Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Цікавая прадказальнасць. Сцэнарый этапу сусветнага Супербайка ў Эштарыле быў стандартным, але рэжысура не падвяла

Цікавая прадказальнасць. Сцэнарый этапу сусветнага Супербайка ў Эштарыле быў стандартным, але рэжысура не падвяла

Па выніках усіх трох гонак уік-энду WSBK у партугальскім Эштарыле на подыум паднімаліся толькі Джонатан Рэй, Альвара Баўціста і Топрак Разгатліоглу. Але самі гонкі яны зладзілі такія, што надалей на трасу можна выпускаць толькі іх траіх – шоў будзе гарантаваным.

25 траўня 2022, 16:09
Цікавая прадказальнасць. Сцэнарый этапу сусветнага Супербайка ў Эштарыле быў стандартным, але рэжысура не падвяла

Фота: worldsbk.com

Па выніках усіх трох гонак уік-энду WSBK у партугальскім Эштарыле на подыум паднімаліся толькі Джонатан Рэй, Альвара Баўціста і Топрак Разгатліоглу. Але самі гонкі яны зладзілі такія, што надалей на трасу можна выпускаць толькі іх траіх – шоў будзе гарантаваным.

Чацвёрты месяц вораг не адмаўляецца ад планаў зруйнаваць і скарыць Украіну. Чацвёрты месяц яе народ працягвае гераічна змагацца з агрэсарам і не дазваляе яму разгуляцца ва ўсю моц. Агрэсар ужо і не хавае, што вядзе агрэсіўную захопніцкую вайну, а не нейкую там спецаперацыю. Яго канчатковая мэта – адрадзіць імперыю, у якой чалавечае жыццё не будзе каштаваць ні капейкі.

Украінцы выдатна гэта разумеюць, і таксама не збіраюцца здавацца і дараваць расійска-фашысцкім захопнікам іх злачынстваў. Ім супрацьстаіць увесь народ Украіны, а не толькі яе гераічныя Узброеныя сілы. Якім дапамагае і Полк Кастуся Каліноўскага, складзены з беларусаў, што змагаюцца за вызваленне ад дыктатуры і нашай зямлі. Народы Беларусі і Украіны заслужылі права жыць у міры і спакоі, не падпарадкоўваючыся ніякім імперыям.

Увесь свет абавязаны дапамагаць украінцам, бо яны змагаюцца не толькі за сябе. Стары маразматык у Крамлі верыць у тое, што можа заваяваць як мінімум усю Усходнюю Еўропу, што выдатна разумеюць там, але мусяць разумець і ў Заходняй. Перамога ўкраінцаў дапаможа ім з беларусамі далучыцца да еўрапейскай цывілізацыі, што пойдзе на карысць усім. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Расійская агрэсія прынесла не толькі пакуты ўкраінцам, але і праблемы міжнароднай спартыўнай супольнасці. Напрыклад, акурат сёння стала вядома, што Гран Пры Фінляндыі чэмпіянату MotoGP, які мусіў быў адбыцца летам, адменены ў тым ліку праз складаную геапалітычную абстаноўку. Прычынамі, зрэшты, ёсць і нейкія праблемы з амалагацыяй трасы Кімі Рынг, але агрэсіўныя паводзіны суседа Фінляндыі напэўна адыгралі значную ролю.

Сусветны Супербайк пакуль фінскага этапу не плануе, яму і так ёсць дзе праводзіць свае гонкі. Выдатныя, дарэчы. За чэмпіёнства там зараз змагаюцца тры гоншчыкі з трох розных каманд, і кожны з іх варты падымацца на вяршыні подыумаў. Што, праўда, у гэтым сезоне пакуль што ні разу не атрымалася ў дзейснага чэмпіёна Топрака Разгатліоглу з завадской каманды Pata Yamaha with Brixx WorldSBK.

На папярэдніх двух этапах турку проста не хапала гоначнага тэмпу, каб угнацца за Джонатанам Рэем і Альвара Баўцістай, хаця поўлы ён заваёўваў і ў Альканісе, і ў Асэне. У Эштарыле ў кваліфікацыі пяршынстваваў ужо Рэй, але Топрак гатовы быў пазмагацца за перамогу ў гонках. Як мінімум у першай, дзе Разгатліоглу апярэдзіў брытанскага канкурэнта з Kawasaki Racing Team WorldSBK на старце, а потым шмат разоў мяняўся з ім пазіцыямі, часам з кантактамі, як на трэцім кругу.

Лепшым месцам для атакі на трасе Эштарыл з’яўляецца галоўная прамая, дзе пераследніку зручна карыстацца сліп-стрымам. Толькі на ёй Разгатліоглу і Рэй атакавалі адзін аднаго восем разоў, пакуль на шаснаццатым кругу брытанец не памыліўся і не прапусціў наперад Баўцісту.

Лідара чэмпіянату з Aruba.it Racing-Ducati адразу паімчаўся за лідарам гонкі і ціснуў на яго да апошняга павароту апошняга круга, дзе скарыстаўся памаркай Топрака і апярэдзіў яго на апошніх сотнях метраў, атрымаўшы чарговую перамогу. Разгатліоглу прыйшлося задаволіцца другім месцам, трэцім фінішаваў Рэй.

Затое Джонатан адыграўся ў нядзелю. Пачаў ён гэта ўжо ў ранішнім суперпоўл-спрынце, старт якога выйграў ужо Разгатліоглу. Рэй паспяхова атакаваў яго на другім кругу на выхадзе з трынаццатага павароту, але на сёмым кругу з дзесяці саступіў Топраку лідарства ізноў.

Гоншчык Ямахі пачаў быў адрывацца ад брытанца, але на яшчэ сыраватай трасе памыліўся ў дзявятым павароце на апошнім кругу, ледзь не ўпаўшы. На колах Топрак цудам утрымаўся, але Джонатана наперад прапусціў, зноў фінішаваўшы другім. Трэцяе месца на гэты раз заняў Баўціста.

На апошнім кругу ўсё вырашылася і ў фінальным заездзе. Рэй лідзіраваў адзінаццаць кругоў, пакуль Баўціста не правёў рашучую атаку з трэцяй пазіцыі, падняўшыся на першую. Кругом пазней Джонатан паспрабаваў вярнуць сабе лідарства на адзінаццатым кругу ў шостым павароце, але Альвара правёў удалую контратаку.

Аднак Рэю ўдалася ўтрымацца ўшчыльную за іспанцам, і на тым самым апошнім кругу Джонатан пайшоў у атаку ў сёмым павароце. Баўціста здолеў утрымаць лідарства на выхадзе, але ў дзявяты паварот па лепшай траекторыі ўваходзіў брытанец, і з яго ўжо ён выйшаў першым. Атака ў апошнім павароце, як днём раней з Разгатліоглу, які цяпер прыйшоў да фінішу трэцім, у Альвара ўжо не атрымалася, і другім месцам задаволіцца прыйшлося яму, а Рэй перамог.

У чэмпіянаце, праўда, Джонатан скараціў адрыў ад Баўцісты толькі на адно ачко, да сямнаццаці. Па выніках трох этапаў у яго 144 ачкі супраць 161 у гоншчыка Ducati. Разгатліоглу па-ранейшаму трэці, і адстае моцна, маючы 109 балаў. З тым жа 161 ачком у заліку вытворцаў лідзіруе і Ducati, але Kawasaki, займаючы другую пазіцыю, адстае ўсяго на чатыры ачкі. Yamah, маючы 129 балаў, застаецца трэцяй.

Наступны этап сусветнага Супербайка пройдзе 10-12 чэрвеня на трасе імя Марка Сіманчэлі ў італьянскім Мізана.

Іншыя пасты блога

Усе пасты