Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Шкурын правёў класны сезон у Д2 Ізраіля – зараз у яго трафей, статус топ-бамбардзіра і прапановы з больш паспяховых клубаў

Шкурын правёў класны сезон у Д2 Ізраіля – зараз у яго трафей, статус топ-бамбардзіра і прапановы з больш паспяховых клубаў

ЦСКА не збіраўся перашкаджаць.

Аўтар — bytribuna com
27 траўня, 08:00
1
Шкурын правёў класны сезон у Д2 Ізраіля – зараз у яго трафей, статус топ-бамбардзіра і прапановы з больш паспяховых клубаў

У 2019-м форвард Ілля Шкурын стаў найлепшым бамбардзірам ЧБ з 19 мячамі, пасля чаго з'ехаў працягваць кар'еру за мяжу. Атрымлівалася без вялікіх поспехаў – частыя змены каманд, не надта шмат выхадаў на поле. Аднак у сезоне 2022/23 форвард, здаецца, знайшоў сваю каманду – стаў рэгулярна забіваць, чым дапамог ізраільскаму «Макабі» з Петах-Тыквы ўзяць чэмпіёнства ў Д2 і выйсці ў эліту. Няхай гэты поспех і лакальны, парадаваліся за Шкурына многія беларусы – іх у першую чаргу прыцягваюць чалавечыя якасці 23-гадовага футбаліста, які даўно заняў устойлівую пазіцыю супраць зверстваў рэжыму Лукашэнкі і вайны ва Украіне.

Успомнім падрабязней, як склаўся год у Шкурына, і раскажам, якія ў гульца далейшыя планы і перспектывы.

У Ізраілі стаў найлепшым бамбардзірам каманды, але ўлез у канфлікт з заўзятарам

У «Макабі» Шкурын аказаўся ў верасні 2022-га пасля няўдалага арэнднага перыяду ў Польшчы. За чанстахоўскі «Ракаў» Ілля з лютага 2022-га згуляў усяго двойчы, а потым быў адпраўлены ў фарм-клуб з Д4, дзе толькі трэніраваўся. Пры гэтым спробы пагаварыць пра сваю сітуацыю аказаліся беспаспяховымі.

У міжсезонне Ілья вызначыўся хіба што тым, што выйграў Кубак Івуліна ў Варшаве. А ў верасні «Ракаў» датэрмінова скасаваў пагадненне з ЦСКА пра арэнду гульца – і ўжо праз пару дзён было падпісана новае, з «Макабі» Петах-Тыква. Так Шкурын пераехаў у Ізраіль.

Дэбютаваў Ілля за новы клуб 12 верасня ў чацвёртым туры Д2 Ізраіля. Да таго моманту «Макабі» не губляў ачкi, але тут спатыкнуўся – затое Шкурын у нічыйным матчы з «Ірані» Рышон-ле-Цыён адзначыўся голам.

З таго часу Шкурын замацаваўся ў статусе гульца асноўнага складу і працягнуў забіваць, а таксама не раз асіставаў партнёрам. У першых чатырох матчах на рахунку Іллі было 2+2 па «гол+пас» – у выніку беларус быў прызнаны найлепшым гульцом каманды ў верасні.

І далей практычна ў кожным матчы Шкурын набіраў вынiковыя балы. Да сярэдзіны лістапада форвард забіў яшчэ шэсць разоў (адзін – у Кубку), прычым разнастайна – і пасля выхадаў сам-насам, і пасля камбінацый, і проста галавой з навесаў. У пачатку лістапада Шкурын вызначыўся першым дублем, чым прынёс перамогу (2:1) над «Бней Іегудай».

Галы Шкурына – на адзнаках 50:13 и 1:08:41

Неўзабаве добрыя навіны пра беларуса былі разбаўленыя не самай прыемнай. Пасля матчу супраць «Агудат Спорт» (1:2), у якім Ілля зноў забіў, гулец атрымаў чырвоную картку, уступіўшы ў канфлікт з заўзятарамі – яны папракалі ў паразе каманды галкіпера Дані Амаса, а Шкурын стаў абараняць калегу. «Макабі» неўзабаве выступіў з афіцыйнай заявай, у якой папрасіў прабачэння перад фанатамі, а таксама паведаміў, што справы Шкурына і Амаса будуць разгледжаныя на паседжанні клубнага дысцыплінарнага камітэта. Па выніку футбалістам прызначылі штраф у 3000 шэкеляў (прыкладна 900 долараў), а сам Ілля затым сустрэўся з пакрыўджаным фанатам, якому ўручыў футболку клуба. Усё гэта ніяк не перашкодзіла Шкурыну стаць найлепшым футбалістам года па версіі чытачоў Tribuna.com.

У канцы 2022-га ў каманды намеціўся спад, але ў 2023-м яна вярнулася на ранейшыя абароты – у 20 матчах Д2 прайграла ўсяго двойчы (прычым адзін раз ужо ў статусе чэмпіёна). Таксама «Макабі» Шкурына дайшоў да чвэрцьфіналу Кубка Ізраіля. Шкурын на гэтым адрэзку забіў сем мячоў і аформіў два асісты. Форвард не гуляў толькі ў двух матчах, з астатніх толькі два пачаўшы па-за стартам, праводзіў у сярэднім на полі па 65 хвілін. На рахунку Шкурына – дубль у матчы 1 мая супраць «Бней Іегуды» (7:0), які гарантаваў «Макабі» павышэнне ў класе.

Галы Шкурына – на адзнаках 0:55 и 2:21

Пасля таго матча заключныя два туры чэмпіянату Ілля прапусціў, але гэта не перашкодзіла Шкурыну захаваць лідарства ў спісе бамбардзіраў каманды з 15 галамі (за 2424 хвіліны ў 33 матчах). На другім месцы застаўся 23-гадовы паўабаронца з пашпартамі Партугаліі і Ізраіля Арад Бар – 13 мячоў (за 2753 хвіліны ў 34 паядынках).

У спісе бамбардзіраў усёй лігі Шкурын падзяліў трэцяе месца з Эліянам Раханам з «Хапаэля» Кфар-Саба. Затое па трансферным кошце ў Д2 Ізраіля Іллі не было роўных – па ацэнцы Transfermarkt, цяпер форвард каштуе 450 тысяч еўра. Праўда, у пачатку сезона яго ацэньвалі ў 500 тысяч.

Можа застацца там, дзе паказаў сябе, але ёсць больш статусныя прапановы

Некалькі разоў на працягу сезона хадзілі чуткі пра магчымую змену Шкурыным каманды. У снежні 2022-га, напрыклад, агент гульца Валерый Ісаеў расказваў, што па Іллі ёсць прапановы з Расіі, але сам беларус хацеў бы дайграць сезон у Ізраілі.

Арэнднае пагадненне па Шкурыну ў «Макабі» дзейнічае да 30 траўня. Правы на форварда па-ранейшаму належаць маскоўскаму ЦСКА – да 30 чэрвеня 2024 года. З-за вайны ва Украіне Шкурын мог прыпыніць кантракт, але ў сакавіку 2023-га Ісаеў тлумачыў, што гэтым правам футбаліст не скарыстаўся – ЦСКА не перашкаджаў арэндам і не збіраўся перашкаджаць магчымаму пераходу ў іншы клуб.

Па нашай інфармацыі, пакуль што Ілля з'ехаў з Ізраіля на адпачынак у іншую краіну і пра футбольныя пытаннi не думае. У «Макабі» ж зусім не супраць, каб форвард застаўся ў калектыве, што клуб даў зразумець гульцу яшчэ па ходзе сезона. Адзначаецца, што беларус не толькі выдатна зарэкамендаваў сябе ў футбольным плане, але і дзякуючы выдатнаму веданню англійскай мовы хутка ўліўся ў калектыў.

Згадаем таксама, што ў «Макабі» Шкурын быў самым высокааплатным гульцом. Хоць і не сказаць, што заробак быў нечуваным – на ўзроўні «Ракава».

У Шкурына ж пасля выдатнага сезона ёсць і іншыя варыянты працягу кар'еры. Як стала вядома «Трыбуне», да нападаючага праяўляюць цікавасць некалькі клубаў з верхняй часткі табліцы ізраільскага Д1. Таксама ёсць прадметная цікавасць з польскага Д1, дзе бачыць Іллю ў сябе жадаюць два калектывы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты