Калісьці беларускі футбол быў заапаркам, а стаў балаганам. Цікава, кім лічаць сябе яго насельнікі – звярамі або скацінай
Публічнае прыніжэнне як нагода не аддаваць дзяцей у спорт.
Вось ужо больш за два гады я маю вельмі спецыфічную радасць. Кожны раз, калі ўспамінаю пра гэта, з палёгкай выдыхаю і дзякую абставінам, што не трэба рабіць выбар, чымсьці паступацца, выкарыстоўваць прымус.
Мой сын усур’ёз не займаецца спортам. То-бок ён хадзіў на каратэ, а цяпер ходзіць на дзюдо, але без фанатызму, выключна для сябе, без мары стаць профі. І – так, гэта нагода радавацца, уяўляеце?
Я ведаю, што яму не трэба ўдзельнічаць у спаборніцтвах і слухаць там рэжымны гімн, змагацца за медалі на чырвона-зялёнай стужцы.
Не пераймаюся, што сына скарыстаюць у прапагандысцкіх мэтах, каб зрабіць справаздачу пра ідэалагічную апрацоўку дзяцей.
Сын больш не з’яўляецца членам федэрацыі, якую ўзначальвае агідны лукашыст Багданаў, і гэта, бадай, самае прыемнае – недатычнасць да сістэмы афіцыйнага спорту, якая кішыць кавальчукамі, баскавымі ды іншай навалаччу. Рана ці позна таленавітым дзецям даводзіцца выкачвацца ў такіх персанажах – ад аднаго толькі намёку на такую перспектыву робіцца не па сабе.
Цяжка наўпрост патлумачыць хлопцу сямі-дзевяці гадоў, чаму ты не маеш імпэту весці яго на спаборніцтвы, а калі ён сам асабліва не рвецца – то і тлумачыць нічога не трэба. Хаця, думаю, сын бы мяне зразумеў – мы даўно гаворым на самыя сур’ёзныя тэмы.
Змяніць нейкі асобны аспект дзіцячага жыцця – нават гэта можа быць досыць балюча, а што ўжо казаць пра дарослых людзей, якім жыццё варта змяняць цалкам? Кожны раз думаю пра гэта, калі бачу, як чынушы прыніжаюць беларускіх спартоўцаў, і чую, як у бок спартоўцаў ляцяць папрокі ад заўзятараў – бесхрыбетныя, анучы, здраднікі, баязліўцы. Для большасці спартоўцаў, якія хочуць у Беларусі праявіць прынцыповасць, адзіным варыянтам застаецца сыход са спорту. Каб не пэцкацца, каб заставацца па-за палітыкай, трэба сыходзіць.
Але што рабіць з выбарам, якому прысвяцілі жыццё? З тым выбарам, які быў зроблены яшчэ ў дзяцінстве? Вельмі малаверагодна, што людзі займаліся спортам дзеля Лукашэнкі або каб праслаўляць ягоны рэжым. Дык чаму яны, дарослыя атлеты, павінны цяпер адмаўляцца ад свайго паклікання, няхай яно і не прывяло да нейкіх вяршынь, ад сваёй прафесіі? Наважыцца на такі ўчынак няпроста, і ў гэтым кантэксце самай вялікай загадкай для мяне застаецца Аляксандра Раманоўская.
Здаецца, да сваіх 26 гадоў чэмпіёнка свету, якую рэпрэсавалі, скончыла кар’еру. Як, чаму – я не ведаю, бо Раманоўская не тлумачыць свайго ўчынку. Магчыма, ён абумоўлены траўмай, якую не ўдалося залячыць. А магчыма, то прыклад вялікага ахвяравання, каб жыць на Радзіме, у Беларусі, нават без магчымасці працягваць кар’еру, якая складвалася някепска. Дзмітрый Дашчынскі як трэнер змог уладкавацца за мяжой. Чэмпіёнка Раманоўская амаль напэўна таксама магла б – але чаму не зрабіла? Чаму сышла ў IT? Вось пра што хочацца даведацца.
А пакуль па старой звычцы, якой усё ніяк не пазбаўлюся, сачу за тым, як беларускі футбол рыхтуецца да сезона-2023, і лаўлю сябе на думцы, што наш футбольны заапарк вельмі імкліва, амаль прапусціўшы стадыю цырка, ператвараецца ў балаган. Я, канешне, не эксперт у такіх забаўках, але вось якую бачу розніцу.
Наш футбольны заапарк не быў выбітным, ды што там – хутчэй, ён быў пасрэдным. Гэта не нейкія джунглі Серыі А і не горныя вяршыні АПЛ, але і ў нас былі свае цікавыя экзэмпляры. Няхай не ільвы і не сланы, але было на каго паглядзець і было каго паслухаць. Згадайце, як павук (у сэнсе паўлін) Філіпенка пушыў хвост і троліў то суперніка, то АБФФ, то мінскае «Дынама». Ці магчыма гэта зараз без таго, каб патрапіць у чорныя спісы так званага міністэрства спорту?
Пераважная большасць насельнікаў нашага заапарку ў ім нараджалася і жыла там жа ўвесь час, толькі змяняючы вальеры. У такіх умовах многія пачувалі сябе не толькі натуральна, але і вольна. Маглі пакрасавацца і голас падаць – усё ж такі заапарк дае гадаванцам ілюзію свабоды. Прынамсі, ніхто цябе не мучыць і не імкнецца падпарадкаваць сваёй волі. Іншая справа цырк.
Звяроў там ганяюць, але прыхавана. Каб староннія не бачылі таго, чаго ім бачыць не варта. Як робіцца шоу – тое загадка. На манежы ўсё ззяе і блішчыць, а як гэта дасягаецца – вузкая справа спецыялістаў, якія ведаюць, каго за кулісамі адлупцаваць, а каго памарыць голадам. У цыркаў хапае праціўнікаў, але і аматараў, якія заплюшчваюць вочы на ўсе акалічнасці, дастаткова. Магчыма, нават камусьці са звяроў шчыра падабаюцца і пражэктары, і гукі аркестру. Але праблема ў тым, што беларускі футбол імкліва скаціўся ў балаган, прычым вельмі нізкага гатунку.
У ім звяры становяцца скацінай, а п’яныя дрэсіроўшчыкі займаюцца «выхаваннем» на вачах у публікі. Камусьці выдзіраюць кіпцюры, камусьці сточваюць іклы. Кормяць таксама пагана. У прынцыпе, адміністрацыі балагана пляваць на насельнікаў, як і на ўзровень шоў. Насельнікі могуць ісці куды заўгодна – хоць у іншы балаган (але навошта?), хоць у іншы цырк або заапарк (але ці возьмуць?), хоць на трыбуны, але там неяк няўтульна і страшна.
Што да праграмы, то ў асноўным яна складаецца з пацешных баёў. Частка колішніх заапаркавых прыгажуноў разбеглася, а тыя, што засталіся, без імпэту тузаюцца, каб пабавіць рэшткі адданай публікі, але перш за ўсё – каб у клетку насыпалі хоць якога корму. У прынцыпе, гледачам таксама ўжо ўсё роўна, хто б’ецца – або мышы, або пеўні (спадзяюся, Саша Івулін зразумее мяне правільна), або яшчэ якая худая аблезлая істота. На трыбунах засталіся толькі самые адданыя фанаты.
Адміністрацыю ў шоу хвалюе толькі адно – каб на звярах, якія ўсё ж застаюцца ў балагане, стаяла таўро. Абавязкова чырвона-зялёнага колеру. Працэс кляймення падаюць нават як больш значнае відовішча, чым спаборніцтва ў манежы. Кляймяць, у першую чаргу, тых, хто некалі асмеліўся падаць голас – цяўкнуць або рыкнуць, няхай і не вельмі гучна ды рашуча.
Клубы ЧБ павінны будуць адлюстроўваць дзяржсцяг Беларусі на гульнявых футболках
Як адчуваць сябе насельнікі балагану? Лічаць яны сябе звярамі або ўжо скацінай? Пытанні складаныя, але, мне здаецца, унутры пэўная рэфлексія ідзе. Усё ж такі нават у заапарку пачулі боль беларусаў у 2020 годзе. А як жа тады не адчуць боль ад уласнага прыніжэння?
З кляймом цяжка захоўваць ілюзію свабоды, але і свабода можа пужаць мацней за балаган, калі з маленства толькі і рыхтаваўся да таго, каб быць яго ўдзельнікам.