Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дэбют Ніка дэ Фрыса і спрэчкі пра аўтамабіль бяспекі на Гран Пры Італіі. А, ну і перамога Макса Ферстапена

Дэбют Ніка дэ Фрыса і спрэчкі пра аўтамабіль бяспекі на Гран Пры Італіі. А, ну і перамога Макса Ферстапена

Іншага ніхто і не чакаў – дзейсны чэмпіён Формулы 1 Макс Ферстапен выйграў Гран Пры Італіі, не напружваючыся. І справа не ў тым, што гонка ў Монцы фінішавала ў рэжыме аўтамабіля бяспекі. Хаця гэты факт абурыў многіх.

12 верасня 2022, 20:23
2
Дэбют Ніка дэ Фрыса і спрэчкі пра аўтамабіль бяспекі на Гран Пры Італіі. А, ну і перамога Макса Ферстапена

Фота: formula1.com

Іншага ніхто і не чакаў – дзейсны чэмпіён Формулы 1 Макс Ферстапен выйграў Гран Пры Італіі, не напружваючыся. І справа не ў тым, што гонка ў Монцы фінішавала ў рэжыме аўтамабіля бяспекі. Хаця гэты факт абурыў многіх.

Галоўнае, чаго зараз жадае ўвесь цывілізаваны свет – каб Украіна перамагла ў сваёй Вялікай айчыннай вайне супраць расійска-фашысцкіх захопнікаў. Выдатная і гераічная праца яе Узброеных сіл натхняе і беларусаў. Мы верым у нашых суседзяў і сяброў і з надзеяй сочым за іх поспехамі.

За волю ўкраінскага народу змагаюцца і беларусы, і гэта важна, таму што вызвалення чакае і наша зямля. Дыктатар здрадзіў ёй і свайму народу, здаўшы яе агрэсару, які выкарыстаў яе для катавання ўкраінцаў. Яму не можа быць даравання, як і за яго злачынствы пасля ўзурпацыі ўлады. Адказнасці яму прыйдзецца несці ўжо перад двума народамі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гоначны свет таксама падтрымлівае Украіну, а ў апошнія дні спачувае ў сувязі з зыходам з жыцця каралевы Вялікабрытаніі Элізабэт Другой. З хвіліны маўчання ў яе гонар Формула 1 пачала свой уік-энд у Монцы ў пятніцу. У шасці з дзесяці каманд, што ўдзельнічаюць у чэмпіянаце свету, базы знаходзяцца ў Англіі, таму для іх гэтая страта асабістая.

Трывожна ў апошнія дні было і ў самой Формуле 1. У суботу раніцай праз апендыцыт з ладу выбыў пілот Williams Алекс Албан. Непрыемна, але аперацыя для сучаснай медыцыны простая. Толькі пасля яе ўзніклі ўскладненні, і ў гоншчыка спынілася дыханне – рэдкая, хоць і вядомая, рэакцыя арганізму на анестэзію.

Алексу запатрабавалася інтубацыя, пасля чаго ён быў пераведзены ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі, дзе і правёў мінулую ноч. На шчасце, пасля гэтага яму значна палегчыла, і тайландзец з брытанскімі каранямі ўжо рыхтуецца да заўтрашняй выпіскі. Жадаем яму здароўя і хутчэйшага вяртання на трасу. За два тыдні да наступнага этапу ў Сінгапуры, як спадзяюцца ў камандзе, іх пілот будзе гатовы да гонак ізноў.

На Гран Пры Італіі Алекса замяніў чэмпіён перадапошняга сезона Формулы Е Нік дэ Фрыс. І яго дэбют у якасці баявога пілота можа мець вельмі непрыемныя наступствы для Нікаласа Лаціфі. Па-першае, Нік адразу прайшоў у другой сегмент, а ў гонцы здолеў прарвацца на дзявятае месца. Ну, як прарвацца… Кваліфікаваўся-та дэ Фрыс трынаццатым, але штрафы за замены элементаў сілавых установак у Монцы атрымалі дзевяць гоншчыкаў. Таму стартаваў нідэрландзец восьмым, і, атрымліваецца, адну пазіцыю падчас гонкі нават згубіў.

І тым не менш, ачкі ў першай жа гонцы за, скажам прама, не самую моцную каманду, каштуюць дорага. Прытым што Лаціфі не бліснуў – стартаваў дзясятым, а фінішаваў шаснаццатым. Глава калектыву з Гроўва Йост Капіта, вядома, пасля фінішу быў усцешаны зусім не яго вынікам і, магчыма, моцна задумаўся над варыянтамі складу пілотаў у наступным годзе.

Сярод тых, чыя стартавая пазіцыя ў Монцы не адпавядала выніку ў кваліфікацыі, быў і дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен. Ён кваліфікаваўся другім, а стартаваў сёмым, але ў тым, што пераможа менавіта ён, не сумняваўся ніхто, асабліва пасля яго прарыву ў Спа. Пры гэтым у Red Bull у Храм Хуткасці свае машыны наладзілі не на мінімальную прыціскную сілу, як астатнія. Таму быццам бы хуткія на прамых RB18 па максімальнай хуткасці былі другімі з канца.

Вось у Ferrari на гэты раз справы быццам бы ішлі лепей, і поўл у суботу заваяваў Шарль Леклер. Вядома, трыбуны падтрымлівалі ў асноўным яго, тым больш што Скудэрыя ў гэтым годзе святкуе 75-годдзе, а траса ў Монцы – наогул векавы юбілей. З гэтай нагоды Леклер і Карлас Сайнс выступалі ў святочных жоўтых камбінезонах і на машынах у спецыяльнай каляровай схеме.

Ці дапамагло ім тое ў гонцы? Ну, іспанец прарываўся на самой справе хутка, таму што аштрафаваны быў і ён, і стартаваў наогул васямнаццатым. Нават даволі хутка дагнаў напарніка Ферстапена Серхіа Перэса, які ізноў жа праз штраф пачынаў гонку з трынаццатай пазіцыі. Хіба што ў Чэка ўзніклі праблемы з тармазным механізмам правага пярэдняга кола – яго заблакіравала, калі мексіканец зрабіў першы піт-стоп, даволі ранні, на восьмым кругу.

Аднак і ён, і Карлас выступілі нядрэнна, фінішаваўшы шостым і чацвёртым адпаведна. Што ўжо казаць пра Ферстапена… Макс ужо на другім кругу быў на трэцяй пазіцыі, а на пятым атакаваў пілота Mercedes Джорджа Расэла і выйшаў на другую. Гэтак жа імкліва набліжацца да Леклера, праўда, не атрымалася, але гэтага і не спатрэбілася.

Звычайна Ferrari не бліскае працай на піт-стопах і іх тактыкай, але гэтым разам італьянцам проста не пашанцавала. Першы раз Леклер наведаў боксы на трынаццатым кругу, калі праз спыненне на трасе Себасцьяна Фетэля быў абвешчаны рэжым віртуальнага аўтамабіля бяспекі. Плён такі крок даў бы, калі б рэжым той зацягнуўся, але суддзі хутка далі зялёнае святло, гонка аднавілася ў штатным рэжыме і Ферстапен, які выйшаў у лідары, атрымаў магчымасць націснуць на газ.

Дакапацца можна паспрабаваць хіба што да другога піт-стопа, на які Шарль адправіўся праз некалькі кругоў пасля таго, як Макс зрабіў свой першы, і, верагодна, меркаваны апошні. Камандзе, зрэшты, відней, а падазраваць стратэгаў Ferrari ў канчатковай прафесійнай непрыдатнасці падстаў у мяне няма нават пасля ўсіх іх памылак.

Карацей, Ферстапен спакойна кантраляваў адрыў ад Леклера да самага сорак сёмага круга, на якім на трасе спыніўся пілот McLaren Даніэль Рыкарда. Ён перамог у Монцы ў мінулым годзе, але паўтарыць дасягненне цяпер нават не марыў, хаця шматлікія штрафы на стартавай рашотцы прасунулі яго ажно на чацвёртую пазіцыю (кваліфікаваўся ён восьмым). Дый тэхніка, як выявілася, не вытрывала. Яшчэ і скрыню перадач заблакіравала, праз што маршалы не змаглі перавесці яе ў нейтраль і аператыўна эвакуіраваць балід.

Таму сапраўдны аўтамабіль бяспекі, што выехаў на трасу пасля сходу Дэна з дыстанцыі, вадзіў за сабой пелатон да самага фінішу. Атрымліваецца, што піт-стопы пад ім Макс і Шарль зрабілі дарэмна – атакаваць не атрымалася ўсё роўна. Хаця, ці дайшло б да атакі? Ферстапен у гоначным рэжыме ўсё роўна быў хутчэй, і пераможца гонкі ў Монцы быў фактычна вядомы яшчэ за тыдзень да яе.

Толькі можна і гледачоў на трыбунах зразумець, і іх незадаволеныя воклічы падчас пасляфінішнага інтэрв’ю Макса былі адрасаваныя найперш не яму, а дырэкцыі гонкі. Не крытыкавалі яе хіба што ў Мерсэдэсе, дзе яшчэ доўга будуць памятаць пра мінулагодні Гран Пры Абу-Дабі. Крыху крыўдна было і Шарлю, бо як мінімум паспрабаваць пазмагацца за перамогу ён мог, калі б рэстарт адбыўся.

Вось Расэл, які фінішаваў трэцім, сабой быў цалкам задаволены. Дый яго напарнік і сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан выдатна спрацаваў – фінішаваў пятым пасля старту з дзевятнаццатай пазіцыі, таксама праз штраф.

У чэмпіянаце ж усё ідзе да таго, што Ферстапен на бліжэйшых этапах возьме другі тытул датэрмінова. Зараз у яго 335 балаў супраць 219 у Леклера, які застаўся на другой пазіцыі і крыху адарваўся ад Перэса, у якога 210 ачкоў. Red Bull, лідзіруючы ў Кубку канструктараў, мае 545, Ferrari з 406 на другой пазіцыі, Mercedes па-ранейшаму трэці, у яго 371 бал.

Наступным этапам Формулы 1, як было адзначана вышэй, стане Гран Пры Сінгапура, куды чэмпіянат свету вяртаецца пасля двухгадовай каронавіруснай паўзы. Гасцяваць на гарадской трасе Марына-Бэй, каралеўскія аўтагонкі будуць 30 верасня – 2 кастрычніка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты