Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Новы лятучы фін. Кале Раванпэра наблізіўся да чэмпіёнскага тытулу, атрымаўшы перамогу на Ралі Эстонія

Новы лятучы фін. Кале Раванпэра наблізіўся да чэмпіёнскага тытулу, атрымаўшы перамогу на Ралі Эстонія

У Фінляндыі багатыя аўтаспартыўныя традыцыі, што ў кальцавых гонках, што ў ралі. Двухразовага чэмпіёна Формулы 1 Міку Хакінена некалі назвалі лятучым фінам, здаецца, цяпер такі будзе і ў WRC. На Ралі Эстонія Кале Раванпэра даказаў, што ён варты такога звання.

19 ліпеня 2022, 19:08
Новы лятучы фін. Кале Раванпэра наблізіўся да чэмпіёнскага тытулу, атрымаўшы перамогу на Ралі Эстонія

Фота: wrc.com

У Фінляндыі багатыя аўтаспартыўныя традыцыі, што ў кальцавых гонках, што ў ралі. Двухразовага чэмпіёна Формулы 1 Міку Хакінена некалі назвалі лятучым фінам, здаецца, цяпер такі будзе і ў WRC. На Ралі Эстонія Кале Раванпэра даказаў, што ён варты такога звання.

Ва Украіне амаль паўгода цягнецца вайна, якая ёсць нечым большым, чым проста вайна Украіны з рускім фашызмам. Украіна зараз абараняе ўвесь свет ад чужых старэчых імперскіх комплексаў. Агрэсія расійскага дыктатара супраць суседняга народа – гэта агрэсія супраць права народаў на свабоду і незалежнасць.

Украінцы за сваё права плацяць вялікую цану, занадта высокую для аднаго народу. Але пасля таго, як яны абароняць і вызваляць сваю зямлю ад ворага, больш ніхто не зможа паквапіцца на іх выбар ні звонку, ні ўнутры. Іх перамога перазапусціць і працэс вызвалення Беларусі і пераўтварэння яе жыхароў з насельніцтва ў грамадства, які тутэйшая дыктатура спыніла ў 2020-м.

Тыя беларусы, якія зараз ваююць за Украіну, ваююць і за сваю радзіму. Існаванне ў ёй акупацыйнага рэжыму магчымае пастолькі, паколькі існуе расійскі фашысцкі. Знішчэнне апошняга будзе азначаць канец і для тутэйшага калгаснага. Два народы заслужылі быць свабоднымі і адказнымі за сябе і свой лёс. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дзве свабодныя і мірныя краіны патрэбны Еўропе, таму што толькі свабоднымі і мірнымі яны будуць гарантыяй бяспекі на кантыненце. Гэта выдатна разумеюць іх суседзі, у тым ліку ў краінах Балтыі і, у прыватнасці, у Эстоніі, якая шмат дапамагае Украіне. Спартсменаў з Расіі і Беларусі на свой этап чэмпіянату свету па ралі яна не пусціла, але гэта дакладна можна перажыць.

Тым больш што галоўную ўвагу да сябе ўсё роўна прыцягвалі б фаварыты першынства: лідар чэмпіянату Кале Раванпэра, яго партнёр па камандзе Toyota Элфін Эванс, мясцовы герой От Цянак і яго напарнік па Hyundai Цьеры Нэвіль, а таксама гоншчыкі M-Sport Ford Крэйг Брын і Гас Грынсміт. Вось яны ў наваколлях Тарту і рабілі шоу, праўда, кожны па-рознаму.

Брын, напрыклад, пасля перамогі на першым суперспэшле ў чацвер лідарам ралі пабыў нядоўга. У раніцу пятніцы ірландзец спачатку адкаціўся на чацвёртую пазіцыю, а на чацвёртым спецучастку зляцеў з трасы і пашкодзіў падвеску свайго Puma Rally1, сышоўшы з дыстанцыі. Hyundai i20 N Rally1 Цянака і Нэвіля гэтым разам не ламаліся, але і ўгнацца за Таётамі не маглі.

Эстонец, які заняў трэцяе месца, выбраўся на яго фактычна па выніках яшчэ другога спецучастка. Бельгіец спачатку паспаборнічаў з яшчэ адным прадстаўніком Таёты Эсапекай Лапі, але, пачынаючы з дванаццатага допа ў суботу канчаткова ўладкаваўся на чацвёртай пазіцыі, на якой і скончыў этап.

За перамогу ж спрачаліся Раванпэра і Эванс. Валіец лідзіраваў амаль усю пятніцу, але пераменлівае надвор’е крыху змяніла расклад увечары, калі пайшоў дождж, пад якім фін быў хутчэй і выйшаў наперад. Больш расклад істотна не мяняўся. У суботу Элфін яшчэ патрымаўся паблізу ад Кале, але той неўзабаве нарасціў адрыў спачатку амаль да паловы хвіліны, а ў нядзелю – і да цэлай.

Каб проста зразумець тэмп, у якім ішоў лідар чэмпіянату, для прыкладу можна ўзяць фінальны суперспэшл, на якім разыгрываліся бонусныя ачкі і якіх Раванпэра ўзяў максімальныя пяць. Бліжэйшаму канкурэнту, якім і тут стаў Эванс, ён «прывёз» 22,1 секунды. Нестабільнае надвор’е ізноў сыграла на руку фінскага гоншчыка.

Вядома, і ў чэмпіянаце лідарства Кале толькі павялічылася – у яго 175 ачкоў супраць 92-х у Нэвіля, які захаваў другую пазіцыю. Эванс, заняўшы ў Эстоніі другое месца, у турнірнай табліцы падняўся на трэці радок, у яго 79 балаў, што на два болей, чым у Цянака. Toyota не меней упэўнена ўзначальвае залік вытворцаў, у якім яна мае 298 ачкоў. Hyundai з 211 баламі на другой пазіцыі, M-Sport Ford, маючы 157 ачкоў, замыкае першую тройку.

Пераможца ў катэгорыі WRC2 і дзейсны чэмпіён у ёй Андрэас Мікельсэн у абсалютным заліку заняў у Эстоніі восьмае месца. Лідарства ён захапіў ў пятніцу ўдзень, а да раніцы нядзелі проста кантраляваў адрыў ад фіна Цеему Сунінена. Чый Hyundai i20 N Rally2, аднак, быў не павольнейшы за Škoda Fabia Rally2 нарвежца, тым болей што той і сам выступіў не бездакорна, не пазбегшы развароту ў суботу.

Таму надта далёка Мікельсэн не ад’ехаў, а ў нядзелю на слізкім пасля дажджу гравіі Сунінен пайшоў у контратаку, і перад апошнім допам саступаў канкурэнту ўсяго 3,2 секунды. Нажаль, развіцця сюжэт трылеру не атрымаў, бо на суперспэшле перасталі працаваць два з чатырох цыліндраў рухавіка на машыне Цеему. Затое хоць другую пазіцыю ён утрымаў. Трэцім фінішаваў яго суайчыннік Эміль Ліндхольм на Шкодзе. Праўда, збольшага дзякуючы аварыі з пераваротам на перадапошнім допе яго балівійскага партнёра па камандзе Toksport Марка Буласіі.

Залік катэгорыі WRC3 на Ралі Эстонія быў аб’яднаны з залікам юніорскага чэмпіянату свету. Адпаведна, усе ўдзельнікі тут выступалі на Ford Fiesta Rally3, але поўна-, а не заднепрывадных, як я пісаў шмат разоў раней і за што выбачаюся. І на машыне пераможца Самі Паяры ў нядзелю ўзніклі праблемы з заднім дыферэнцыялам. Што, як няцяжка здагадацца, перамагчы яму не перашкодзіла.

З мясцовым гоншчыкам Робертам Вірвесам адносіны яму давялося высвятляць толькі на ранішняй пятнічнай секцыі. Пасля Самі стаў паступова адрывацца, а Вірвесу прыйшлося адстойваць другую пазіцыю. На яе спачатку прэтэндавалі суайчыннік Паяры Лаўры Йоона і брытанец Джон Армстронг. Але ў выніку з іх траіх хутчэйшым выявіўся менавіта эстонец, які і заняў другое месца. Трэцяе дасталася Армстронгу, Йоона задаволіўся чацвёртым.

Чэмпіянат свету па ралі працягнецца 4-7 жніўня паблізу ад Эстоніі – у Фінляндыі, дзе ў Раванпэры з’явіцца шанец бліснуць на роднай зямлі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты