Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не толькі бельгійскія флэшбэкі Гран Пры Японіі і другі чэмпіёнскі тытул Макса Ферстапена

Не толькі бельгійскія флэшбэкі Гран Пры Японіі і другі чэмпіёнскі тытул Макса Ферстапена

Яшчэ адзін этап Формулы 1 ледзь не змыла дажджом, нібы знакамітую вёску Гадзюкіна з гумарэскі Віктара Шандаровіча. Дырэкцыя гонкі на трасе Сузука і кіраўніцтва чэмпіянату свету ізноў падвергліся крытыцы, але Макс Ферстапен, які перамог і стаў двухразовым чэмпіёнам, застаўся задаволены.

11 кастрычніка 2022, 23:05
Не толькі бельгійскія флэшбэкі Гран Пры Японіі і другі чэмпіёнскі тытул Макса Ферстапена

Яшчэ адзін этап Формулы 1 ледзь не змыла дажджом, нібы знакамітую вёску Гадзюкіна з гумарэскі Віктара Шандаровіча. Дырэкцыя гонкі на трасе Сузука і кіраўніцтва чэмпіянату свету ізноў падвергліся крытыцы, але Макс Ферстапен, які перамог і стаў двухразовым чэмпіёнам, застаўся задаволены.

Напэўна сёння чарговым злачынствам супраць Украіны застаўся задаволены звар’яцелы расійскі дыктатар. Ракетнымі абстрэламі ўкраінскіх гарадоў ён не ўпершыню паказаў свету сваё сапраўднае аблічча, але зрабіў гэта ўжо дастаткова разоў, каб заможныя краіны Захаду далі Узброеным сілам Украіны такую зброю, якая дапаможа ім біць ворага і агрэсара ўжо на яго тэрыторыі.

Яго тэрыторыяй па факту ёсць і Беларусь. На нашай зямлі размяшчаюцца ваенныя аб’екты, з якіх расійска-фашысцкія захопнікі ажыццяўляюць нападзенне на нашых суседзяў. І яны таксама з’яўляюцца легітымнымі цэлямі для ўкраінскіх ваенных. Таму нагадаем беларускім вайскоўцам, што ў іх ёсць магчымасць не падпарадкавацца загаду самазванца пайсці на Украіну са зброяй, а перайсці на бок народа і дапамагчы яму дарабіць тое, што ён пачаў у 2020 годзе.

У іх усё яшчэ ёсць шанец стаць паважанымі членамі не толькі беларускага грамадства. Калі ж злачынны загад яны выканаюць, то акрамя ганьбы і смерці іх нішто не чакае. Ворагі Украіны – гэта ворагі і Беларусі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Перамога Украіны ў яе праведным змаганні з агрэсарам была прадвызначаная яшчэ ў першыя дні вайны, яшчэ да ўсіх нават размоў пра лэнд-ліз. З пераможцамі ж бягучага чэмпіянату Формулы 1 не ўсё было зразумела ледзь не да сярэдзіны сезона. Аднак пасля жнівеньскай паўзы сітуацыя праяснялася ўсё больш, і па выніках учарашняга Гран Пры Японіі мы атрымалі адказ на галоўнае пытанне.

Атрымалі яго мы, насамрэч, значна раней. Сам Макс Ферстапен прызнаецца, што ён адчуў, што перамога блізка, пасля Гран Пры Францыі. І проста ўявіце сабе: пераможная серыя, якую ён пачаў тады ў Ле Кастэле, перарвалася толькі тыдзень таму ў Сінгапуры. А ў Японіі нідэрландзец ізноў падняўся на вяршыню подыуму.

Нават не ведаю, што асаблівага пра яго перамогу можна распавесці. Стартаваў ён з поўлу (дарэчы, кваліфікацыя і суботняя трэніроўка да яе былі адзінымі за ўік-энд сесіямі, што прайшлі на сухой трасе), на старце адбіў атаку канкурэнта з Ferrari Шарля Леклера, а потым… А потым былі спачатку аўтамабіль бяспекі, а хутка і чырвоныя сцягі.

У нядзелю Сузуку, як і тую ж Марыну Бэй тыднем раней, зноў заліло дажджом. Аднак старт далі ў адпаведнасці з раскладам, прычым на ўсіх машынах стаялі шыны не для моцнага дажджу, а прамежкавыя. На першым жа кругу ўсё і пачалося. Не справіўшыся з кіраваннем на слізкай трасе, ў аварыю ў дванаццатым павароце патрапіў напарнік Леклера Карлас Сайнс. Эвакуіраваць трэба было не толькі яго балід, але і пілота Williams Алекса Албана, які пашкодзіў радыятар у кантакце з Кевінам Магнусэнам.

А вось тое, што адбылося далей, выклікала ва ўсіх спачатку якраз японскі флэшбэк. Пілот AlphaTauri П’ер Гаслі, які ў наступным годзе пераходзіць у Alpine (не так ужо і нечакана, бо чуткі пра тое хадзілі даўно), саступаючы месца Ніку дэ Фрысу (а вось гэта ўжо цікава, бо чэмпіёна Формулы Е падтрымлівае Mercedes, і ў Монцы ён дэбютаваў у складзе Williams, замяніўшы Албана), сабраў на сваю машыну дадатковую дэталь – рэкламны шчыт, які на трасу, урэзаўшыся ў бар’ер, вынес аўтамабіль Сайнса. Француз адправіўся ў боксы на другім кругу, і да таго, як на трэцім гонку спынілі чырвонымі сцягамі, паспрабаваў дагнаць пелатон.

За гэта ён ўжо пасля фінішу атрымаў 20 штрафных секунд, бо па трасе рухаўся пры гэтым занадта хутка. Хоць па-сапраўднаму небяспечная сітуацыя ўзнікла, калі П’ер у другі раз праязджаў міма месца аварыі Сайнса, дзе ўжо працаваў эвакуацыйны трактар, з якім Гаслі ледзь не сутыкнуўся. Зразумела, усе адразу ўспомнілі гонку 2015 года тут жа, на Сузуцы. Тады, паслізнуўшыся на таксама мокрай ад дажджу трасе, вылецеў з трасы і сутыкнуўся з трактарам, што выцягваў балід Адрыана Суціля, Жуль Б’янкі.

Малады і таленавіты хлопец, прабыўшы ў коме дзевяць месяцаў, памёр у ліпені 2015 года. Здавалася, яго трагічная аварыя мусіла нечыму ўсіх навучыць, але, відаць, не давучыла. На шчасце, гэтым разам абышлося без аварый і трагедый, аднак сітуацыя ўсё роўна была небяспечная, і FIA паабяцала ў ёй разабрацца і ўзмацніць меры бяспекі.

Гонка ж на трэцім кругу была спыненая чырвонымі сцягамі. Трэба было і пашкоджаныя машыны прыбраць, і бар’еры паправіць. Дый дождж узмацніўся, ад чаго ўсе пачалі лавіць ужо бельгійскія флэшбэкі. І як тут было не ўспомніць мінулагоднюю… э-э-э… гонку ў Спа-Франкаршам, калі стаянне на піт-лэйне працягвалася больш за дзве гадзіны. Ну, хіба што тады некалькі гадзін чакалі проста старту, а тут гонку ўсё ж пачалі.

Рэстарт адкладалі некалькі разоў. Пілоты і каментатары лаяліся ў сацсетках, што гэта проста непавага да заўзятараў, асабліва для японскіх, якія за тры гады засумавалі без Формулы 1, але ўсё роўна чакалі на трыбунах Сузукі. Заўзятары ў сваю чаргу задавалі слушныя пытанні наконт таго, ці ўмеюць наогул звышпрафесіянальныя пілоты чэмпіянату свету кіраваць сваімі машынамі ў дождж.

І калі ўсе ўжо амаль страцілі надзею, рэстарт усё ж аб’явілі. Яго ў рэжыме аўтамабіля бяспекі далі ў 16:15 па мясцовым часе, калі ўжо адлічваліся не кругі, а хвіліны да сканчэння рэгламентаванага часу гонкі. Таму яе ўдзельнікі пераадолелі толькі дваццаць дзевяць кругоў з пяцідзесяці трох – болей за 50 адсоткаў дыстанцыі, але меней за 75.

Здавалася б, у такім выпадку тыя, хто ачкі зарабіў, мусілі б атрымаць толькі іх палову. Але вялікія начальнікі пасля доўгіх разважанняў і вывучэння правіл, знайшлі ў іх пункт, які дазволіў налічыць поўную колькасць балаў. Маўляў, палову трэба было налічыць, калі б гонка была прыпыненая, але не была б адноўленая.

Гэта прывяло да забаўнай сітуацыі – Ферстапен доўга не мог зразумець, ці ён ужо двухразовы чэмпіён. Добра хоць з тым, хто заняў другое месца, а хто трэцяе, разабраліся хутка. Леклер да апошняга абараняўся ад напарніка Макса па Red Bull Серхіа Перэса, і на апошнім кругу ў апошняй шыкане памыліўся, зрэзаўшы яе. За што атрымаў штраф у пяць секунд і падняўся на ніжнюю ступень подыуму, а не на сярэднюю.

Ну і каб зняць пытанні, ці была ў яго хоць нейкая магчымасць угнацца за Ферстапенам: без уліку штрафу манэгаск адстаў ад яго на фінішы амаль на 27 секунд. Калі аўтамабіль бяспекі ў канцы чацвёртага круга пакінуў трасу, Макс проста з’ехаў ад усіх. Лідарства ён ненадоўга саступіў толькі падчас хвалі піт-стопаў на першых кругах, калі ўсе пачалі пераходзіць з дажджавых шын ізноў на прамежкавыя.

На дажджавых паспрабаваў быў затрымацца Мік Шумахер, але фокус не атрымаўся, і сын сяміразовага чэмпіёна свету хутка пачаў губляць адну пазіцыю за адной, здаўшыся ў выніку, пераабуўшыся ў боксах адкаціўшыся назад і заняўшы перадапошняе сямнаццатае месца, і тое дзякуючы штрафу Гаслі. Павысіць свае шанцы застацца ў складзе Haas у яго пакуль што не надта атрымліваецца.

Ну а на вуліцы Ферстапена свята – з яго 366 ачкамі ён стаў нарэшце недасягальным для канкурэнтаў. Пры гэтым у яго з Перэсам ёсць магчымасць аформіць дубль у чэмпіянаце. Чэка пасля Сузукі падняўся на другую пазіцыю і мае 253 ачкі. Праўда, усяго на адно болей, чым Леклер, таму паміж імі барацьба працягнецца. Red Bull у Кубку канструктараў, як ні дзіўна, пакуль што не перамаглі – у іх 619 ачкоў, і Ferrari з яе 454 баламі тэарэтычна яшчэ можа дагнаць канкурэнтаў з Мілтан-Кінса. Mercedes, у якога 387 ачкоў, па-ранейшаму замыкае першую тройку.

Акурат сёння атрымала развіццё сітуацыя з падазрэннямі Red Bull у перавышэнні ліміту бюджэту ў 2021 годзе. FIA прызнала, што нязначна (перавышэнне не перасягае 5 адсоткаў) каманда ўсё ж такі выйшла за дазволеныя межы ў 147,4 мільёны долараў, а таксама, як і Aston Martin, дапусціла нейкае неназванае працэдурнае парушэнне. Усе астатнія каманды перад Федэрацыяй чыстыя.

«Чырвоныя Быкі» такімі высновамі адразу абурыліся, і настойваюць на тым, што ў дазволеную суму ўклаліся. Відавочна, гісторыя гэта яшчэ не скончаная, як мінімум FIA яшчэ абвесціць, якую адказнасць панясуць парушальнікі.

Працягваецца, нягледзячы на вызначэнне чэмпіёна, і сезон Формулы 1. Яго наступным этапам праз два тыдні стане Гран Пры ЗША, які пройдзе на Трасе Амерык у тэхаскім Осціне.

Іншыя пасты блога

Усе пасты