Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Беларусь яшчэ ніколі не прайгравала Аргенціне, хаця ў іх быў матч у Мінску: топ-зоркі не прыехалі, але склад быў вельмі моцны, а Вяргейчык потым хлусіў

Беларусь яшчэ ніколі не прайгравала Аргенціне, хаця ў іх быў матч у Мінску: топ-зоркі не прыехалі, але склад быў вельмі моцны, а Вяргейчык потым хлусіў

Вось хто тады выступаў за беларусаў.

Аўтар — bytribuna com
15 снежня 2022, 16:31
1
Беларусь яшчэ ніколі не прайгравала Аргенціне, хаця ў іх быў матч у Мінску: топ-зоркі не прыехалі, але склад быў вельмі моцны, а Вяргейчык потым хлусіў

На чэмпіянаце свету ў Катары вызначыліся фіналісты: імі сталі зборныя Францыі і Аргенціны. Для дзейных чэмпіёнаў свету гэта ўжо чацвёрты падобны матч. У 1998-м французы абгулялі бразільцаў, у 2006-м у серыі пенальці саступілі італьянцам, а на турніры ў Расіі адолелі харватаў. А вось для паўднёваамерыканцаў гэта ўжо другі фінал за апошнія тры Мундыялі і шосты ў гісторыі - пераможнымі пакуль аказаліся толькі два (тытул дастаўся ў 1978-м і 1986-м).

Зборная Францыі мае багаты досвед супрацьстаяння са зборнай Беларусі: каманды правялі шэсць паядынкаў, у тым ліку гістарычны на "Стад дэ Франс" у 2010-м з пераможным голам Сяргея Кісляка на 86-й хвіліне. Але мала хто сёння ўзгадвае, што з нашай «нацыяналкай» гуляла і Аргенціна - праўда, усяго толькі аднойчы. Здарылася гэта ў 2008-м: тады «бела-блакітныя» прыехалі ў Мінск без зорак першай велічыні, але з моцным складам, поўным вядомых імёнаў, і за 90 хвілін на «Дынама» так і не змаглі распячатаць вароты Юрыя Жаўнова - 25 тысяч гледачоў, якія прыйшлі жнівеньскім вечарам паглядзець на таварыскі матч, галоў увогуле не ўбачылі.

Узгадваем, як прайшоў той матч, чаму ў беларускую сталіцу не прыехаў Ліянэль Месі, а таксама хто выступаў за нашу зборную і як складваецца іх лёс у сучаснасці.

Вяргейчык казаў, што аргенцінцаў прывозілі за мільён долараў, але яго словы зняпраўдзіў гендзір АБФФ

Таварыскія матчы часоў зборнай Бернда Штанге былі часам вельмі цікавымі: "нацыяналка" гуляла на выездзе з Германіяй, на нейтральную тэрыторыю праводзіліся спарынгі з Паўднёвай Карэяй і Канадай, а ў Мінск прыязджалі Швецыя і Аргенціна.

Праз гады цяперашні (пакуль) намеснік старшыні АБФФ Юрый Вяргейчык, калі ацэньваў працу папярэднікаў ля руля федэрацыі, ставіў ім дакор прыезд лацінаамерыканцаў, - нібыта за візіт топ-суперніка ў Мінск прыйшлося выкласці мільён долараў. На думку Вяргейчыка, гэтыя грошы лепш было б укласці ў футбольную інфраструктуру.

Яго словы зняпраўдзіў тагачасны генеральны дырэктар АБФФ Леанід Дзмітраніца. Паводле яго слоў, беларуская федэрацыя нічога не плаціла аргенцінцам за прыезд - толькі брала на сябе выдаткі па пражыванні каманды, забеспячэнні яе транспартам і аховай. Таксама АБФФ абавязалася прадаставіць кампаніі, якая займалася прыездам двухразовых чэмпіёнаў свету, выключнае права на трансляцыю і рэкламу на тэлебачанні і ў аналагічных СМІ любой краіны свету, акрамя Беларусі. Як адзначыў функцыянер, даходы за білеты і рэалізацыю тэлеправоў на трансляцыю ўнутры краіны не толькі адбілі затраты, але і дазволілі федэрацыі нядрэнна зарабіць.

Галоўныя зоркі на чале з Месі не даехалі праз Алімпіяду

У тым жа сьпічы пра мільён долараў Вяргейчык абураўся, што такія шалёныя грошы АБФФ заплаціла за прылёт толькі другога складу паўднёваамэрыканцаў. Сапраўды, зоркі найпершай велічыні на «Дынама» тады не прыехалі: Анхель Ды Марыя, Серхіа Агуэра, Хаўер Маскерана, Хуан Раман Рыкельме і Ліянэль Месі - за дзень да гэтага ўсе яны абгулялі з лікам 3:0 бразільцаў у паўфінале Алімпіяды ў Пекіне і рыхтаваліся да галоўнаму матчу турніру (там праз пару дзён з мінімальным лікам была абыграна Нігерыя).

Але пры ўсім гэтым футбалістаў, якія прыехалі ў Мінск, назваць другім складам язык не павернецца: Габрыэль Хайнцэ з мадрыдскага «Рэала», тройка з «Інтэра» Хаўер Дзанеці, Эстэбан Камб'яса і Нікалас Бурдзіса, Луча Гансалес і Лісандра Лопес з «Порту», а таксама з двума асабістымі ахоўнікамі Карлас Тэвес з «МЮ» - усе яны з'явіліся на полі.

Цікава, што матч наведаў Жазэ Маўрынью. З якой мэтай тагачасны трэнер «Інтэра» прыязджаў у сталіцу Беларусі, не зусім зразумела: Аляксандр Глеб, якога партугалец хацеў звесці да сябе з «Арсенала», ужо перайшоў у стан «Барселоны» - відаць, спецыяліст вырашыў паглядзець у справе на кагосьці з аргенцінцаў. А можа, на Віталя Булыгу?

Перад матчам зладзілі праводзіны легендам зборнай

Перад стартавым свістком была праведзена прыгожая цырымонія: легендам зборнай, якія правялі не менш як 25 матчаў, кіраўнік АБФФ Генадзь Нявыглас уручыў "Знакі адрознення" і памятныя ўзнагароды.

Сабралася самавітая кампанія: Аляксандр Хацкевіч, Сяргей Гурэнка, Андрэй Астроўскі, Аляксандр Лухвіч, Сяргей Штанюк, Пётр Качура, Сяргей Ясковіч, Андрэй Лаўрык, Радзіслаў Арлоўскі, Уладзімір Макоўскі. Таксама завочна былі ўзнагароджаны Валянцін Бялькевіч, Генадзь Туміловіч, Эрык Яхімовіч, Сяргей Герасімец і Васіль Баранаў.

З тых, хто выходзіў на поле ў складзе зборнай, двое яшчэ працягваюць кар'еру

У цяперашняй зборнай Аргенціны, якая б'ецца за доўгачаканы тытул, няма ніводнага гульца з тых, хто прыязджаў у жніўні 2008-га ў Мінск, ды і ў цэлым тых, хто дагэтуль працягвае гульнявую кар'еру, адзінкі.

Зусім мала такіх і ў нашай зборнай таго ўзору - дакладней, усяго двое: Ягор Філіпенка гуляе ў Віктара Ганчарэнкі ва «Урале», а падпісант за Лукашэнку Антон Пуціла летась вярнуўся ў мінскае «Дынама» пасля 11-гадовага замежнага трыпу.

Большасць жа ўжо перайшла да трэнерства: Юрый Жаўноў і Аляксандр Кульчы трэніруюць у Расіі, дзе правялі значную частку футбольнага жыцця, Сяргей Амельянчук сёлета прывёў да залатых медалёў дубль "Энергетыка-БДУ", Аляксандр Паўлаў працаваў з асновай "студэнтаў", але зусім нядаўна вырашыў пачаць самастойную працу і ўзначаліў «Віцебск», Дзмітрый Молаш руліць у «Тарпеда-БелАЗ», а Аляксандр Глеб уваходзіць у раду дырэктараў жодзінскага клуба і меціць у кіраўнікі АБФФ. Высокую пасаду ў федэрацыі разлічваў атрымаць падпісант праўладнага ліста спартоўцаў Уладзімір Карыцька, які працаваў у Акадэміі федэрацыі, але напароўся на адмову - зараз экс-паўабаронца жыве з сям'ёй у Маскве.

Алег Страхановіч пасля завяршэння кар'еру трэніруе дзяцей: працуе ў сталічнай прыватнай школе "Арсенал", а таксама школе Юрыя Пунтуса. Пасля звальнення з "Кубані", дзе працаваў асістэнтам галоўнага трэнера, з дзецьмі ў мінскім філіяле школы "Дынама" Масква працуе Віталь Булыга. Таксама Булыга з Вячаславам Глебам, а таксама Ігарам Стасевічам (застаўся ў матчы супраць Аргенціны ў запасе) і Ігарам Шытавым выступалі ў расійскай медыялізе - у адной камандзе з рэперамі і відэаблогерамі.

Віталь Кутузаў пасля заканчэння кар'еры застаўся жыць у Італіі: ён часта каментуе ў Instagram тое, што адбываецца ў белфутболе. У маі ўраджэнец Пінска выпусціў аўтабіяграфію пад назвай "У патоку Хвалі". Дзмітрый Верхаўцоў у мінулым сезоне ўваходзіў у трэнерскі штаб «Нафтана», але зараз знаходзіцца без працы. Была інфармацыя, што ў двухразовага ўладальніка Кубка краіны ёсць праблемы з алкаголем.

Бэрнд Штанге - зараз яму 74 - пасля ад'езду з Беларусі ў лістападзе 2011-га папрацаваў са зборнымі Сінгапура і Сірыі, а ў студзені выйшаў на пенсію

З тых жа, хто ў тым матчы застаўся на лаўцы запасных, пра завяршэнне гульнявой кар'еры не аб'явілі ўжо згаданы Стасевіч, які гуляе ў аматарах, і Андрэй Чухлей, якой пасля сезона-2022 пакінуў «Славію». Сяргей Верамко дапамагае Молашу ў «Тарпеда-БелАЗ», дзе працуе з варатарамі. На аналагічнай пасадзе ў Мазыры працуе Антон Амельчанка. Сяргей Карніленка займае пасаду спартовага дырэктара ў расійскіх «Крылах Саветаў», а вось Павел Сітко, які двума месяцамі пазней заб'е мяч у вароты зборнай Англіі, у 32 гады скончыў кар'еру і сышоў у рыбалоўства: хобі ператварылася ў бізнэс - вінгер адкрыў спецыялізаваны краму.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты