Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Найлепшыя галы «вышкі» за 2022-ы: шмат далёкіх «гармат», парашут маладога талента БАТЭ і ўдар з вуглавога

Найлепшыя галы «вышкі» за 2022-ы: шмат далёкіх «гармат», парашут маладога талента БАТЭ і ўдар з вуглавога

Абдыхолікаў, Гардзяйчук, Іванавіч і іншыя.

Аўтар — bytribuna com
10 снежня 2022, 08:00
1
Найлепшыя галы «вышкі» за 2022-ы: шмат далёкіх «гармат», парашут маладога талента БАТЭ і ўдар з вуглавога

Пасля сезона вышэйшай лігі-2022 «Трыбуна» ужо даследавала галоўныя змены рынкавага кошту гульцоў, прааналізавала галасаванне за гульцоў і трэнера года і раздала свае намінацыі.

Цяпер мы сабралі, на нашу думку, топ-10 галоў «вышкі» сёлета.

Алег Патоцкі, «Іслач»

Хаўбек «Іслачы» неадхільным ударам з лёту з лініі штрафной адкрыў лік у выязным матчы супраць «Слуцка» («ваўкі» тады перамаглі – 4:2). Гэты гол стаў лепшым па выніках жніўня і адзіным у сезоне для Патоцкага.

Андрэй Якімаў, «Нёман»

Паўабаронца гродзенцаў заўсёды славіўся сваім магутным ударам і ў выязным матчы супраць «Шахцёра» гэта ў чарговы раз прадэманстраваў – 30 метраў не сталі перашкодай для Якімава.

Але гэта не самы яркі гол хаўбека ў годзе – вось такі галешнік ён закалаціў у Кубку «Арсеналу».

А ў апошнім туры чэмпіянату супраць «Віцебску» ён амаль паўтарыў гэты шэдэўр.

Ігар Іванавіч, «Шахцёр»

Сербскі вінгер правёў свой самы вынiковы сезон у кар'еры (7+7 у 26 матчах сезона), стаў найлепшым паўабаронцам чэмпіянату і забраў прыз за найлепшы гол лістапада. Яго штрафны ў матчы супраць «Слуцка» яшчэ і прынёс важную для чэмпіёнскай гонкі перамогу.

Арцём Канцавы, «Дынама» Мінск

Паўабаронца правёў ударныя паўгода ў сталіцы, выдаўшы 3+5 у 17 матчах чэмпіянату. Два з трох ён забіў у матчы супраць роднага «Дняпра», трэці – «Тарпеда-БелАЗ». Прамым ударам з вуглавога.

Юрый Казырэнка, «Іслач»

Украінец, які стаў перад пачаткам сезона капітанам «Іслачы», летам вярнуўся ў палтаўскую «Ворсклу». Развітаўся з Беларуссю хаўбек прыгожа. У сваім апошнім матчы за «ваўкоў» ён прынёс камандзе перамогу над мінскім «Дынама» (2:1) вось такім гарматным стрэлам.

Аляксандар Філіпавіч, БАТЭ

Прыкладна тады ж з нашай краіны з'ехаў сербскі абаронца барысаўчан, які правёў у барысаўскім клубе чатыры з паловай гады. Філіпавіч нечакана стаў адным з галоўных бамбардзіраў БАТЭ на старце сезона-2022: ён паўдзельнічаў у разгромах «Белшыны» і брэсцкага «Дынама», а таксама вызначыўся такім дальнабоем у нічыйным «класіка».

Кірыл Чарнавок, «Мiнск»

19-гадовы паўабаронца «гараджан» сёлета вызначыўся сваімі першымі галамі на дарослым узроўні: у яго іх тры ў чэмпіянаце-2022. У матчы супраць «Славіі» Кірыл сваім абводным далёкім ударам зраўняў лік (але «Мінск» па выніку ўсё роўна саступіў – 2:4).

А турам раней ён у стылі Ар'ена Рабена забіў «Арсеналу».

За абодва мячы Чарнавок атрымаў узнагароды: у маі і чэрвені менавіта яго галы прызнаваліся найлепшымі ў лізе.

Арцём Шуманскі, БАТЭ

Адно з адкрыццяў гэтага сезона ў ЧБ: у сваім першым паўнавартасным сезоне ў кар'еры 18-гадовы паўабаронца выбіў 4+2 і ўзбудзіў да сябе цікавасць з боку замежных клубаў. Прычым усе чатыры галы Шуманскага выйшлі вельмі сімпатычнымі. У матчах супраць «Гомеля» і «Славіі» ён выдатна прыбіраў абаронцаў на паўзах і ў абодвух сітуацыях біў ужо без перашкод. «Дняпру» Арцём забіў з кута штрафной абводзячым ударам у далёкую «дзявятку». А ў разгроме Брэста (4:1) ён паўдзельнічаў вось такой здзеклівай перакідкай з 20 метраў.

Міхаіл Гардзяйчук, «Дынама» Брэст

Вяртанне вопытнага паўабаронцы ў Брэст гэтым летам – мабыць, галоўны поспех мясцовага клуба ў 2022-м. Міхаіл сваімі 5+6 у 15 матчах выцягнуў каманду з зоны вылету і захаваў прапіску ў эліце на наступны год.

Першы з двух яго мячоў з дамашняга матчу супраць «Мінска» (скончылася ўсё перамогай гаспадароў з лікам 3:1) быў прызнаны найлепшым голам лігі ў верасні.

Бабур Абдыхолікаў, «Энергетык-БДУ»

Куды без найлепшага бамбардзіра лігі, які набіў 26 мячоў за сезон? Яго гол на 12-й секундзе другога тайма супраць «Белшыны» быў прызнаны найлепшым у кастрычніку, але адзначыць хочацца іншае ўзяцце варот. У канцы першага тайма хатняй гульні супраць «Нёмана» узбек пасля скiдкі галавой з боку Рамана Папарыгі граматна корпусам адцёр абаронцу гасцей і ў адзін дотык з развароту неадхiльна прабіў у блізкі верхні вугал варот.

Бонус. Павел Сядзько, «Гомель»

Гэта быў звычайны галявы ўдар галавой, і аформіў яго за гамяльчан у вароты «Іслачы» ўвогуле Аляксандр Ануфрыеў. Вылучае яго асістэнт – Сядзько аддаў вырашальны пас рабонай.

Які гол спадабаўся вам больш за астатнія?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты