Tribuna/Футбол/Блогі/«Порою блажь великая»/Ідэя для беларускага спорту, як дакладна аказацца па-за палітыкай. Пры захаванні эрэкцыі і лібіда

Ідэя для беларускага спорту, як дакладна аказацца па-за палітыкай. Пры захаванні эрэкцыі і лібіда

Як думаеце, ці будзе попыт?

8 студзеня 2023, 17:00
1
Ідэя для беларускага спорту, як дакладна аказацца па-за палітыкай. Пры захаванні эрэкцыі і лібіда

Спорт па-за палітыкай. Усё ніяк не прывыкну да гэтай фразы, і мяне зноў і зноў падкідвае, як толькі яе чую. Чаму? Што тут так чапляе? Нядаўна падчас зімовай адлігі каціў на ровары і шукаў для сябе адказы на гэтыя пытанні.

Спорт па-за палітыкай – пацяганая шырма дыктатур і таталітарных рэжымаў, дзе амаль усё і ёсць палітыка. Там пасады па-за кампетэнтнасцю (у Беларусі гэта кавальчукі, базанавы і г. д.). Мастацтва па-за талентам (будынак Купалаўскага тэатру і тыя, каго там сёння выпускаюць на сцэну). Адукацыя па-за ведамі (які смешны ў Лукашэнкі міністр адукацыі і пагрозлівыя клубы маленькіх сілавікоў). Заробкі па-за эканомікай (усім па 500!). Учынкі па-за сумленнем (так званыя суддзі, ідэолагі, сілавікі – мае вітанні!). Улада па-за народам (жнівень-2020).

Спорт па-за палітыкай – так звычайна кажуць перад тым, як зрабіць паскудства – схлусіць, рэпрэсаваць, адабраць, пасадзіць. Гэта ўжо калі дакладна напляваць на спорт.

Спорт па-за палітыкай – тое, што лёгка пачуеш ад прыстасаванцаў, якія хочуць штосьці ўварваць у кішэню і гатовыя тапіць іншых.

Спорт па-за палітыкай – ці можа такое быць? Канешне, можа, калі людзей за палітычныя погляды ў адэкватным спектры не выкідаюць з каманд, не пазбаўляюць заробку і права на прафесію.

Спорт па-за палітыкай – гэта не пра адсутнасць у атлетаў меркаванняў і поглядаў, а пра цярпімасць да іх, што дазваляе аб’яднаць самых розных людзей дзеля рэзультату. Хаця немагчыма аб’яднацца з людажэрамі, а людажэрства – то не палітыка.

Спорт па-за палітыкай – прытулак для баязліўцаў, нягоднікаў, дурняў, ёлупаў, гультаёў, прыстасаванцаў, тых, каму проста на ўсё напляваць і хто не хоча ўвогуле варушыць мазгамі.

І тут я ледзьве не ляснуўся з ровара. Здаецца, вось яно – тое, што асабліва чапляе і коле ў сэрца.

Смешна ў цяперашні час штосьці казаць пра справядлівасць, але, далібог, гэта нячэсна. Вось гэтая самая апошняя група, што па-за палітыкай, мае права голасу. Разумееце? Яны ўсім выглядам дэманструюць, што палітыка іх не цікавіць, што яны ў ёй поўныя нулі, што яна для іх неспасцігальная матэрыя. І пры гэтым могуць пайсці і прагаласаваць, паўплываць на выбар грамадства. Або стварыць ілюзію, што грамадства робіць выбар.

Такіх атлетаў у любы момант можна дастаць у якасці бутафорыі, каб яны па шчаўчку пальцаў, бы даўбешкі, пралапаталі сваё «спорт па-за палітыкай» або бяздумна падпісаліся пад гэтымі словамі, а пасля хуценька, бы тараканы, разбегліся па сваіх распранальнях. І гэта ў той час, калі беларусаў, якія маюць смеласць на ўласнае абгрунтаванае меркаванне, не толькі пазбаўляюць волі, але і маюць намер пазбаўляць грамадзянства.

Чорт, вось гэта рэальна крыўдна і несправядліва.

Але, ведаеце, я не зычу нічога дрэннага гэтым спартоўцам. Хочацца толькі аднаго – каб нішто не парушала іх спакой. Каб ён, спакой, стаў абсалютным і цалкам пазбаўленым ад касых позіркаў ды папрокаў.

І як гэтага дасягнуць?

Калі мужчына любіць секс, але разам з гэтым не хоча ні дзяцей, ні выдаткоўваць на прэзерватывы, яму дапаможа вазэктамія – аперацыя па перавязцы семявывадных праток. Пасля хірургічнага ўмяшання эрэкцыя і лібіда захоўваюцца (гэта ж не кастрацыя!) – і ніякіх табе сюрпрызаў. І адказнасці таксама ніякай.

Шкада, што ў нашым грамадска-палітычным жыцці няма такой опцыі для спартоўцаў (а можа, і яшчэ хто захоча далучыцца?). Бо неасцярожныя рухі бюлетэнем, бывае, таксама вядуць да непажаданых наступстваў. Ды і размовы на гэтую тэму могуць быць небяспечнымі. Вось зададуць няёмкае пытанне – і як адказаць, каб пазбегнуць праблем і не выглядаць дурнем? Іншая справа, калі ёсць даведка – пра частковую грамадзянскую недзеяздольнасць. Жыві сабе, трэнiруйся, еш у галаву.

Цалкам будзь у спорце і па-за палітыкай.

І тады ў адказ на міжнародныя санкцыі можна без аніякага двудумства крычаць: у нас не было выбару! Мы нічога не вырашаем! Ад нас нічога не залежыць! Не факт, што гэта пераканала б украінцаў і «банду Баха», але, бессумненна, гучала б больш важка, чым гучыць зараз.

Як думаеце, калі б існавала магчымасць палітычнай вазэктаміі, ці карысталася б яна попытам сярод тых, хто кажа пра жыццё па-за палітыкай?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты