Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Гэта прарыў! І правал? Спрабуем зразумець, што значаць вынікі Гран Пры Бахрэйна

Гэта прарыў! І правал? Спрабуем зразумець, што значаць вынікі Гран Пры Бахрэйна

Вось прыкладна такога чакалі ўсе аматары Формулы 1 апошнія гадоў восем: адраджэнне Ferrari з пераможным дублем і Шарлям Леклерам на першым месцы, праблемы ў Mercedes і неадназначнае становішча Red Bull. Дык і гэта далёка не ўсё!

22 сакавіка 2022, 19:21
3
Гэта прарыў! І правал? Спрабуем зразумець, што значаць вынікі Гран Пры Бахрэйна

Вось прыкладна такога чакалі ўсе аматары Формулы 1 апошнія гадоў восем: адраджэнне Ferrari з пераможным дублем і Шарлям Леклерам на першым месцы, праблемы ў Mercedes і неадназначнае становішча Red Bull. Дык і гэта далёка не ўсё!

Пачынаць жа гэты артыкул, як і некалькі папярэдніх даводзіцца з вайны, якую рускі фашыст-карлік назваў спецаперацыяй. Ужо амаль месяц Украіна пакутуе ад варожай навалы з усходу і з поўначы. Два дыктатары здзейснілі крывавае злачынства супраць братняга народа, з якога захацелі зрабіць рабоў, якімі лічаць рускі і беларускі народы.

Аднак украінцы выявіліся сапраўднымі вольнымі людзьмі, якія любяць сваю радзіму і гатовыя бараніць яе. А яшчэ яны выявіліся мужнымі і крутымі ваярамі, што для ворага стала вельмі непрыемнай навіной. Шалёны рускі мядзведзь абламаў свае іклы аб украінскі дыямент, а потым атрымаў гэтым дыяментам па сваёй пустой галаве.

Таму я перакананы ў перамозе Украіны і ўкраінцаў, якія згуртаваліся ў адзіны кулак незалежна ад мовы, на якой размаўляюць штодня. Я схіляюся перад мужнасцю Ўзброеных сілу Украіны, Нацыянальнай гвардыі Украіны і яе сіламі Тэрытарыяльнай абароны, якія змагаюцца не толькі за сваю свабоду.

Мне бясконца сорамна, што калгасны дыктатар зрабіў мірную Беларусь агрэсарам, і з нашай зямлі пачалі ўзлятаць знішчальнікі, бамбавікі, крылатыя ракеты, якія пачалі забіваць мірных украінцаў, старых і малых, па якіх кожны сумленны беларус смуткуе. Сорамна, што з нашай тэрыторыі ва Украіну рухаюцца танкі і іншая бронетэхніка, заходзяць варожыя салдаты, якія ладзяць злачынствы супраць украінцаў.

Дыктатар, што здрадзіў свайму народу, захапіўшы спачатку ўладу і схаваўшыся за сваіх «сілавікоў», цяпер можа адправіць ваяваць з Украінай сваё войска. І зараз я хачу звярнуцца да украінцаў.

Шаноўныя суседзі, нашыя браты і сёстры! Усе, хто прыходзіць да вас са зброяй – нашы агульныя ворагі, незалежна ад таго, якія ў іх пашпарты. Біце кожнага з іх, хто добраахвотна не складзе зброю. Кожны сумленны беларус толькі падтрымае вас. Слава Україні! Героям Слава! Жыве Беларусь!

Зычу Украіне не толькі хуткай перамогі, але і хуткага аднаўлення і адбудовы. Перакананы, што ў ёй знойдуць сабе месца і сусветныя аўта- і мотагоначныя чэмпіянаты, якіх Украіна дакладна вартая. Але ці вартыя яе чэмпіянаты? Формула 1, здаецца, як мінімум вельмі хоча быць вартай!

У перадсезонным прэв’ю я паасцярожнічаў, авансам запісаўшы ў фаварыты Mercedes і Red Bull. Але і Ferrari з рахункаў не скідваў! Прыгадаў мінулагодні прагрэс Скудэрыі, працу яе інжынераў у міжсезонні, вынікі якой былі заўважныя ўжо на перадсезонных тэстах у Барселоне і тым жа Бахрэйне. А яшчэ адзначыў, што многае будзе залежыць ад італьянскай сілавой устаноўкі.

Галоўны матарыст Ferrari Энрыка Гаўлцьеры і яго падначаленыя моцна рызыкнулі, каб дамагчыся максімальнай аддачы, і дамагліся. Нават у Mercedes паспяшаліся назваць італьянскія маторы самымі магутнымі, і заставалася толькі, каб не падвяла і іх надзейнасць. І яна не падвяла таксама.

Хоць і хуткасць таксама трэба было пацвердзіць, але з гэтым ні ў Шарля Леклера, ні ў Карласа Сайнса на Гран Пры Бахрэйна праблем не было. Да такой ступені, што першы ў новай эры Формулы 1 поўл заваяваў менавіта манэгаск.

Дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен, саступіўшы Леклеру крыху болей 0,1 секунды (кваліфікацыйны час Шарля, дарэчы, склаў 1:30,558, што ўсяго на паўтары секунды павольней за мінулагодні поўл таго ж Ферстапена), быццам бы памыліўшыся ў вырашальнай спробе. Аднак гонка паказала, што для Red Bull усё не так проста.

Старт з гэтага года ў Формуле 1 вырашае больш. Правіла, што гоншчыкі, якія патрапілі ў фінал кваліфікацыі, мусяць стартаваць на тым жа камплекце шын, на якім яны паказалі лепшы вынік у другім сегменце, нарэшце адмененае. Цяпер кожны мае свабодны выбар гумы для стартавага адрэзку. Зрэшты, усё роўна на Medium стартавалі толькі пілоты McLaren (пра правал брытанскай каманды будзе асобная гаворка), усе астатнія ж абралі Soft.

І вось на мяккіх шынах, на свежых, прынамсі, Леклер быў хутчэйшы за Ферстапена. Шарль і лідарства захаваў, і на адносна бяспечную ад нідэрландца дыстанцыю ад’ехаў. Але быў адзін нюанс: Макс гонку пачынаў на ўжыванай гуме. А на першым піт-стопе на чатырнаццатым кругу Ферстапен атрымаў свежы камплект «софта», тады як Леклер кругам пазней у сваю чаргу пераабуўся ва ўжываны.

Тут і пачалася весялуха! Барацьба за лідарства паміж Шарлем і Максам, якая разгарнулася на сямнаццатым і васямнаццатым кругах, можа ўвесь новы сезон упрыгожыць. Першая пазіцыя ад аднаго да другога пераходзіла разоў шэсць! Пілот Ferrari ў выніку адбіўся, а Ферстапен, перагрэўшы тармазы, часова адступіў.

У наступны раз Макс паспрабаваў пайсці ў атаку ўжо пасля другога піт-стопу, калі і ён, і Шарль ужо былі на свежым «медыуме». Але тут Леклер адразу моцна прыбавіў у тэмпе. А Ферстапен яшчэ на сорак трэцім кругу яшчэ і ў трэці раз наведаў боксы, вярнуўшыся на «софт».

Так што калі на сорак чацвёртым кругу праз праблемы з электрыкай загарэўся і спыніўся на трасе балід пілота AlphaTauri П’ера Гаслі, што выклікала спачатку віртуальны, а потым і сапраўдны аўтамабіль бяспекі, Шарль без праблем здзейсніў свой трэці піт-стоп, прычым бясплатны, таксама атрымаўшы камплект мяккіх шын.

Але аўтамабіль бяспекі ўсё роўна ушчыльніў пелатон, таму пасля рэстарту кожны чакаў працягу дуэлі паміж Леклерам і Ферстапенам. Толькі Red Bull чакаў той самы згаданы ў загалоўку правал. І першым праблемы (па агучанай пазней інфармацыі, з паліўнай помпай) абрушыліся на Макса. Ён не толькі не змог абагнаць Леклера, але і праз тры кругі страціў хуткасць, прапусціў Карласа Сайнса, які стартаваў трэцім і ўвесь час ехаў следам, і ўвогуле звярнуў у боксы і сышоў з дыстанцыі.

Не так дзейсны чэмпіён планаваў пачаць новы сезон! Для каманды ж гэта былі кветачкі. Серхіа Перэс кваліфікаваўся напярэдадні чацвёртым, на старце страціў дзве пазіцыі, але затым адыграў, і меў шанцы даехаць да подыуму. Ззаду на яго накочваў Льюіс Хэмілтан, для якога подыум таксама нечакана стаў рэальным, але яго атакі Чэка адбіваў. Да самага апошняга круга, на якім у першым павароце заглух рухавік і на яго балідзе, які ў дадатак развярнула.

Афіцыйная прычына сходу тая ж, што і ў Ферстапена – паломка паліўнай помпы. Быццам бы ў Red Bull пралічыліся з колькасцю паліва на гонку, залілі яго ў бакі машын замала, яно потым нагрэлася, пачало выпарацца, помпа пачала падсмоктваць паветра і ў выніку выйшла з ладу. Так замест подыуму каманда атрымала «абаранкі» дзвюма машынамі.

Трэцім жа фінішаваў Хэмілтан, але калі б не сход абодвух гоншчыкаў Red Bull, то не пабачыў бы сяміразовы чэмпіён і чацвёртай пазіцыі. Таму што ў Мерсэдэсе пралічыліся яшчэ значней, чым у Red Bull. Нешта не так і з шасі W13, і, відаць што, з рухавіком Mercedes, і па хуткасці ўладальнікі васьмі Кубкаў канструктараў заўважна саступаюць Ferrari і Red Bull. Хаця ачкі маюць, у адрозненні ад апошніх, і нямала, бо новы напарнік Хэмілтана Джордж Расэл у першай гонцы ў новай камандзе фінішаваў пятым.

Але сапраўдная катастрофа ў параўнанні з мінулым годам у McLaren. Хуткасці ні ў Ланда Норыса, ні ў Даніэля Рыкарда не было ўвесь ўік-энд. Стартавалі брытанец і аўстраліец трынаццатым і васямнаццатым адпаведна, а да фінішу прыйшлі пятнаццатым і чатырнаццатым. Верагодна, яны таксама пакутуюць ад недахопу магутнасці матора Mercedes, як і каманда Aston Martin, чыі пілоты Лэнс Строл і Ніка Хюлькенберг (ён замяняў Себасцьяна Фетэля, які прыхварэў на каронавірус) занялі дванаццатае і сямнаццатае месцы адпаведна.

Лагічна, што ўсё выдатна ў кліентаў Ferrari. Нават у каманды Haas, якая праваліла мінулы сезон і апынулася ў складаным становішчы напачатку гэтага. Амерыканцам праз расійскую ваенную агрэсію ў адносінах да Украіны прыйшлося ірваць адносіны з іх цяпер ужо былым тытульным спонсарам – кампаніяй «Уралкалий». І адмаўляцца ад паслуг сына яе ўладальніка Дзмітрыя Мазепіна Мікіты, які правёў у Haas адзін сезон.

Затое ўдалася дамовіцца з Кэвінам Магнусэнам, з якім па сканчэнні сезону-2020 каманда рассталася. Датчанін, які рыхтаваўся да дэбюту ў вышэйшай катэгорыі гіперкараў чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць у складзе Peugeot, прапанову прыняў, і не пашкадаваў, як і ўвесь Haas – адразу заехаў на пятае месца! Нядрэнна ўсё і ў Alfa Romeo – Валтары Ботас у Бахрэйне фінішаваў шостым, а яго напарнік, дэбютант і першы ў Формуле 1 кітаец Гуаньюй Чжоў – дзясятым.

Ну і, вядома, радаваліся ў самой Скудэрыі! Першыя перамога і дубль з 2019 году (тады перамог Фетэль, а Леклер заняў другое месца) прынеслі чырвоным шмат ачкоў і пасля першага этапу новага сезону зрабілі іх адназначнымі лідарамі чэмпіянату.

Становішча ў яго асабістым заліку цалкам адпавядае фінішнаму пратаколу Гран Пры Бахрэйна. Леклер лідзіруе з 26 ачкамі (Шарль узяў і бонуснае за лепшы круг), другую пазіцыю займае Сайнс, у якога 18 ачкоў, а трэцюю, маючы 15 балаў, Хэмілтан. У Кубку канструктараў у Ferrari 44 ачкі, а ў Mercedes, які займае другую пазіцыю, 27. Замыкае першую тройку з 10 ачкамі Haas. Немаведама, зрэшты, ці надоўга так высока затрымаюцца немцы з амерыканцамі.

Дый італьянцам зараз дакладна не да расслабону – у Red Bull паспрабуюць узяць рэванш ужо на ў бліжэйшы ўік-энд на Гран Пры Саудаўскай Аравіі. Чакаем яшчэ адной цікавай, захапляльнай і непрадказальнай гонкі і такога ж сезону ў цэлым. Абы крывавыя дыктатары не знішчылі свет…

Іншыя пасты блога

Усе пасты