Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Стаў дыпламаваным фітнес-трэнерам, не затрымаўся ў «Краснадары», вярнуўся на поле з экс-партнёрамі па зборнай. Куды знік абаронца, які раз'юшваў Мілеўскага

Стаў дыпламаваным фітнес-трэнерам, не затрымаўся ў «Краснадары», вярнуўся на поле з экс-партнёрамі па зборнай. Куды знік абаронца, які раз'юшваў Мілеўскага

Скончыў кар'еру ў 34 і заняўся самаразвіццём.

Аўтар — bytribuna com
20 сакавіка 2023, 10:17
Стаў дыпламаваным фітнес-трэнерам, не затрымаўся ў «Краснадары», вярнуўся на поле з экс-партнёрамі па зборнай. Куды знік абаронца, які раз'юшваў Мілеўскага

У сучасным футболе сустрэць гульца, які паказвае нядрэнны ўзровень нават пасля 35, дастаткова лёгка. Але бывае і так: чалавек яшчэ здольны вельмі прыстойна гуляць, мае нядрэнную форму, але раптам вырашае сысці на "пенсію". Такое можа здарыцца нават у чэмпіянаце Беларусі, дзе прынята трымацца за кар'еру да апошняга. Яскравы прыклад - экс-абаронца зборнай Беларусі і шэрагу айчынных клубаў і каманд Расіі і Казахстана Ігар Шытаў, які павесіў буцы на цвік у кастрычніку 2021-га, калі яму было 34.

Расказваем, чым займаецца з таго часу былы футбаліст.

Чым запомніўся ў якасці гульца?

Ураджэнец Полацка футбольную адукацыю атрымліваў у ДзЮСШ роднага горада, але яшчэ ў юнацтве патрапіў у сістэму мінскага «Дынама». Там далей дубля не прабіўся і спачатку патрапіў у жодзінскае «Тарпеда» на арэндны кантракт, а пасля застаўся на сталай аснове. Больш за 70 матчаў, некалькі галоў і заслужанае запрашэнне ў БАТЭ, які да таго моманту ўжо стаў безумоўным лідарам беларускага футбола і здолеў дэбютаваць у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Барысаўцы аддалі за абаронцу 350 тысяч еўра, што стала самым дарагім трансферам "жоўта-сініх" на той момант.

З БАТЭ Шытаў стаў двухразовым чэмпіёнам Беларусі, перамагаў у Кубку і Суперкубку краіны, заслужыў званне найлепшага абаронцы ЧБ у 2009 годзе. Ну і два сезоны запар гуляў у групавых этапах Лігі Еўропы, дзе паспеў раз'юшыць Арцёма Мілеўскага фразай пра тое, што ад кіеўскага «Дынама» засталося толькі імя. У дадатак да ўсяго менавіта падчас барысаўскага этапу кар'еры Ігар дэбютаваў у зборнай Беларусі - запрасіў 21-гадовага выканаўцу Бернд Штанге. У далейшым ён правёў за "нацыяналку" больш за 60 матчаў і забіў адзін мяч (у таварняку з фінамі ў 2008 годзе).

У жніўні 2011-га беларус перабраўся ў маскоўскае "Дынама" за 1,5 мільёна еўра пры садзейнічанні агента Мікалая Шпілеўскага, падпісаўшы чатырохгадовы кантракт. Зрабіў гэта футбаліст паміж першым матчам і матчам у адказ БАТЭ са «Штурмам» у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Сваё рашэнне абаронца тлумачыў адсутнасцю матывацыі, бояззю атрымаць траўму і тым, што «думамі ўжо ў Маскве».

Але там не пайшло: усяго чатыры матчы за аснову і хуткая арэнда ў «Мардовію», дзе ў выніку беларус і гуляў да 2016 года (у клуб з Саранска Шытаў у 2014-м перайшоў на пастаянку, скасаваўшы кантракт з масквічамі).

Пасля Расіі быў Казахстан, дзе беларус выступаў за "Астану" і з ёй стаў двухразовым чэмпіёнам, а таксама ўладальнікам Кубка і Суперкубка. Адным з самых запамінальных эпізодаў у казахстанскай кар'еры Шытава стаў аўтагол у матчы плей-оф ЛЧ з "Селтыкам" (беларус тады зрабіў лік 0:5).

Завяршаў жа футбольны шлях абаронца на Радзіме - у мінскім «Дынама». Праз месяц пасля пераходу гулец правёў знакамітыя матчы з "Зенітам" (4:0, 1:8) і пасля іх прасіў прабачэння ў заўзятараў за ганьбу ў Піцеры. Праўда, запомніўся футбаліст не толькі паўсотняй матчаў за тры гады, капітанскай павязкай, але і высылкай у дубль па рашэнні Сяргея Гурэнкі - праз сутычку з аднаклубнікам Аляксеем Рыасам. Трэнер нават настойваў на скасаванні кантракта з гульцом, але сышоў Гурэнка, а Шытаў вярнуўся ў аснову ўжо пры Леанідзе Кучуку, пагуляў затым пры Арцёме Чалядзінскім і ў кастрычніку 2021-га, праз месяц пасля заканчэння кантракта з "бела-блакітнымі", завяршыў кар'еру. Да таго моманту за плячыма Шытава было ўжо амаль 400 паядынкаў за амаль 20 гадоў на прафесійным узроўні, 35 балаў па сістэме «гол + пас» (10 + 25) і дастаткова багатая калекцыя тытулаў.

Яшчэ калі быў гульцом, стаў дыпламаваным фітнес-інструктарам.

Пасля завяршэння кар'еры Шытаў на некаторы час адышоў ад футбола, ды і наогул выпаў з поля зроку. Рэдкія пасты ў Instagram намякалі толькі на тое, што жыццё абаронцы ніяк не звязанае са спортам - працякае ў коле сям'і і сяброў.

Паралельна з гэтым Ігар падцягваў свой англійскі на моўных курсах і займаўся пошукам працы. Балазе глебу для гэтага ён падрыхтаваў яшчэ падчас гульнявой кар'еры. Абаронца прайшоў прафесійную перападрыхтоўку па праграме «Персанальны трэнер катэгорыі «Майстар» на базе маскоўскай установы «Ліцэй «Навуковы фітнес». Навучанне Шытава доўжылася 333 гадзіны, прыйшлося нават абараняць дыплом. Рашэнне атэстацыйнай камісіі аб прысваенні спецыялізацыі футбалісту было прынята ў маі 2021-га. Дыплом даў права Шытаву працаваць у сферы фітнесу.

На сайце ліцэя сказана, многія выкладчыкі там маюць званні дактароў медыцынскіх і псіхалагічных навук, ёсць прафесары Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, чэмпіёны і прызёры топ-турніраў у розных відах адзінаборстваў, аўтары навуковых прац. А кошт курса (у залежнасці ад спецыялізацыі навучанне можа расцягвацца на некалькі месяцаў) даходзіць да чатырох тысяч долараў.

Ігар жа атрымаў дыпломы пасля заканчэння курсаў «Майстар трэніровак для жанчын», «Першая даўрачэбная дапамога», «Майстар функцыянальнага трэнінгу», «Біяхімічныя аналізы ў працы персанальнага трэнера» і «Дыягностыка ў фітнесе».

Перабраўся ў «Краснадар-2», але вярнуўся на Радзіму праз сям'ю

Нягледзячы на наяўнасць дыпломаў, пасля заканчэння кар'еры Шытаў некаторае не меў афіцыйнай працы - пакуль у чэрвені 2022-га не ўвайшоў у трэнерскі штаб расійскага «Краснадара-2». У дублі "быкоў" Шытаў быў трэнерам па агульнафізічнай падрыхтоўцы.

Да таго часу Расія ўжо некалькі месяцаў вяла вайну супраць Украіны, і гэта ў нейкай ступені адбілася на далейшай кар'еры беларуса. Як удалося высветліць, у Краснадар Шытаў пераехаў без сям'і, без дзяцей, быў заняты выключна работай з футбалістамі. Аднак праз пару месяцаў пасля падпісання кантракта з "быкамі" прыняў рашэнне вярнуцца на Радзіму. Экс-футбаліст проста стаміўся знаходзіцца ўдалечыні ад родных, а перавезці сям'ю не мог праз лагістычныя праблемы. Яшчэ вясной аэрапорты на поўдні Расіі, у тым ліку ў Краснадары, закрылі.

Праца ў фітнес-лабараторыі з гульцамі "вышкі", удзел у медыйнай лізе

Пасля вяртання ў Беларусь Шытаў актыўна ўдасканальваў скілы ва ўзняцці штангі, пра што сведчаць шматлікія ролікі ў Instagram. А без працы заставаўся зусім нядоўга - зноў аказалася запатрабаванай адукацыя ў сферы фітнесу. Шытаў стаў трэнерам па АФП у адным з медычных цэнтраў Мінска. Сярод кліентаў Ігара, напрыклад, экс-партнёр па зборнай Беларусі Станіслаў Драгун. Працуюць пад кіраўніцтвам Шытава і некаторыя іншыя футбалісты «вышкі» - напрыклад, Дзмітрый Бага.

Ну, а яшчэ экс-абаронца вярнуўся на футбольнае поле. У кастрычніку Шытаў стаў гульцом каманды GOATS у Медыйнай футбольнай лізе Расіі. Разам з ім заявіліся і Віталь Булыга, і Вячаслаў Глеб. GOAT - абрэвіятура ад выразу greatest of all time (у перакладзе з англійскай - найвялікшы ўсіх часоў), а ў літаральным перакладзе goats - казлы, менавіта так называюць каманду ў лізе, а яна сваю назву абыграла тым, што выйшла на перадматчавае вітанне з жывым казлом.

Галоўная фішка каманды - наяўнасць у складзе вядомых сярод расійскай моладзі рэпераў, цік-токераў і відэаблогераў. Перад другім турам "казлы" абвясцілі пра падпісанне кантракту з вядомым амерыканскім рэперам 6ix9ine (21,6 мільёна падпісчыкаў у Instagram), але за каманду ён так і не згуляў, праз пару дзён з'ехаўшы з Расіі.

Што тычыцца Шытава, то на яго рахунку ёсць выніковыя балы. Напрыклад, у лістападаўскім матчы з Watch TV ён адкрыў лік, замкнуўшы перадачу паслякутняга. Другі мяч у той сустрэчы забіў Вячаслаў Глеб, а "казлы" перамаглі 3:2.

Ну а зусім нядаўна прозвішча Шытава ўсплыло ў іншай гісторыі. Ігар разам з былымі калегамі Алегам Верацілам і Антонам Пуцілам і жонкай Ягора Філіпенкі судзяцца з экс-супрацоўнікам мінскага «Дынама» Аляксандрам Касачом, які падмануў іх на 700 тысяч долараў.

Фота: Instagram

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты