У БАТЭ істотна абрэзалі заробкі, гатовыя прадаць Кудраўца за больш сціплыя грошы, чым хацелі год таму, гульцом зборнай Балівіі ніхто не цікавіцца
Адзін чалавек ужо сышоў – яго выкупіў бацька Памідор.
БАТЭ едзе на старых фінансавых запасах, і гэтых запасаў засталося зусім няшмат. Спонсары не могуць працаваць з клубам праз тое, што на гэта не дае дазволу так званы міністр спорту («Трыбуна» расказвала пра гэтую сітуацыю). БАТЭ ўжо страціў футбалістаў з "чорнага спісу", але могуць сысці і тыя, да каго ў лукашыстаў няма пытанняў. І зноў-такі праз грошы - у каманды назапасіліся даўгі перад гульцамі. Больш за тое, гульцам абрэзалі заробкі. Расказваем больш падрабязна пра тое, што гэтымі днямі адбываецца ў Барысаве, і чаму ў выніку ніхто ў гэтае трансфернае акно (адкрываецца 9 ліпеня і закрываецца 5 жніўня) можа не сысці.
Хто ўжо сышоў і хто можа сысці?
Розныя крыніцы гавораць пра магчымыя страты ў складзе БАТЭ. І гэтаму ў дадатак да футбалістаў, якія ўжо пакінулі каманду або знаходзяцца побач з ёй, але не могуць гуляць. Сітуацыя са Станіславам Драгунам з «чорнага спісу» лукашэнкаўскага міністэрства па спорце была навідавоку: якасны паўабаронца, якому забаранілі прафесію, у дзень свайго 35-годдзя абвясціў пра завяршэнне кар'еры. Ягоны брат па няшчасці - 37-гадовы абаронца Максім Бардачоў - яшчэ нядаўна трэніраваўся з камандай, але і гэтага гульца паставілі перад фактам: у беларускім футболе пры лукашызме яму няма месца. Па нашай інфармацыі, Бардачоў таксама блізкі да таго, каб завяршыць кар'еру. Верагоднасць такога сцэнара - 99 працэнтаў.
Дагэтуль БАТЭ не можа разлічваць на іншых «чарнаспісачнікаў», хаця футбалісты і трэніруюцца з калектывам і нават удзельнічаюць у спарынгах. Напрыклад, 11 чэрвеня "жоўта-сінія" правялі "таварняк" з "Арсеналам" (3:1). Адзін з мячоў забіў Дзмітрый Бяссмертны, які, нагадаем, не мае кантракту з клубам. Гэтак жа, як і Даніла Нячаеў і Дзяніс Шчарбіцкі (праўда, яны ў спарынгу не ўдзельнічалі). Усе гэтыя футбалісты працягваюць трэніравацца з камандай, але, па сутнасці, ужо прапусцілі палову сезона і да гэтага часу не ведаюць сваёй будучыні.
Ну а цяпер гавораць пра тое, што БАТЭ можа расстацца з некалькімі важнымі футбалістамі, да якіх у лукашыстаў прэтэнзій няма. Гаворка пра нападаючага Дзмітрыя Анцілеўскага, паўабаронцаў Валерыя Грамыку і Валерыя Бачарова, абаронцаў Уладзіслава Малькевіча і Захара Волкава, а таксама варатара Андрэя Кудраўца.
Усе названыя футбалісты маюць дзейныя кантракты з клубам. У галкіпера ён разлічаны да канца 2024 года, ва ўсіх астатніх - да канца гэтага. Як даведалася "Трыбуна", у цяперашні момант ні ў каго з гэтых гульцоў няма канкрэтных прапаноў ад іншых клубаў. Ды і ў БАТЭ не мае імкнення пазбавіцца ад футбалістаў.
Каталізатар размоў - цяжкае фінансавае становішча. Нядаўна футбалістам абрэзалі заробкі (пра гэта ніжэй), і гэта сярод іншага прывяло да актывацыі агентаў, якія прыступілі да пошукаў больш грашовых і стабільных варыянтаў для сваіх кліентаў.
Пры гэтым у Барысаве гатовыя адпусціць гульцоў, калі паступяць вартыя прапановы. Перш за ўсё - з пункту гледжання фінансаў: клуб вельмі зацікаўлены ў тым, каб зарабіць на сваіх актывах. Вось толькі ў БАТЭ не вельмі вераць, што за гульцоў, у якіх кантракты заканчваюцца практычна праз паўгода і якіх можна забраць бясплатна, нехта прапануе сур'ёзныя грошы. Хоць віртуальныя лічбы на тым жа «Трансфермаркце» цешаць вока. Анцілеўскі там ацэньваецца ў 250 тысяч еўра, Бачароў - у 450 тысяч, Малькевіч - у 550 тысяч, Волкаў - у 600 тысяч.
На Кудраўца стаіць цэннік 700 тысяч еўра - і, мабыць, толькі за яго рэальна нешта атрымаць. БАТЭ быў гатовы прадаць галкіпера яшчэ летам мінулага года - у «Каньяспар». Але туркаў не задаволіў кошт 500 з лішнім тысяч еўра. Сёння, паводле нашай інфармацыі, апетыты кіраўніцтва сталі больш сціплымі, і з футбалістам гатовы расстацца за куды меншую суму.
У аўторак стала вядома, што паўабаронца Цімафей Шаркоўскі з БАТЭ сышоў. 19-гадовы футбаліст - сын таго самага «ценявога вырашалы» у клубе, экс-фаната Сяргея «Памідора» Шаркоўскага.
Кантракт футбаліста, які выступаў за БАТЭ з 2022 года, дзейнічаў да 31 снежня 2023 года, але быў скасаваны датэрмінова. Як даведалася «Трыбуна», гэтаму паспрыяў якраз бацька. Ён выкупіў кантракт у клуба - цяпер Шаркоўскі-сын мае намер працягнуць кар'еру за мяжой. Па нашых звестках, у паўабаронцы ёсць варыянты ў Польшчы і Венгрыі. Адступныя склалі ў разы менш за 100 тысяч еўра, у якія гульца ацэньвае "Трансфермаркт".
Таксама вялікая верагоднасць, што Барысаў у бліжэйшы час пакіне нападаючы Дам'ян Дастаніч. З пачатку чэрвеня 2022-га серб правёў за «жоўта-сініх» 10 матчаў у ЧБ і адзін у Лізе канферэнцый (ніводнага рэзультатыўнага бала). Яшчэ легіянр згуляў шэсць матчаў за дубль , дзе вызначыўся трыма галамі. Кантракт серба з клубам дзейнічае да канца 2024-га, аднак кіраўніцтва БАТЭ вядзе актыўную работу па датэрміновым спыненні супрацы. Трэнерскі штаб на выканаўцу ўвогуле не разлічвае, а клуб, калі граматна растанецца з гульцом, разгрузіць зарплатную ведамасць. Паводле інфармацыі «Трыбуны», заробак выхаванца акадэміі амстэрдамскага «Аякса» складае каля шасці тысяч долараў.
А хто замест?
16 чэрвеня выданне Rueda Deportiva паведаміла, што БАТЭ зацікаўлены ў нападаючым зборнай Балівіі Анры Ваке. Аднак, як нам удалося даведацца, гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці - у Барысаве нават не глядзяць у бок 25-гадовага гульца.
Па звестках нашых крыніц, у выпадку сыходу футбалістаў у летняе трансфернае акно ў БАТЭ могуць вярнуцца некаторыя з тых, хто знаходзіцца цяпер у арэндзе. Найбольш верагодны такі сцэнар для абаронцы "Энергетыка-БДУ" Паўла Пашэвіча. У гэтым сезоне 22-гадовы футбаліст правёў за "студэнтаў" 11 матчаў. Уу Барысаве ўсур'ёз разважаюць пра тое, каб Пашэвіча адклікаць.
Можа зноў апынуцца ў БАТЭ і абаронца Аляксей Шалашнікаў. У гэтым годзе 21-гадовы футбаліст паўдзельнічаў у двух матчах (сумарна 81 хвіліна) «Славіі», але пасля 22 красавіка, калі адбыўся матч з «Белшынай», нават не трэніруецца з калектывам. Па нашых даных, Іван Биончик на гульца не разлічвае, а таму не выключана, што Шалашнікаў вернецца ў Барысаў.
А вось выкарыстанне іншых футбалістаў, якіх БАТЭ аддаў у арэнду, праблематычнае. Хутчэй за ўсё, вярнуць іх не ўдасца.
Уладзіслаў Мялько з'яўляецца адным з асноўных выканаўцаў у "Тарпеда-БелАЗ", і верагоднасць яго з'яўлення ў БАТЭ нашыя суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, расцэньваюць не больш як у адзін працэнт.
Невялікая верагоднасць камбека Нурадына Ідрыса. Паводле нашай інфармацыі, трэнерскі штаб "Смаргоні" зацікаўлены ў паслугах 21-гадовага форварда з Нігерыі як мінімум да канца сезона. Гэтак жа, як і трэнеры «Белшыны» не гараць жаданнем расставацца з абаронцам Мікітам Супрановічам.
Увогуле, перад другой часткай сезона і стартам у Лізе чэмпіёнаў Кірылу Альшэўскаму, магчыма, давядзецца паламаць галаву над тым, кім запоўніць заяўку. Але, яшчэ раз адзначым, далёка не факт, што ў БАТЭ здарыцца масавы адток гульцоў, хаця ўтрымліваць якасных выканаўцаў стала цяжэй, не кажучы ўжо пра запрашэнне новых гульцоў.
А што з грашыма ў клубе?
Жыццё БАТЭ ўскладняюць фінансы, дакладней, іх адсутнасць. «Трыбуна» ужо пісала, што клубу да гэтага часу не падпісалі план развіцця. Хаця, паводле нашых звестак, на ўсіх узроўнях дакумент ужо ўзгоднены. Не дастае апошняга подпісу - так званага міністра Лукашэнкі па спорце Сяргея Кавальчука. Чынуша марудзіць праз наяўнасць у клубе гульцоў з "чорнага спісу", а таксама проста хоча ўскладніць жыццё канкурэнту "Дынама" ў чэмпіёнскай гонцы.
Адпаведна, барысаўцы сёння не могуць разлічваць на спонсарскую дапамогу, жывуць на старых запасах, якія, паводле нашай інфармацыі, блізкія да заканчэння. У мэтах эканоміі БАТЭ нават не спяшаецца вяртацца на «Барысаў-Арэну», дзе арэнда каштуе 8,5 тысяч рублёў за вечар - «Гарадскі» абыходзіцца амаль у тры разы танней.
Па звестках журналіста Уладзіслава Татура, клуб ужо завінаваціўся перад футбалістамі. Як паведамляюць крыніцы «Трыбуны», запазычанасці сапраўды маюцца, і датычацца заробкаў - гульцы не бачылі грошай па кантракце ўжо пару месяцаў. Некаторыя з гэтай нагоды ўжо наўпрост звярталіся да боса клуба Андрэя Капскага, каб высветліць, як і калі сітуацыя вырашыцца. Кіраўнік ад канкрэтных абяцанняў устрымаўся.
Ну а пасля паразы ад «Слуцка» (0:1) 4 чэрвеня калектыву было абвешчана пра значнае скарачэнне заробкаў - тыя ўпалі ў разы. Па звестках нашых крыніц, дайшло да таго, што тыя футбалісты, якія атрымлівалі восем тысяч рублёў, будуць гуляць за паўтары-дзве тысячы. Зроблена гэта і ў якасці пакарання, і ў мэтах эканоміі. Ці часовая гэтая мера, «Трыбуне» гэта высветліць не ўдалося.
Нягледзячы на праблемы, футбалісты працягваюць выкладвацца на трэніроўках, рыхтуючыся да новых матчаў. Па нашых звестках, у глабальным сэнсе атмасфера ў калектыве не змянілася. Так, цяперашні стан рэчаў (як у фінансавым плане, так і ў турнірным) нікога не задавальняе, але ўсе адпрацоўваюць свае кантракты на сто працэнтаў. І гульцы, і трэнерскі штаб поўныя рашучасці выправіць становішча ў табліцы.
У чэмпіянат БАТЭ вяртаецца 25 чэрвеня матчам з "Нафтанам", а ў Лізе чэмпіёнам стартуе ў сярэдзіне ліпеня, дзе супернікам будзе албанскі "Партызані".
Фота: fcbate.by