Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Крумкачы» – галоўныя наватары белфутбола: кіраванне заўзятараў, серыял з Івуліным, запрошаная «зорка» і не толькі

«Крумкачы» – галоўныя наватары белфутбола: кіраванне заўзятараў, серыял з Івуліным, запрошаная «зорка» і не толькі

Робяць тое, чаго ніхто больш.

Аўтар — bytribuna com
30 красавіка, 23:59
«Крумкачы» – галоўныя наватары белфутбола: кіраванне заўзятараў, серыял з Івуліным, запрошаная «зорка» і не толькі

«Крумкачы», якія праводзяць новы сезон у Д3, да яго старту прадставілі сваю новую гульнявую форму. На пярэднюю частку джэрсі сёлета нанесеня карта Мінска, на якой адзначаныя стадыёны, на якіх клуб у розны час прымаў супернікаў – РЦАР-БДУ, САК «Алімпійскі» і стадыён «Мінска» на Маякоўскага.

Таксама было абвешчана пра працяг працы сістэмы абанементаў трох відаў. Трэці, «легендарны», коштам 500 рублёў дае права яго ўладальніку выйсці на поле ў афіцыйнай сустрэчы «Крумкачоў». У сезоне-2022 такой магчымасцю скарысталіся два заўзятары – і згулялі за клуб у матчы Д3 супраць «БФСТ «Дынама» (6:1). А пры навядзенні камер смартфонаў выявы на новых абанементах «ажываюць».

Нешта цікавае з сезоннымі білетамі клуб прыдумляе з году ў год.

Абанемент на сезон-2022

Абанемент на сезон-2020

Абанемент на сезон-2019

Абанемент на сезон-2018

Абанемент на сезон-2017

Мы ж прыгадаем, што яшчэ наватарскага прыўнеслі «Крумкачы» ў белфутбол.

Блогер у складзе з серыялам пра жыццё каманды

Мабыць, галоўнай медыйнай актыўнасцю ў гісторыі клуба стала запрашэнне перад стартам сезона-2021 заснавальніка і вядучага YouTube-канала «ЧестнОК» Аляксандра Івуліна са здымкай цэлага серыяла пра яго спробу стаць сапраўдным футбалістам «А Саша выйдет?». У сваіх выпусках блогер распавядаў не толькі пра сябе – Івулін паказваў побыт каманды і па-новаму раскрываў сваіх аднаклубнікаў.

Да таго, як у чэрвені 2021-га носьбіты формы Лукашэнкі кінулі Івуліна за краты, паспела выйсці 9 серый, кожная з якіх збірала па 60 тысяч праглядаў. Да таго моманту блогер-футбаліст так і не дэбютаваў за каманду ў першай лізе, хаця ў апошнім афіцыйным матчы траўня быў вельмі да гэтага блізкі. Затое паспеў забіць мяч у таварыскім матчы супраць «Віліі» з Д3.

Выбар складу заўзятарамі

Так і не згуляў у Д2 Івулін з-за галасавання заўзятараў – яшчэ адной фішкі «Крумкачоў» у 2021-м. Тады перад сезонам клуб абвясцiў пра пачатак супрацоўніцтва з платформай Sportexclub, якую прадстаўляў экс-форвард зборнай Беларусі Віталь Кутузаў – фінансава ўраджэнцу Пінска ў гэтым дапамагаў італьянскі мільярдэр Маўрыцыа Міяна.

Праз дадатак Sportexclub уладальнікі абанементаў у залежнасці ад іх статусу маглі ўплываць на ўнутраныя працэсы ў клубе: удзельнічаць у выбары складу, вызначаць сумы кантрактаў гульцоў і працаўнікоў і не толькі.

Камера ў распранальні і доступ да трэніровак

2021-ы ўвогуле быў годам максімальнай адкрытасці «Крумкачоў». У распранальні каманды былі камеры, якія трансліравалі карцінку да, пасля і ў перапынку матчаў мінчан – балельшчыкі з падпіскай на Sportexclub маглі бачыць анлайн, як каманда настройваецца на матч, радуецца перамогам або перажывае паразы.

Акрамя таго, уладальнікі падпіскі Sportexclub маглі ўжывую глядзець і трэніроўкі «Крумкачоў». У адрозненне ад права заўзятараў уплываць на склад, магчымасць глядзець заняткі не падабалася тагачаснаму галоўнаму трэнеру клуба Алегу Дулубу – ён баяўся, што падгледзець за трэніроўкамі супернікаў за невялікія грошы не адмовяцца ў іншых камандах.

Падпісанне зоркі не з футбола

Медыйнымі хадамі «Крумкачы» займаліся яшчэ на самым пачатку свайго шляху. У чэрвені 2014-га клуб, які толькі пачынаў у Д3, падпісаў сапраўдны кантракт з на той момант гульцом «Вашынгтона» з НХЛ, а зараз прарэжымнікам з каманды Лукашэнкі Міхаілам Грабоўскім. Хакеіст пасля траўмы падтрымліваў форму перад пачаткам новага сезона за акіянам – і сур“ёзна рваўся згуляць у афіцыйным матчы за мінскі клуб.

Да дэбюту ў афіцыйнай сустрэчы, як і ў выпадку з Івуліным, справа так і не дайшла, аднак мiнчане прыцягнулі да сябе дадатковую ўвагу.

Трансляцыі на англійскай мове

У 2020-м у разгар пандэміі каранавіруса Беларусь стала ці не адзінай краінай у свеце, дзе працягвалі выступаць прафесійныя клубы, – у сувязі з гэтым у разы ўзрасла цікавасць да белфутбола з-за мяжы. «Крумкачы» для прыцягнення новай аўдыторыі пачалі весці са сваіх матчаў адразу дзве трансляцыі: да стандартнай на рускай мове дадаліся эфіры на англійскай – ніхто да гэтага ў айчынным футболе такога не рабіў. І матч «Крумкачоў» і «Смаргоні» сабраў ля экранаў больш за чатыры тысячы гледачоў з Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Іспаніі і іншых краін, у той час як радавыя анлайны на рускай мове збіралі максімум пару сотняў.

Раскрыццё бюджэту

Вельмі рэдкае дзеянне для белфутбола рабілі «Крумкачы» і ў фінансавым плане – раскрывалі свой бюджэт на сезон. У канцы 2022-га дырэктар клуба Алег Давідовіч распавёў, што футбольны год каштаваў «Крумкачам» сумы каля 170 тысяч беларускіх рублёў. Таксама функцыянер распавёў, што для падвышэння ў класе бюджэт павінен павялічыцца ў тры разы, але такіх грошай у клубе за міжсезонне не знайшлі, таму срэбны прызёр Д3 яшчэ на год застаўся ў другой лізе.

Краўдфандынг

У 2017-м фінансавыя справы ў «Крумкачоў», на той момант клуба вышэйшай лігі, былі ў зусім ужо сумным стане. Для таго, каб хаця б дагуляць сезон да канца, клуб аб“явіў збор неабходных сродкаў праз краўдфандынгавую платформу. Патрабавалася сабраць 125 тысяч рублёў за два месяцы на пагашэнне запазычанасцяў па заробках, фінансаванне хатніх і выязных матчаў, трэніровачнага працэсу, утрыманне дзіцяча-юнацкіх каманд. З мэтай прасоўвання збораў дзяўчыны-чырлідаркi «Крумкачоў» зладзілі яркую фотасесію.

Клуб сезон у «вышцы» па выніку дайграў, а перад наступным знайшоў інвестара – але федэрацыя была настроена супраць клуба і вымусіла яго спусціцца адразу ў Д3 з рэарганізацыяй у НФК.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты