Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Узнагарода за цярпенне. Цьеры Нэвіль выйграў Ралі Грэцыя, а каманда Hyundai акупіравала ўвесь подыум

Узнагарода за цярпенне. Цьеры Нэвіль выйграў Ралі Грэцыя, а каманда Hyundai акупіравала ўвесь подыум

З турнірнага гледзішча поспех Нэвіля не надта значны, але з псіхалагічнага яго нельга пераацаніць. Хаця і з чэмпіёнскай гонкі Цьеры пакуль што не выбыў, і гэта таксама важна.

14 верасня 2022, 21:40
Узнагарода за цярпенне. Цьеры Нэвіль выйграў Ралі Грэцыя, а каманда Hyundai акупіравала ўвесь подыум

Фота: wrc.com

З турнірнага гледзішча поспех Нэвіля не надта значны, але з псіхалагічнага яго нельга пераацаніць. Хаця і з чэмпіёнскай гонкі Цьеры пакуль што не выбыў, і гэта таксама важна.

Самае важнае ў свеце зараз адбываецца ва Украіне, дзе вырашаецца лёс гэтага свету. Перамога Украіны будзе азначаць выратаванне свету і шанец для яго на развіццё. Свет ужо гэта зразумеў, і нават гатовы ператрываць некаторыя няўтульнасці, але вырашыць праблему раз і назаўсёды.

Ваенная параза расійскага фашызму – не адзіная, але неабходная ўмова. А для вызвалення Беларусі – бадай што і адзіная. Мясцовая калгасная дыктатура існуе пастолькі, паколькі існуе расійская кадэбэшная. Таму мы спадзяемся на УСУ і беларусаў, якія ваююць у іх складзе. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У адрозненні ад веры ва Украіну, вера ў інтрыгу ў чэмпіянаце свету па ралі яшчэ нядаўна падавалася ледзь жывой. Гоншчык Таёты Кале Раванпэра выйграваў у адну брамку, і нішто не магло яго спыніць. Але ўжо трэці этап запар маладому фіну не шанцуе, а вось да каманды Hyundai спадарыня Фартуна павярнулася тварам (хаця, падазраю, і яе, так бы мовіць, задняя частка выглядае нядрэнна).

Цьеры Нэвіль захапіў лідарства на першым жа суперспэшле Ралі Грэцыя на алімпійскім стадыёне у Афінах. Дый потым увесь час быў блізкі да лідараў – двух французаў з M-Sport Ford, маладога П’ера-Луі Любэ і ветэрана Себасцьена Лёба. Менавіта дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі і захапіў лідарства ў пятніцу раніцай і скончыў лідарам першы спаборніцкі дзень.

Але ўжо ў суботу раніцай на дзявятым спецучастку на Puma Rally1 Себасцьена парваўся рэмень генератара, у выніку чаго ён сышоў з дыстанцыі. Не пашанцавала і Любэ, які злавіў пракол і адкаціўся на сёмую пазіцыю. Затое Нэвіль у той момант канчаткова перахапіў ініцыятыву, захапіў лідарства і так і не выпусціў яго з рук да самага фінішу ралі ў нядзелю.

Дзеля справядлівасці, Цьеры не сустрэў супраціву з боку іншых супернікаў у тым ліку дзякуючы праблемам у іх. Раванпэры, напрыклад, у Грэцыі проста не хапала хуткасці, тым больш што ў першы дзень ён як лідар чэмпіянату вымушаны быў чысціць трасу перад астатнімі. А ў суботу фін на ўсё тым жа дзявятым допе зачапіў дрэва і моцна пашкодзіў свой GR Yaris Rally1. Яго партнёр па камандзе Эсапека Лапі быў у болей выгадных умовах, і да вечара суботы нават прэтэндаваў на подыум, але на дванаццатым спецучастку сышоў з дыстанцыі праз праблемы з паліўнай сістэмай.

У нядзелю механічныя праблемы ўзніклі і на машыне яшчэ аднаго прадстаўніка Таёты Элфіна Эванса, і ён таксама скончыў Ралі Грэцыя датэрмінова. Таму адзінай інтрыгай было, ці не выкарыстаюць у Hyundai камандную тактыку. От Цянак, які ў суботу мучыўся з адным з дыферэнцыялаў свайго i20 N Rally1, трымаўся ўвесь час у зоне дасягальнасці Нэвіля. Аднак каманда вырашыла зрабіць стаўку на чэсную барацьбу, і бельгіец атрымаў заслужаную перамогу, першую пасля яго мінулагодняй на хатнім этапе.

Цянака, які стаў найхутчэйшым на фінальным суперспэшле, за што атрымаў пяць бонусных ачкоў, цалкам задаволіла і другое месца. Трэцім жа фінішаваў Дані Сорда, які ў Грэцыі быў трэцім гоншчыкам Hyundai. Такім чынам, карэйскі брэнд упершыню за час свайго ўдзелу ў WRC заняў увесь подыум па выніках этапу. А лепшым з астатніх стаў Любэ.

Раванпэра, нягледзячы на другую запар няўдачу, працягвае лідзіраваць у чэмпіянаце, маючы 207 ачкоў. Але і Цянак, які займае другую пазіцыю, і нават Нэвіль, які замыкае першую тройку, за тры этапы да канца сезона па-ранейшаму маюць матэматычныя шанцы на тытул – у іх 154 і 131 ачко адпаведна. Дый Toyota сярод вытворцаў лідзіруе ўжо не так упэўнена і мае 404 балы супраць 341 у Hyundai, яе бліжэйшага пераследніка. M-Sport Ford з 214 баламі на трэцяй пазіцыі.

У катэгорыі WRC2 у Грэцыі перамог Эміль Ліндхольм, напарнік па камандзе дзейснага чэмпіёна Андрэаса Мікельсэна. Нарвежац сам сапсаваў сабе гонку, памыліўшыся на першым суперспэшле і пашкодзіўшы пярэднюю падвеску сваёй Škoda Fabia Rally2 аб бетонную агароджу.

Ліндхольм жа памылак не дапускаў і, пачынаючы з першых пятнічных допаў, упэўнена кантраляваў адрыў ад расіяніна Мікалая Гразіна, які таксама выступае на Шкодзе і, за злачынствы кіраўніка сваёй краіны, пад нейтральным сцягам. Што, зрэшты, не перашкодзіла яму заняць другое месца. Трэцім стаў кіпрыёт Александрос Цоўлфтас, які выступае на Volkswagen Polo GTI R5.

Парагваец Дыега Дамінгес пасля сходаў у Італіі і Кеніі выйграў Ралі Грэцыя ў катэгорыі WRC3, дзе, як і ў юніорскім чэмпіянаце свету, усе едуць на аднолькавых Ford Fiesta Rally3. Ён упэўнена кіраваў сваім аўтамабілем усю дыстанцыю і на 49,6 секунды апярэдзіў ірландца Вільяма Крэйтана, які заняў другое месца. Трэцім фінішаваў мясцовы гоншчык Эпамінондас Караніколас.

Што ж да юніораў WRC, то ў Грэцыі вызначыўся іх чэмпіён. Ім стаў эстонец Роберт Вірвес, які і выйграў ралі ў сваёй катэгорыі. Сходы Самі Паяры і Лаўры Йооны ў пятніцу пакінулі Вірвеса сам-насам з брытанцам Джонам Армстрангам, які заняў у выніку другое месца. Трэцім стаў згаданы вышэй Крэйтан – ён быў заяўлены адразу ў два залікі.

Чэмпіянат свету па ралі працягнецца 29 верасня – 2 кастрычніка ў Новай Зеландыі, куды ён вяртаецца пасля трохгадовага перарыву, звязанага ў тым ліку з пандэміяй.

Іншыя пасты блога

Усе пасты