Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Унікальны выпадак – БАТЭ вярнуў калісьці непатрэбнага гульца: прайграваў фінал Кубка, ездзіў з Крывушэнкам у Тайланд, стаў чэмпіёнам за мяжой

Унікальны выпадак – БАТЭ вярнуў калісьці непатрэбнага гульца: прайграваў фінал Кубка, ездзіў з Крывушэнкам у Тайланд, стаў чэмпіёнам за мяжой

Камбэк праз пяць гадоў.

Аўтар — bytribuna com
17 сакавіка 2023, 09:14
4
Унікальны выпадак – БАТЭ вярнуў калісьці непатрэбнага гульца: прайграваў фінал Кубка, ездзіў з Крывушэнкам у Тайланд, стаў чэмпіёнам за мяжой

У аўторак БАТЭ аб'явіў пра сваё чарговае падпісанне. Футбалістам «жоўта-сініх» стаў 25-гадовы разнапланавы гулец атакі Дзмітрый Анцілеўскі. Кантракт навічка з барысаўчанамі разлічаны да канца 2023 года.

Відаць, у складзе БАТЭ Анцілеўскі заменіць на правым флангу атакi Дзмітрыя Бяссмертнага. Падпісант прарэжымнага ліста трапіў у «чорны спіс» Мінспорту Лукашэнкi, з-за чаго барысаўчанам загадалі адмовіцца ад паслуг паўабаронцы, хаця ён і паспеў выйсці на поле ў 2023-м.

Прафесійную кар'еру Анцілеўскі пачынаў якраз у БАТЭ. Аднак з часам у клубе перасталі бачыць перспектыву ў нападаючым і без перашкод адправілі на вольны хлеб. Складана ўспомніць які-небудзь іншы выпадак, каб у Барысаў пераходзіў футбаліст, які калісьці аказаўся непатрэбным «жоўта-сінім».

Расказваем, як складалася кар'ера футбаліста да цяперашняга кантракта.

З БАТЭ прайграў фінал Кубка, а замест галоўнага шанцу атрымаў арэнду

Свой футбольны шлях Анцілеўскі пачынаў у школе МТЗ-РІПА. Займаючыся футболам, Дзмiтрый марыў стаць супрацоўнікам міліцыі, аднак спорт пераважыў. Хлопец выклікаўся ў юнацкія зборныя Беларусі, а ў 2014-м, калі споўнілася 16, апынуўся ў дублі БАТЭ, які трэніраваў Віталь Рагожкін. Першы час коўч выпускаў нападаючага з лавы запасных, але затым пачаў давяраць месца ў стартавым складзе. У выніку за сезон-2014 Анцiлеўскі правёў 23 матчы за дубль «жоўта-сініх», забіўшы сціплыя тры мячы.

Паралельна хлопец паспяваў гуляць за маладзёжку БАТЭ ў Юнацкай лізе УЕФА. Там Дзмітрый тройчы выходзіў у старце на фланг атакі супраць «Порту» (0:2), «Атлетыка» (1:2) і данецкага «Шахцёра» (1:4), але забітымі мячамі не адзначаўся. Пры гэтым тагачасны галоўны трэнер першай каманды Аляксандр Ермаковіч уключыў форварда ў заяўку на матч 1/8 фіналу Кубка Беларусі супраць «Слуцка» (2:1 ДЧ), але на полі Анцілеўскі не з'явіўся.

У 2015-м выніковасць футбаліста ў дублі падрасла – 10 галоў у 22 матчах. Паралельна Дзмітрыя пачалі прыцягваць да трэніровак з асновай і нават выпусцілі на 27 хвілін у сустрэчы ў адказ 1/8 фіналу Кубка Беларусі з «Гранітам» (3:1). У 2015-м Анцiлеўскі таксама правёў усе шэсць матчаў у групе Юнацкай лігі УЕФА, дзе сваім голам прынёс нічыю з «Баерам» (1:1).

З перспектыўным гульцом працягнулі кантракт, і ў 2016-м Анцiлеўскі забіў шэсць мячоў у 17 матчах чэмпіянату дублёраў. А за аснову выйшаў у прайграным фінале Кубка Беларусі-2015/16 супраць «Тарпеда-БелАЗ» (2:2, пен. 2:3) на 115-й хвіліне (выконваць 11-метровы не прыйшлося). У канцы года, калі БАТЭ датэрмінова афармляў чэмпіёнства, Ермаковіч выпускаў Анцiлеўскага з лаўкі ў чатырох матчах вышэйшай лігі.

У студзені 2017-га ў БАТЭ засталіся ўсяго два нападаючыя – Віталь Радзівонаў і Анцiлеўскі. Здавалася, што ў 19-гадовага форварда ёсць выдатны шанц праявіць сябе ў наймацнейшай каманды краіны, аднак БАТЭ падпісаў Анеса Рушавіча і Ясэ Туомінена, а Анцілеўскага адправіў у арэнду ў тады вышэйшылiгавы «Дняпро». Галоўны трэнер магілёўцаў Аляксандр Сяднёў выпускаў Дзмітрыя пераважна на замену – за сезон атрымалася 19 матчаў і 0+2 па «гол+пас».

Улетку 2017-га футбаліст нечакана апынуўся ў спісе выкліканых у зборную Беларусі (склад збіралі толькі з беларускіх клубаў) на Кубак караля ў Тайландзе. Там Ігар Крывушэнка з першых хвілін выпусціў Анцілеўскага ў фінальным матчы супраць гаспадароў (0:0, пен. 4:5) і замяніў па ходзе другога тайма. Але ў Барысаве ўсім гэтым не ўразіліся. У пачатку 2018-га Радзівонаў, ужо будучы спартыўным дырэктарам БАТЭ, не стаў прапаноўваць Анцiлеўскаму новы кантракт з «жоўта-сінімі».

Быў не патрэбны «Дынама», стаў лідарам у Жодзіне

На рынку свабодных агентаў Анцiлеўскага падхапіў «Мiнск». Але час там аказаўся нядоўгім – у ЧБ-2018 форвард бліснуў, аформіўшы 4 галы і 5 асістаў у 16 матчах, чым звярнуў на сябе ўвагу мінскага «Дынама», якое ўжо летам выкупіла правы на футбаліста.

У яшчэ адным беларускім топ-клубе ў Анцiлеўскага зноў не атрымалася сябе праявіць. За год з невялікім у «Дынама» нападаючы не карыстаўся асаблiвым даверам ні Сяргея Гурэнкі, ні Рамана Піліпчука, правёўшы сціплыя 12 матчаў ва ўсіх турнірах. Анцiлеўскі растаўся з клубам яшчэ да канца сезона-2019 – у кастрычніку.

2020-ы футбаліст пачаў у «Тарпеда-БелАЗ». Там ён затрымаўся на два сезоны і за гэты час не толькі стаў адным з лідараў «аўтазаводцаў» (16+10 за 59 матчаў ва ўсіх турнірах) і бронзавым прызёрам ЧБ, але і пачаў выклікацца ў зборную Беларусі, за якую ў названы прамежак правёў восем паядынкаў.

У канцы 2021-га ў Анцілеўскага скончыўся кантракт з жодзінцамі. Паведамлялася, што футбаліст мог працягнуць кар'еру ў Расіі (маскоўскім «Тарпеда» ці «Крылах Саветаў»), але ў выніку Дзмiтрый апынуўся ў Грузіі, падпiсаўшы гадавы кантракт з тбіліскім «Дынама». Там Анцілеўскага часцей за ўсё выкарыстоўвалі на правым краі атакі. У 24 гульнях мясцовай лігі ён забіў тры мячы і аддаў тры галявыя перадачы, якімі дапамог «Дынама» вярнуць чэмпіёнскі тытул. Таксама на рахунку Анцiлеўскага па голе ў Лізе канферэнцый і Кубку Грузіі.

У студзені «Дынама» паведаміла пра раставанне з Анцiлеўскім, развітаўшыся з футбалістам у сацсетках на беларускай мове. Нападаючы далучыўся да БАТЭ ў сярэдзіне лютага – як аказалася, каб праз месяц падпісаць са сваім першым прафесійным клубам у кар'еры яшчэ адзін кантракт.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты