Tribuna/Футбол/Блогі/«Порою блажь великая»/Фізрукі рэальна вучаць, пляцоўкі не замкнёныя для ахвочых, беларусы не хейцяць, а самі актыўна займаюцца. 8 ідэй, як змяніць наш спорт да лепшага

Фізрукі рэальна вучаць, пляцоўкі не замкнёныя для ахвочых, беларусы не хейцяць, а самі актыўна займаюцца. 8 ідэй, як змяніць наш спорт да лепшага

А якім хочаце бачыць беларускі спорт вы?

15 снежня 2022, 14:09
1
Фізрукі рэальна вучаць, пляцоўкі не замкнёныя для ахвочых, беларусы не хейцяць, а самі актыўна займаюцца. 8 ідэй, як змяніць наш спорт да лепшага

На працягу апошніх месяцаў на розных пляцоўках гучалі прапановы, як можна палепшыць беларускі спорт. Выказвалася шмат ідэй – паспрабуем іх падсумаваць, а таксама прапанаваць штосьці ад сябе.

Беларусы больш любяць займацца спортам, чым сачыць за ім

Зразумела, чаму канадцы патрабуюць ад сваіх гульцоў рэзультату ў хакеі, а італьянцы ад сваіх – у футболе. Але дзе і чаго ў спорце маюць права патрабаваць беларусы? Які спорт для нас – рэлігія? І ўвогуле ці ёсць хоць нейкая ўзаемасувязь паміж патрабавальнасцю і індывідуальнай фізічнай актыўнасцю хаця б на аматарскім узроўні?

Статыстыка так званага Мінспорту сведчыць, што фізічнай культурай і спортам займаецца 25,3 адсотка беларусаў.

Гляджу на сваё атачэнне – і лічба падаецца цалкам хлуслівай (мяркую, усе школьнікі і студэнты аўтаматам уключаныя ў 25 адсоткаў, бо маюць урокі фізкультуры). Сваякі, калегі, сябры, знаёмыя – ці шмат хто ў вас хаця б тройчы на тыдзень выбіраецца на прабежку або на турнікі, мае абанемент на фітнес, танцы або ў залу адзінаборстваў? Ці шмат дзяцей на дварэ гуляе ў футбол? А бацькоў разам з імі? Увогуле, ці з’яўляецца спорт у Беларусі сямейным баўленнем часу? Ці ёсць гэта часткай нашай культуры?

Да 2020-га заўжды вока цешылася падчас паўмарафонаў у Мінску – бадзёра, актыўна, тысячы ўдзельнікаў. Але ж у якім сярэднім па памеры польскім горадзе такіх стартаў ладзіцца ці не дзесяць на год, і на кожным – сотні бегуноў, для якіх такія актыўнасці ўжо зусім будзённая справа.

Дасягненні нашых зборных не радуюць амаль ва ўсіх відах спорту, але, як па мне, гэта сведчыць не толькі пра ўбогасць дзейнай сістэмы падрыхтоўкі атлетаў, але яшчэ і пра спартыўнасць нас, беларусаў. Пра тое месца, якое спорт займае ў нашым жыцці.

Было б здорава, каб мы проста масава займаліся спортам увогуле без перажыванняў за рэзультаты зборных. Хаця рэзультаты ў такім выпадку будуць непазбежнымі.

Спартыўная інфраструктура дасяжная для людзей

Сагнаць святочны натоўп, урачыста перарэзаць чырвоную стужку, а пасля зачыніць брамку на замок. Часам пляцоўкі са штучным пакрыццём у Беларусі нагадваюць святочную сукенку, што вісіць у шафе бабулі на пачэсным месцы. Сукенку даглядаюць, ёю ганарацца, захапляюцца, але – ніколі не апранаюць.

Спартыўнаму журналісту Мікалаю Хадасевічу гледачы пішуць з розных куткоў Беларусі, што ў іх гарадах не так проста патрапіць на пляцоўкі з добрым пакрыццём. Ды што там – у тым жа Мінску колькі стадыёнчыкаў стаіць за школьным плотам у самоце. Ну так, праблема патрапіць нават не тое, што на стадыёнчык, але і на тэрыторыю школы.

Увогуле, некалькі гадоў таму арэндаваць школьны спартзал – то быў займальны квэст, які ўключаў у сябе перамовы з дырэктарам, яго задобрыванне праз падарунак і верагоднасць таго, што ўсё можа скончыцца праз нейкія новыя правіла аддзелу адукацыі.

Калі ў 1990-х мы гулялі з сябрамі ў футбол на купістых палях, дзе вароты стаялі па дыяганалі, мы нават не ўяўлялі, што можа быць па-іншаму. Зараз больш-менш усе разумеюць, як павінна быць, але ці маюць доступ да гэтага, нават калі яно побач?

І хоць помпы шмат, спартыўных пляцовак у Беларусі вельмі мала. Нават з улікам недасяжных.

Настаўнікі фізкультуры маюць сваю спецыялізацыю, а не проста даюць мяч

Хаця калі вучыўся ў школе, то і мяча дапрасіцца было часам няпроста, бо інвентару бракавала. Зараз, канешне, сітуацыя палепшылася, але ці шмат вы вынеслі з урокаў фізічнай культуры? Можа, гучыць дзіўна, але і там было чаму павучыцца. Як правільна прысядаць, як бегчы так, каб сябе не загнаць, для чаго і як рабіць размінку – ці тлумачылі такое настаўнікі «фізры»? Ці звярталі яны ўвагу на вашыя здольнасці ў тым ці іншым спорце? Ці маглі даць падказку па тэхніцы выканання гульнявых элементаў або практыкаванняў? Ці натхнялі на тое, каб вы займаліся спортам? Мяркую, у лепшым выпадку не перашкаджалі.

У Нямеччыне настаўнік можа паралельна выкладаць фізкультуру і хімію, у Беларусі фізрукі – гэта мем, хаця пры адпаведнай кваліфікацыі, пры наяўнасці імпэту менавіта яны могуць знаёміць дзяцей з самымі рознымі дысцыплінамі ў спорце: хтосьці – з лёгкай атлетыкай, хтосьці – з футболам, хтосьці – з боксам. Знаёміць не на ўзроўні «рабіце, што хочаце», а з тлумачэннем нюансаў, пошукам зацікаўленых, каб тыя маглі рэалізавацца ў спорце.

Самы яркі фізрук, якога бачыў у жыцці, працаваў у суседняй школе. Лявоныч не толькі вёў урокі, але і актыўна вучыў дзяцей гуляць у валейбол. Багата хто з яго хлапцоў у выніку гуляў за зборную Маладзечна, хаця ніхто не наведваў профільную секцыю. Проста чалавеку было цікава вучыць – і нават не ўпэўнены, што яму за гэта даплочвалі (хаця грошы – гэта вельмі важна для падтрымання энтузіязму).

Трэнеры і фізрукі не маюць манаполіі ў сферы спартыўнай адукацыі

Бадай, увогуле варта пакласці канец манаполіі трэнераў і настаўнікаў фізічнай культуры ў тым, што тычыцца спартыўнай адукацыі. Шмат бацькоў, у каго дзеці займаюцца спортам, і гэтыя бацькі настолькі захопленыя працэсам, што гатовыя дадаткова працаваць не толькі са сваімі дачкамі-сынамі, але і чужымі – хоць на пустэчы калі дома, хоць на якім стадыёне. Часам гэта можа прывесці да стварэння ўласнай спартшколы, як у бізнесмена Мікалая Мурашкі, але тое зусім ужо ўнікальная гісторыя.

Неяк адзін такі энергічны хлопец цікавіўся ў мяне, ці можа ён атрымаць пачатковую адукацыю, каб яго заняткі з сынамі-футбалістамі былі больш эфектыўнымі. Аказалася, што можна паступіць ва ўніверсітэт фізічнай культуры і адвучыцца там 4-5 гадоў – ну, такі сабе варыянт. Асабліва калі ведаеш, што ў Канадзе ладзяцца анлайн-курсы (досыць сур’ёзныя, але пасільныя для тых, каму сапраўды цікава) для бацькоў, якія хочуць вучыць сваіх ды суседскіх дзяцей хакею, – і навучанне там разлічанае прыкладна на год. Яно не дае суперузроўню, але дазваляе дапамагчы спартсменам-пачаткоўцам у засваенні базы.

Адукацыйныя матэрыялы, відэаўрокі і базавыя курсы для апантаных у добрым сэнсе людзей – гэта тое, чым маглі б дапамагчы беларусам федэрацыі, але такой працы не бачна.

У гарадкі і вёскі прыходзіць спартыўны актывізм

У 2020 годзе беларусы паказалі, што могуць рабіць самі па сабе, без загадаў зверху, без падтрымкі так званай мясцовай улады, калі адчуваюць свабоду і натхненне. Хтосьці можа лічыць суседскія тусоўкі ў дварах нейкай бязглуздзіцай, а як па мне – гэта вялізны патэнцыял, бо дакладна ведаю, як праз такія лакальныя суполкі збіралі вялікія сумы для людзей, якія патрапілі ў бяду, ладзілі святы ды іншыя актыўнасці. Для спорту тут таксама вялікі патэнцыял.

У невялікіх населеных пунктах Беларусі амаль няма аматарскіх спартыўных клубаў, якія б ствараліся вакол актыўных людзей – тых, хто ў свой вольны час гатовы прыносіць карысць грамадству, дзяліцца сваёй энергіяй. Спартыўны клуб у Беларусі – гэта штосьці сур’ёзнае, юрыдычна аформленае, а не кампанія сяброў, якая збіраецца, каб займацца спортам, і прапануе ўсім ахвотным да яе далучыцца. А ці шмат вы ведаеце лакальных спаборніцтваў, якія ладзіць не гар- або райвыканкам? Але ўсё лагічна. Сённяшні рэжым гатовы даваць людзям свабоду, толькі каб яны праслаўлялі лукашызм і рабілі штосьці ў імя яго. Астатнія актыўнасці выглядаюць падазронымі і нават небяспечнымі. Складана рэпрэсаваць грамадства так, каб паўплываць на нейкую адну канкрэтную сферу – напрыклад, палітычную. Рэпрэсіі ў Беларусі лупяць адразу па ўсіх сферах, і спорт ад гэтага таксама цярпіць.

Беларускія спартсмены будуць вучыцца, а калі што – і працаваць

Са спартсменаў у Беларусі (хаця не толькі са спартсменаў) намагаюцца стварыць дзіўных істот: мы дазволім вам не вучыцца – а ў абмен на гэта дамо займацца спортам і нават грошай падкінем. Здаецца, цалкам выйгрышная схема, але ў выніку мы атрымліваем неадукаваных асоб, цалкам залежных ад дзяржаўнай сістэмы. Па загадзе сістэмы яны гатовыя што заўгодна казаць, падпісваць, выконваць. Праз адсутнасць адукацыі такія людзі няздольныя ні адчуць гонар за сваю Радзіму, ні адэкватна сябе ацаніць, бо «ўмеюць» толькі ў спорт.

Якасць вышэйшай адукацыі ў Беларусі сумнеўная, але і якасць спорту выклікае пытанні. Увогуле, развіты студэнцкі спорт – гэта тое, што вельмі хочацца бачыць. Прычым так, каб спорт адкрываў дарогу да адукацыі праз стыпендыі, а не перакрываў праз даведкі, што вызваляюць ад заняткаў.

Спорт на нейкім этапе сумяшчальны не толькі з вучобай, але і з працай. Незразумела, чаму атлетаў, каманды, зборныя прымусова фінансуюць падаткаплатнікі, а не бізнес па ўласнай ахвоце. Калі спартсмен яшчэ не дасягнуў топ-вынікаў, але мае мэту, ідзе да яе – то падпрацоўка не ў спорце не будзе замінаць яму ў гэтым. Асабліва калі чалавек ужо мае прыстойную адукацыю.

Бізнес фінансуе спорт не па загадзе і не хавае гэтага

Аднойчы надыдзе час, калі выбраная дзяржава ў Беларусі будзе займацца патрэбамі грамадства, а не бізнесам па вельмі сумнеўных схемах (узбагачаецца адзін чалавек) і з вельмі сумнеўнымі мэтамі (трымаць працоўных у рабскім стане), і тады ёй будзе не да інвестыцый у спорт. Або не да ахвяраванняў на спорт. Або не да марнавання грошай на спорт. Гэтым будуць займацца тыя, хто зарабіў капітал, хто валодае вольнымi сродкамі і мае імпэт або бачыць карысць для сябе. Сёння прадпрымальнікі дапамагаюць па загадзе. А часам іх згода і не патрабуюцца – Лукашэнка і яго служкі не справаздачацца пра размеркаванне падаткаў і накіроўваюць іх туды, куды лічаць патрэбным. У тым ліку ў спорт. Эфектыўнасць гэтага сумная і відавочная.

Вы, напэўна, не раз чулі тыповую гісторыю пра супрацу па-сапраўднаму прыватнага бізнесу і спорту. Гучыць яна прыкладна так: мы вам дамо грошай, толькі вы нікому не кажыце, бо могуць узнікнуць пытаннi ў падатковай, маўляў, вы маеце лішніцу – дык давайце мы вам падкажам, куды яе накіраваць. Такіх спонсараў вы не пабачыце на майках атлетаў, бо яны не хочуць ні пазнавальнасці, ні праблем. Цалкам вычварная сітуацыя, якая для цяперашняй Беларусі з’яўляецца нормай.

Пры гэтым фінансаванне спорту тымі, хто калісьці ім займаўся, не дасягнуў вялікіх вышынь, але ўсё роўна захаваў прыхільнасць – гэта заўжды прыгожыя гісторыі. Праўда, у нас – публічна адзінкавыя (напрыклад, футбольны манеж у падарунак Пінску ад бізнесмена Аляксандра Зарыбкі).

У футболе клубы існуюць для заўзятараў і як бізнес, а не дзеля сацыяльнай «дабрачыннасці»

У прынцыпе, можна сабе ўявіць такую карціну: мільянер-мізантроп стварае футбольны (або хакейны) клуб і пры гэтым пляваць хоча на заўзятараў. Гэты бок спорту яго проста не цікавіць. На свае грошы ён робіць, што і як хоча. Але ж праблема ў тым, што ў нас поўна клубаў-мізантропаў, так званых сацыяльных праектаў, што па факце ёсць дабрачыннасць для фізічна здаровых людзей. Зразумела толькі, што гэтыя клубы існуюць на падаткі беларусаў, а вось для чаго яны існуюць – незразумела. Яны не выхоўваюць спартсменаў высокага ўзроўню, не зарабляюць ні на заўзятарах, ні на тэлебачанні (такой магчымасці ўвогуле няма), ні на чымсьці яшчэ.

Многія праекты ў белспорце ўтварыліся неэвалюцыйным шляхам. Яны прамінулі тыя стадыі, калі заваёўваецца аўдыторыя, ствараецца брэнд, прыцягваюцца партнёры. У выніку ў элітных лігах мы маем клубы без заўзятараў, без пазнавальнасці (хіба што нехта можа прыгадаць савецкія дасягненні), без устойлівага фінансавання. Такія клубы, часцей за ўсё, не ёсць з’ява ні для свайго гораду, ні для краіны. Яны знікаюць – і нават няма каму румзаць на гэты конт. Беларускі спорт шмат у чым павінен пачынаць ад самага пачатку. Гэта дакладна будзе вельмі складаны, але і вельмі цікавы працэс.

А якім беларускі спорт хочаце бачыць вы? Буду ўдзячны за водгукі і думкі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты