Швейцарыя не заўважыла беларускіх футбалістаў на полі, але ў краіне хочуць для іх поўнага бана – пасля пікета пры УЕФА рыхтуюць новыя дзеянні
Пакуль швейцарская федэрацыя заяўляе, што «спорт па-за палітыкай».
Беларускі рэжым даўным-даўно ўмешваецца ў справы беларускага футбола, а ў апошнія гады кантроль стаў відавочным – здабыча подпісаў пад прарэжымным лістом, баны для непажаданых і гэтак далей. Аднак УЕФА і ФІФА, якія на словах стаяць за поўную незалежнасць футбола ад дзяржавы, паспяхова заплюшчваюць на гэта вочы – а 22 сакавіка прадстаўнікі арганізацый прыехалі на загадзя распісаныя па сцэнарыi рэжыму «выбары» кіраўніка АБФФ, дзе расхвальвалі Уладзіміра Базанава плюс не заўважалі парушэнняў федэрацыяй свайго ж статута проста падчас «галасавання».
Увогуле, на дадзены момант зборныя Беларусі працягваюць сваё выступленне ў адборах да чэмпіянатаў Еўропы. Зрэшты, галоўныя з іх паказалі сваю «сілу» са старту: «маладзёжка» не змагла забіць Андоры, а першая каманда была разгромлена Швейцарыяй 0:5.
У сувязі з трапленнем Беларусі ў адну групу са Швейцарыяй, дзе якраз знаходзіцца штаб-кватэра УЕФА, да кіраўніка саюза Аляксандэра Чэферына з адкрытымі лістамі за адхіленне беларускай каманды звярталіся 30 швейцарскіх дэпутатаў, якіх падтрымалі 46 дэпутатаў Бундэстага і больш за 100 дэпутатаў Еўрапарламента. У выніку УЕФА нават абяцаў абмеркаваць выключэнне на паседжанні ў Лісабоне 4 красавіка – але гэта пакуль выглядае як адпіска.
Аднак ёсць людзі, якія ў гэтым пытанні маюць намер змагацца да канца. За дзень да матча Швейцарыя – Беларусь швейцарскія журналісты і праваабаронцы, а таксама былая беларуская палітвязнiца Вольга Класкоўская правялі акцыю пратэсту ля штаб-кватэры УЕФА і перадалі прадстаўніку арганізацыі петыцыю за бан Беларусі, якая сабрала больш за 17 тысяч подпісаў.
На пытанні пра прычыны акцыі, а таксама стаўленне ў Швейцарыі да сітуацыі з Беларуссю і УЕФА для «Трыбуны» пагадзіўся адказаць адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў акцыі Ларс Бюнгер, старшыня швейцарскага падраздзялення міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco.
– Як да матчу Швейцарыі і Беларусі паставіліся швейцарскія журналісты, эксперты?
– Я гаварыў з некаторымі аўтарытэтнымі спартыўнымі журналістамі, мы звязваліся з рознымі СМІ – яны адкрыты да нашых прапаноў, цікавяцца гэтай тэмай. Але быў і не самы прыязны адказ ад журналіста спартыўнага аддзела швейцарскага тэлебачання. Што я напісаў яму? Электронны ліст, дзе я выказаў меркаванне, што тэлеаўдыторыі будзе цікава даведацца, чаму гэтая гульня праходзіць не ў Беларусі і без гледачоў на стадыёне, прапанаваў расказаць нейкія факты пра Беларусь, пра палітвязняў, у тым ліку пра лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, напісаў, што гэта магло б стаць выдатным знакам салідарнасці з народам Беларусі. З-за танальнасці адказу я быў крыху шакаваны і засмучаны. Але я звязаўся са знаёмымі з іншага аддзела, яны папрасілі прабачэння за інцыдэнт і паабяцалі паспрабаваць узяць гэтую тэму сабе. Магчыма, і журналіст са спартыўнага аддзела яшчэ зменіць сваё меркаванне.
Таксама я размаўляў з некаторымі футбольнымі экспертамі ў Швейцарыі, і яны папярэдзілі мяне, што на якую-небудзь дапамогу ад футбольнай федэрацыі вельмі мала шанцаў. Але мы даслалі e-mail у Швейцарскі футбольны саюз: патлумачылі сутнасць нашай кампаніі, выказалі меркаванне, што яны маглі б пасадзейнічаць у тым, каб беларускую каманду адхілілі, прапанавалі сустрэцца і абмеркаваць падрабязней няспынныя рэпрэсіі ў Беларусі супраць звычайных людзей у цэлым і футбалістаў у прыватнасці. Адказ федэрацыі быў даволі прыязным, але ў ім зусім ясна далі зразумець, што сустрэчы не будзе, бо яны не жадаюць «змешваць спорт і палітыку». Я зноў даслаў ім электронны ліст некалькі дзён таму, але яшчэ не атрымаў адказу.
З такой пазіцыяй федэрацыі вельмі мала шанцаў, што гульцы зборнай Швейцарыі змогуць даведацца больш пра краіну сапернікаў. Але, канешне, мы спадзяемся, што журналісты апублікуюць матэрыялы пра Беларусь (напрыклад, папулярныя парталы blick.ch і 20min.ch ужо зрабілі гэта – Tribuna.com). Плюс мой калега на мінулым тыдні сустрэўся з генеральным дырэктарам аднаго футбольнага клуба ў Швейцарыі, і ён таксама паабяцаў расказаць, як нарэшце дастукацца ў гэтыя зачыненыя дзверы.
Пакуль Беларусь не выключаная з турніру, мы не спынім нашу кампанію. Гульня Швейцарыя – Беларусь зараз запланаваная на кастрычнік, і можна выкарыстаць гэты час, каб распавядаць гісторыі, такія, як пра Аляксандра Івуліна, каб прыцягнуць увагу да праблемы.
– Якімі вы бачыце свае наступныя крокі?
– На наступным тыдні мы падумаем пра тое, што адбылося, абмяркуем наступныя крокі нашай кампаніі. Цяпер мы ведаем значна больш, чым некалькі тыдняў таму. Наступным крокам мог бы стаць зварот у ФІФА і падрыхтоўка некаторых фактаў, якія дакажуць, што беларуская федэрацыя футбола не з'яўляецца незалежнай.
Дарэчы, большасці людзей у Швейцарыі не падабаецца ФІФА, яны думаюць, што гэта карумпаваная арганізацыя. Калі мы зможам апублікаваць некалькі матэрыялаў пра сітуацыю ў Беларусі з футболам і рэпрэсіямі ў буйных медыя, гэта можа аказаць ціск на ФІФА, каб яны нарэшце адрэагавалі.
Таксама мы знаходзімся ў кантакце з членамі парламента па ўсёй Еўропе, так што проста зараз у нас ёсць ужо тры адкрытыя лісты. Але я думаю, што ёсць яшчэ больш людзей, якія маглі б нешта сказаць. Лепш за ўсё, канешне, было б, калі б мы выйшлі на некаторых былых ці дзейных футбалістаў са Швейцарыі, Германіі, Беларусі, каб тыя выступілі з заявай. Такі наш план.
– ФІФА, УЕФА часта кажуць пра каштоўнасцi дэмакратыі, правы чалавека, але гэтыя словы і заявы не выклікаюць даверу, калі бачыш паводзiны гэтых арганізацый.
– Сапраўды. Калі мы пачыналі нашу кампанію, то знайшлі на сайце УЕФА дакумент пра абавязацельствы па правах чалавека. Гэтая папера з выдатнымі словамі, што гэтыя правы павінны быць гарантаваныя ва ўсіх абласцях футбола. Гэта гучыць цудоўна, але патрэбны дзеянні. Такія арганізацыі ўсё яшчэ не дзейнічаюць так, як нам хацелася б – магчыма, з-за недахопу асвятлення беларускай праблемы.
Чэмпіянат Еўропы значна аблягчае нашу задачу, таму што зараз у нас ёсць патрэбная сувязь. Мы былі шчаслівыя, калі Швейцарыя і Беларусь трапілі ў адну групу, бо гэта – яшчэ адна магчымасць дасягнуць нашай галоўнай мэты: павысіць дасведчанасць пра палітычных зняволеных, рэпрэсіi і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Тым больш чэмпіянат Еўропы пройдзе ў Германіі, дзе мы таксама даволі актыўныя, і гэта добры шанц пазнаёміць з сітуацыяй у Беларусі больш людзей і ў Германіі, і ў Швейцарыі.
Самае забаўнае, што некалькі месяцаў таму да нас у Liebereco далучылася супрацоўніца ФІФА. І пасля нашай апошняй сустрэчы яна сказала мне, што ў яе ёсць некаторыя ідэі. Магчыма, як чалавек знутры яна дапаможа нам выкарыстаць усе тыя факты, пра якiя мы даведаліся за апошні час, і давесці іх да ФІФА.