2:7 і 0:5 па суме двух матчаў атрымалася, як у «Гомеля» і БАТЭ, ці крышачку больш прыстойна, калі рэальных шанцаў не праглядалася роўна ні ў каго? Абсалютна горшы еўрарэйтынг сезона для Беларусі – агульная заслуга.

Беларусский тренер объясняет провал нашего футбола в еврокубках: БАТЭ посыпалось при смене плана, у «Шахтера» не поймешь основу, ЧБ фигачат лимиты

Што ж, у наступным сезоне з 1-га раўнда адбору ў ЛК могуць стартаваць адразу тры белклубы – і, можа, хоць гэта нешта выправіць.

В еврокубках положение страны зависит от недавних заслуг – а Беларусь валит очередной сезон. Дно уже скоро? Придется выставлять три клуба вместо четырех?

«Віцебск» і «Тарпеда-БелАЗ» – давер года

У некаторых клубах нейкае дзікунства рабілася і без еўракубкаў. Адразу два прадстаўнікі вышэйшай лігі летась западозрылі сваіх футбалістаў у п'янстве і вырашылі праверыць на алкатэстэры. У «Віцебску» гэта яшчэ і зрабілі неяк дзіўна – напрыканцы трэніроўкі, якая магла «выгнаць алкаголь», нават калі нехта рэальна піў. Але шмат хто ў шэрагах гульцоў папросту адмовіліся дзьмуць у трубку. У тых, хто пагадзіўся, усё аказалася чыста, а сярод тых, хто адмовіўся, некалькі чалавек вельмі хутка пакінулі клуб.

Треш в «Витебске»: отец прорежимщика приезжал на разборки, алкотесты выдали ноль (хотя мало кто согласился), нелюбимому тренеру не нашли замены

Ну а ў Жодзіне прыкладна тады ж пасля чарговага няўдалага матча алкатэст вырашылі правесці трэнерам «Тарпеда-БелАЗ». Праўда, і тут апарат выдаў па нулях. Потым аказалася, што трэба было проста пачакаць – не іншага сігналу апарата, а выніку ад штаба: у другім крузе клуб доўга не прайграваў.

Директор БелАЗа плотно взялся за футбол: устроил ночную проверку на алкотестере, ввел 7-часовой рабочий день, поставил смотрящего за дисциплиной

Зборная Беларусі – пазітыў года

У 2022-м нацкаманда правяла 10 матчаў. Шэсць з іх былі афіцыйнымі – і ў іх зафіксавана тры нічыіх і тры паразы. Здавалася б, жорсткі негатыў, асабліва з улікам узроўню супернікаў, – але па выніках года АБФФ пакінула на месцах трэнерскі штаб на чале з Георгіем Кандрацьевым. Базанаў заявіў пра складаныя умовы працы, у якіх трэнеры выканалі нейкую задачу (хоць усе публічна агучаныя задачы былі праваленыя), ну а канкрэтызаваў памочнік Кандрацьева Павел Яўсеенка – у плюсы запісаў, што каманда ўжо «не 30-гадовая» (хоць яна даўно не такая), а таксама заявіў, што пазітыўныя моманты ёсць. І гэта не толькі тры перамогі ў «таварняках» над падабранымі ў супернікі вельмі сярэднімі азіяцкімі зборнымі – але і гульня «амаль на роўных» (пры 1:7 па ўдарах у створ) з самім Аманам. А ўвогуле пазітыў, паводле слоў Яўсеенкі, убачыць той, хто хоча бачыць.

Баімся, на свае вочы раней мы рызыкуем убачыць узяцце рэкорду па беспераможнай серыі ў афіцыйных матчах, але прыз аддаём. Гульцы зборнай на працягу сезона таксама не журыліся і пастаянна настройваліся на перамогі – а тое, што іх не здарылася, гэта ўжо іншая гісторыя.

Хватит ныть из-за неудач сборной Беларуси по футболу – здесь тоже есть красота и эпос: мощные драмы, история на наших глазах и много радости. Учимся любить своё!

Аляксандр Сачыўка – прамова года

Пераходзім да індывідуальных намінацый – і пачынаем з самай эпічнай: з красавіка ніхто так і не змог наблізіцца да Аляксандра Сачыўкі. Пры яго прадстаўленні ў якасці навічка мінскага «Дынама» абаронца, які да таго ганарыўся беларускім народам і выступаў супраць гвалту, у вельмі пафасна аформленым відэа нагаварыў на камеру, што ганарыцца ўвагай Аляксандра Лукашэнкі, спартсмены ў Беларусі абавязкова «падзяляюць ідэалы дзяржавы», а выступаць пад дзяржфлагам – «вялікі гонар». «Ябацькаўскі» вобраз, як неўзабаве высветлілася, быў умовай падпісання кантракту з новым клубам ад «міністра спорту» Сяргея Кавальчука.

Текст писали под началом жены Богдановича, а корректировал его, как и видеоряд, Ковальчук (хотел еще больше патриотизма). Как готовили эпохальный спич Сачивко

Зрэшты, над падтрыманнем вобразу нават за заробак вышэйшы за сярэдні па краіне Сачыўка асабліва не працаваў – далей проста маўчаў, нават калі гучаў гімн, спевы якога ў эпахальнай прамове Аляксандр заяўляў «асаблівым момантам гонару». Але прыз ад гэтага менш заслужаным не становіцца.

Арцём Быкаў – перабольшанне года

Можна лічыць, што гэта парная намінацыя з папярэдняй – маўляў, у «Дынама» могуць усё выказаць і словамі, і без слоў. Спроба выказацца жэстам здарылася ў матчы 28-га тура з «Іслаччу». Незадоўга да яго журналіст Мікалай Хадасевіч заявіў, што тры нічыіх у апошніх чатырох матчах ЧБ у «Дынама» сведчаць пра тое, што «няма ніякіх там яек у каманды, каб сабрацца і выгрызаць». Але калі Арцём Быкаў з капітанскай павязкай на рукаве адкрыў лік у гульні з «ваўкамі», то відавочна вырашыў паказаць, што яйкі ёсць – прычым, калі меркаваць па руках, не самыя маленькія.

Аднак у гульні ўсё пайшло па старым сцэнарыi – «Дынама» вяло ў два мячы, але скончыла чарговай нічыёй. Страты ў выніку каштавалі медалёў – так што паказ ад Быкава аказаўся відавочным перабольшаннем.

Андрэй Кудравец – сэйв года

Прарэжымны падпісант быў названы АБФФ лепшым варатаром ЧБ – і па статыстыцы ўсё было сапраўды прыстойна. А гульня Кудраўца ў правальных еўраматчах з «Каньяспорам» матывавала суперніка даслаць у БАТЭ канкрэтную прапанову аб трансферы.

Але самыя яркія сэйвы Кудраўца атрымаліся не самымі пазітыўнымі – затое любы з двух цалкам цягне на прыз. У фінале Кубка Беларусі кіпер адбіў далёкі ўдар Сяргея Матвейчыка – толькі так, што мяч адскочыў у газон, а адтуль паміж ног ірвануў у вароты. Гол стаў пераможным для «Гомеля» – БАТЭ застаўся без трафея (адзнака 5:19).

А яшчэ адзін сэйв стаў адным з яркіх момантаў згаданага раней кліпа з усхваленнем Лукашэнкі і ягонай бульбы. Па сюжэце Кудравец збіраецца на трэніроўцы лавіць мяч (прычым чамусьці без пальчатак) – а хапае бульбу, пасля чаго пускаецца ў скокі і перадае яе далей.

БАТЭ заскочыў у новы зашквар: гульцы зняліся ў фрык-кліпе, дзе прынялі імпульс ад Лукашэнкі (шкада, у еўракубках не дапамагло)

Сяргей Ясінскі – ратавальнік года

«Віцебск» пасля 17-га тура размяшчаўся на 14-м месцы з 11 ачкамі (у брэсцкага «Дынама» было 10, у «Дняпра» – 9) – не дапамагаў нават алкатэстар. Ратаваць становішча на пазіцыі галоўнага трэнера замест Яўгена Чарнухіна быў закліканы Сяргей Ясінскі, які шмат працаваў у «Віцебску» – спецыялісту дазволілі да канца сезона сумяшчаць з пазіцыяй у моладзевай зборнай. «Задача застацца ў вышэйшай лізе цалкам пасільная. Я б нават паставіў планку вышэй: хутчэй пакінуць зону вылету і спакойна рыхтавацца да наступнага сезона. Хачу пакінуць пераемніку годны калектыў, які не думае пра тое, каб не вылецець», – заяўляў Ясінскі ў пачатку працы.

Вось толькі імпэту ў каманды з новым-старым трэнерам хапіла на дзве запар перамогі. У наступных 11 матчах «Віцебск» аформіў пяць нічыіх плюс шэсць паражэнняў – і вылет з Д1 па выніку. Ясінскі пасля гэтага заявіў, што, маўляў, «трэніровачны працэс быў на высокім узроўні» – проста «некаторыя пазіцыі былі перагружаныя футбалістамі, а на некаторых іх бракавала». Ну а пасля «выратавальнай» місіі ён адразу сышоў – спрабаваць вяртаць клуб у Д1 будзе Аляксандр Паўлаў.

Дзмітрый Молаш і Яўген Чарнухін – майстар-клас года

Вядомы каментатарскі штамп – «зараз трэнер выйшаў бы на поле дапамагаць сваёй камандзе, калі б мог». Аднак у беларускай «вышцы» знайшоўся коуч, які рэальна так і зрабіў. Узроўневы ў мінулым абаронца Дзмітрый Молаш, які цяпер узначальвае «Тарпеда-БелАЗ», у матчы з «Гомелем» паказаў падапечным, як спыняць апанентаў - проста заступіў на поле і падсек Сяргея Матвейчыка. Эпізод здарыўся пасля свістка, і Сяргей Чыстоў ацаніў яго жоўтай карткай – але потым АБФФ выпісала трэнеру двухматчавы бан.

ВИДЕО

А Яўген Чарнухін, якога Ясінскі змяніў у «Віцебску», паказваў прыклад гульцам у Д3, дзе выступаў у складзе «Гарадоцкіх ільвоў». Праўда, адзін з падкатаў Чарнухіна лепш у футболе не прымяняць – і суперніка можна траўмаваць, і чырвоную атрымаць. Але падпісанту за Лукашэнку суддзя чамусьці паказаў толькі жоўтую.

ВИДЕО

Іван Бахар – бро года

Прарэжымны падпісант з мінскага «Дынама» у 2022-м перанёс вялікія змены ў асабістым жыцці – развёўся з жонкай Ксеніяй. Яны выглядалі парай аднадумцаў, але, здаецца, дзяўчына больш хацела з'ехаць за мяжу, чым яе муж.

Похоже, семейная пара Бахаров распалась – они успели вместе пройти путь от поддержки народа Беларуси до жизни в гармонии с режимом

Зрэшты, у маскулінным асяроддзі хвалявацца па такіх падставах не прынята. Любы «нармальны дзяцюк» скажа свайму таварышу, што брат (так нярэдка называюць верных сяброў) важнейшы за шлюб. У англійскай ёсць ідыёма bros before [грубае слова для абазначэння прадажнай жанчыны]. І менавіта для свайго бро ў ліпені Бахар зрабіў прыгожы жэст – прыехаў у Гомель, дзе брат гуляў за мясцовы клуб, і спецыяльным плакатам павіншаваў з днём нараджэння.

Канстанціну Кучынскаму, які сінхронна з сябрам падпісаўся за Лукашэнку, напэўна было прыемна – ну а Бахару адыходзіць прыз за дэманстрацыю прыярытэтаў.

Ігар Стасевіч – аматар года

Тройчы найлепшы футбаліст Беларусі Ігар Стасевіч у канцы 2021-га атрымаў ад салігорскага «Шахцёра» прапанову ўпісацца ў дзяржліміт заробкаў – для гэтага трэба было адмовіцца адразу ад 15 тысяч долараў. На гэта футбаліст не пайшоў і пераехаў у расійскую «Чайку» з Д3 – але ўлетку пакінуў і яе. Далей усё магло працягнуцца пераходам у мінскае «Дынама» – і тады Стасевіч быў бы напарнікам па намінацыі для Сачыўкі. Аднак штосьці пайшло не так.

Тройчы лепшы футбаліст Беларусі ледзьве не вярнуўся ў ЧБ: для гэтага запісаў «пакаяннае» відэа для так званага міністра спорту, але ў выніку не ў поўнай меры яго задаволіў

У выніку Стасевіч акунуўся ў аматарскі футбол – прычым паспяваў там гуляць у дзвюх краінах адначасова. У Мінску дапамог «Захаду-3» (у гэтай камандзе куча былых вядомых гульцоў) вярнуць сабе чэмпіёнскі тытул АЛФ праз восем гадоў – у пяці матчах выбіў 3+4 па «гол+пас». А ў Маскве акунуўся ў медыялігу, якая ставіць сваёй задачай рабіць шоу – і заснавальнік каманды GOATS, расійскі рэпер Goody, спачатку не жадаў браць Стасевіча і яго калегаў па «Захадзе-3» тыпу Вячаслава Глеба, таму што «яны старыя, а ў складзе павінны быць прыгожыя». Але пасля серыі паражэнняў змяніў меркаванне і расшпіліў гаманец – а Стасевіч нават стаў гульцом вырашальнага тура, па выніках якога каманда выйшла ў плэй-оф, дзе адразу ж адляцела 0:3.

Костицын докатился до команды Лукашенко (слушал, как Коля поет гимн), Стасевич в России залетел в футбольный цирк – два когда-то лучших игрока Беларуси провели ударный день

Гульцы «Мінска» – цярплівасць года

А вось у «Мінску» гульцы не ўбачылі нават тых сум, што ў ліміт выдатна ўпісваліся. Пасля заключнага ў сезоне матча Кубка з «Шахцёрам» Антон Шрамчанка ў чарговы раз пацвердзіў, што гараджане даўно не бачаць поўнага заробку. Па інфармацыі «Трыбуны», частку запазычанасці ўвосень усё ж такі пагасілі, але да гэтага грошай не давалі цэлых дзевяць месяцаў. Да таго ж гульцы не ўбачылі новую форму – яе замовілі, але запатрабавалі ў футбалістаў кампенсаваць 30% кошту. Гульцы прадказальна адмовіліся, і ў выніку форма засталася на складзе.

Аднак абсалютная большасць футбалістаў разыходзіцца з гаротнага клуба толькі зараз, калі сезон ужо скончыўся. Да гэтага каманда проста гуляла сабе без грошай – і нават заняла шостае месца ў ЧБ плюс дала белфутболу лепшага па апытаннях гульца краіны Уладзіміра Хвашчынскага. Вось яму і калегам дадатковы прыз за стаіцызм – праўда, у белсістэме гэта можа прывесці да высновы, што калі вынік ёсць без грошай, то і пачынаць іх плаціць не варта.

Віталь Лісаковіч – тэлефонны аператар года

Прадмет у назве намінацыі – частка адразу дзвюх неверагодных гісторый пра яршыстага форварда. Адбыліся яны адна за адной бліжэй да сярэдзіны года. Спачатку Лісаковіч стаў галоўным персанажам матчу «Рубін» – «Уфа», які вырашаў, хто вылеціць з РПЛ у Д2. У той гульні Віталь адкрыў лік з пенальці, пасля чаго адсвяткаваў так, быццам перамога ўжо ў кішэні – аднекуль узяў, уласна, тэлефон і зрабіў фота з таварышамі.

Праўда, «Уфа» ў другім тайме адказала двума галамі - і аказалася, што вылятае якраз «Рубін» Лісаковіча. Зрэшты, на самай апошняй даданай хвіліне матча клуб зноў зарабіў пенальці. Віталь падышоў да кропкі, каб забіць і выратаваць клуб – а ў выніку прабіў міма і пачуў фінальны свісток пра сыход у Д2. Дарэчы, там ён, хоць і без жадання, у выніку разам з «Рубінам» і застаўся.

Лисакович отметил гол селфи с партнерами по «Рубину» – а на 103-й минуте оформил команде Слуцкого вылет из РПЛ, не забив пенальти Чичкану

Ну а праз некалькі дзён пасля гульні Мікалай Хадасевіч выдаў, што гулец не ўключаны ў склад зборнай Беларусі, таму што «груба кажучы, паслаў яе, гэта значыць ніяк не адказаў ні на званкі, ні на ўсё астатняе». Неўзабаве Кандрацьеў пацвердзіў, што з Лісаковічам «не ўдаецца звязацца» – на гэта адказаў не сам Віталь, а яго брат Дзмітрый, які агучыў цікавую прычыну: «Ён сказаў, што тэлефанавалі на вайбер і беларускую сім-карту, але яна ў яго не з сабой. Сказаў, што нумар не вызначыўся. Як яму зразумець, хто тэлефанаваў?».

Як бы там ні было, з таго часу за зборную Віталь не гуляе. А з камунікацыяй, як аказалася, у яго наогул дрэнна – у лістападзе ў беларуса выявіліся не менш за 200 штрафаў за парушэнне ПДР, пра якія гулец, па версіі прэс-службы «Рубіна», нібыта «не ведаў, бо яму не прыходзілі лісты пра іх».

Захар Волкаў – стабільнасць года

Самае стабільнае ў кар'еры абаронцы – шлейф сорамных гісторый, у якія ён рэгулярна трапляе. Пачалося ўсё з дамоўнага матча ў складзе «Віцебска» – Волкаў пасля нібыта выявіў «дзейнае раскаянне», а потым папросту ўключыў дурня на судзе, дзе ўжо не пагражала «крыміналка». АБФФ да апошняга цягнула з дыскваліфікацыяй, потым усё ж выпісала бан на два гады – але па сканчэнні першага з іх Волкава вярнулі ў футбол, а хадайнічалі за яго (і больш ні за каго – хоць ён быў адным з шэрагу тых, хто здаў матч) нават тыя, хто «дагаварнякі» раней на дух не пераносіў.

Гэты год Волкаў праводзіць у «Хімках» – улетку мог вярнуцца ў БАТЭ, але клубы ўсё ж дамовіліся пра падаўжэнне арэнды абаронцы. Ніяк не збянтэжыла гульца і тое, што галоўная асоба яго клуба, расiйскі дэпутат ад пуцінскай «Адзінай Расіі» Раман Церушкоў, – адыёзны шукальнік здраднікаў вакол і адэпт вайны ва Украіне, якую з 24 лютага працягвае Расiя з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. А патлумачыў свой выбар на карысць «Хімак» Волкаў у тым ліку тым, што яго жонка «заўсёды хацела жыць у Расіі, была вельмі рада» (праўда, у яе сацсетках усё больш фігураваў «загнівальны Захад»).

Жена сдававшего матч Волкова очень рада его контракту с «Химками»: хоть и постит в основном фотки из Европы и с морей, но всегда мечтала жить в России

Ну а ўвосень «Хімкі» сталі ўжо адкрыта прапагандаваць вайну і пуцінскія спробы анексіі – усё гэта аўтаматычна кладзецца ценем і на Волкава. Сумнеўны дадатак да пасрэдных вынікаў клуба (адна перамога ў апошніх 19 матчах).

Волков ничего не делал, а причастился к новому зашквару: клуб продавшего матч подписанта за режим вывесил Z-баннер во славу войны в Украине

Волков опять вляпался в историю из-за «Химок»: отыграл весь матч с георгиевской лентой и получил от детей карту с оккупированными территориями Украины

Ігар Кавалевіч – парадокс года

Да канца чэмпіянату галоўны трэнер «Нёмана», які і так часта незадаволены АБФФ, стаў выражацца асабліва рэзка. Спачатку наўпрост звінаваціў федэрацыю, што яна цягне мінскае «Дынама» ў медалі (хоць да таго моманту трэба было ўжо ставіць перашкоды БАТЭ): «Калі трэба было запісаць «Дынама» тры ачкі, то няхай бы запісалі да гульні. Пакуль мы не навучымся паважаць сябе, нас ніхто не будзе паважаць. Вось да гэтага вядзе федэрацыя».

А пасля заключнага тура, у якім «Віцебску» трэба было перамагчы «Нёман», каб застацца ў эліце (але здарылася нічыя), Кавалевіч заявіў: «Магу пацвердзіць свае словы, сказаныя пасля гульні з мінскім «Дынама». Тое, што рабілі апошнія дзве гульні з намі, не паддаецца ніякаму абмеркаванню. Федэрацыі футбола я жадаю навучыцца гуляць у шахматы – яны няправільна расклалі пазл». Неўзабаве АБФФ выпісала трэнеру бан на пяць матчаў.

І парадокс тут нават не ў тым, што ў матчы з тым жа «Дынама» не знайшлося ніякіх відавочных судзейскіх памылак. Невытлумачальна тое, што шчыры, паводле водгукаў у кулуарах, падпісант за Лукашэнку публічна дзівіцца таму, што ў рэжымнай сістэме даўно з'яўляецца нармальным становішчам спраў. Ёмка гэта сфармуляваў экс-арбітр Віталь Аніхімоўскі – можна запісаць у абгрунтаванне прыза.

Экс-арбитр ЧБ Онихимовский: «Ковалевич, который подписался за убийства и изнасилования, ищет честность в Доме футбола»

Сяргей Кавальчук – прадусар года

«Міністр спорту» ў наступным годзе можа стаць кандыдатам на пасаду кіраўніка АБФФ, калі вырашыць, што яму гэтага хочацца. Хаця зараз кіраваць сітуацыяй у белфутболе нават больш зручна – можна выклікаць «на дыван» Базанава або людзей з любімага Кавальчуком мінскага «Дынама», каб даведацца, як справы ў клубе.

У выніку ролю Кавальчука ў мінулым сезоне можна ацаніць як прадусарскую – яму хацелася забяспечыць некалькі прыемных для сябе гісторый, але атрымалася далёка не ўсё. Відавочны поспех адзін – прамова Сачыўкі, якую Кавальчук асабіста рэдагаваў. А вось Стасевіч у такім жа раскладзе вырашыў унесці некаторыя праўкі – і Кавальчук не прыціснуў нахабніка, а проста забараніў гуляць у клубе, ад чаго само «Дынама» наўрад ці выйграла.

Ну а галоўны аблом – план па чэмпіёнстве «Дынама», якое Кавальчук курыраваў, яшчэ і з «загадам» Лукашэнкі. За карціну з выніковым чацвёртым месцам чыноўнік можа атрымаць хіба што антыпод «Оскара» – «Залатую маліну».

Іншыя пасты блога