Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Малады талент з БАТЭ блізкі да пераходу ў самы беларускі клуб Еўропы: цэннік спалохаў «Спартак», у 17 выдаў вельмі моцны сезон

Малады талент з БАТЭ блізкі да пераходу ў самы беларускі клуб Еўропы: цэннік спалохаў «Спартак», у 17 выдаў вельмі моцны сезон

Яго галы – гэта ваў!

23 снежня 2022, 09:59
Малады талент з БАТЭ блізкі да пераходу ў самы беларускі клуб Еўропы: цэннік спалохаў «Спартак», у 17 выдаў вельмі моцны сезон

18-гадовы вінгер Арцём Шуманскі бліснуў у чэмпіянаце Беларусі-2022 - і гэтага аказалася дастаткова, каб прыцягнуць увагу замежных клубаў. На гэтым тыдні футбаліст, які пакуль належыць БАТЭ, прайшоў медагляд у клуба кіпрскага Д1 "Арыса". Па інфармацыі розных крыніц, справа набліжаецца да таго, што бакі падпішуць кантракт. Барысаўчане не хавалі гатоўнасці адпусціць гульца, але толькі пры наяўнасці сур'ёзнай прапановы. Сваім цэннікам у 350-400 тысяч еўра яны адпудзілі маскоўскі "Спартак". Таксама ў якасці прэтэндэнтаў на гульца значыліся расійскія "Краснадар" і "Крылы Саветаў", а таксама аўстрыйскі "Альтах".

Але пакуль Шуманскі блізкі да пераходу ў самы беларускі клуб Еўропы прама цяпер. Вось што там адбываецца і чым мог уразіць кіпрыётаў малады беларус.

Самы беларускі клуб Еўропы

"Арыс" - з адрывам самы беларускі клуб Еўропы. Прадстаўніцтва не абмяжоўваецца паўабаронцай Яўгенам Яблонскім, які пераехаў у Лімасол (другі па велічыні горад Кіпра) з Барысава летась, і галоўным трэнерам Аляксеем Шпілеўскім.

Дырэктарам па маркетынгу тут працуе Аляксей Дазорцаў - экс-журналіст «Белсату», у сацсетках якога можна знайсці БЧБ-сцягі і джэрсі з «Пагоняй». А валодае клюбам беларускі прадпрымальнік Уладзімер Фёдараў. Праўда, знайсці хоць нейкую інфармацыю пра тое, на чым ён зарабляе, у адкрытых крыніцах так і ўдалося.

Акрамя таго, разам з Яблонскім у цэнтры поля гуляе двухразовы чэмпіён Беларусі ў складзе «Шахцёра» славак Юліюс Сзоке.

Ідуць па-за тройкай лідараў, пераехалі на новы стадыён

Сезон-2022/23 «Арыс» пачаў з трох перамог, але пасля вынікі каманды не цешылі: за апошнія сем матчаў здабыта ўсяго дзве перамогі, і гэта толькі чацвёртае месца ў табліцы (на гэтым жа радку «Арыс» скончыў папярэдні сезон). Адставанне ад трэцяга месца складае два ачкі, ад дуэта лідараў АПАЭЛ-АЕК - пяць.

Не надта радуе і гульня Яблонскага: падпісант за Лукашэнку, намінальна другі па кошце гулец каманды (Transfermarkt ацэньвае яго ў 1,2 мільёна еўра), прайграе канкурэнцыю Сзоке і 23-гадоваму выхаванцу «Лестэра» Моргану Брауну. Ураджэнец Чэрвеня толькі тройчы за 15 тураў з'яўляўся ў стартавым складзе, пры гэтым паспеў адзначыцца дзвюма галявымі перадачамі.

З добрых навін для клуба - "зялёна-белыя" пераехалі на новы стадыён. Арэну "Альфамега Стэдыум" на 10800 гледачоў яны адкрылі матчам супраць АПАЭЛа.

За год Шуманскі паспеў забіць за аснову і дубль БАТЭ, а таксама за дзве зборныя

Шуманскага ўпэўнена можна называць галоўным адкрыццём чэмпіянату Беларусі, што нядаўна скончыўся. Вінгер толькі месяц таму адзначыў паўналецце. і да сезона-2022 меў толькі два выхады на замену ў эліце (абодва ўжо ў дабаўлены час) пры Віталіі Жукоўскім. А вось Аляксандр Міхайлаў выпусціў юнака ўжо ў трэцім туры супраць "Дняпра", а праз два тыдні даў яму цэлых 20 хвілін у матчы супраць "Гомеля". Арцём адплаціў прыгожым голам, які прынёс камандзе перамогу.

А яшчэ праз пяць дзён у кубкавым матчы супраць «Нёмана» Шуманскі скарыстаўся памылкай галкіпера гасцей і паставіў кропку ў двухматчавым супрацьстаянні - і ў фінал турніру выйшлі барысаўчане. Да канца сезона Арцём забіў яшчэ тройчы: давяршыў разгром «Славіі», калі аформіў гол і галявую перадачу ў канцоўцы.

Абводзячым ударам прынёс перамогу ў матчы супраць «Дняпра».

І элегантным «парашуцікам» паразіў вароты брэсцкага «Дынама».

Калі ўлічваць толькі тых, хто забіў у чэмпіянаце два і больш мячоў, то ў пераразліку на 90 хвілін часцей за Шуманскага забівалі толькі сямёра, уключна з дуэтам лепшых бамбардзіраў «вышкі» Абдзіхолікаў-Хвашчынскі.

Забіваў у 2022-м Шуманскі не толькі за аснову Барысава. Сям'ю галамі ён вызначыўся ў складзе дубля, забраўшы з ім срэбраныя медалі першынства рэзервістаў. А яшчэ выдаў стос галоў за зборныя: пяць (два з якіх у кваліфікацыі да Еўра) адгрузіў за пяць матчаў юніёрскай каманды U-19, дзе з'яўляецца капітанам, а таксама ўдарам са штрафнога адзначыўся за маладзёжную зборную супраць іранцаў (адзнака 3:50).

Адзін з галоўных козыраў футбаліста - дрыблінг. Шуманскі ў сярэднім за 90 хвілін 6,4 раза (8,18 калі браць у разлік матчы Кубка і зборных) ідзе ў абводку (14-ы паказчык у лізе), пры гэтым паспяховымі з'яўляюцца 58% спроб. Таксама дзякуючы хуткасці і дрыблінгу ён нядрэнна прасоўвае мяч у атацы: у сярэднім робіць за матч 2,7 рыўка (10 і больш метраў) з прасоўваннем мяча (18-ы у лізе).

Шуманскі можа згуляць на розных пазіцыях, але на кожнай з іх у "Арыса" вялікая канкурэнцыя

Шуманскі за гэты год даказаў, што можа згуляць на любой пазіцыі ў нападзе, а тое, дзе яго бачыць Шпілеўскі, пакуль загадка.

Злева ў атацы гуляе 24-гадовы швед Леа Бенгтсан, які перайшоў у «Арыс» гэтым летам. Да гэтага вінгер гуляў выключы на Радзіме, але сезон на Кіпры пачаў добра: 5+3 у 14 матчах чэмпіянату і статус аднаго з двух найлепшых бамбардзіраў каманды.

На гэтую пазіцыю яшчэ ёсць вопытны француз Кевін Манэ-Паке, у якога 360 матчаў у наймацнейшым французскім дывізіёне. Аднак на дадзены момант 34-гадовы экс-гулец «Сэнт-Эцьена» аднаўляецца пасля разрыву крыжападобных звязак. У справе і 19-гадовы габонец Фларыс Джаве, які згуляў у гэтым сезоне 11 матчаў і забіў адзін мяч.

Справа канкурэнцыя ні ледзь не меншая. Асноўным выбарам з'яўляецца 22-гадовы гулец зборнай Габона Шаві Бабіка - мае 4+2 у 16 матчах гэтага сезона. Падмяняе яго 26-гадовы прадстаўнік ПАР Міхалалі Маямбела (1+2 у 13 матчах), плюс у ростеры ёсць 18-гадовы іспанец Карлас Хідальга, які ў першай камандзе пакуль не дэбютаваў.

У цэнтры атакі галоўнай ударнай сілай з'яўляецца вядомы расійскі форвард Аляксандр Какорын, узяты ў арэнду ў "Фіярэнціны". 31-гадовы нападаючы ў 11 матчах чэмпіянату вызначыўся 5 галамі і зрабіў 2 асісты - адзін з мячоў забіў з перадачы Яблонскага.

Канкуруюць з ім за месца ў аснове былы гулец зборнай Польшчы Марыюш Стэмпіньскі (у 27-гадовага нападніка адзін гол у 9 матчах), 30-гадовы сенегалец Янік Гоміс (1+2 у 11 матчах), а таксама ўладальнік аўстрыйскага пашпарту, які нарадзіўся ў Варшаве, 35-гадовы Даніэль Сікорскі (0+1 у 6 матчах).

У выпадку, калі пераход адбудзецца, то чакаць для Шуманскага шмат гульнявога часу спачатку не варта. Пра гэта гаворыць і бацька Аляксея Шпілеўскага, у мінулым агент Аляксандра Глеба Мікалай Шпілеўскі.

- Думаю, гэта больш на перспектыву. Я меў зносіны з трэнерскім штабам, з сынам, - гэта магчыма, але не больш, што ён стане менавіта ўзмацненнем, - сказаў Шпілеўскі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты