Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбол/«Жальгірыс» супраць «Басконіі»: два роўных суперніка ў барацьбе за плэй-оф

«Жальгірыс» супраць «Басконіі»: два роўных суперніка ў барацьбе за плэй-оф

Блог — Баскетбол
Аўтар — Скай Волк
10 лютага 2023, 23:37
«Жальгірыс» супраць «Басконіі»: два роўных суперніка ў барацьбе за плэй-оф

Пасля цудоўнай першай паловы студзеня, калі «Жальгірыс» выдаў 9 перамог запар, каманда патрапіла ў моцную турбулентнасць.

Каўнасцы прайгралі 5 матчаў запар, прычым 2 з іх у ЛКЛ. Пасля трох паразаў у Еўралізе літоўцы выпалі з зоны плэй-оф – з 6 на 10 месца. Але гэта толькі па дадатковых паказчыках, таму матч з баскамі вельмі важны – перамога над прамым канкурэнтам можа вярнуць «Жальгірыс» назад у топ-8. Праблема ў тым, што літоўцы дагэтуль гуляюць без трох важных легіянераў. І калі да адсутнасці Эванса і Кавано ўжо прывыклі (і нават замянілі іх іншымі гульцамі), то траўма Тэйлара якраз прыпадае на вялікую серыю паразаў.

Каўнаскія заўзятары добра аднесліся да часткі гульцоў суперніка – і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Бо ў складзе баскскай каманды прыехалі гульцы зборнай Рокас Гедрайціс і Тадаш Седэркерскіс. Але не толькі літоўцы ў складзе «Басконіі» прываблівалі мясцовых заўзятараў. На арэне высадзіўся шматлікі эстонскі «дэсант» заўзятараў, якія прыехалі падтрымаць свайго земляка Котсара з «Басконіі». Пры гэтым некаторыя былі нават у цішотках з эмблемай «Жальгірыса», але прозвішчам Котсара на спіне.

Матч пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць па загінулых ад землятруса ў Турцыі і Сірыі.

Пасля першых 5 хвілін лік быў роўным – 12:12, прычым з боку «Жальгірыса» палову закінуў латвіец Шмітс, які не першы раз моцна пачынае матч. Усю першую чвэрць на паркеце былі сапраўдныя арэлі – на мяч баскаў адразу адказвалі літоўцы, і наадварот. Падавалася, што чвэрць скончыцца ўнічыю, але за 3 секунды да канцы Біруціс зрабіў лік 20:18. У літоўцаў акрамя Шмітса яшчэ 6 набраў капітан Уланавас.

Другая чвэрць ішла такім жа чынам: на мяч у кошыку «Жальгірыса» адказвалі літоўцы – і наадварот. У Каўнаса было больш магчымасцяў выйсці наперад, але трохачковыя зусім не атрымліваліся ў Лякавічуса. Затое атрымліваліся ў баскаў. Пасля таго, як Энак зрабіў лік 28:31 на карысць «Басконіі», Максвіціс узяў тайм-аўт – бо трэба было штосьці змяняць. І гэта спрацавала – Браздзейкіс амаль адразу закінуў трохачковы.

Пры ліку 33:33 завяліся эстонскія заўзятары – бо Котсар зрабіў слэм-данк. Але літаральна праз 10 секунд святкавалі ўжо літоўскія і латвійскія – бо трохачковы закінуў Шмітс. Калі на табло было 36:38, у Дзімшы не атрымаўся кідок, мяч падабраў Дэн з «Басконіі» і закінуў. За 40 секунд да канца паловы матча на табло было 36:40 з правам на два штрафных кідкі ў Уланаваса. Капітан закінуў абодва, але і баскі рэалізавалі сваю атаку. Да канца чвэрці заставалася 27 секунд. Лякавічус цягнуў час, але зацягнуў занадта – і яго пас на Шмітса, які чакаў пад кошыкам, дайшоў тады, калі выйшаў час на атаку. Таму на вялікі перапынак каманды пайшлі з лікам 38:42.

Трэцяя чвэрць пачалася з атакі «Басконіі», але мяч перахапіў Уланавас, а каўнаскі Гедрайціс закінуў трохачковы. Ховард на гэта адказаш сваім трапным кідком, але і Шмітс амаль адразу рэалізаваў кідок, а пасля дадаў да гэтага трохачковы. Доўгі час пасля гэтага каманды шлі на раўных альбо з розніцай у адзін бал, пакуль Лякавічус сваім трохачковым не зрабіў лік 51:49. Амаль 2 хвіліны каманды не маглі закінуць, але наступным быў Браздзейкіс – ён не толькі падабраў мяч, які выходзіў за межы пляцоўкі, але і ў цэйтноце трапна закінуў трохачковы (54:49). У наступную хвіліну саліраваў эстонец Котсар, які давёў лік да 56:55.

Хрупкая раўнавага захоўвалася да апошняй хвіліны чвэрці (58:58), пакуль яе не парушыў сваім трохачковым кідком Томас Дзімша. На гэта баскі адказалі звычайным кідком, а Браздзейкіс дацягнуў са сваім кідком да апошняй секунды, але трохачковы не атрымаўся. Перад апошняй чвэрцю лік быў 61:60 на карысць «Жальгірыса».

Апошнюю чвэрць «Басконія» пачала з двух трапных кідкоў (61:64). На гэта сваім +2 адказаў Лякавічус. Першыя пяць хвілін зноў уяўлялі сабой арэлі, калі абедзьве каманды не маглі далёка адыйсці адна ад адной. За 5:26 да канца матчу Уланавас зрабіў лік 68:68. Але арэлі працягваліся – і на апошнія 2 хвіліны каманды выходзілі з лікам 73:75.

Шмітс зноў зрабіў лік роўным. У гэты момант уключыліся заўзятары, якія сваім свістам актыўна дапамагалі любімай камандзе – і, напэўна, дапамаглі не адбыцца слэм-данку ад Седэркерскіса.

За 42 секунды да канца чвэрці Буткявічус пайшоў кідаць штрафныя – і закінуў абодва (77:75). За 23,4 секунды да канца Уланавас сфаліў (гэта быў толькі 4 фол каманды за чвэрць) – з надзеяй, што супернік не рэалізуе атаку ў наступныя 14 секунд, а ў свой час «Жальгірыс» здолее закінуць апошні мяч у матчы. Трэнер «Басконіі» Пеньяроя ўзяў тайм-аўт.

У гэтым момант на табло адбыўся смешны момант – лік з 77:75 чамусьці змяніўся на 73:75. Арбітры і гульцы заўважылі гэта толькі калі заўзятары пачалі моцна свісцець. Добра, што гэта толькі тэхнічны касяк, а не рашэнне суддзяў.

Мяч застаўся ў «Жальгірыса», але за 10,9 да канца гулец «Басконіі» фаліць. Дзімша ўпэўнена рэалізуе абодва штрафных (79:75). «Басконія» ў адказ спрабуе рэалізаваць хуткую атаку з пасам праз усю пляцоўку, але мяч не трапляе так, як задумвалася. Тым не менш, мяч застаецца ў баскаў – і на атаку ёсць 8,7 секунд. Літовец Гедрайціс з «Басконіі» кідае на тры ачкі – але не трапляе ў кошык. Мяч падбірае Уланавас – і «Жальгірыс» перамагае.

Гэта была вельмі складаная перамога над цалкам роўным супернікам. Пра роўнасць каманд добра кажа тое, што «Жальгірыс» і «Басконія» не маглі адарвацца адзін ад аднаго больш чым на 5 ачкоў.

Шмітс (20 ачкоў, 5 падбораў, 1 перадача), Уланавас (16 ачкоў, 4 падборы, 5 перадач) і Браздзейкіс (15 ачкоў, 1 падбор, 2 перадачы) зрабілі, напэўна, галоўны ўнёсак у гэтую перамогу – хаця насамрэч унёсак кожнага гульца быў вельмі важным.

Перамога вярнула «Жальгірыс» у топ-8 на восьмы радок. Важна і тое, што ў барацьбе за плэй-оф усё залежыць ад самой каманды, якой не трэба чакаць памылкі канкурэнтаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты