Ізноў двойка. Йохан Крыстоферсан перамог на абодвух этапах сусветнага ралі-кросу ў Спа

Чатырохразовы чэмпіён свету па ралі-кросе Йохан Крыстоферсан працягвае дамініраваць у гэтым сезоне. Этап на трасе Спа-Франкаршам ён правёў максімальна эфектыўна, хоць удача яму таксама ўсміхалася.

Ізноў двойка. Йохан Крыстоферсан перамог на абодвух этапах сусветнага ралі-кросу ў Спа

Фота: fiaworldrallycross.com

Чатырохразовы чэмпіён свету па ралі-кросе Йохан Крыстоферсан працягвае дамініраваць у гэтым сезоне. Этап на трасе Спа-Франкаршам ён правёў максімальна эфектыўна, хоць удача яму таксама ўсміхалася.

Украіна ўжо амаль восем месяцаў гераічна супрацьстаіць расійска-фашысцкім захопнікам. «Гоначная псіхапатыя» не стоміцца крычаць пра бяду ў нашых суседзяў, таму што гэта і бяда для любога сумленнага беларуса, якому вайна адваротная.

Мясцовы калгасны дыктатар спачатку проста зрабіў нашу Беларусь саўдзельніцай злачынства, а цяпер, відаць, вырашыўся кінуць у пекла і беларусаў. Здраднік і ўзурпатар гатовы пазбавіць наш народ будучыні, але ці гатовыя мы гэта прыняць?

Беларусы не павінны забіваць украінцаў. Мы мусім справай даказаць, што мы годныя суайчыннікі байцоў Палка Каліноўскага і іншых беларусаў, якія абараняюць Украіну. У нас з ёй адзіны вораг, і біць яго мы мусім разам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гэты блог будзе за Украіну хаця б таму, што яна абараняе будучыню і прагрэс чалавецтва. А гонкі – гэта якраз прагрэс. Асабліва электрычныя, якімі з гэтага году ёсць чэмпіянат свету па ралі-кросе, шосты і сёмы этап якога прайшлі ў мінулыя выхадныя ў бельгійскім Спа.

У гэтым, праўда, пакуль што і яго галоўная праблема. Удзельнікаў па-ранейшаму малавата – усяго восем. І адборачныя «хіты» праводзяцца толькі дзеля выканання рэгламенту. У паўфіналы ж усё роўна праходзяць усе, затое ўжо там бывае шмат цікавага.

Вось, напрыклад, дэбютантка чэмпіянату Клара Андэрсан адзначылася ў суботу ў першым паўфінале. Маладая шведка адразу пасля старту на ўваходзе ў першы паварот лёгкім рухам разам накіравала ў адбойнікі немца Рэнэ Мюніха і свайго суайчынніка Густава Бергстрома, а заадно развярнула яшчэ аднаго суайчынніка Цімі Хансэна.

Аўтамабілі першых двух былі пашкоджаныя, і гоншчыкі выбылі з барацьбы. Хансэн здолеў працягнуць гонку і дабраўся да фінішу другім, чаго яму хапала для праходу ў фінал. А пазней выявілася, што туды прайшоў і Бергстром, бо Клару, якая перасекла фінішны створ першай, за яе мастацкае кіраванне на старце дыскваліфікавалі.

Яе напарнік па камандзе Ніклас Гронхольм, пераможца другога з партугальскіх этапаў, на старце другога паўфіналу з супернікамі таксама папіхаўся, але ў межах правіл, і нікога не вынес. І перамог ужо чэсна. Другім фінішаваў малодшы брат Цімі Ханэсна Кэвін, які апярэдзіў Крыстоферсана, калі той следам за Гронхольмам выязджаў з джокер-пятлі, якая ў гэтым годзе была пераробленая.

Крыстоферсану, зрэшты, і трэцяй пазіцыі хапала для праходу ў фінал, і там ужо чатырохразовы чэмпіён адвёў душу. Праўда, тут яму і крыху пашанцавала. Перад другім паваротам на першым кругу Йохан знаходзіўся на другой пазіцыі, і атрымаў пстрычку ад Кэвіна Хансэна, якога ў сваю чаргу падпіхнуў Гронхольм. Ну а Крыстоферсан падтараніў і развярнуў Цімі, які на той момант лідзіраваў і разам адкаціўся назад.

Йохан у гэты момант захапіў лідарства і не згубіў яго да самага фінішу. Бергстром увесь час трымаўся ў яго за спінай, і толькі перад фінішам, калі наведаў джокер-пятлю, прапусціў Кэвіна Хансэна, заняўшы трэцяе месца. Але і яно стала для дэбютанта вышэйшай катэгорыі WRX выдатным дасягненнем.

Заезды нядзельнага этапу былі меней драматычнымі, хаця і без лёгкіх здарэнняў не абышлося. Цімі Хансэн, напрыклад, у першым паўфінале на старце усё ж такі сустрэўся са сцяной, пашкодзіў падвеску свайго Peugeot 208 RX1e і потым дапусціў разварот у апошнім павароце, фінішаваўшы ў выніку чацвёртым. Перамог пасля выдатнага старту Гронхольм. Бергстром фінішаваў другім, Андэрсан трэцяй.

Другі паўфінал прайшоў наогул спакойна. Крыстоферсан ужо на старце захапіў лідарства і спакойна давёў справу да перамогі. Кэвін Хансэн фінішаваў другім, трэцім адмашку клецістым сцягам атрымаў нарвежскі напарнік Крыстоферсана па камандзе Оле Крысціан Вэйбі.

Апошні, праўда, фінальны заезд скончыў адразу пасля старту ў першым жа павароце, дзе ізноў не абышлося без таўханіны. Крыстоферсан захапіў лідарства ўжо ў самым пачатку і ў чарговы раз без праблем перамог.

Вось за другое месца барацьба была болей шчыльная. Яе ўдзельнікамі спачатку былі Гронхольм і Бергстром, і малады швед спачатку прыгожа абагнаў дасведчанага фіна на выхадзе з апошняга павароту на першым кругу. Умяшацца ў іх спрэчку паспрабаваў быў Кэвін Хансэн, але ён у тым самым апошнім павароце не пазбег развароту на чацвёртым кругу і задаволіўся чацвёртым месцам.

Другое заняў усё ж такі Гронхольм, які апярэдзіў Бергстрома, калі той наведваў джокер-пятлю на апошнім кругу. Аднак Густаў усё роўна другі раз запар падняўся на подыум, і ўсё роўна быў задаволены. І не толькі ён – Крыстоферсан таксама шчыра яго віншаваў. Ну і самога сябе Йохану было з чым павіншаваць. Бельгію ён пакінуў на той жа першай пазіцыі ў чэмпіянаце, на якой туды і прыехаў. У яго 131 ачко супраць 90 у Кэвіна Хансэна, які на адно ачко апярэджвае Вэйбі і на два Гронхольма і свайго брата Цімі.

У Спа выступалі і ўдзельнікі дзвюх малодшых катэгорый WRX. У таксама электрычнай RX2e ў мясцовага героя Віктара Вранкса ў шчыльнай барацьбе перамогу вырваў брытанец Патрык О’Донаван. Трэцяе месца заняў іспанец Пабла Суарэс. Дасведчаны швед Антон Марклунд стаў на сваім Hyundai i20 мацнейшым у Euro RX1. Фін Юха Рытканен на такім жа аўтамабілі заняў другое месца, латвіец Яніс Баўманіс на Peugeot 208 замкнуў першую тройку.

Два наступных этапы сусветнага ралі-кросу пройдуць у апошнія выхадныя кастрычніка, 29 і 30 кастрычніка, у Барселоне на трасе Каталунья-Мантмэла.

Іншыя пасты блога

6 студзеня, 15:14