Tribuna/Тэніс/Блогі/«Порою блажь великая»/Прыхільнікам Лукашэнкі забаронена чалавечнасць. Вось чаму Рутэнка апраўдваецца за Сабаленка і бароніць яе права на амаральнасць

Прыхільнікам Лукашэнкі забаронена чалавечнасць. Вось чаму Рутэнка апраўдваецца за Сабаленка і бароніць яе права на амаральнасць

Здрадзіў беларусам, здрадзіў Радзіме продкаў.

14 сакавіка 2022, 16:56
5
Прыхільнікам Лукашэнкі забаронена чалавечнасць. Вось чаму Рутэнка апраўдваецца за Сабаленка і бароніць яе права на амаральнасць

Здрадзіў беларусам, здрадзіў Радзіме продкаў.

Арыне Сабаленка не пашчасціла. Яе загналі ў кут, прыперлі да сценкі, не пакінулі шансаў адкруціцца. Як жа проста вярзці глупствы ў інстаграме на тэму каранавіруса, ад якога навокал тысячамі паміраюць людзі, а пасля казаць, што ўсяго толькі пажартавала (ну так, добрая ж нагода парагатаць). Або там жа пасылаць куды далей збітых, растаптаных суайчыннікаў і прыкрывацца правам на ўласнае меркаванне, хаця калі гаворка ідзе пра знішчэнне іншых, пра скрадзеную ў нацыі будучыню – ну якое тут можа быць меркаванне ў сумленнага чалавека?

Адбрэхвацца ў сацсетках проста і весела, іншая справа – гэта калі ты прыходзіш на мерапрыемства, якое ладзіць вялікі спонсар напярэдадні турніру. О, там не да жартаў. Любы амаральны адказ пагражае рэпутацыйнымі стратамі, якія вельмі хутка могуць трансфармавацца ў фінансавыя. Пагражае ўдвая, калі ты застаешся ў туры на птушыных правах. Адна памылка – і магчымасць выступаць пад нейтральным сцягам зменіцца на бестэрміновы неаплатны адпачынак. Падачкі з казны Лукашэнкі (калі ў той казне яшчэ нешта засталося) наўрад ці кампенсуюць страты.

«Неверагодна мудрая дзяўчына» дакладна зразумела нідзе публічна не агучаныя правілы, прыняла іх і паўстала перад журналістамі падчас медыядня на 2022 BNP Paribas Open (афіцыйная назва турніру ў Індыян-Уэлсе) вельмі сур’ёзнай і ўзважлівай. Яна напэўна помніла пра тое, чаму скончыўся для Мінска хатні чэмпіянат свету па хакеі-2021. Так, праз спонсараў. Іх нельга зліць, нельга расчароўваць, і Арына добра пастаралася.

Рэпарцёры хутка звярнуліся да козыраў і загаварылі пра Украіну. Сабаленка зрабіла заклапочаны твар, некалькі разоў сумна ўздыхнула, калі выказвалася па тэме – ну, проста малайчына! Можна было падумаць, што яна сапраўды перажывае. Гэта натуральна – перажываць, калі ў некалькіх сотнях кіламетраў ад таго месца, дзе ты нарадзіўся, тысячамі гінуць людзі невядома за што. Гэтага не трэба саромецца. І Арына ў сваёй скрусе была пераканаўчай.

Тое, што адбываецца ва Украіне, наўпрост назвала вайной. Не спецаперацыяй, не канфліктам, а менавіта вайной. О, на беларускім ТБ не ўхваляць такой шчырасці. Больш за тое, Арына заявіла, што гатовая начапіць жоўта-блакітную стужку, каб падтрымаць украінцаў – гэта проста нейкі фурор. Фантастычны парадокс для чалавека, які падпісаўся за зверствы і беззаконне, што ладзіць Лукашэнка і яго памагатыя на Радзіме. Калі што, Лукашэнка ўжо па самую шыю ў вайне з Украінай. Яго памагатым загадана падрыхтавацца. А тут малодшая сяброўка дыктатара, аказваецца, падтрымлівае ўкраінцаў. Ну і ну!

Такія словы – добрая заяўка, каб застацца ў туры. Уласна, Сабаленка сама наўпрост сказала, чаго хоча, калі ў яе запыталіся пра выступ не пад дзяржаўным сцягам. «У рэшце рэшт, мы можам гуляць», – шматзначна зазначыла яна. І за ўсю прэс-канферэнцыю не дазволіла сабе ніводнага глупства.

Так, магчыма (і нават хутчэй за ўсё), супраць уласнай волі Арына сапсавала сваю рэпутацыю, бо мы маглі падумаць, што чалавек яна неабыякавы і здольны суперажываць чужому болю. Што яна адчувае несправядлівасць і не хоча з ёй мірыцца. Але тэнісістцы паспяшаліся на дапамогу. І было б добра, калі б WTA маніторыла беларускія медыя, бо гэта арганізацыя мае магчымасць задаваць удакладняючыя пытанні, а яшчэ – прымаць рашэнні.

Супрацоўнікі «Прэсбола», якіх зараз можна назваць хіба што калегамі ў мінулым, усур’ёз здзівіліся словам Сабаленка пра ўкраінскую стужку і ахарактарызавалі тую заяву як «рэзанансную». Менавіта так і напісалі ў сваім тэксце. Ну а што: Расія напала на Украіну з нейкіх вар’яцкіх рэзонаў, знішчае ўкраінскія гарады, забівае ўкраінскіх грамадзян, якія не маюць дачынення да войска (у ААН налічылі ўжо амаль 600 такіх нябожчыкаў, а ўкраінцы сцвярджаюць, што толькі ў Марыупалi загінула больш за дзве тысячы цывільных). Амаль увесь свет, за выключэннем штучных дэвіацый, абазначае салідарнасць з Украінай, у тым ліку праз спорт. Пуцін з трыбун шмат чаго пачуў пра сябе. Сабаленка ўсяго толькі і сказала, што супраць вайны (ну а хто не супраць?), што ёй шкада людзей,якія страцілі дом (ну а каму не шкада?), і што яна гатовая іх падтрымаць стужачкай – вось дык подзвіг! Вось дык рэзананс! І вось дык рэпутацыя, калі самыя банальныя чалавекалюбівыя памкненні здзіўляюць, так бы мовіць, журналістаў, і яны бягуць да старшыні Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргея Рутэнкі па каментар: як, яна рэальна такое магла сказаць?

І функцыянеру прыходзіцца апраўдвацца.

Ну так, прыхільнікі Лукашэнкі не маюць права на натуральныя чалавечыя пачуцці. Ім нельга спачуваць прыгнечаным, ім нельга аплакваць чужое гора. Яны не павінны называць рэчы сваімі імёнамі, бо могуць не ўгадаць і памыліцца. Напрыклад, сказаць «вайна» замест «спецаперацыя» і прызнаць ахвярамі ўкраінцаў, а не «бандэраўцаў» і «фашыстаў». Сабаленка паставіла свайго беларускага боса ў няёмкае становішча. Тым больш што сёння апраўдвацца вельмі няпроста.

Эх, каб іх халера, журналістаў і ўсіх тых, хто ўмее карыстацца смартфонам. Як цяжка даводзіць, што ты белы і пухнаты, калі заснята, як ты з таварышамі ўтрох гумовымі дручкамі, берцамі ды кулакамі лупцуеш ляжачага на зямлі чалавека! Гэта праблема па сёння не вырашаная на нацыянальным узроўні. Вось і словы Сабаленкі добра зафіксаваныя, і іх ну ніяк немагчыма зняпраўдзіць.

Але гнойны барон Рутэнка паспрабаваў зрабіць гэта, нагнаўшы туману: пагаварыў з Арынай, заходняя прэса ўсё перакруціла на свой лад, але не буду ўдавацца ў дэталі. А шкада, што без дэталяў – і спонсарам, і WTA было б цікава. Дарэчы, і ў Беларускай тэніснай федэрацыі ёсць спонсары. Ведаеце, вельмі сціплы спіс: некалькі кампаній касца Сяргея Цяцерына («БелГлобалНештаТам»), дзяржаўныя аэрапорт «Мінск» і «Белаграпрамбанк», крыху вылучаюцца «Еўраопт» і Belwest. Але нават не ведаю, каму з іх можа стаць сорамна за Рутэнку і за дзелавыя кантакты з ім.

Мне дык нават сорамна, што я калісьці за яго заўзеў. Ад рэпутацыі ў Сяргея засталася хіба што знешняя важкасць, якая, па ідэі, павінна дадаваць важкасці і словам. Ведаеце, як цяпер называецца боязь сказаць відавочнае, як называецца служэнне злу, як называецца здрада Радзіме сваіх продкаў, бо продкі Сяргея Рутэнкі паходзяць якраз з Украіны (праўда, за савецкімі часамі іх чамусьці выслалі ў Сібір – напэўна, падчас “спецаперацыі па дэнацыфікацыі”)? Аказваецца, не баязлівасць, не прыстасавальніцтва і не халуйства. Не! Гэта называецца: «Стараемся рассуждать здраво». Ну канешне. Галоўнае – вымавіць гэтую лухту з максімальнай пераканаўчасцю.

Вось вам прыклад, калі важкасць канчаткова прыдушыла сумленне. Здрада продкам, або здрада беларусам, або адданая барацьба за права Сабаленка на маральнае падзенне – нават і не ведаю, чым удзельнік сакрэтнай інаўгурацыі Лукашэнкі ўражвае больш.

Іншыя пасты блога

Усе пасты