Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Самы выніковы матч у гісторыі белфутбола: феерыя Бялькевіча (Хац буяніў), выхаванне Туміловіча, вельмі шмат легенд на полі

Самы выніковы матч у гісторыі белфутбола: феерыя Бялькевіча (Хац буяніў), выхаванне Туміловіча, вельмі шмат легенд на полі

Рэкорд, які трымаецца 28 гадоў.

Аўтар — bytribuna com
30 траўня, 23:46
1
Самы выніковы матч у гісторыі белфутбола: феерыя Бялькевіча (Хац буяніў), выхаванне Туміловіча, вельмі шмат легенд на полі

У мінулыя выходныя каманды-фігуранты новай справы аб вельмі дзіўных матчах «Шахцёр» і «Белшына» упершыню з моманту вынясення ім футбольнага прысуду (лукашэнкаўскі суд яшчэ наперадзе) сустрэліся ў вочным супрацьстаянні і зладзілі сапраўдную перастрэлку на «Будаўніку»: на тры галы гасцей «гарнякі » адказалі сямю. Асабліва пастараўся 19-гадовы форвард салігорцаў Ягор Карпіцкі: аформіў хет-трык і дзякуючы гэтаму аднаасобна ўзначаліў спіс снайпераў лігі - у 9 матчах ён мае 10 мячоў.

Гэта трэці матч у гісторыі ЧБ, у якім агулам забіта 10 мячоў. У лістападзе 2006-га МТЗ-РІПА знішчыў «Гомель» на выездзе (8:2, па дублі на свой рахунак запісалі Вячаслаў Глеб і Віталь Тарашчык), а ў лістападзе 2020-га ўсё тая ж «Белшына» буйна саступіла дома брэсцкаму «Руху » (3:7, покер выдаў Усевалад Садоўскі).

Але бывала яшчэ больш горача, праўда, нячаста і вельмі даўно.

Больш за дзесяць галоў у «вышцы» забівалася ўсяго двойчы. З лікам 7:4 скончыўся матч віцебскага "СКБ-Лакаматыва" і "Маладзечна" ў жніўні 1992-га. Там было тры дублі (Юрыя Лагунова і Анатоля Кашубы - у віцябчан, і Віталя Казяка - у маладзечанцаў) і галы маладых Сяргея Ясінскага і Алега Кубарава.

Ну а рэкорд трымаецца ўжо 28 гадоў: 19 чэрвеня 1995 года мінскае "Дынама" і "Гомсельмаш" (сёння па-простаму "Гомель") забілі на дваіх 12 мячоў - матч скончыўся 9:3 на карысць мінчан. Вось чым памятная тая гульня апроч ліку.

Двое са складу «Гомеля» сёння ў кіраўніцтве клуба, у «Дынама» - скрозь легенды белфутбола

Для супернікаў матч перадапошняга тура сезона-1994/95 меў вялікае значэнне. «Дынама» змагалася за чэмпіёнскі тытул: усяго ў адным пункце ззаду знаходзілася віцебская «Дзвіна» (тады за перамогу давалі два балы). "Гомсельмаш" змагаўся за выжыванне, адстаючы ўсяго на адзін пункт ад выратавальнага 14-га месца, дзе размяшчаўся "Шахцёр".

З таго складу «рысяў» самымі значнымі велічынямі для белфутбола з'яўляюцца Віктар Барэль і Васіль Драздоў (падпісант за Лукашэнку). Абодва сёння займаюць пасады ў гомельскім клубе: першы - спартыўны дырэктар, другі - дырэктар.

У «Дынама» ж вядомых асоб куды больш. Генадзь Туміловіч, Аляксандр Лухвіч, Андрэй Астроўскі, Аляксандр Тайкоў, Уладзімір Журавель, Валянцін Бялькевіч, Пётр Качура, Віталь Валадзянкоў, Радзіслаў Арлоўскі, Віталь Варывончык - усе яны выйшлі ў той дзень на газон стадыёна "Дынама", каб парадаваць 700 гледачоў на трыбунах. А вось Аляксандр Хацкевіч усю другую частку сезона прапускаў праз канфлікт з галоўным трэнерам Іванам Шчокіным. Пасля паразы ад мінскага «Тарпеда» малады паўабаронца наўпрост заявіў трэнеру, што зусім не разумее, якога футбола ад яго жадаюць, і дадаў, што не жадае гуляць за каманду - на наступную раніцу ён быў адхілены ад трэнаванняў і гульняў, хоць да таго за 11 матчаў запісаў на свой рахунак сем галоў.

Ужо да дзесятай хвіліны было забіта чатыры мячы

Пачатак выйшаў ашаламляльным для гасцей: ужо да 10-й хвіліны на табло гарэў лік 4:0. На чацвёртай хвіліне лік з перадачы Качуры адкрыў Бялькевіч. На шостай і дзевятай хвілінах сам Качура аформіў дубль з асістаў Антуана Маёрава, а закрыў забойную дзесяціхвілінку мінчукоў усё той жа Бялькевіч – на гэты раз яму адпасаваў Алег Чарняўскі.

Больш у першым тайме «Дынама» не забіла, а вось «Гомсельмаш» размачыў лік намаганнямі Барэля.

Два хет-трыкі (адзін за 6 хвілін) і два незабітыя пенальці

Другі тайм пачаўся з таго ж, з чаго і першы - з гола Бялькевіча на чацвёртай хвіліне. Для 22-гадовага паўабаронцы гэта быў ужо другі хет-трык у кар'еры, а першы ён аформіў годам раней у матчы супраць "Шахцёра" (8:0). Усяго ў кар'еры легендарнага хаўбека было чатыры хет-трыкі: два ў складзе мінскага "Дынама" ў чэмпіянаце Беларусі і два ў складзе кіеўскага "Дынама" ў чэмпіянаце Украіны.

Пасля гала Бялькевіча прыляцеў хуткі адказ гамяльчан: ужо праз хвіліну з перадачы Уладзіміра Пакаташкіна забіў Андрэй Рамізонаў. Галоўны трэнер «бела-блакітных» Іван Шчокін адказаў на гэта трайной заменай: замест Чарняўскага з'явіўся Валадзянкоў, Лухвіча замяніў Арлоўскі, а месца Туміловіча ў варотах заняў Варывончык - галкіпер пачуў ад рулявога багатую крытыку за прапушчаны мяч, а за спробу адказаць быў адпраўлены на лаву запасных.

Іван Шчокін

На наступныя 20 хвілін гульня супакоілася, а зноў выбухнула ў сярэдзіне другога тайма. На 69-й хвіліне перавагу «Дынама» ўмацаваў Дзмітрый Макаранка, які за хвіліну да гэтага замяніў Маёрава. Галявую перадачу аддаў Журавель.

А далей быў бенефіс Яўгена Кашанцава. Ураджэнец Барнаула, які за два тыдні да таго дапамог абгуляць Нідэрланды ў складзе зборнай Беларусі (таксама ў тым матчы з дынамаўцаў выходзілі Тайкоў, Журавель і Качура), за шэсць хвілін паспеў выдаць хет-трык і зрабіць лік 9:2. Рэкорд па хуткастрэльнасці хуткага вінгера быў перабіты толькі праз 10 гадоў, калі Дзмітрый Платонаў з "Зоркі-ВА-БДУ" забіў тры мячы ў вароты "Нафтана" (5:3) за пяць хвілін. У 2014-м дасягненне Платонава паўтарыў Мікалай Януш у матчы "Шахцёра" і мінскага "Дынама" (4:1).

Яўген Кашанцаў

На 82-й хвіліне арбітр Валерый Язевіч паставіў пенальці ў вароты мінчукоў. Да кропкі падышоў Барэль, але яго ўдар Варывончык адбіў - на дабіванне першым паспеў Алег Філатаў. На 90-й хвіліне суддзя зноў паказаў на 11-метровую адметку пасля фолу ў штрафной "Дынама", зноў біў Барэль і зноў не даў рады - на гэты раз не трапіў у створ варот. Лік такім і застаўся - 9:3.

У тым жа туры здарыліся яшчэ два пагромы: мінскае «Тарпеда» забіла сем мячоў без адказу ў вароты віцебскага «Лакаматыва», а «Маладзечна» з лікам 5:0 абгуляла «Шыннік» з Бабруйска.

«Дынама» аформіла чэмпіёнства праз чатыры дні, «Гомсельмаш» не здолеў захаваць прапіску ў эліце

У паралельнай гульні "Дзвіна" абгуляла "Шахцёр" (3:0): для "Дынама" гэта азначала, што лёс тытула будзе вырашаны ў вочнай сустрэчы з віцебчукамі, для "Гомсельмаша" - што шанцы на паратунак захоўваюцца да апошняга тура, у якім неабходна адужаць «Дняпро».

Мінчане са сваёй задачай справіліся: па гале аформілі Качура і Бялькевіч, плюс самастрэл у свой «актыў» запісаў Вадзім Карцаў - упэўненая перамога 3:0 і чацвёртае запар чэмпіёнства «бела-блакітных».

Карцаў у 1997-м з Віцебску пераехаў у Ізраіль, дзе і застаўся жыць. Праз тры гады ў яго нарадзіўся сын Эдэн, які цяпер выступае за нацыянальную зборную Ізраіля (5 матчаў), а са студзеня 2023 года з'яўляецца гульцом турэцкага "Істанбула" - "Макабі" з Нетаньі выручыў на ім 2,3 мільёна еўра.

А вось гамяльчане застацца ў эліце не здолели: іх матч супраць «Дняпра» скончыўся 1:1, але «Шахцёр» абгулящ мінскае «Тарпеда» і не пакінуў «рысям» шанцаў.

Бялькевіч стаў найлепшым гульцом Беларусі, Кашанцаў за прыстойныя грошы з'ехаў у Ізраіль

Бялькевіч з 14 галамі і 15 асістамі стаў найлепшым у чэмпіянаце па «гол+пас», найлепшым гульцом лігі і найлепшым футбалістам Беларусі-1995 - больш у кар'еры ён гэтай узнагароды ні разу не ўшаноўваўся. Разам з Хацкевічам Бялькевіч з'ехаў у кіеўскае "Дынама" ў 1996-м, тады ж у англійскі "Шэфілд Юнайтэд" за 750 тысяч еўра адправіўся Качура.

Кашанцаў, які з 18 галамі стаў другім бамбардзірам ЧБ-1994/95 (наперадзе яго на гол апынуўся мінскі дынамавец-93 Павел Шаўроў), неўзабаве пасля заканчэння чэмпіянату з'ехаў у Ізраіль: тэль-авіўскі "Макабі" заплаціў 220 тысяч еўра - істотныя па тых часах гроша. Тады ж у Ізраіль выправіўся абаронца Тайкоў (падпісаў кантракт з «Макабі» з Герцліі). А вось форвард «Гомсельмаша» Барэль тым летам стаў гульцом «Дынама».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты