Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Беларускія заробкі КХЛ: на вяршыні амерыканец, сотні тысяч долараў даюць і ветэранам, і маладым, у «Дынама» «шасцізнак» за сезон толькі ў дваіх

Беларускія заробкі КХЛ: на вяршыні амерыканец, сотні тысяч долараў даюць і ветэранам, і маладым, у «Дынама» «шасцізнак» за сезон толькі ў дваіх

Усё падлічана.

Аўтар — bytribuna com
30 красавіка, 08:00
Беларускія заробкі КХЛ: на вяршыні амерыканец, сотні тысяч долараў даюць і ветэранам, і маладым, у «Дынама» «шасцізнак» за сезон толькі ў дваіх

На днях расiйскі «Спорт-Экспрэс» апублікаваў памеры заробкаў усіх хакеістаў клубаў КХЛ (без уліку бонусаў) за сезон-2022/23. У спіс выдання, зразумела, увайшлі і 34 гульцы лігі з беларускімі пашпартамі. Мы вывучылі пералік і цяпер расказваем пра самыя цікавыя факты.

На вяршыні натуралізаваны амерыканец

Самым высокааплатным з беларускіх хакеістаў лігі з'яўляецца Шэйн Прынс. Натуралізаваны грамадзянін ЗША ў «Спартаку» за мінулы сезон атрымаў 35 мільёнаў расійскіх рублёў (430 тысяч долараў). Форвард, які лічыць, што сусветны хакей страчвае з-за бана Беларусі і Расіі, правёў якасны сезон. Прынс стаў другім бамбардзірам і снайперам «Спартака», набраўшы 35 (17+18) ачкоў у 50 матчах рэгуляркі. Кіраўніцтва маскоўскага клуба разумее важнасць беламерыканца для сваёй каманды, таму нядаўна на год працягнула кантракт з ім на ранейшых умовах. Сам нападаючы казаў, што Масква стала ягоным любiмым горадам.

На другім месцы ідзе Сцяпан Фалькоўскі, які правёў свой найлепшы сезон у кар'еры. Па айстайме ў СКА ён уступіў толькі Аляксандру Нікішыну, у сярэднім праводзячы на лёдзе 20:12. Фалькоўскі выдаў і найлепшую статыстыку за гладкі чэмпіянат – 21 (8+13) ачко ў 51 гульні. Праўда, перамагчы ў Кубку Гагарына піцерцам не ўдалося – вылецелі на стадыі паўфіналу. Беларускі абаронца быў заўважным выканаўцам у шэрагах «армейцаў», набраўшы за плэй-оф 5 (2+3) балаў і +12 карыснасці за 16 матчаў. За ўсё гэта Фалькоўскі атрымаў мінімум 30 мільёнаў расійскіх рублёў (370 тысяч долараў) – а гэта ўсяго 14-ы заробак у камандзе, таму не варта выключаць, што Сцяпан можа атрымаць кантракт на палепшаных умовах.

Крыху менш мае абаронца «Ак Барса» Крысціян Хенкель – 27 мільёнаў расійскіх рублёў (330 тысяч долараў). Няхай ён не вядучы гулец казанцаў, але свае стабільныя 17 хвілін на лёдзе мае. Дэф траўмаваўся ў пачатку плэй-оф і вярнуўся на пляцоўку толькі падчас фінальнай серыі з ЦСКА. З беларускім гульцом у складзе «Ак Барс» пасля 1-3 у серыі зрабіў 3-3 – уладальнік тытула вызначыцца ў суботу. Галоўны трэнер каманды Зінэтула Білялетдзінаў застаўся задаволены дзеяннямі Хенкеля ў шостым матчы.

На чацвёртай пазіцыі ідзе маскоўскі дынамавец Кірыл Гатавец. Беларускі абаронца хутка ўліўся ў шэрагi расійскага клуба, адразу стаўшы там адным з вядучых гульцоў. Аляксей Кудашоў актыўна давяраў хакеісту, і ён правёў адзін са сваіх самых якасных сезонаў у КХЛ. Вось толькі з плэй-оф каманда вылецела ўжо ў першым раўндзе. Наперадзе ў Гатаўца яшчэ год кантракта з «Дынама», па якім ён таксама атрымае 26 мільёнаў расійскіх рублёў (320 тысяч долараў).

Беларускі топ-5 закрываюць два хакеісты, якія маюць па 25 мільёнаў расійскіх рублёў за сезон (310 тысяч долараў). Абаронцу «Адмірала» Яўгену Лісаўцу ў трэці раз за кар'еру ўдалося набраць у рэгулярцы больш за дзесяць ачкоў – ва Уладзівастоку атрымалася 3+8 за 51 матч. Як мог хакеіст дапамагаў камандзе ў плэй-оф, зарабіўшы 2+2 у 10 гульнях. Ягонымі дзеяннямі ў «Адмірале» засталіся задаволеныя, аднак кантракт падышоў да канца. Не выключана, што ўлетку мы ўбачым Лісаўца ў шэрагах іншага клуба КХЛ.

А вось Максім Сушко, які яшчэ два гады таму свяціўся ў НХЛ, наўрад ці запіша мінулы сезон сабе ў актыў. Улетку 2022-га форвард пакінуў мiнскіх дынамаўцаў і далучыўся да маскоўскіх, дзе з часам проста перастаў трапляць у склад. У снежні «Дынама» ўдалося вымяняць Сушко ў «Сібір» за грашовую кампенсацыю, пры гэтым кантракт хакеіста застаўся на ранейшым узроўні. Аднак праявіць сябе не ўдалося і ў Новасібірску. Усяго за рэгулярку-2022/23 нападаючы набраў сціплыя 7+7 за 51 матч.

Ветэраны не ўразілі, але атрымалі нядрэнна

На сёмым месцы сярод беларускіх хакеістаў ідзе адзiн з самых дасведчаных гульцоў лігі 34-гадовы Андрэй Стась. Праўда, у «Трактары» ён толькі 11-ы з 22 мільёнамі расійскіх рублёў (270 тысяч долараў). Мінулы сезон мала чым парадаваў форварда: усяго адна шайба ў 59 матчах, -13 «па +/-» і дзявятае месца каманды ва Усходняй канферэнцыі. Кантракт хакеіста ў Чалябінску скончыўся, будучыня Стася пакуль застаецца цьмянай. Ёсць у яго і іншая праблема.

Не ўразіла гульня Мікіты Феактыстава. 32-гадовы нападаючы трэці сезон правёў за «Сочы» – зараз найгоршую каманду на Захадзе. Калі ў рэгулярцы-2021/22 форвард быў адным з лідараў «леапардаў», то ў мінулай прыкметна здаў – 6+10 у 53 гульнях. У пасіве Феактыстава і рэкордныя ў кар'еры 24 хвіліны штрафу за чэмпіянат. Падчас сезона даходзіла да таго, што яго выдаленні рэалізоўвалі часцей за ўсё ў КХЛ. За год у «Сочы» Мікіта атрымаў 15 мільёнаў расейскіх рублёў (185 тысяч долараў) – гэта восьмы па памеры кантракт у камандзе.

Самы ўзроставы гулец СКА 34-гадовы Мікіта Камароў мае толькі 24-ы заробак па клубе. У мінулым сезоне нападаючы атрымаў 12 мільёнаў расійскіх рублёў (150 тысяч долараў). Камароў далёка не заўсёды трапляў нават у заяўку на матчы, а калі з'яўляўся на лёдзе, то ў сярэднім праводзіў па восем хвілін. Гульня ў нізкіх звёнах дазволіла набраць форварду 2+2 за 37 гульняў рэгуляркі. Кантракт Мікіты са СКА падышоў да канца – новы сезон хакеіст, магчыма, пачне ў «Ладзе», якая вяртаецца ў КХЛ.

Маладыя пачалi зарабляць

У топ-10 «беларускіх» заробкаў самымі маладымі з'яўляюцца 23-гадовыя Іван Драздоў і Уладзіслаў Яроменка з 20 мільёнамі расійскіх рублёў (245 тысяч долараў). Мінулыя сезоны абодва пачыналі ў новых клубах – не сказаць, што там згубіліся, але і не былі лідарамі.

Драздоў выходзіў у верхніх звёнах «Салавата Юлаева», з якім стаў другім на Усходзе. Давер Віктара Казлова канвертаваўся ў вынiковую гульню: так шмат Іван раней за рэгулярку яшчэ не набіраў – 13+15 у 61 матчы. Хакеіст працягнуў афармляць ачкі і ў плэй-оф (1+3 у 5 матчах), але «Салават Юлаеў» сенсацыйна вылецеў у першым раўндзе ад «Адмірала» Лісаўца. Наперадзе ў Драздова яшчэ два гады кантракта з Уфой.

Яроменка паказваў прагрэс у магнітагорскім «Металургу», хоць і не меў вялікага даверу трэнерскага штаба. У сярэднім Уладзіслаў праводзіў на лёдзе па 14 хвілін, але пры гэтым стаў лепшым за рэгулярку па паказчыку «+/-» у камандзе з +12. Праўда, яшчэ ў сярэдзіне лютага дэф атрымаў траўму, з-за якой выпаў да канца сезона «Металурга», які вылецеў у другім раўндзе Кубка Гагарына.

Беларусы з «Дынама» далёка не ў топе

У мiнскім «Дынама» пры Крэйгу Вудкрафце верхнія звёны ў большасці сваёй складаліся з легіянераў. Лагічна, што ў паўночнаамерыканцаў, скандынаваў і расіян былі заробкі большыя, чым у беларускіх хакеістаў, якія часта выконвалі ролі другога плана.

У рэйтынгу «беларускіх» заробкаў вышэй за ўсіх з дынамаўцаў знаходзіцца Ілля Шынкевіч, які займае толькі 16-е месца. За мінулы сезон 33-гадовы абаронца атрымаў 11 мільёнаў расійскіх рублёў (135 тысяч долараў). Адразу за ім ідзе абаронца Сяргей Сапега са 122 тысячамі долараў. Яшчэ адзін дэф Дзмітрый Корабаў і варатар Канстанцін Шостак дзеляць 18-ы радок – яны за сезон атрымалі па 98 тысяч долараў. 22-м у спісе з 86 тысячамі долараў стаў брамнiк Аляксей Коласаў. Астатнія беларускія хакеісты «Дынама» маюць менш за 50 тысяч долараў за сезон.

Іншыя пасты блога

Усе пасты