Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Быў ахоўнікам у клубе, трапіў пад крыміналку, мае антырэкорд у зборнай, але ўжо забіў больш за 100 мячоў на топ-узроўні. Факты пра Лапцева – новага лідара атак БАТЭ

Быў ахоўнікам у клубе, трапіў пад крыміналку, мае антырэкорд у зборнай, але ўжо забіў больш за 100 мячоў на топ-узроўні. Факты пра Лапцева – новага лідара атак БАТЭ

Вялікі і камічны.

Аўтар — bytribuna com
13 сакавіка 2023, 14:54
1
Быў ахоўнікам у клубе, трапіў пад крыміналку, мае антырэкорд у зборнай, але ўжо забіў больш за 100 мячоў на топ-узроўні. Факты пра Лапцева – новага лідара атак БАТЭ

БАТЭ на старце сезона прыемна размяўся на «Белшыне» ў чвэрцьфінале Кубка Беларусі - 10 мячоў за два матчы, чатыры з іх на рахунку форварда Дзяніса Лапцева.

Навік клуба ў свае 31 перасягнуў мяжу ў 100 галоў на найвышэйшым узроўні, што для Беларусі - прыстойны паказчык. Лапцеў ударна вярнуўся ў родны чэмпіянат пасля адлучкі ў Расію і зноў нагадаў пра тое, што, нягледзячы на пэўную камічнасць біяграфіі, умее якасна выконваць сваю працу.

Вось што яскравага ўжо адбывалася з Лапцевым за яго кар'еру (але давайце верыць, што самае цікавае яшчэ наперадзе).

Пачынаў у Д3, падзарабляючы ахоўнікам

Лапцеў - выхаванец мазырскага футбола, але пасля выпуску з мясцовай ДзЮСШ форвард не трапіў у першую каманду горада, а адправіўся ў "Вертыкаль" Калінкавічы з другой лігі. Паралельна 18-гадовы футбаліст пачаў працаваць ахоўнікам у начным клубе "55" - вялікія габарыты (рост Дзяніса 194 см) спрыялі працаўладкаванню. Цікава, што і ў маскоўскім «Тарпеда», і ў БАТЭ гулец выступае пад 55-м нумарам - ці не адсылка да першага месца працы?

Сумяшчэнне доўжылася нядоўга: за паўгода ў Д3 Лапцеў забіў 6 мячоў у 15 матчах, і "Славія", якая на той момант выступала дывізіёнам вышэй, вырашыла яго вярнуць.

Станавіўся чэмпіёнам Д2...

Пасля пераходу на больш высокі ўзровень нападаючы рэзка збавіў абароты: за другую частку сезона-2010 забіў толькі аднойчы - на 91-й хвіліне выратаваў нічыю ў выязным паядынку супраць «Смаргоні», пры гэтым з'явіўся на полі за чатыры хвіліны да гола. Той год "Славія" скончыла толькі на дзявятым месцы, але ўжо ў наступным стала чэмпіёнам Д2. Лапцеў жа павысіў рэзультатыўнасць, у 27 сустрэчах адзначыўшыся 4 галамі.

Першы яго сезон у эліце (форварду тады было 20 гадоў) нельга назваць паўнавартасным: Дзяніс не найграў і 100 хвілін за год і вызначыўся адным голам (у вароты «Тарпеда-БелАЗ»).

Часцей гулец выступаў за дубль мазыран (рэзерв «Славіі» заняў апошняе месца), дзе ў 17 гульнях забіў 8 мячоў і ўвайшоў у топ-10 бамбардзірскага спісу.

...і яго найлепшым бамбардзірам

Затое другі сезон у «вышцы» стаў для нападаючага прарыўным у індывідуальным плане, хаця пачаў ён яго зноў у ролі рэзервіста. Але за лета выдаў моцную серыю, у 8 матчах адзначыўшыся 6 галамі, у тым ліку ў вароты БАТЭ і мінскага "Дынама" (адзнака 6:12).

У другой частцы сезона пасля дзялення ўсіх каманд на два пулы (у ЧБ-2013 выступала 11 калектываў) мазыранін забіў яшчэ тройчы у 10 гульнях, але гэта не выратавала «Славію» ад вылету ў Д2. Там Дзяніс і правёў свой рэкордны на дадзены момант сезон у кар'еры: 28 матчаў і 23 галы - ён сыходзіў з поля без забітых мячоў толькі ў 10 сустрэчах. Снайперскія дасягненні дапамаглі мазыранам заняць другі радок і ўжо праз год вярнуцца ў эліту.

Праваліў прагляды ў «Гомелі» і Казахстане

Рэкорднага сезону ў Д2 магло і не быць: у пачатку таго года Лапцеў спрабаваў працаўладкавацца ў чэмпіянаце Казахстана - у 2014-м гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Але прагляды ў карагандзінскім «Шахцёры» і пазней у «Кайсары» не скончыліся кантрактам.

А ўжо ў сярэдзіне чэмпіянату гулец трэніраваўся з «Гомелем», але і клубу з аблцэнтра спадабацца не здолеў.

Адмовіў «Шахцёру» дзеля мінскага «Дынама»

Пасля прыстойнага сезона ў Д2 у Лапцева з'явіліся прапановы з вышэйшай лігі: яго хацелі падпісаць мінскае "Дынама" і "Шахцёр". Салігарчане клікалі на прагляд, але мазыранін не з'явіўся: аказалася, што ўжо меў дамоўленасць са сталічным клубам і нават прайшоў там медагляд. Але спачатку пераход замарозілі праз няяснась з новым галоўным трэнерам, а пасля прызначэння Душана Угрына было вырашана праверыць гульца праглядам - і зноў заключыць кантракт не ўдалося.

Форвард вярнуўся ў «Славію», дзе правёў яшчэ паўгода, і зноў ударна: у 13 матчах выдаў дзевяць галоў і два асіста. Улетку новы галоўны «Дынама» Вук Рашавіч сказаў, што шкадуе пра тое, што клуб не падпісаў форварда ўзімку, і загадкава адказваў на пытанні пра магчымы пераход улетку, напярэдадні еўракубкаў (тады ўсё скончылася для «бела-блакітных» групавым раўндам Лігі Еўропы). Але з Мазыра Лапцеў пераехаў у расійскі Д2, падпісаўшыся з «Тосна». "Славія" атрымала за бамбардзіра сціплыя 50 тысяч еўра.

Пасля сезона-2020 Лапцеў ізноў быў блізкі да пераходу ў мінскае «Дынама», але ў тое міжсезонне змяніў адну брэсцкую каманду на іншую: «Дынама» на «Рух».

Мае не адзін хет-трык у кар'еры і эпічны промах

Свежы хет-трык у матчы супраць «Белшыны» - не адзіны ў кар'еры форварда. Першы здарыўся яшчэ ў 2013-м у другім крузе Кубка Беларусі супраць "Жлобіна" (4:0), другі - праз восем гадоў у складзе "Руху" супраць "Смаргоні" (5:0), што цярпела бедства, а трэці - за маскоўскае «Тарпеда» у сакавіку 2022-га супраць «Томі» (5:2) у расейскім Д2.

Але, мабыць, галоўным хайлайтам Лапцева за год выступаў за масквічоў стаў эпізод з матчу РПЛ супраць «Краснадара», калі легіянер з найвыгаднай пазіцыі не змог перайграць пакінутага на лініі варот абаронцу суперніка (галкіпер ужо быў адыграны).

Адзначае галы былым

Форвард - не з тых, хто дэманстратыўна не святкуе галы ў вароты каманд, за якія раней выступаў, а былым ён забівае часцяком. Не стрымліваў эмоцый, калі засмуціў "Славію" (адзнака 2:00).

І «Шахцёр», выступаючы за брэсцкае «Дынама», не надта шкадаваў.

Найбліжэйшая сустрэча са старымі знаёмымі можа здарыцца ўжо ў паўфінале Кубка, калі лёсаванне звядзе БАТЭ са "Славіяй".

Не выклікаўся ні ў юнацкія, ні ў маладзёжныя зборныя

Дэбют Лапцева ў нацыянальнай зборнай здарыўся ў чэрвені 2015-га ў таварыскім матчы супраць зборнай Расіі (2:4) - гэта здарылася напярэдадні пераезду ў «Тосна».

Да таго нападаючы не выклікаўся ні ў юнацкія зборныя, ні ў маладзёжную. Ён - другі гулец па колькасці матчаў за нацзборную, хто не засвяціўся ў U-21 (больш нагуляў толькі Іван Маеўскі). З форвардаў маладзёжнай каманды склікання Лапцева (1990-91 год нараджэння) за галоўную каманду краіны здолелі згуляць толькі Уладзімір Хвашчынскі (шэсць матчаў) і Аляксандр Макась (адна гульня).

Антырэкардсмен зборнай па галах (або рэкардсмен па іх адсутнасці)

Мазыранін правёў 30 матчаў у складзе першай каманды краіны, але за гэты час так ні разу за яе і не забіў. Гэта абсалютна найгоршы паказчык сярод усіх нападаючых, хто прымяраў футболку зборнай у розны час.

Для параўнання другі найгоршы паказчык па колькасці матчаў без галоў з моманту пачатку выступленняў у зборнай належыць Арцёму Канцавому, які не забіваў у 10 стартавых сустрэчах. З тых жа, хто згуляў больш за Лапцева ад пачатку выступаў у «нацыяналцы» і таксама не вызначыўся забітымі мячамі - спрэс выканаўцы абарончага плана: усё той жа Маеўскі (42 матчы), Эрык Яхімавіч (34), Сяргей Ясковіч (32), Аляксандр Юрэвіч (32) і Аляксандр Лухвіч (31).

З гэтай нагоды Лапцева падтрымаў былы галкіпер зборнай Генадзь Туміловіч.

- Дэн, не хвалюйся, у мяне 32 гульні і таксама без забітых, - сказаў Туміловіч.

Трапляў пад тролінг галоўнага трэнера «нацыяналкі»

Старт кар'еры ў зборнай не быў гладкім. Чыннікам таму стаў пратэрмінаваны пашпарт футбаліста, праз што той прапусціў некалькі матчаў кваліфікацыі да ЧЕ-2016 неўзабаве пасля свайго дэбюту.

Тагачасны першы намеснік старшыні АБФФ Сяргей Сафар'ян і галоўны трэнер зборнай Аляксандр Хацкевіч папракалі гульца за тое, што ён загадзя не памяняў дакумент і не апавясціў пра гэта прадстаўнікоў ні федэрацыі, ні зборнай. Хацкевіч, каментуючы сітуацыю, перайшоў на трасянку, каб перадаць размову з гульцом.

- Калі б хацеў, пабег бы і зрабіў бы хутка новы пашпарт. А так выходзіць вось як: «Ну, у меня паспорт заканчывается, я у аугусте месяце его и паменяю». Ну, калі няма жадання, пра што можна казаць? Калі футбаліст не хоча ехаць, то ён і не паедзе, - разважаў Хацкевіч.

Бок футбаліста прынялі тагачасны трэнер "Славіі" Юрый Пунтус (лічыў, што пытанне павінна была вырашыць АБФФ), а таксама агент Лапцева Віталь Ледзянёў, які адмёў домыслы наконт нежадання форварда прыязджаць у зборную.

Вылятаў са зборнай за парушэнне рэжыму

Самы гучны скандал з удзелам Лапцева ў зборнай здарыўся, ужо калі там галоўным трэнерам быў Ігар Крывушэнка. Пасля паразы ад Люксембурга (0:1) у адборы да ЧС-2018 з'явілася інфармацыя пра тое, што адразу некалькі гульцоў нацыяналкі былі заўважаныя ў адным з мінскіх рэстаранаў. У кампаніі былі Павел Савіцкі, Антон Сарока, Дзмітрый Алісейка, Мікіта Корзун і, уласна, Лапцеў. І толькі адзін з пяцёркі не патрапіў у заяўку на матч супраць Швецыі (0:4). Адгадайце, хто.

- Лапцеў выведзены са складу нацыянальнай зборнай за парушэнне рэжыму перад матчам са шведамі. Што тычыцца шэрагу іншых футбалістаў, прозвішчы якіх былі згаданыя ў прэсе, да іх прэтэнзіі выключна маральнага плана, аднак дысцыплінарных санкцый у дачыненні да іх не ўжывалі, - казаў тады Крывушэнка.

Як высветлілася, на перадматчавую трэніроўку форвард з'явіўся не ў найлепшым стане, пасля чаго і быў адлічаны. Але санкцыі доўжыліся нядоўга - ужо праз месяц Дзяніс паўдзельнічаў у таварыскіх матчах супраць Арменіі і Грузіі.

Мог апынуцца ў Кітаі і Паўднёвай Карэі

Перад падпісаннем кантракта з БАТЭ агент гульца Віталь Ледзянёў казаў, што да яго кліента маюць цікавасць клубы з Узбекістана, Казахстана, Д2 Расіі і вельмі экзатычнай Паўднёвай Карэі. А яшчэ перад сезонам-2019 Лапцеў мог з'ехаць у чэмпіянат Кітая - пра гэта распавядаў тагачасны ўладальнік брэсцкага «Дынама» Аляксандр Зайцаў - яго клуб паспеў перахапіць форварда пасля «Шахцёра». У розны час мазыранінам цікавіліся серадняк чэмпіянату Венгрыі (не называўся) і «Сталь» з чэмпіянату Польшчы.

Двойчы атрымліваў шасціматчавую дыскваліфікацыю

Не раз на полі выяўлялася запальчывасць гульца: за кар'еру ён двойчы атрымліваў шасціматчавую дыскваліфікацыю. Першы эпізод здарыўся ў Расіі. Напрыканцы сустрэчы "Тосна" супраць "Шынніка" (1:2) на полі завязалася бойка, адным з самых актыўных удзельнікаў якой стаў беларус. Прычым ён у тым матчы нават не выходзіў на поле, а знаходзіўся ў запасе.

Другі працяглы бан здарыўся ўжо ў часы "Шахцёра". У матчы ў адказ кваліфікацыі Лігі Еўропы супраць «Леха» Лапцеў на апошняй хвіліне другога экстратайму (вылет салігарчан да таго моманту быў прадвызначаны) «баднуў» суперніка, за што быў адразу выгнаны з поля. Тая дыскваліфікацыя не дазволіла гульцу згуляць у кваліфікацыі ЛЧ-2020/21 у складзе брэсцкага "Дынама".

А ўжо праз пару тыдняў пасля "Леха" адбыўся міні-скандал у Кубку. Праўда, у той раз выдаленне Лапцева стала не следствам, а прычынай. У першым тайме 1/8 фіналу супраць брэсцкага «Дынама» нападаючы быў выдалены за адмашку ад абаронцы гасцей Дэніша Дуартэ, хаця на паўторы парушэнне не здаецца такім ужо жорсткім.

У перапынку футбаліст, ужо перапрануўшыся, дачакаўся ў падтрыбунцы арбітра Дзмітрыя Долю - там ён паспрабаваў атрымаць ад яго тлумачэнні. Абышлося без рукапрыкладства.

Стаў фігурантам крымінальнай справы

У канцы 2021-га стала вядома, што ў дачыненні да футбаліста і яго жонкі Алесі ўзбуджаная крымінальная справа за "прымус да выканання дамоўных абавязацельстваў, што ўчыненая групай асоб з прымяненнем гвалту, бяспечнага для жыцця". Пацярпелым выступіў 42-гадовы гамяльчанін, які займаўся рамонтам у кватэры сямейнай пары ў Гомелі. Ён заявіў, што за выкананы рамонт атрымаў сем тысяч долараў - а потым яго працай раптам выказалі незадаволенасць і сталі патрабаваць вярнуць грошы. У выніку Лапцеў адняў у яго мабільны тэлефон, а яшчэ ўжыў гвалт.

Дзяніс выклаў сваё бачанне сітуацыі. Маўляў, рамонтнік падмануў на сур'ёзную суму (каля 3,5 тысячы долараў), не падаў чэкі за частку набытых матэрыялаў. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве сям'і было адмоўлена, але амаль праз два гады Лапцеў выпадкова сустрэў майстра ў горадзе і, дагнаўшы, пачаў патрабаваць грошы назад. Лапцеў прызнаваў, што яго жонка крыху падрапала твар рамонтніку (сам яго быццам бы не біў), ну а тэлефон нібыта забраў, калі той выпаў з кішэні майстра.

Чым скончылася тая крымінальная справа, невядома, але Лапцеў на волі і спакойна гуляе ў футбол.

Партнёры лічаць лагодным, гадуе дзвюх дачок

Пры гэтым партнёры па розных камандах даюць Лапцеву толькі станоўчыя характарыстыкі.

- Ён добры сябар. Дапамагае заўсёды - не адмаўляе. Проста з незнаёмымі людзьмі крыху закрываецца. А ў сяброўскай кампаніі адкрыты і таварыскі. Ну і сусед выдатны. Праблем з ім няма, – расказваў Аляксандр Пазняк, які гуляў з Лапцевым у Салігорску.

Прыкладна ў тым жа ключы выказваўся стары-новы партнёр Дзяніса Валерый Грамыка, адзначаючы, што менавіта нападаючы ўзяў яго пад апеку пасля пераходу з "Мінска" ў "Шахцёр".

Многія адзначалі, што паводзіны футбаліста змяніліся да лепшага пасля нараджэння дзяцей: Дзяніс разам з жонкай Алесяй гадуюць дзвюх дачок (старэйшай нядаўна споўнілася 7, малодшай - 3).

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты