Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У ЧБ вярнуўся ўкраінец, чый горад амаль знішчаны вайной: маўчыць пра падзеі на Радзіме, хваліў Лукашэнка за захады падчас кавіду

У ЧБ вярнуўся ўкраінец, чый горад амаль знішчаны вайной: маўчыць пра падзеі на Радзіме, хваліў Лукашэнка за захады падчас кавіду

Ураджэнец Рубежнага быў гатовы гуляць за зборную Беларусі.

Аўтар — bytribuna com
27 студзеня 2023, 12:17
1
У ЧБ вярнуўся ўкраінец, чый горад амаль знішчаны вайной: маўчыць пра падзеі на Радзіме, хваліў Лукашэнка за захады падчас кавіду

Колькасць легіянераў з Украіны ў чэмпіянаце Беларусі па зразумелых прычынах вельмі моцна асела за апошні час: калі ў 2021-м у вышэйшай лізе выступала 18 украінскіх футбалістаў, то ўжо ў мінулым сезоне іх было ўсяго пяцёра - для большасці з тых, хто з'ехаў, вайна на Радзіме, якую вядзе Расея пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, стала нагодай для змены месца працы. Але бывае і па-іншаму. У гэтае міжсезонне ў Беларусь вярнуўся 31-гадовы паўабаронца Аляксандр Бацішчаў - ён гуляў у нашай краіне з 2014 па 2021 гады.

Расказваем пра навічка «Тарпеда-БелАЗ», які хваліў Лукашэнку ў 2020-м, адпрацаваў папярэдні год па кіраўніцтвам трэнера-беларуса і ніяк не выказваецца пра сітуацыю на Радзіме.

Пераехаў у Беларусь у 2014-м, выказваў гатоўнасць згуляць за зборную

У наш чэмпіянат паўабаронца прыехаў у сярэдзіне сезона-2014, падпісаўшы кантракт з "Белшынай", якая тады мела ў сваім складзе нямала гульцоў з Украіны. На Радзіме ў Аляксандра ў актыве было ўсяго тры матчы ў наймацнейшым дывізіёне ў складзе луганскай "Зары" ў Юрыя Вернідуба, год у маладзёжным складзе данецкага "Шахцёра", а таксама некалькі сезонаў у клубах мінорных ліг ("Сумы" і алчэўская "Сталь") – не самае ўражальнае рэзюмэ

У выніку Бацішчаў правёў у Беларусі наступныя 8 гадоў. змяніўшы за гэты час пяць клубаў: "Белшына", "Крумкачы", "Гомель", мінскае "Тарпеда", "Дняпро" - 168 матчаў у вышэйшай лізе (з 6 галамі і 12 асістамі) і яшчэ 24 паядынкі ў першай. У 2017-м футбаліст атрымаў від на жыхарства (хутка прайсці працэдуру дапамагло тое, што бацька жонкі з'яўляецца беларусам), дзякуючы чаму ў ЧБ перастаў лічыцца легіянерам, а на пытанне пра згоду выступаць за зборную Беларусі адказваў сцвярджальна. Зрэшты, да гэтага не дайшло, ды і наўрад ці хоць калі-небудзь Бацішчаў разглядаўся рэальным кандыдатам.

Гулец у сваіх інтэрв'ю часта хваліў Беларусь за чысціню і парадак, а ў красавіку 2020-га з сімпатыяй адгукаўся пра Аляксандра Лукашэнку, называючы таго «бацькам»: убачыў толькі станоўчае ў амаль поўным ігнараванні каранавіруса («ён не бачыць падстаў для панікі, не дае яе распаліць» - сапраўды, больш за сем тысяч загінуўшых толькі па афіцыйнай статыстыцы - не падстава для панікі), адзначыў добрае стаўленне ўладаў да людзей (цікава, ці змянілася меркаванне пасля жніўня-2020), а таксама выказваў упэўненасць у тым, што дыктатар змог бы навесці парадак ва Украіне, калі б кіраваў краінай (у выніку Лукашэнка стаў памагатым у вайне, а мільёны ўкраінцаў былі вымушаныя збегчы з краіны).

У тым жа інтэрв'ю Бацішчаў, ацэньваючы сітуацыю ва ўкраінскім футболе, адзначаў, што яна становіцца ўсё горш і горш, бо многія клубы проста перастаюць існаваць, а ў якасці станоўчага прыкладу прыводзіў белфутбол. Праўда, калі зірнуць на спіс каманд з Беларусі, дзе паспеў пагуляць украінец, то могуць узнікнуць пэўныя сумневы: «Дняпро» і «Тарпеда» больш не існуюць, «Крумкачам» прыйшлося перажыць рэінкарнацыю са зменай кіраўніцтва і спускам у Д3, у «Белшыны» і "Гомелю" таксама ў свой час былі праблемы з фінансамі.

Мінулы год правёў у беларускага трэнера ў Казахстане, дзе ўзяў другі трафей у кар'еры

За ўвесь перыяд у Беларусі Бацішчаў меў некалькі магчымасцяў пакінуць краіну: да прыкладу, у 2017-м ён быў блізкі да пераходу ў данецкі «Алімпік», але «Крумкачы» свайго футбаліста бясплатна не адпусцілі, і ён яшчэ на паўгода застаўся ў Мінску. А вось перад пачаткам мінулага года ад'езд усё ж здарыўся, хаця перавабіць гульца ў «Шахцёр» хацеў Іван Біёнчык, які працаваў з ім у «Дняпры» і «Гомелі» - не зраслося. Спачатку хадзілі размовы пра тое, што гулец адправіцца ў таджыкістанскі "Істыклол", але па выніку ўкраінец падпісаў кантракт з "Ардабасы", дзе трэніруе беларускі спецыяліст Аляксандр Сяднёў. Разам яны вельмі прадуктыўна папрацавалі ў «Белшыне»: у сезоне-2015 бабруйчане ледзь не заскочылі ў медалі, стаўшы чацвёртымі - Бацішчаў быў у Сяднёва гульцом асноўнага складу.

На гэты раз тандэм спрацаваў яшчэ больш прадуктыўна: перамога ў Кубку Казахстана і пятае месца ў чэмпіянаце - выдатнае выступленне калектыву з Шымкента, які летам мае згуляць у кваліфікацыі еўракубкаў, але ўжо без Бацішчава.

Украінец у Казахстане ў агульнай складанасці згуляў 28 матчаў, у якіх вызначыўся адным голам і трыма галявымі перадачамі.

ВІДЭА

Ніяк не адрэагаваў на падзеі ва Украіне, хаця яго родны горад амаль цалкам разбураны

Ураджэнец горада Рубежнае Луганскай вобласці да гэтага часу ніяк не пракаментаваў вайну ў роднай краіне, хаця яна доўжыцца ўжо амаль год. Пры тым, што і ў 2014-м, і ў 2022-м яго родны горад быў і ёсць у эпіцэнтры ваенных дзеянняў.

У 2014-м 60-тысячнае Рубежнае некалькі месяцаў знаходзілася пад акупацыяй расійскіх войскаў, пакуль пасля трох месяцаў зацятых баёў ВСУ не вярнулі над ім кантроль. Паведамлялася, што падчас вызвалення горада ўкраінскія вайскоўцы ўзялі ў палон больш за 30 салдат з Расіі. Сам футбаліст расказваў, што ў Рубежным засталіся жыць яго бацькі, якія адмовіліся пераязджаць у Беларусь.

У 2022-м Рубежнае зноў захоплена. 15 сакавіка 2022-га ў выніку расійскага абстрэлу чатыры чалавекі там загінулі, былі разбураныя школа-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў, бальніца і тры школы. А з 16 сакавіка па 13 траўня не спыняліся баі за горад, пры гэтым яшчэ ў красавіку кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў паведамляў пра тое, што яго салдаты разам з сіламі непрызнанай "ЛНР" узялі населены пункт, што аказалася фэйкам. Пасля двух месяцаў бітваў ад Рубежнага практычна нічога не засталося.

Адзначаецца, што большая частка інфраструктуры ўжо не падлягае аднаўленню.

Загінулых даводзілася хаваць проста ў дварах.

Цяпер лінія фронту праходзіць усяго ў 15 кіламетрах ад горада, і той працягвае мільгаць у зводках. Напрыклад, напярэдадні ўкраінскімі войскамі быў здзейснены ўдар па пазіцыях акупантаў, у выніку чаго, паводле слоў кіраўніка адміністрацыі Луганскай вобласці Сяргея Гайдая, пацярпела некалькі дзесяткаў расійскіх салдат. Пры гэтым паведамляецца, што ў раёне Севераданецка і Рубежнага "назапашваюць сілы" расійскія войскі, магчыма, для здзяйснення контрнаступу.

Адметна, што ў пачатку сакавіка мінулага года менавіта праз вайну жодзінскі клуб пакінуў суайчыннік Бацішчава Юры Габоўда. Вінгер расказваў, што ўжо пасля расійскага ўварвання на базе "Тарпеда-БелАЗ" меў месца выпадак, калі яму давялося патрабаваць тамтэйшых работнікаў выключыць расійскія каналы, якія ішлі па тэлевізары ў фае. А таксама распавёў, што толькі некалькі футбалістаў, з якімі ён паспеў пагуляць за чатыры гады ў Беларусі, выказалі яму словы падтрымкі, пры гэтым у клубе прапаноўвалі гульцу застацца і перавезці ў краіну блізкіх сваякоў з Украіны - футбаліст катэгарычна адмовіўся.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты