Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Як расiянiн плануе руліць хакейнымі «Дынама» і зборнай Беларусі: усхваліў Лукашэнку, гатовы натуралізаваць «хлапчанят», першыя матчы – для набору тонусу

Як расiянiн плануе руліць хакейнымі «Дынама» і зборнай Беларусі: усхваліў Лукашэнку, гатовы натуралізаваць «хлапчанят», першыя матчы – для набору тонусу

Багдановіч чакае подзвігаў.

Аўтар — bytribuna com
21 красавіка 2023, 22:40
2
Як расiянiн плануе руліць хакейнымі «Дынама» і зборнай Беларусі: усхваліў Лукашэнку, гатовы натуралізаваць «хлапчанят», першыя матчы – для набору тонусу

11 красавіка стала вядома, што мінскае «Дынама» і зборную Беларусі ўзначаліў 57-гадовы расіянін Дзмітрый Квартальнаў. У «Дынама» заявілі, што клубны кантракт з трэнерам разлічаны на год, аднак пазней коўч заявіў, што ў дамове разумеецца трохгадовае супрацоўніцтва. Таксама ў прэсе з'явілася інфармацыя, што адразу пасля прызначэння гульцам «Дынама» пачаў настойліва прапаноўваць супрацоўніцтва расiйскі агент – сын Дзмітрыя Мікіта Квартальнаў.

Ужо на пасадзе трэнера дзвюх галоўных хакейных каманд у Беларусі Квартальнаў раздаў некалькі інтэрв'ю. Вось што паспеў нагаварыць расiянiн пра сваю будучую працу.

Адразу ж усхваліў Лукашэнку

У першым жа інтэрв'ю ў новым для сябе статусе, прычым расiйскаму СМІ, Квартальнаў усхваліў беларускі рэжым. Уласна, па самой згодзе працаваць у камандзе, якая скончыла сезон паразай у матчы з камандай Лукашэнкі, было відавочна, што ўсе зверствы, якія застаюцца на рахунку рэжыму, для Квартальнава не праблема. Аднак трэнер адразу ж пайшоў далей – адказваючы зусім на іншае пытанне, асобна назваў Лукашэнку «прэзідэнтам краіны», а той факт, што Аляксандр гуляе ў хакей – адным з «вялікіх плюсаў». Зрэшты, гэтым ода Квартальнава не абмежавалася – ён заявіў, што Беларусь нібыта з'яўляецца «рэспублікай, якая жыве хакеем».

Выступіў супраць маладых у Амерыцы

Ужо пасля прызначэння Квартальнава ўсё яшчэ ўплывовы ў «Дынама» прарэжымнік з пяцігадовым банам ІІХФ Дзмiтрый Баскаў казаў пра тое, што «клуб працягне быць трамплінам для таленавітых беларускіх хакеістаў». Падтакваў яго словам і сам трэнер, пацвердзіўшы, што стаўка будзе зроблена менавіта на маладых мясцовых. Аднак пры гэтым Квартальнаў заявіў, што не дасць каму-небудзь прывілеяў, і «ў «Дынама» ў роўных правах будуць беларусы, еўрапейцы і паўночнаамерыканцы».

У цэлым трэнер знайшоў, што ў беларускім хакеі «надаюць вельмі вялікую ўвагу развіццю гульцоў». Пры гэтым Квартальнаў выявіў вялікі мінус – раннія ад'езды хакеістаў у паўночнаамерыканскія лігі. Трэнер хоча, каб маладыя гульцы не з'яжджалі за акіян, каб прабівацца наверх праз тамтэйшыя юніёрскія чэмпіянаты, а заставаліся дома дзеля шанцу ў КХЛ, дзе нібыта «ўзровень нашмат вышэйшы, чым у заакіянскіх ніжэйшых дарослых ліг».

Натуралізаваць гатовы толькі «хлапчанят»

Зайшла гаворка і пра натуралізацыю – важнае пытанне ў белхакеі. Коўч адказаў, што «свае будуць у прыярытэце». Квартальнаў не бачыць сэнсу затыкаць дарослымі замежнымі хакеістамі дзіркі толькі дзеля выступленняў на чэмпіянатах свету (дзе зборная Беларусі зараз і так не выступае з-за бана ІІХФ у адказ на вайну ва Украіне). Тым больш Квартальнаў асцерагаецца, што такія гульцы лёгка адмовяцца ад запрашэння ў зборную пасля цяжкага сезона – як, да прыкладу, гэта зрабіў абаронца Нік Бэйлен у 2018-м, калi замест кэмпа зборнай аддаў перавагу адпачынку з нявестай у Дубаі.

Аднак Квартальнаў не мае нічога супраць запрашэння ў зборную замежніка, калі гэта «маладое хлапчанё, якое гатова прыехаць [у Беларусь] развівацца» – тады магчымыя «працяглыя адносіны», а ў гэтым ужо ёсць сэнс.

У зборнай будзе набіраць тонус да сезона КХЛ

Ад свайго прызначэння ў зборную Беларусі ў даважку да «Дынама» Квартальнаў, па яго заяве, аказаўся «ганарлівы і шчаслівы» – і наогул ад пачатку разглядаў прапанову з Беларусі комплексна. Цяпер да канца вясны зборную пад кіраўніцтвам Квартальнава чакае 8 матчаў супраць каманды «Расія 25» (нешта кшталту другой зборнай) і яшчэ адзін супраць зборнай Казахстана. Гэтую праграму трэнер успрымае як добрую магчымасць папрактыкавацца перад КХЛ пасля гадавой паўзы ў трэнерскай працы. «Якраз вальюся і да новага сезона буду ў добрым тонусе», – апісаў свае чаканні Квартальнаў.

Квартальнаў ужо сабраў першы кэмп – ён пачаўся 17 красавіка. Трэнер выклікаў 41 гульца з клубаў КХЛ, МХЛ, ВХЛ і Экстралігі (без «Нёмана» і «Металурга», у якіх пакуль фінал плэй-оф). Каманда працуе дзвюма асобнымі групамі: больш дасведчаныя і маладыя.

Квартальнава лічаць «глытком паветра» і чакаюць яго подзвігаў

Ужо выказаўся пра Квартальнава выкліканы ў кэмп зборнай беларускі абаронца ніжагародскага «Тарпеда» Данііл Бокун, які раней скардзіўся, што Крэйг Вудкрафт не даў яму шанцу ў «Дынама». Бокун думае, што Квартальнаў стане для «зуброў» «глытком свежага паветра», а камандзе апынецца карысным «новае бачанне гульні» ад трэнера. Хваліў коуча і Баскаў – назваў яго «трэнерам з вялікімі і, галоўнае, апраўданымі амбіцыямі».

Толькі станоўчыя аспекты ў трэнерскай ракіроўцы ўбачыў і прарэжымны кіраўнік ФХБ Аляксандр Багдановіч, у якога пасля асабістых зносін з трэнерам засталіся добрыя ўражанні. Цяпер Багдановіч чакае ад Квартальнава «подзвігаў з беларускімі хакеістамі».

А вось былы трэнер зборнай Беларусі Іван Крываносаў галоўным плюсам Квартальнава лічыць тое, што ён гаворыць па-руску, – і наогул у Беларусі маглі выбіраць любога з ліку рускамоўных «талковых спецыялістаў, якія чагосьці дабіліся».

Іншыя пасты блога

Усе пасты