Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Былы трэнер зборнай Беларусi паехаў з Крывушэнкам на iншы край зямлi – знайшоў там маладую жонку (пасля дзвюх на Радзiме) i амаль у 50 стаў бацькам, якiм лiчаць i гульцы яго клуба

Былы трэнер зборнай Беларусi паехаў з Крывушэнкам на iншы край зямлi – знайшоў там маладую жонку (пасля дзвюх на Радзiме) i амаль у 50 стаў бацькам, якiм лiчаць i гульцы яго клуба

Новае жыццё Алега Кузьмянка.

Аўтар — bytribuna com
6 сакавіка 2023, 19:30
Былы трэнер зборнай Беларусi паехаў з Крывушэнкам на iншы край зямлi – знайшоў там маладую жонку (пасля дзвюх на Радзiме) i амаль у 50 стаў бацькам, якiм лiчаць i гульцы яго клуба

Пра беларускага трэнера Алега Кузьмянка, які ў свой час працаваў з шэрагам айчынных каманд і ў зборнай Беларусі, на Радзiме не чуваць ужо пару гадоў – з тых часоў, як яго і Ігара Крывушенку звольнілі за дрэнныя вынікі з інданезійскага клуба «Персiкаба» восенню 2021-га. Але ж зусiм не таму, што ў коўча нiчога не адбываецца.

Зараз Кузьмянок застаецца ў Інданезіі – краiне, дзе пачаў практычна новае жыццё, дэталямi якога нямала здзiвіў старых знаёмых. Раскажам пра гэта падрабязней.

Браў срэбра першага ЧБ i забiваў 39 разоў за сезон Д2

Ураджэнец Светлагорска Кузьмянок беларускаму футболу аддаў амаль 30 гадоў, большую частку – у якасці форварда ў айчынных клубах. Ён быў адным з гульцоў, якiя засталi зараджэнне ЧБ пасля развалу СССР. У першых «незалежных» сезонах выступаў за «Днепр», з якiм у 1992-м узяў «срэбра» «вышкі». Пасля быў працяглы этап у магілёўскім «Тарпеда-Кадзіна» – восем сезонаў, (187 матчаў, трэці вынік у гісторыі клуба), у чатырох з якiх станавіўся найлепшым бамбардзірам каманды (усяго 45 галоў – клубны рэкорд).

Пасля вылету «Тарпеда-Кадзіна» у Д2 ў канцы 2000-га Кузьмянок перабраўся ў «Дарыду», з якой у 2002-м выйграў Д2, забiўшы аж 39 мячоў, але застаўся ў першай лiзе, перайшоўшы ў МТЗ-РIПА. З новым клубам гулец таксама выйшаў у элiту (зноў стаўшы найлепшым бамбардзiрам Д2) i дапамог не вылецець адтуль. Затым было вяртанне ў «Дарыду», дзе Кузьмянок на два гады прыпыняў гульнявую кар'еру і ўваходзіў у трэнерскі штаб, а пасля – яшчэ некалькі сезонаў у Д3 у «Гарадзеі» у ролі гуляючага трэнера.

Кузьмянок канчаткова перастаў гуляць у 2010-м i сканцэнтраваўся на працы коўчам. У «Гарадзеі» ён заставаўся асістэнтам Андрэя Мікалаевіча, але ў 2012-м атрымаў пасаду галоўнага трэнера. Пры Кузьмянку «цукровыя» занялі другое месца ў Д2, але не змаглі прабіцца ў «вышку», у пераходных матчах саступіўшы «Тарпеда-БелАЗ» (1:0, 0:4).

У Інданезію пераехаў праз Крывушэнку, з якiм працаваў i ў зборнай

Пасля гэтага Кузьмянок пакінуў «Гарадзею» і апынуўся як раз у Жодзiна, дзе стаў памочнікам Ігара Крывушенкi. Тады ўтварыўся працяглы трэнерскі дуэт – некалькі гадоў спецыялісты працавалі разам у Жодзіна, потым у зборнай Беларусi. У чэрвенi 2019-га пасля няўдалага старту ў кваліфікацыі Еўра-2020 Крывушэнка быў адпраўлены ў адстаўку – разам з ім з «нацыяналкі» сышоў і Кузьмянок.

Праз паўгода тандэм уз'яднаўся – на iншым краi Зямлi. У снежні 2019-га Крывушэнка атрымаў прызначэнне на пасаду галоўнага трэнера інданезійскага клуба «Персiкаба», а Кузьмянок зноў стаў памочнiкам. Аднак у экзатычным чэмпіянаце беларусскiя коўчы на топ-узровень вывесці калектыў не змаглі. Што ў 2020-м, што ў 2021-м гадах клуб плёўся ў хвасце першай дзясяткі, што відавочна не задавальняла босаў. Не змог дапамагчы выправіць сітуацыю і суайчыннік трэнераў паўабаронца Сяргей Пушнякоў. Калі пасля першага года Крывушэнку далі шанц, то ў канцы 2021 года трываць не сталі – ды яшчэ і заўзятары ціснулі, патрабуючы адстаўкі і выкарыстоўваючы хэштэг #igorout.

Беларускі спецыяліст быў звольнены 23 лістапада пасля паразы ад аўтсайдэра «Персіпуры» (1:2). На той момант «Персiкаба» пасля 12 тураў мела ў актыве ўсяго 12 балаў і займала 12-е ж месца ў табліцы.

Крывушэнка вярнуўся ў Беларусь. Здавалася, што Кузьмянок таксама паедзе дадому, аднак усё атрымалася максімальна нечакана.

Застаўся ў Інданезіі не па футбольных прычынах – стаў бацькам амаль у 50

Як атрымалася даведацца, Крывушэнка і Кузьмянка ў свой час аб'яднаў не толькі футбол, а i не самыя радасныя перыяды ў асабістым жыцці Кузьмянка. Яшчэ ў 1990-х ён ажаніўся і развёўся першы раз – з дэпрэсіўнага стану пасля гэтага вывесці яго дапамог як раз Крывушэнка, з якiм яны гулялі ў «Тарпеда-Кадзіна» у 1997 годзе. Пасля ў Кузьмянка здарыўся другi шлюб – зноў няўдалы, хоць, як нам расказалi, Алег вельмi кахаў жонку i нават яшчэ да вяселля падарыў ёй пазадарожнік. Пасля разводу Кузьмянку зноў было вельмi дрэнна маральна – i зноў выцягнуў сябра Крывушэнка.

Цяпер жа ў Кузьмянка адбыўся трэці шлюб. Гэтым разам – у Інданезіі. Па нашай iнфармацыi, неўзабаве пасля прызначэння ў «Персiкаба», яшчэ ў пачатку 2021-га, трэнер пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай, з якой закруціў раман, а потым i зрабiў ёй прапанову.

Чым займаецца жонка трэнера, нам даведацца не ўдалося, аднак вядома, што дзяўчына нашмат маладзейшая за свайго мужа, а яе бацька – багаты і паспяховы па мясцовых мерках бізнесмен. А яшчэ ў сям'і Кузьмянка, якому ўжо 48 гадоў, з'явілася дзіця.

Але ж насычанае ў Кузьмянка і футбольнае жыццё. Пасля звальнення Крывушэнкi нейкі час яго сябар і памочнік заставаўся без працы, прысвячаў час сям'i. Але ў траўні 2022 года вярнуўся ў «Персiкаба», якiм кіруе цяпер мясцовы спецыяліст Адзіл Шарын, – стаў там трэнерам па фізпадрыхтоўцы. У сезоне 2022/23 Кузьмянок застаецца на пасадзе, а «Персiкаба» ідзе на 13-м месцы пасля 27 з 34 матчаў.

У камандзе Кузьмянка лiчаць сваiм – пра гэта даюць зразумець шматлікія фатаграфіі і відэа ў Instagram «Персiкаба». Знаходзiцца i ролiк пра тое, як футбалiсты парадылi трэнеру торт з нагоды 48-годдзя – напісана на iм было Papa Oleg, што яшчэ раз дае паняць, як трэнера паважаюць.

Як нам удалося даведацца, у Беларусi Кузьмянок не быў з часоў пераезду ў Інданезію з Крывушэнкам. Аднак кантакты з футбольным светам Радзімы трэнер падтрымлівае, i многія з тых, з кім у свой час працаваў коўч, у курсе, як ён маецца.

– Асаблівых абмеркаванняў сярод гульцоў або трэнераў я не чуў, але многія ведаюць, як памянялася жыццё Кузьмянка. Усе, з кім перасякаўся і размаўляў на гэтую тэму, рады за спецыяліста, але пры гэтым знаходзяцца ў невялікім шоку: ). У такім узросце пачаў новае жыццё, абзавёўся сям'ёй, дзіцем. Гэта выдатна, – распавёў нам адзін з прадстаўнікоў белфутбола. – Калі ён не вярнуўся за Крывушэнкам, значыць, у яго там усё добра, яго ўсё задавальняе. Мабыць, нарэшце знайшоў надзейную апору – жонку, з якой яму камфортна. Так што рады за яго.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты