Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Прыгоды спевакоў гімна Лукашэнкі ў Бухарэсце: датычныя да ўсіх галоў суперніка, найгоршы пас вечара, недарэчная жоўтая картка

Прыгоды спевакоў гімна Лукашэнкі ў Бухарэсце: датычныя да ўсіх галоў суперніка, найгоршы пас вечара, недарэчная жоўтая картка

Вакальныя мілошчы.

Аўтар — bytribuna com
29 сакавіка 2023, 13:30
3
Прыгоды спевакоў гімна Лукашэнкі ў Бухарэсце: датычныя да ўсіх галоў суперніка, найгоршы пас вечара, недарэчная жоўтая картка

Зборная Беларусі пачала кваліфікацыю на Еўра-2024 з двух паражэнняў: калі са Швейцарыяй былі беспрасветныя 0:5 пры пустых трыбунах у сербскім Нові-Садзе, то з Румыніяй на выездзе атрымалася не так сумна - усяго 1:2 пры 28 тысячах у Бухарэсце. У АБФФ напэўна зараз правядуць разбор палётаў і знойдуць (а можа, і пакараюць) вінаватых. Але нават тыя функцыянеры, якія не вельмі кемяць у футболе (кажуць, новы кіраўнік белфутбола Мікалай Шарснёў як раз з такіх), ужо ёсць за што прад'явіць гульцам каманды Кандрацьева: неяк зусім яны дрэнна выконваюць гімн перад матчамі. А новы ж бос АБФФ перакананы, што без належнага ідэалагічнага выхавання перамог у спорце не бывае.

Вось маладзёжная зборная стараецца, і вынік ёсць - два ачкі ў стартавых турах пры адсутнасці паражэнняў (хоць нічыю з Андорай цяжка назваць вялікім дасягненнем).

А ў «нацыяналкі» па выніках перадматчавага цырыманіялу адзнаку «здавальняльна» ў графе «патрыятызм» атрымалі адзінкі: Уладзімір Хвашчынскі ледзь прыкметна варушыў вуснамі, а вось падпісант за Лукашэнку Захар Волкаў (здаваў матч, але памілаваны федэрацыяй), а таксама Руслан Хадаркевіч і Арцём Быкаў уклалі ў выкананне куды больш душы.

Ці зарадзіла іх гэта на гульню? Здаецца, недзе нават залішне.

15-я хвіліна. Хадаркевіч здзяйсняе неабавязковы фол на фланзе побач са сваёй штрафной. З яго румыны і адкрыюць лік у матчы.

19-я хвіліна. Хвашчынскі вядзецца на падманны рух Рэзвана Марына і дае яму выканаць падачу ў штрафную, дзе Андрэй Буркэ, добра падладкаваўшыся пад мяч, забівае з-пад Волкава.

Найлепшы футбаліст Беларусі-2022 Хвашчынскі нічым у атацы не запомніўся і ў перапынку быў заменены на Рамана Юзэпчука, які праваліў гульню са швейцарцамі. Характэрна, што перад той гульнёй краёк маскоўскага "Тарпеда" таксама дэманстраваў патрыятызм вакальна.

29-я хвіліна. Хадаркевіч шукае варыянты для працягу атакі, але, не знайшоўшы, вырашае зрабіць перадачу ўпоперак на фланг Уладзіславу Малькевічу метраў так на 17 - выходзіць вельмі недакладна (магчыма, то найгоршы пас вечара). Пры гэтым на абаронцу ніхто ў гэтым моманце не ціснуў.

62-я хвіліна. Пасля страты падпісанта праўладнага ліста спартсменаў Малькевіча румыны спрабуюць арганізаваць контратаку, Хадаркевіч яе перарывае падступным скачком у стылі сапраўднага варатара, за што атрымлівае жоўтую картку.

У цэлым жа, выбар Хадаркевіча гульцом асновы на галоўны матч адбору (гэта характарыстыка Кандрацьева) крыху здзівіў. Мінулай зімой футбаліст змяніў "Шахцёр" на мінскае "Дынама". Матч першага тура ЧБ супраць "Іслачы" ён назіраў з лавы запасных (месца ў цэнтры абароны занялі Сяргей Паліцевіч і Раман Бягуноў, якіх у зборную не паклікалі). А калі лічыць ад сезона-2021, Хадаркевіч правёў у вышэйшай лізе ўсяго 9 паядынкаў (з іх толькі 6 поўных). Гэта не перашкодзіла яму стаць адным з галоўных гаваруноў у зборнай - з таго ж 2021-га даў як мінімум сем інтэрв'ю. Асабліва Хадаркевіч любіць расказваць пра тое, як цешыцца магчымасці прадстаўляць Беларусь (1, 2).

З абаронцаў на лаўцы ў Бухарэсце засталіся Дзяніс Палякоў, Мікіта Сцяпанаў (адзін з лідараў па колькасці гульнявога часу ў леташняй «Іслачы», ужо правёў некалькі матчаў сёлета ў чэмпіянаце Казахстана за «Атырау») і Максім Швяцоў (50 матчаў у вышэйшай. лізе за апошнія два сезоны).

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты