Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Мінспорту Лукашэнкі ладзіць рэпрэсіі супраць БАТЭ: да Драгуна і Бардачова далучыліся падпісанты за рэжым, якія танчылі ў «бульба-дэнсе»

Мінспорту Лукашэнкі ладзіць рэпрэсіі супраць БАТЭ: да Драгуна і Бардачова далучыліся падпісанты за рэжым, якія танчылі ў «бульба-дэнсе»

Лёс барысаўцаў будзе вырашаць мінскі дынамавец.

Аўтар — bytribuna com
14 сакавіка 2023, 18:46
19
Мінспорту Лукашэнкі ладзіць рэпрэсіі супраць БАТЭ: да Драгуна і Бардачова далучыліся падпісанты за рэжым, якія танчылі ў «бульба-дэнсе»

У суботу, 18 сакавіка, БАТЭ распачне чэмпіянат Беларусі-2023 матчам у Гомелі. Да яго каманда падыходзіла ў прыўзнятым настроі – на фоне ўпэўненай перамогі над «Белшынай» у чвэрцьфінале Кубку (10:0 па суме двух матчаў). Аднак сітуацыя раптоўна змянілася. Напярэдадні першага тура па палітычных матывах БАТЭ застаўся ажно без пяцёх гульцоў, прычым чатыры з іх – прадстаўнікі асноўнага складу. І калі Станіслаў Драгун і Максім Бардачоў ужо даўно «па-за гульнёй», то раптоўна да іх далучыліся яшчэ трое – тыя, хто, здавалася, ужо загладзіў свае «правіны» перад чыноўнікамі ўдзелам у патрыятычных акцыях. Але пакуль не дапамагло.

Патрапілі ў «спіс», але гулялі ў Кубку

Зусім нядаўна БАТЭ правёў два паядынкі чвэрцьфіналу Кубка Беларусі. Каманда лёгка разабралася з «Белшынай», двойчы перамогшы па 5:0. За гэтымі матчамі з боку назіралі абаронца Максім Бардачоў і паўабаронца Станіслаў Драгун. Як стала вядома яшчэ да паядынкаў, міністэрства спорту Лукашэнку забараніла заключаць з гэтымі гульцамі кантракты, бо яны публічна выступілі супраць гвалту ў верасні 2020-га. Цяпер будучыня футбалістаў залежыць ад нейкай "спецыяльнай камісіі", што створаная для тых, хто трапіў у чорны спіс па палітычных матывах.

Зрэшты, у складзе БАТЭ ёсць і іншыя непажаданыя рэжыму гульцы, якія разам з калегамі асудзілі гвалт над беларусамі пасля выбараў. Гэта варатар Дзяніс Шчарбіцкі, абаронца Даніла Нячаеў і паўабаронца Дзмітрый Бяссмертны.

Галкіпер аднаўляецца пасля аперацый і перанесенай траўмы, а вось двое іншых ужо нават уступілі ў сезон-2023. Нячаеў правёў 90 хвілін у першым матчы з «Белшынай» і вызначыўся галявой перадачай - калі на 34-й хвіліне Валерый Грамыка рабіў лік 3:0 (адзнака 2:32).

Бяссмертны таксама паўдзельнічаў толькі ў першым паядынку, але выніковымі баламі не адзначыўся.

У аўторак «Трыбуне» стала вядома, што Нячаеў, Бяссмертны і Шчарбіцкі звольненыя з БАТЭ - з імі было загадана разарваць кантракты. Гэтыя трое папоўнілі групу патэнцыйных гульцоў барысаўскага клуба з незразумелым статутам. Усе прайшлі поўную перадсезонку, а цяпер, атрымліваецца, пазбавіліся права выступаць.

Таксама паведамляецца, што ў БАТЭ да гэтага часу не ўзгоднены план развіцця - менавіта ён дазваляе атрымліваць падтрымку з дзяржбюджэту.

Якая будучыня чакае футбалістаў?

Калі перад кубкавымі матчамі лукашэнкаўскае міністэрства прыбірала дзясятак гульцоў з розных каманд, яно патлумачыла, што лёс рэпрэсаваных вырашыць «спецыяльная камісія». Праўда, тэрміны яе пасяджэння тады не былі названы, і спартсмены дагэтуль чакаюць рашэння па сваёй будучыні.

Што да перспектыў гульцоў БАТЭ, то тут, як удалося даведацца «Трыбуне», яснасці крыху больш. Па нашых звестках, усе пяцёра дакладна прапусцяць першы тур чэмпіянату краіны. Нагадаем, 18 сакавіка "жоўта-сінія" згуляюць у гасцях з "Гомелем".

Ужо следам адбудзецца паседжанне той самай «спецыяльнай камісіі», куды будуць запрошаныя футбалісты (паасобку ці ўсе разам - гэта пакуль пытанне). Там "чыноўнікі" разам з мінскім дынамаўцам Антонам Пуцілам, які з'яўляецца членам камісіі, будуць вырашаць, што рабіць з непажаданымі гульцамі. У футбольных колах сумняюцца, што ўсю пяцёрку пакінуць па-за спортам, але і ўва ўсеагульны допуск таксама не вераць.

Зусім нядаўна некаторыя з рэпрэсаваных рабілі ўсё, каб атрымаць прабачэнне лукашыстаў. Нячаеў і Бяссмертны, напрыклад, у красавіку 2021-га падпісалі праўладны ліст - роўна праз паўтара года пасля таго, як асудзілі гвалт рэжыму. У снежні 2022-га Нячаеў і Бяссмертны лавілі «бульбу Лукашэнкi» ў кліпе на песню, якую напісала нявестка дыктатара.

А ў пачатку 2023-га яны разам з іншым фігурантам «чорнага спісу» Бардачовым віншавалі рэжымнае "кіраўніцтва" Мінскай вобласці з 75-годдзем рэгіёна.

Кім трэнерскі штаб можа замяніць гульцоў?

Можна сказаць, што галава ў трэнераў каманды не будзе балець толькі па адной пазіцыі - варатарскай. Шчарбіцкі ўжо даўно не выходзіў на поле (апошні матч правёў 21 жніўня 2022-га). У апошнія сезоны Дзяніс у асноўным лечыцца, а не гуляе. За гэты час званне першага нумара трывала захапіў 19-гадовы Андрэй Кудравец. У гэтым сезоне падпісант за Лукашэнку згуляў першы матч з «Белшынай», а другі правёў на лаўцы запасных, назіраючы за гульнёй 21-гадовага Вячаслава Дзергачова, якому далi свой шанц.

Што да Нячаева, то на яго месца Кірыл Альшэўскі можа адправіць, напрыклад, 22-гадовага Яраслава Арашкевіча. Прынамсі менавіта да такой ратацыі на правым флангу абароны трэнерскі штаб звярнуўся ў паядынку ў адказ з «Белшынай». Экс-гулец "Руху" і брэсцкага "Дынама" супраць "шыннікаў" правёў 90 хвілін і выніковымі баламі не вызначыўся.

Бяссмертны ў першым матчы з «Белшынай» дзейнічаў на пазіцыі правага хаўбека. У сустрэчы ў адказ на яго месца пайшоў 22-гадовы Ілля Васілевіч. Ён згуляў поўны матч і вызначыўся асістам пры першым узяцці варот у выкананні Дзяніса Лапцева (адзнака 5:26).

Акрамя Васілевіча справа можа згуляць 22-гадовы Мікіта Някрасаў. У сезоне-2022 у "вышцы" паўабаронца тройчы быў задзейнічаны на гэтай пазіцыі. Таксама не варта забывацца і пра навічка БАТЭ Дзмітрыя Анцілеўскага, які вось толькі папоўніў «жоўта-сініх». Для яго роля правага хава таксама не новая.

Без Драгуна і Бардачова Альшэўскі змушаны быў абыходзіцца ў гэтым сезоне ўжо двойчы. Разумеючы, што будучыня абодвух вельмі туманная, трэнерскі штаб актыўна шукае варыянты. Бардачоў, напрыклад, у БАТЭ выкарыстоўваецца ў цэнтры абароны, але і без яго там ёсць выбар - праўда, досыць сціплы. Гэта і падпісант за Лукашэнку Захар Волкаў, які вярнуўся ў клуб, і сенегалец Сідзі Банэ, і расіянін Аляксандр Мартынаў. Усе трое даволі ўпэўнена згулялі супраць "Белшыны". Афрыканец нават адзначыўся голам у матчы ў адказ.

Пазіцыя Драгуна таксама не выглядае дэфіцытнай колькасна. На яе прэтэндуюць Валерый Грамыка, Дзяніс Грачыха, Сяргей Волкаў і серб Сеад Ісламавіч. Першыя трое ўжо набралі выніковыя балы ў сезоне-2023. Грамыка аформіў дубль у першым матчы з «Белшынай», у другім аддаў галявую перадачу. Грачыха ў першым паядынку запісаў у актыў асістэнцкі хет-трык. Ну а Волкаў у другой сустрэчы зрабіў лік 5:0.

Фота: fcbate.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты