Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Сафары Ралі як тэст на надзейнасць. Перамагчы ў Кеніі Кале Раванпэры дапамагла трываласць яго аўтамабіля

Сафары Ралі як тэст на надзейнасць. Перамагчы ў Кеніі Кале Раванпэры дапамагла трываласць яго аўтамабіля

Надзейнасць важная не толькі ў кальцавых гонках на цягавітасць. У чэмпіянаце свету па ралі яна зараз стала ледзьве не вырашальным фактарам. Хаця Кале Раванпэра ў чарговы раз замацаваў сваё лідарства дзякуючы і свайму несумнеўнаму таленту.

29 чэрвеня 2022, 20:26
Сафары Ралі як тэст на надзейнасць. Перамагчы ў Кеніі Кале Раванпэры дапамагла трываласць яго аўтамабіля

Фота: wrc.com

Надзейнасць важная не толькі ў кальцавых гонках на цягавітасць. У чэмпіянаце свету па ралі яна зараз стала ледзьве не вырашальным фактарам. Хаця Кале Раванпэра ў чарговы раз замацаваў сваё лідарства дзякуючы і свайму несумнеўнаму таленту.

Украіна заслужыла павагу ўсяго свету дзякуючы несумнеўным гераізму і мужнасці сваіх абаронцаў, якія ўжо пяты месяц супрацьстаяць варожай навале. Іх радзіма стала шчытом Еўропы, а самі яны мячом, якім належыць адсекчы галаву фашысцкай пачвары. Толькі так свет зможа спакойна і няспынна развівацца, бо пачвара не дазволіць гэтага зрабіць, таму што сама яна развівацца не ўмее.

Умее яна толькі забіваць, што працягвае рабіць, абстрэльваючы мірныя ўкраінскія гарады. Цяпер яе шчупальцы дацягнуліся і да Крамянчуга, дзе загінулі мірныя і ні ў чым не вінаватыя жыхары. Гэтае ганебнае злачынства немагчыма пакінуць беспакараным, і свет мусіць дапамагчы ўкраінцам любой зброяй, якая ім спатрэбіцца.

Перамога Украіны не толькі абароніць украінскі народ, але і дапаможа вызваліцца беларускаму, якому не хапіла сіл адолець моцнага ворага ў 2020 годзе. Лепшыя з нашых суайчыннікаў зараз дапамагаюць украінцам, змагаючыся разам з імі на перадавой за іх і за нашу свабоду і даючы надзею, што нашы народы змогуць сябраваць у будучыні, нягледзячы на саўдзел у злачынстве мясцовай дыктатуры. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Немагчыма не парадавацца і за Швецыю з Фінляндыяй, якія ўсё ж стануць удзельнікамі Паўночнаатлантычнага Альянсу. Яны выдатна разумеюць, ад чаго Украіна абараняе свет, і моцна ёй дапамагаюць, хоць мы любім іх не толькі за гэта, але і за слаўныя гоначныя традыцыі. Само іх геаграфічнае становішча дапамагае ім нараджаць моцных гоншчыкаў, у тым ліку ралістаў, як Кале Раванпэра.

Ён не першы славуты фінскі гоншчык, але на дадзены момант аб’ектыўна лепшы ў сусветным ралі. Кале ўжо выйграў практычна траціну этапаў сезону, змагаючыся ў тым ліку з такімі жывымі легендамі, як яго партнёр па камандзе Toyota Себасцьен Аж’е і яго суайчыннік і цёзка з каманды M-Sport Ford па прозвішчы Лёб.

Абодва французы ў гэтым годзе выступаюць па скарочанай праграме, аднак абодва ж прыбылі ў Кенію, дзе ў мінулы ўік-энд прайшоў чарговы этап сусветнага пяршынства. Прыбылі зусім не для таго, каб быць статыстамі, на што Аж’е, які выйграў мінулагодняе Сафары Ралі, намякнуў, захапіўшы лідарства яшчэ на першым суперспэшле ў чацвер. Прычым і амаль усю пятніцу Сэб узначальваў генеральную класіфікацыю, а змагаўся пры гэтым не з Раванпэрай.

Кале на згаданым суперспэшле ў чацвер крыху не пашанцавала – ён ледзь на зляцеў з трасы і злавіў пракол. Зрэшты, такое цягам усяго Ралі Кенія здаралася, здаецца, з усімі яго ўдзельнікамі. Хаця яшчэ аднаму прадстаўніку Таёты і дзейснаму віцэ-чэмпіёну Элфіну Эвансу, які таксама дацягнуўся быў да першай пазіцыі, не хапала тэмпу проста праз няўдалы выбар шын.

Таму валіец увечары ўсё ж прапусціў і Аж’е, і Раванпэру, і яшчэ аднаго таётаўца Такамота Катсуту. Аднак Себасцьен недоўга пасля гэтага пабыў лідарам, адкаціўшыся па выніках сёмага спецучастка на шостую пазіцыю праз паломку аднаго з амартызатараў яго GR Yaris Rally1. Так Кале скончыў другі спаборніцкі дзень лідарам.

Тэхнічных праблем хапала і ў прадстаўнікоў Hyundai. На i20 N Rally1 Ота Цянака адваліўся рычаг скрыні перадач. Утрымацца па выніках пятніцы на чацвёртай пазіцыі экіпажу дапамагла толькі яго вынаходлівасць – замест штатнага рычага От са сваім штурманам Марцінам Ярвеояй прыладзілі рычаг дамкрата. Цьеры Нэвілю ж не дапамагло б і гэта, таму што матор яго аўтамабіля на чацвёртым спецучастку проста страціў магутнасць, і на пятай пазіцыі бельгіец у пятніцу ўтрымаўся толькі цудам.

Дрэнна ў пятніцу працаваў і рухавік Puma Rally1 Лёба – дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі другі спаборніцкі дзень скончыў толькі дваццаць чацвёртым. І толькі яго талент дазволіў яму вярнуцца ў першую дзясятку ў суботу. А Нэвілю застацца ў першай пяцёрцы дапамагло толькі шанцаванне, бо сход на фінальным з суботніх трынаццатым спецучастку каштаваў яму дзесяць штрафных хвілін.

Цянак праз паломку праваднога вала з барацьбы за высокія пазіцыі выбыў яшчэ раніцай, а ўжо ў нядзелю, калі на яго аўтамабілі зламаўся ўзмацняльнік стырнавога кіравання, сышоў з дыстанцыі канчаткова. Так што выніковае пятае месца Нэвіля стала для каманды ледзьве не перамогай.

У Таёце ж перамогу адсвяткавалі сапраўдную: пракол Эванса на дзясятым допе ў суботу не перашкодзіў яму ўтрымацца на другой пазіцыі, а Раванпэры нішто не перашкодзіла кантраляваць адрыў ад яго да самага фінішу ралі і скончыць яго на першым месцы. Катсута замкнуў першую тройку, а Аж’е заняў чацвёртае месца. Кале, адпаведна, упэўнена лідзіруе ў чэмпіянаце, маючы 145 ачкоў і на шэсцьдзесят пяць апярэджваючы Нэвіля, які застаўся другім. Цянак у сваю чаргу захаваў трэцюю пазіцыю і мае 62 балы, але столькі ж у Катсуты, а ў гоншчыка M-Sport Ford Крэйга Брына, які ў Кеніі заняў шостае месца, толькі на два меней.

Toyota замацавалася на першай пазіцыі каманднага заліку, у якім мае 246 балаў супраць 184 у Hyundai, які па-ранейшаму займае другую пазіцыю. Пры гэтым M-Sport Ford, застаючыся трэцім, адстае не так і моцна – на сорак ачкоў.

У катэгорыі WRC2 у Кеніі мацнейшым стаў паляк Каетан Каетанавіч. На сваёй Škoda Fabia Rally2 ён лідзіраваў ад старту да фінішу, болей чым на дзевятнаццаць хвілін апярэдзіўшы амерыканца Шона Джонстана. Якому, зрэшты, жыццё ўскладнілі праблемы з тармазамі і маторам яго Citroën C3 Rally2. Трэцяе месца заняў мясцовы гоншчык Амаанрэй Сінг Рай, які выступаў на Шкодзе.

Найбольшую ж цікавасць для кенійцаў уяўляла катэгорыя WRC3, дзе іх суайчыннікі былі ва ўсіх трох экіпажах на аднолькавых пярэднепрывадных Ford Fiesta Rally3. Прычым перамога дасталася дзяўчыне – 26-гадовай Максін Уахомэ. Кім ёй прыходзіцца Джэрэмі Уахомэ, невядома, але ён заняў другое месца. Трэцім фінішаваў МакРэй Кімаці, удзельнік юніорскага чэмпіянату свету, які ў Кенію не прыязджаў.

Наступным этапам WRC стане Ралі Эстонія, якое пройдзе 14-17 ліпеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты