Tribuna/Тэніс/Блогі/«Порою блажь великая»/Хітруння, але не дурніца. Чаму Сабаленка здала Лукашэнку, няхай і дзіўным чынам

Хітруння, але не дурніца. Чаму Сабаленка здала Лукашэнку, няхай і дзіўным чынам

У тыграняці не атрымалася адсядзецца.

7 чэрвеня, 13:00
10
Хітруння, але не дурніца. Чаму Сабаленка здала Лукашэнку, няхай і дзіўным чынам

Не вінаватая я – ён сам прыйшоў. Здаецца, Арына Сабаленка ўважліва глядзела класіку савецкага кіно.

Дзёрзкая ўкраінская журналістка з’ехала з Парыжа, а гэта значыць, што тэнісістка без вялікіх засцярог можа вярнуцца да сваёй улюблёнай справы – вешаць локшыну на вушы амерыканскіх і еўрапейскіх журналістаў. Расказваць казкі тым, хто не ў тэме і хто не створыць нязручнасцяў пытаннямі на ўдакладненне.

О, так, ён сам прыйшоў. Запомніце, ўсе памагатыя Лукашэнкі, на той выпадак, калі вам аднойчы ўсё ж давядзецца адказваць за свае ўчынкі супраць беларускага народа, супраць беларускай нацыі. Верце, што памяць у людзей кароткая, і што інтэрнэт мала што помніць, бо ўсе «экстрэмісцкія» медыя заблакаваныя, і «гугл» з вялікай неахвотай выдае на іх спасылкі.

Лукашэнка прыходзіў да Сабаленкі ў распранальню, і яна не магла яму адмовіць. Цяпер у выкладаннi спартсменкі менавіта так выглядаюць яе стасункі з дыктатарам. Калі б Даша Мешчаракова з украінскай «Трыбуны» і далей працавала на «Ралан Гарос», яна б напэўна ўдакладніла некаторыя дэталі. А калі ў 2018 годзе ты сама прасіла пра сустрэчу з Лукашэнкам, і яна адбылася (пра гэта распавядалі ўсе рэжымныя медыя – вось спасылка на сюжэт) – ён тады сам прыйшоў, каб уцягнуць цябе ў палітыку? А калі ты з Лукашэнкам адкрывала скандальны рэстаран у Лебядзіным, хто да каго прыйшоў? Ну а віншаванне беларусаў з новым 2021 годам у кампаніі дыктатара – які там быў прымус, Арына? Беларусаў у тую пару збівалі, ні за што кідалі ў турмы (зрэшты, сёння адбываецца тое самае). Можа, і табе пагражалі дручком?

Цяпер пра гэта няма каму спытаць. І Сабаленка, адсядзеўшыся ў схованцы, можа ізноў фармаваць сваю рэчаіснасць.

У беларускім сегменце сацсетак часта пішуць пра разумовыя здольнасці Сабаленкі, і з «аратарамі» хочацца пагадзіцца. Але не ўсё так адназначна. Трэба прызнаць за спартсменкай пэўныя таленты не толькі ў тым, што тычыцца абыходжання з ракеткай. Яна ўмее падабацца значнай частцы аўдыторыі. У сацсетках – усмешлівая, пазітыўная, вясёлая, эмацыйная. На корце – шалёная і відовішчная. Паспяховая. Ну а тое, што яна спакойна глядзіць на рэпрэсіі на сваёй Радзіме, што яна гэтыя рэпрэсіі нават ускосна ўхваляе, – гэта амаль нікога сёння не турбуе (прыкра, але так).

Ды што там – мала каго ў гэтым свеце па-сапраўднаму хвалюе вайна ва Украіне. Чым далей ад тэатру баявых дзеянняў, тым больш канцэнтрацыі на сваіх справах і патрэбах. І калі французская публіка абсвіствае ўкраінак за нежаданне ціснуць Сабаленка руку пасля матчу, гэта цалкам зразумелая пазiцыя: мы заплацілі дзясяткі або сотні еўра за шоу з канкрэтным сцэнарыем, а не за гэтыя выбрыкі. Якая нафіг вайна? Мы тут якім бокам?

А, ледзве не забыўся! Сабаленка яшчэ – нядрэнная акторка. Засвоіла ролю высакароднай ахвяры, якой то словы запіхваюць у рот, то не адказваюць узаемнасцю на ветлівае чаканне ў сеткі.

Дык вось, яна – не дурніца. А яшчэ здаецца, што яна – не адна. І гаворка не пра другога падпісанта за Лукашэнку Канстанціна Кальцова, які круціць з тэнісісткай раман (тут шмат розуму не трэба), а пра менеджараў. Такое ўражанне, што побач з Сабаленкай нехта ёсць – той, хто дапамагае выблытвацца з няёмкіх сітуацый. І гэта цалкам натуральна з улікам таго, якім вялікім актывам з’яўляецца 25-гадовая ўраджэнка Мінску. На ёй можна зарабляць мільёны і мільёны. У ёй зацікаўленая WTA, у ёй зацікаўленыя буйныя турніры (адсюль такая апека французскіх арганізатараў, якія пагадзіліся на асаблівыя ўмовы прэс-канферэнцый). Сама Сабаленка ў сабе зацікаўленая, таму ад пісьменнай дапамогі не адмовіцца, бо добра ведае, на што здольная ў некантраляваным стане.

І пакуль яна досыць граматна выграбае з той сітуацыі, што склалася ў Парыжы. Мы назіраем і змену тактыкі, і змену рыторыкі ў працэсе.

Базавым спадзевам было адмаўчацца. Маўляў, украінская «хамка» пакрыўдзіла беларускае тыграня сваёй экспрэсіяй, і тое стаілася ў логавішчы.

Але адляжацца не атрымалася. Неабазнаныя заходнія журналісты, якія амаль не цікавяцца ні беларускімi, ні ўкраінскімi падзеямі, ухапілі ў пытаннях украінкі не эмоцыю, а сутнасць. Яны пачалі прыглядацца, прыслухоўвацца, прынюхвацца. А пах тут, шчыра скажам, не вельмі. Эм, сапраўды, Арына, якога чорта ты круцілася з гэтым Лукашэнкам, дзялілася з ім сваёй папулярнасцю, а цяпер кажаш, што да вайны ніякім бокам, хаця Лукашэнка ў ёй па самыя вушы?

Пакуль Сабаленка маўчала, у заходніх медыя загаварылі тыя, каму ёсць што сказаць. Напрыклад, Анатоль Котаў з Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці даў інтэрв'ю французам (мы можам толькі здагадвацца, колькі запытаў на каментарый паступала тэнісістцы). І такое развіццё падзей не магло задавальняць каманду Сабаленка. Канфлікт справакаваў прэсу на тое, каб разабрацца ў цёмных справах другой ракеткі свету. Выкладанне гэтых спраў з чужых вуснаў вельмі пагражае пазітыўнаму іміджу тэніснай поп-зоркі. А гэта ўжо пытанне тых самых мільёнаў. Ды і раптам хто ў сацсетках з амерыканцаў або немцаў адпішацца?

Таму давялося вяртаць ініцыятыву ў свае рукі. Хуценька выйсці да людзей і з завучаным жалем сказаць дзве рэчы:

– гэта не тое, што вы маглі падумаць;

– не вінаватая я, ён сам прыйшоў.

Так атрымалася, што Арына тактычна выраклася Лукашэнкі, але зрабіла гэта цікавым чынам. Яна ні ў якім разе ў ім не расчаравалася – і барані божа, яна не мае да яго ніякіх прэтэнзій праз тое, што ён робіць з яе Радзімай і беларусамі.

Яна ўсяго толькі не падтрымлівае Лукашэнку проста цяпер. Вельмі дзіўная фармулёўка, згадзіцеся. Цяпер – гэта ў канкрэтнае імгненне, або падчас прэс-канферэнцыі не падтрымлівае, або ўвогуле? Хоць ты распрацоўвай прыбор, які фіксуе падтрымку Лукашэнкі. Згодны з усімі, хто кажа, што Сяргей Рутэнка мусіць патлумачыць заяву спартсменкі: пра вырваны кантэкст і тое, што азначае «цяпер» (хаця пакуль ён не гатовы).

Арына здае свае пазіцыі з боем, вельмі неахвотна, як украінцы здавалі рубяжы ў Бахмуце (спадзяюся, яны не пакрыўдзяцца на параўнанне). Пакуль што яна адступіла з абстрактных разважанняў пра вайну да сітуатыўнай непадтрымкі Лукашэнкі. Можа, гэтага хопіць, каб адчапіліся? Ну а калі не, яшчэ ёсць куды адступаць. Напрыклад, у наступнай ітэрацыі можна паспачуваць Украіне. Раптам і да такога дойдзе?

Іншыя пасты блога

Усе пасты